Анжаліка Агурбаш як крэатыў
Жанр закасьцянелых мітынгаў сябе вычарпаў. Няўклюдныя ўлады самі падкінулі новую ідэю…
Мітынг на Акадэміі Навук 25 сакавіка быў папазацягнуты, нецікавы. Мала хто слухаў выступоўцаў, дый палымяныя словы, якія не зьмяняюцца дзесяцігодзьдзямі, чулі далёка ня ўсе. На прыступках з бадзёра-прызвычаеным кашляньнем хліпаў мікрафон; людзі пакрысе разыходзіліся. Маладыя рэклямісты абураліся “адсутнасьцю крэатыву.
Юнакоў зразумець можна. Калі 20 гадоў таму само зьяўленьне на вуліцы людзей зь бел-чырвона-белымі сьцягамі было неверагодным атракцыёнам, а палітычныя прамовы скалыналі савецкую багну – то сёньня жанр апазыцыйных мітынгаў сябе вычарпаў.
У мітынга, як і ў кожнага жанру, ёсьць пэрыяд росквіту й сьвежасьці, пэрыяд звыклага, сталага існаваньня – і час заняпаду. Палітычны прыём напачатку зьдзіўляе – і прыцягвае да сябе масы, потым – дапамагае ім не разьбегчыся і, нарэшце, касьцянее ў лядашчым нудоцьці.
Пасьля чыну Плошчы кволае мармытаньне на прыступках Акадэміі Навук выглядае безнадзейнай стылёвай архаікай, непатрэбнай ні арганізатарам, ні ўдзельнікам.
Так бы яно й загібела, калі б не нечаканая дапамога ўладаў.
З 2001 году рэжым уціхую пачаў прысабечваць незалежніцкую рыторыку. Спачатку быў пазычаны лёзунг “За Беларусь!”, амаль даслоўна скрадзены зь перадвыбарчых заклікаў БНФ эпохі 90-ых. А наконадні сёлетняга Дня волі былі раптоўна абвешаныя сьвяточныя канцэрты “За незалежную Беларусь!”
Канешне, чакаць ад чырвона-зялёнай папсы стылёвых вынаходак – усё роўна што патрабаваць опэрных сьпеваў ад п’яных гопнікаў з Шабаноў.
Анжаліка Агурбаш, Паліна Смолава, Калдуны, Нэмы, фальклёрны дзядзя з пральнай дашкой – гэта безнадзейны й безгалосы трэш, нецікавы й самім выканаўцам.
Але афіцыёзнае сьмецьце, узброенае адміністрацыйным рэсурсам і прымусовым разьмеркаваньнем школьнікаў на канцэрты, падштурхнула беларускую моладзь да новых ідэй.
“Да бібліятэкі!” – залунаў вокліч на апазыцыйнае дэманстрацыі, стомлена пахаванай партыйнымі пэнсіянэрамі-“баяністамі”. Пратэст узначалілі людзі, якія цямяць у драматургіі – акторы й стваральнікі “Свабоднага тэатру”. Калёна з джынсавымі й бел-чырвона-белымі сьцягамі рушылася да бібліятэкі на канцэрт – павіншаваць братоў і сёстраў са сьвятам. Незалежнасьць Беларусі ў дзеяньні – а мы ўсе адзін народ.
Міліцыя разгубілася, колькі разоў спрабавала спыніць моладзь: “А што? Мы ідзем на канцэрт. Агурбаш! Агурбаш!” (?!)
Сьцягі й эмблемы па-партызанску былі схаваныя, каб зьявіцца ля бібліятэкі.
Але канцэрт “За незалежную Беларусь!” тэрмінова скончылі. Стаяла апусьцелая сцэна, разгублена глядзелі зявакі, якія так і не дачакаліся дыскатэкі. Дзьве Беларусі не сышліся. Праўладная ўцякла.
Ейны страх зразумець можна.
Упершыню пасьля пазанудзелых мітынгаў зьявіўся новы пратэстны жанр, які ламае перагародкі й натхняе на дзейнасьць.
Масава, пад выглядам БРСМ-аўцаў пранікаць на афіцыйныя канцэрты – каб потым разгарнуць свае сымбалі й выгукнуць свае воклічы.
Няхай на бадзёра-зьляканы заклік “За Беларусь!” прагучыць “Жыве Беларусь!” – і разгарнецца белы з чырваню сьцяг, няхай агаломшаная тэлевізія ў жывым этэры пакажа партрэты вязьняў, а змаркочаны натоўп, гвалтам сагнаных студэнтаў далучыцца да радасных крыкаў “Радзіма! Свабода!”
“Афіцыйны” натоўп складаюць жывыя людзі, якім не даспадобы, калі на іх ціснуць – і казённы настрой зьмяняецца на супрацьлегласьць.
Покрыш Чаўшэску адбыўся ў жывым этэры, калі гвалтам сагнаныя дэманстранты яго асьвісталі.
А ў Беларусі чырвона-зялёную трыбуну пад бібліятэкаю занялі юнакі з забароненымі песьнямі “НРМ”. Агурбаш – толькі нагода, каб кантрабандай правесьці сваё, ударыць у самае сэрца, стварыць новую прастору там, дзе яе не чакалі.
Нагоду даў сам афіцыёз, паклапаціўся пра яўку, забясьпечыў апаратурай, усталяваў шапікі з прысмакамі.
Бяда толькі, што рэжым настолькі спарахнеў, што ўжо ня здольны гарантаваць масавасьць сваім працэдурам.
Мо’, варта тэрмінова дапамагчы яму?
Гэта і будзе новым крэатывам - для ўсіх.
Каментары