Прэм’ер‑міністар Сяргей Сідорскі наведае 28‑29 сакавіка з працоўным візытам Азэрбайджан, паведаміла прэс‑служба ўраду.
Прэм’ер‑міністр Беларусі Сяргей Сідорскі наведае 28‑29 сакавіка з рабочым візітам Азербайджан, паведаміла прэс‑служба ўрада.
У праграме візіту — сустрэча з прэзідэнтам Азербайджана Ільхамам Аліевым, перамовы з прэм’ер‑міністрам Артурам Расі‑задэ. Абодва прэм’еры возьмуць удзел у чацвёртым пасяджэнні беларуска‑азербайджанскай камісіі па гандлёва‑эканамічным супрацоўніцтве.
Па выніках працы камісіі намечана падпісанне шэрагу дакументаў. Сярод іх — план мерапрыемстваў па выкананні праграмы доўгатэрміновага сацыяльна‑эканамічнага супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Азербайджанам да 2015 года, праграма супрацоўніцтва ў сферы фізічнай культуры паміж Мінспорту і турызму Беларусі і Міністэрствам моладзі і спорту Азербайджана на 2007‑2008 гады.
У праграме візіту прэм’ер‑міністра Беларусі ў Азербайджан — агляд міні‑экспазіцыі трактароў «Беларус», сабраных з камплектаў Мінскага трактарнага завода на Гянджынскім аўтамабільным заводзе. Нагадаем, што рашэнне аб стварэнні гэтай зборачнай вытворчасці было прынята ў кастрычніку 2006 года падчас наведвання МТЗ прэзідэнтам Азербайджана І.Аліевым у межах яго візіту ў Беларусь.
С.Сідорскі мае намер таксама сустрэцца ў Баку з міністрам па надзвычайных сітуацыях Азербайджана Камелятдзінам Гейдаравым. Запланавана наведванне спецкамбіната па утылізацыі радыеактыўных адходаў МНС Азербайджана «Ізатоп». Там будзе дэманстравацца беларуская тэхніка.
Прэм’ер‑міністр Беларусі плануе таксама пабываць на Сангачальскім нафтанакапляльным тэрмінале. Прадугледжваецца агляд выставачнай экспазіцыі тэрмінала, яго тэрыторыі, гутарка з прэзідэнтам Дзяржаўнай нафтавай кампаніі Азербайджана Раўнагам Абдулаевым.
У кастрычніку 2006 года Беларусь і Азербайджан падпісалі Дагавор аб сацыяльна‑эканамічным супрацоўніцтве да 2015 года, а таксама Праграму доўгатэрміновага эканамічнага супрацоўніцтва на 2005‑2015 гады. У студзені 2007 года ўказам прэзідэнта Беларусі гэты дагавор быў зацверджаны. Для яго рэалізацыі МЗС Беларусі распрацавала і накіравала азербайджанскаму боку на разгляд праект мерапрыемстваў па выкананні доўгатэрміновай праграмы супрацоўніцтва, якая з’яўляецца неад’емнай часткай дагавора. Цяпер дакумент знаходзіцца на разглядзе ўрада Азербайджана. Зацвердзіць мерапрыемствы плануецца падчас пасяджэння міжурадавай камісіі, што мае адбыцца.
Марына Носава, БЕЛАПАН
Каментары