Праект пабудовы ГЭС на Нёмане па‑ранейшаму выклікае пытаньні ў праціўнікаў гэтай ідэі.

Будучая Гарадзенская ГЭС будзе магутнасьцю 17 мэгаватаў і здольная выпрацоўваць за год каля 90 млн Кв/г энэргіі. Мяркуецца, што пабудова ГЭС забясьпечыць электраэнэргіяй найбуйнейшае гарадзенскае прадпрыемства «Гродна Азот». Будучая станцыя зможа таксама забясьпечыць электрычнасьцю абласны цэнтар. Адмыслоўцы зазначаюць, што энэргія вады ўдвая таньнейшая ад вырабленай на цеплаэлектрастанцыях. У плянах пабудова каскадаў зь некалькіх ГЭС на Нёмане, першай зь якіх павінна стаць Гарадзенская. Праектам зацікавіліся іранцы, якія ў лютым завіталі ў Горадню ды Віцебск

На гэтым тыдні ў газэце «Звязда» было зьмешчанае інтэрвію з намесьнікам галоўнага iнжынэра РУП «Горадняэнэрга» Вiктарам Мiкулiчам. У ім сп. Мікуліч выказаў думку, што праект не нанясе шкоды экалёгіі рэгіёну. Таксама ён паведаміў пра тое, што з падрабязнасьцямі праекту змогуць азнаёміцца ўсе зацікаўленыя.

Гарадзенская журналістка Ніна Палуцкая, якая прымае актыўны ўдзел у экалягічным руху рэгіёну, мае свае аргумэнты супраць пабудовы ГЭС.

У лістападзе 2005 г. у Менску ГА «Экадом» ладзіла круглы стол з удзелам экспэртаў, прадстаўнікоў Белэнэрга, сярод якіх быў і Віктар Мікуліч, прадстаўнікоў грамадзкасьці і журналістаў. Тады ж навукоўцы ды экалягічныя актывісты прадставілі свае довады, якія сьведчаць пра небясьпеку праекту:

Вадасховішча Гарадзенскай ГЭС цяжка зрабіць рэчышчавым, як тое абяцаюць аўтары праекту. Папярэднія разьлікі зробленыя без уліку гісторыі фармаваньня рэчышча. Існуе вялікая верагоднасьць таго, што берагі ракі зазнаюць эрозію, і спыніць гэтыя працэсы будзе практычна немагчыма. У гэтых мясьцінах мяккія пясчана‑гліністыя грунты.
(Ковенскае вадасховішча ў верхняй ягонай частцы бадай сумны прыклад. Там заўсёды зьядаецца бераг, заглейваюцца берагі, стаіць моцны пах гніеньня).
Вялікая верагоднасьць утварэньня шматрукаўных дэльт у вусьцях Котры ды Сьвіслачы. Пра гэта ўвогуле ні слова ў праекце.
Няма мерапрыемстваў на барацьбу з забалочваньнем.
Няма ўзгодненых з прыродаахоўнымі органамі праграмаў экалягічнага маніторынгу ў пэрыяд будаўніцтва ГЭС (такіх праграмаў мусіць быць ня менш за 9).
Не разьлічваліся страты рыбным запасам з улікам жыхарства аб’ектаў Чырвонай кнігі Беларусі ў раёне ўзьдзеяньня ГЭС. (Між тым сума стратаў пры будаўніцтве толькі адной запруды і пры мінімальнай плошчы ўзьдзеяньня на рэчышч пакіне ня менш як 20 млн руб.).
Няма разьліку стратаў расьліннасьці. Не прадугледжаныя кампэнсацыйныя мерапрыемствы.
Няма ацэнкі ўзьдзеяньня на супольствы птушак, што жывуць на тэрыторыі будучага вадасховішча.
Рэжым паводак на Нёмане не прапрацаваны дасканала. Між тым ня варта забывацца, што запруду зьбіраюцца будаваць усяго за 8 км вышэй Горадні.

Усе гэтыя довады выкладзеныя эколягамі да Мінпрыроды. Аднак, на думку Ніны Палуцкай, энэргетычнае ведамства зьяўляецца актыўным лабістам сваіх інтарэсаў. А іхным інтарэсам ёсьць інвэстыцыі. Праектны каштарыс калісьці дасягаў 25 млн даляраў, але паводле неафіцыйнай інфармацыі нібыта павялічыўся да 70 млн даляраў. Паводле асабістага перакананьня гарадзенскай журналісткі эканамічная выгада 17‑мэгаватавай ГЭС сумнеўная. Калі толькі ня мець наўвеце, што ейную прадукцыю плянуюць перадусім прадаваць за мяжу, каб атрымліваць цьвёрдую валюту. Насамсправе Беларусі і так мае лішак электрычнасьці, які прадаецца за мяжу і цяпер. Так што хутчэй Нёман прымусяць працаваць на бюджэт.

Варта адзначыць, што ў Літве мясцовыя энэргетычныя кампаніі таксама выказвалі жывую зацікаўленасьць да падобных праектаў. Аднак пад ціскам грамадзкасьці, якая мела абсалютны доступ да неабходнай інфармацыі, вымушаныя былі адступіць. Цяпер у Літве на заканадаўчым узроўні такія праекты забароненыя. У Беларусі такога няма.

Ніна Палуцкая нарадзілася ў 1953 г., скончыла Калінінградзкі інстытут рыбнай прамысловасьці па спэцыяльнасьці іхтыёляг, журфак БДУ. Працавала ў газэце «БДГ», «Биржа информации», была каардынатарам па Беларусі беларуска‑расейска‑літоўскай экалягічнай арганізацыі ССВ. Зьяўляецца стваральнікам і аўтарам сайту, прысьвечанаму праблематыцы Нёману neman environment.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?