Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што Вашынгтон не плануе аднаўляць удары па Іране да прамежкавых выбараў у Кангрэс ЗША, якія павінны адбыцца 3 лістапада. Паводле яго слоў, цяпер ЗША вядуць перамовы з Іранам аб урэгуляванні канфлікту.

«Мы вядзем прадуктыўныя перамовы з Ісламскай Рэспублікай Іран, — напісаў Дональд Трамп у сваёй сацсетцы Truth Social. — Мы не будзем наносіць удар па Іране ў перыяд да прамежкавых выбараў, якія пройдуць у ЗША 3 лістапада».
Пры гэтым Трамп падкрэсліў, што марская блакада іранскіх партоў застанецца ў поўным аб’ёме, нягледзячы на цяжкое эканамічнае і ваеннае становішча Ірана.
У канцы верасня Іран праз пасярэднікаў перадаў ЗША новую прапанову па ўрэгуляванні канфлікту. Паводле яе, Тэгеран гатовы на працягу сямі дзён адкрыць Армузскі праліў, калі Вашынгтон здыме марскую блакаду іранскіх партоў, змякчыць санкцыі на экспарт нафты і размарозіць іранскія актывы.
8 кастрычніка міністр замежных спраў Ірана Абас Аракчы паведаміў, што перамовы паміж Тэгеранам і Вашынгтонам працягваюцца праз пасярэднікаў. Паводле яго слоў, Іран у найбліжэйшыя дні адкажа на заўвагі амерыканскага боку адносна сваёй прапановы.
Каментары