Архіў

ПСЭЎДАЭТНАГРАФIЗМ БЕЛАРУСКАЙ КУЛЬТУРЫ

№ 13 (110) 1998 г.

«Шэксьпiр» у «беларускай хатцы»

 

У канцы мiнулага году ў парыскiм выдавецтве «L’Harmattan» убачыла сьвет кнiга маладых францускiх аўтарак Вiржынii Шыманец i Аляксандры Гужон «Гаворым па-беларуску: Мова й культура»*. Кнiга выйшла ў сэрыi гэтага выдавецтва «Гаворым па...» («Parlons...»), якая мае за мэту ня толькi лiнгвiстычную, але й культуралягiчную рэпрэзэнтацыю для францускага чытача дасюль малавядомых яму народаў Цэнтральна-Усходняе Эўропы, Азii, Афрыкi ды Амэрыкi. «Беларуская» кнiжка стала 31-й па лiку ў гэтай серыi i 5-й з тых, што прысьвечаныя мовам i культурам экс-СССР (пасьля «эстонскае», «украiнскае», «грузiнскае» ды «чачэна-iнгускае»).

Лiнгвiстычная частка працы складаецца зь невялiчкага нарысу гiсторыi беларускае мовы, даволi грунтоўнае граматыкi, француска-беларускага размоўнiка ды двух слоўнiкаў (француска-беларускага й беларуска-францускага) на 2000 словаў. Яна дапоўнена аўдыёкасэтаю, якая мусiць дапамагчы зацiкаўленаму франкафону самастойна авалодаць беларускаю моваю.

Што да часткi культуралягiчнае, то ейнымi складнiкамi выступаюць гiстарычная даведка пра Беларусь, урыўкi з празаiчных твораў i вершы беларускiх аўтараў з раўналежным перакладам на францускую (М.Гарэцкi, А.Мрый, З.Бядуля, Я.Колас, У.Караткевiч, В.Быкаў, Р.Барадулiн, Н.Гiлевiч, М.Стральцоў, У.Арлоў, А.Разанаў), а таксама тузiн невялiчкiх артыкулаў, тэматыка якiх празрыста адлюстраваная ў назвах: «Iмёны й прозьвiшчы», «Абрады й звычаi», «На кухнi», «Мiталёгiя й рэлiгiя», «Фальклёр», «Лiтаратура», «Пiсьменьнiкi ў выгнаньнi», «Тэатар», «Музыка й опэра», «Архiтэктура й выяўленчае мастацтва», «Чарнобыль», «Францыя й Беларусь». Здаецца, што менавiта апошняя зь пералiчаных частак можа зацiкавiць i беларускага чытача. Мяркую так хоць бы таму, што «погляд з боку» на нашую гiсторыю й культуру — рэч сама па сабе заўсёды цiкавая, а да таго ж вельмi часта такi погляд дае падставы для сур’ёзных роздумаў на тэму адпаведнасьцi нашых собскiх уяўленьняў пра сябе нашаму ж вобразу ў вачах iншых.

У якасьцi iлюстрацыi прапаную ўвазе шаноўных чытачоў «НН» пераклад аднаго з названых артыкулаў. Ягоная аўтарка Вiржынiя Шыманец — дактарантка Унiверсiтэту Парыж III, спэцыялiзуецца ў галiне тэатразнаўства й гiсторыi тэатру, вывучае праблемы гiсторыi й сучаснага стану тэатру ў Беларусi, зьяўляецца сябрам рэдакцыяў часопiсаў «La Nouvelle Alternative» (якi асьвятляе пытаньнi гiсторыi й сучаснасьцi краiнаў Цэнтральна-Усходняй Эўропы) i бюлетэню «Perspectives Bielorussiennes» (адзiнае ў Францыi выданьне, цалкам прысьвечанае беларускай праблематыцы).

*Symaniec V., Goujon A. Parlons bielorusien: Langue et culture. Paris: L’Harmattan, 1997. — 384 p.

Iгар Лялькоў

Парыж


Вiржынiя Шыманец

 

Савецкi рэжым шырока выкарыстоўваў беларускi фальклёр, якi падаваўся ў выглядзе часта нанова пераасэнсаваным, перааркестраваным i «нармалiзаваным» з мэтаю зьменшыць у iм мэлянхалiчныя цi пэсымiстычныя аспэкты i трансфармаваць яго ў «народныя аптымiстычныя творы». «Народны» рэпэртуар уважлiва адбiраўся й кантраляваўся гэтым рэжымам, а адначасна распаўсюджвалiся iдэi, што менавiта гэты, цалкам штучны фальклёр сымбалiзуе «душу народа», ягоную гiсторыю, а таксама яго своеасаблiвасьць у «брацкай сям’i савецкiх народаў». Гэтым тлумачыцца, чаму й сёньня фальклёр застаецца адным з найiстотнейшых складнiкаў беларускае савецкае iдэнтычнасьцi.

Многiя беларусы, выхаваныя гэткiм чынам, проста няздатныя ўявiць сабе культуру iнакш, як у ейным этнаграфiчным сэнсе. Таму ў апошнiя гады мы можам назiраць за разьвiцьцём апазыцыйных культурнiцкiх рухаў, удзельнiкi якiх iмкнуцца зноў адшукаць «чысьцiню» несавецкiх народных традыцыяў, што ў вынiку ператвараецца толькi ў новую iнструмэнталiзацыю мiнуўшчыны. Больш за тое, сыстэматычнае азiраньне на фальклёр праяўляе сябе ня толькi ў галiне музыкi цi народных танцаў. Этнаграфiчнае стаўленьне змушае ўсю мастацкую прадукцыю iснаваць у пэўных рамках, якiя вызначаць ня толькi нормы ейнага вывучэньня, але й стварэньня. Гэтае стаўленьне спрыяе ўзмацненьню ўнiфiкацыi поглядаў людзей, i зусiм ня толькi ў адносiнах да культуры. I калi ў Менску, напрыклад, у тэатры i ня граюць Шэксьпiра ў беларускiх строях, то усё ж робяць гэта амаль таксама, як рэпрэзэнтуюць большасьць тэкстаў мясцовых аўтараў, званых клясычнымi. Увогуле, у сфэры тэатру, за выключэньнем спробаў М.Пiнiгiна ў Нацыянальным акадэмiчным тэатры, няма беларускiх пастановак, у якiх бы глябальная эстэтыка не выводзiлася з этнаграфiчных рэканструкцыяў, прычым без анiякага клопату пра iхную трансфармацыю. I гэта зусiм ня простая «прыманка для турыстаў». Ёсьць перакананьне: усё, што беларускае, ня можа быць рэпрэзэнтаваным па-iншаму, як у традыцыйных строях i дэкарацыях драўлянае хаткi.

Верагодна, усё сказанае не давала б падставаў для сур’ёзных высноваў, калi б можна было сабе ўявiць, што справа ня йдзе, фактычна, пра акадэмiчную норму, штучна сканструяваную з мэтай укаранiць пэўнае бачаньне народнае культуры. I калi зыходзiць з гэтага, то адразу робiцца цяжка ведаць дакладна: цi зьяўляецца сапраўды старажытным тое, што нам прапаноўваюць лiчыць за гэткае? Штосьцi ж можа быць i новатворам у чыстым выглядзе... Да таго ж, названае этнаграфiчнае стаўленьне спрыяе яшчэ й маргiналiзацыi беларускае культуры. Карацей, iнструмэнталiзацыя фальклёру прыводзiць да таго, што тэатар — больш ня тэатар, музыка — больш ня музыка, але ўсё гэта ператвараецца ў псэўдагiсторыю цi этнаграфiю.

Магчыма, хтосьцi перакананы ў бескарыснасьцi пошуку шляхоў трансфармацыi фальклёру ў мастацтва, тым часам як iншыя вераць у тое, што яны займаюцца менавiта мастацтвам, калi ствараюць свае «музэйныя экспазыцыi»? Трэба дадаць, што, сутыкнуўшыся са шматлiкiмi манiпуляцыямi, ужо й цяжка даць веры ў сапраўдную народнасьць такога тыпу iмпрэзаў. Бо гэта ж зусiм лёгка: высунуць наперад народ, паставiць яго ля вытокаў гэтае прадукцыi й даручыць поўную за яе адказнасьць, у той час, як, у бальшынi выпадкаў, справа йдзе пра творы iнтэлектуалаў цi запiсы этнографаў, што падпарадкоўвалiся (цi не падпарадкоўвалiся) розным «культурным палiтыкам», якiя пасьлядоўна зьмянялi адна адну на гэтай тэрыторыi з пачатку стагодзьдзя.

Купала цi Колас не зьяўлялiся простымi перакладчыкамi «ймкненьняў народных», а перш за ўсё выяўлялi ў сваёй творчасьцi свае собскiя iмкненьнi, якiя ўжо потым распаўсюджвалiся на народ, згодна зь нязьменнаю эстэтыкай i зь нязьменнай мэтай растлумачыць яму, да чаго мусiць быць падобная ягоная нацыянальная сьведамасьць. Дзеля гэтага зь iхных твораў выкарыстоўвалася й выкарыстоўваецца толькi тое, што здаецца карысным для «асьветы народа». Ва ўсiх выпадках гэта — нi што iншае, як мадэляваньне ўяўнага «нацыянал-беларуса» (альбо «савецкага беларуса») на падставе старанна адабраных матываў i вобразаў. Звычайна ва ўсiм гэтым абвiнавачваюць нацыяналiстаў, але ж зусiм вiдавочна, што менавiта дзяржава зьяўляецца асноўнай «дзейнай асобай» у глыбiнi названых працэсаў, бо яна й была й ёсьць галоўным распаўсюднiкам гэткае прадукцыi.

I гэта калi яшчэ не лiчыцца з той духоўнай i мiстычнай значнасьцю, якую некаторыя зьвязваюць з гэткiм тыпам iмпрэзаў, званых народнымi. Можна знайсьцi цудоўны прыклад названага жанру iнтэлектуальных манiпуляцыяў у нядаўняй пастаноўцы «Раскiданага гнязда» Я.Купалы на беларускай мове ў Рускiм тэатры Менску. Калi пастаноўка п’есы беларускага аўтара на беларускай мове ў рускiм тэатры можа лiчыцца палiтычным актам, гэта зусiм не абавязкова толькi тое, чаго ад яе чакаюць. I вось нам прапанаваны ўвесь камплект вычварэньняў этнаграфiчнага стаўленьня да культуры: разбураны драматычны тэкст, перарваны вершамi Купалы (быццам арыгiнальны тэкст п’есы не зьяўляецца самадастаковым); дэкарацыi абцяжараныя паганскiмi стодамi ды татэмамi й мусяць сыгналiзаваць нам: «дзея ўвесь час адбываецца ў Беларусi». Сцэнаграфiя, згодна зь якою па некаторым часе татэмы завешваюцца велiзарным i прыгнётным, каб не сказаць болей, абразом, што ператварае п’есу ў мэсу, а тэатар — у праваслаўную царкву (сымбаль тым больш шокавы, калi ведаць, што Рускi тэатар разьмешчаны ў будынку былой сынагогi, i што любы тэатар са сваiмi пакаленьнямi актораў, адлучаных ад царквы, можа быць чым заўгодна, акрамя месца культу, узятага ў такiм сэнсе); сымбалiзацыя беларускае хаткi праз дах з падвешаных дошак, якi, быццам выпадкова, разьляцiцца ўшчэнт проста на актораў у традыцыйных строях; аксэсуары, узятыя адзiн да аднаго са старых пастановак Акадэмiчнага тэатру 70-х гадоў (трэба меркаваць, што яны iм здадзеныя «напракат» Рускаму тэатру, каб прыдаць ягоным акторам аўтэнтычнасьцi); сымболiка сьмерцi бацькi як мэтафара разбурэньня Радзiмы; пэрсанаж дзяўчыны, скрадзенай маладым i распусным панам, якi гэтым разам ёсьць мэтафараю бруду, што заплямiў чысьцiню Радзiмы; пэрсанаж сына, якi йдзе са сцэны й нясе на сваiх плячох крыж на магiлу бацькi: дзея разьлiчаная на ймгненную й зусiм пэўную iдэнтыфiкацыю; у якасьцi фiналу —дзяўчыны-кветкi, якiя становяцца побач на край сцэны, каб сьпець нам «Ave Maria» Гуно...

Мараль гэтай гiсторыi вельмi простая й ня мае нiякага дачыненьня да фальклёру: беларусы ня маюць нiякае альтэрнатывы й павiнны прыняць гэткi свой лёс як нешта натуральнае, «пад сьпевы ды скокi».

Каментары

Цяпер чытаюць

ЗША самі пачынаюць блакаду Армузскага праліву14

ЗША самі пачынаюць блакаду Армузскага праліву

Усе навіны →
Усе навіны

У Гомелі на рэканструкцыю канферэнц-залы мясцовай міліцыі патрацяць мільён даляраў4

Борыс Джонсан таемна правёў двое сутак на фронце пад Запарожжам22

Дзве дзяўчыны з кавуновага батальёна Лукашэнкі запусцілі свой брэнд адзення. Здаецца, не ў Беларусі25

Свіслач у Мінску будуць перазапускаць2

«Мяне дзяржава рыхтуе, каб я умер на благо родины»40

Для Вэнса перамовы ў Ісламабадзе могуць стаць ключавым момантам у кар'еры1

Цэны на клубніцы ўпалі яшчэ больш. А што з яблыкамі, свежай радыскай і зелянінай? Колькі на Камароўцы што каштуе

Украіна і Расія правялі вялікі велікодны абмен

«Можа, і мільён зрабіла за ўсё жыццё». 87‑гадовая майстрыха паўстагоддзя катае свечкі1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

ЗША самі пачынаюць блакаду Армузскага праліву14

ЗША самі пачынаюць блакаду Армузскага праліву

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць