“Нас нельга назваць героямi, мы выразьнiкi настрою ў грамадзтве”
На пытаньне “Цi ня каецеся вы за свае дзеяньні 17 кастрычнiка?” адказваюць “байцы зь перадавой”, то бок тыя, хто кiдаў каменьне ў мiлiцыянтаў. Зь вядомых прычынаў усе iмёны i прозьвiшчы зьмененыя, акрамя аднаго, на жаданьне самога рэспандэнта.
Ярык з-пад Менску:
Мы пачалi кiдаць камянi ў мiлiцыянтаў, таму што гэта было адзiнай магчымасьцю адпомсьцiць iм за тое, што яны пачалi нападаць на людзей, якiя ўжо адыходзiлi. Пагрозы для мiлiцыянтаў анiякай не было. Калi б, напрыклад, яны нiкога не чапалi, дык тады можна было б абвiнавачваць моладзь i казаць пра тое, што гэта былi нават больш чым нецывiлiзаваныя сродкi выказваньня свайго пратэсту, бо ўсё ж такi, людзi былi параненыя. Самымi агiднымi былi тыя мiлiцыянты, што выбягалi за некалькi дзясяткаў мэтраў ад кардону, каб, гасячы нас, пагасiць нейкiя свае амбiцыi, спатолiць прагу да гвалту.
I менавiта гэтыя, самыя нахабныя, у прынцыпе, больш за ўсiх i атрымалi. Я бачыў, як двое адарвалiся мэтраў на сто ад шэрагу, людзi ўбачылi, што за iмi нiкога няма, iх абкружыла чалавек з дваццаць, аднаго павалiлi, забралi шчыт. I калi б ня шолам ягоны ды не рэпартэр зь БелаПАНу, здаецца, мiлiцыянту было б дрэнна, бо, сапраўды, яго пачалi ўжо нагамi тузаць. I было некалькi такiх выпадкаў. Безумоўна, шкада гэтых хлапцоў, у якiх трапiлi камянi, але я ведаю, што на мiтынгi бяруць толькi самых актыўных, баявых мiлiцыянтаў.
Не выключаю таго факту, што адрэналiну ў маёй крывi ў той час было вельмi багата, ува мне прачнулiся iншыя iнстынкты — помсты, у прыватнасьцi. Шмат хто з нас страцiў кантроль над сабой. Але не было нейкага там задавальненьня ад таго, што мы камусьцi наносiм страты. Гэта быў наш адказ уладам, бо даўно ўжо — паўтары гады — не праходзiлi падобныя акцыi, i моладзi трэ было разрадзiцца. Погляды мае не зьмянiлiся нават пасьля таго, як я пабачыў мiлiцыянтаў у шпітальным ложку: iм кампэнсуюць iхныя страты чарговымi чынамi цi мэдалямi, але хто ўзгадае, як яны рабiлi рэйд на гастраном, як яны там бiлi жанчыну зь мехам крупаў?
Кiданьне камянёў — гэта размова з уладамi, зь мiлiцыяй на iх собскай мове, магчыма, выключна гэты сродак — выкарыстаньне балявога эфэкту — прымусiць iх нас паважаць.
Вася Бублiкаў, Менск, 18 гадоў:
Нашыя дзеяньнi 17 кастрычнiка былi тым вылiвам усёй агрэсіўнасьцi i злосьцi, якiя накапiлiся з-за такога жыцьця ўва ўсёй беларускай сьвядомай грамадзкасьцi, у тых, хто ня лiчыць сябе быдлам, але жыцьцё iх зрабiла такiм. Хутчэй, канечне, намi кiраваў жывёльны iнстынкт помсты за тое, што ўлада давяла нас да такога стану. Гэтыя нашыя, магчыма, i нечалавечыя дзеяньнi можна ацэньваць па-рознаму. З аднаго боку, гэта, у пэўным сэнсе, было барбарствам, але калi паглядзець з другога, такiмi нас зрабiла ўлада. Мы вымушаныя выкарыстоўваць усе магчымыя сродкi, каб выказваць свой пратэст. Нас нельга назваць героямi, хутчэй, мы выразьнiкi настрою ў грамадзтве, якое, праўда, стаяла на гары i проста назiрала за падзеямi. Iхнымi дзеяньнямi кiравала рацыянальнае пачуцьцё самазахаваньня, над намi ж, моладзьдзю, верх узялi больш радыкальныя памкненьнi.
Ляксей Адашкевiч, электрык, 21 год:
Калi мы ўбачылi, што мянты пачынаюць выскокваць, хапаць людзей i цягнуць у машыны, мы не маглi застацца спакойна стаяць, апусьцiўшы рукi. Калi цябе, маладога хлопца, пачынаюць бiць, цi ты не дасi ў адказ? Калi цябе зьбiвае мiлiцыянт, дык чаму ты ня маеш права яму адказаць? Паглядзiце: наўкола бяспраўе, “блакiтныя” паўсюль. Калi ты п’еш пiва, цябе не чапаюць, але калi ўбачаць, што гарэлку — забiраюць адразу. Нам патрэбная пэўная аддушына. Я разумею: калi б мяне злавiлi, дык выперлi б з тэхнiкуму, аштрафавалi б на працы. А мне напляваць: мне не падабаюцца ўлады, мне надакучыла ўжо пяць гадоў сядзець у дзярме ў сваёй краiне.
Ува ўсiх цывiлiзаваных краiнах гэтая калёна мiлiцыi абкружыла б мiтынгоўцаў, праводзiла б да таго месца, куды яны хочуць пайсьцi. Дэманстранты б аддалi тую рэзалюцыю, i нiчога б не было.
Я са свайго заробку плачу падаткi, каб мая мiлiцыя мяне ахоўвала. Мая мiлiцыя мяне бiла. I мы нiчога не парушалi, адно толькi прыпынiлi трохi рух транспарту па горадзе. Але ж была нядзеля, хто там куды сьпяшаўся? I мэтро ж ёсьць, дзякаваць Богу.
Калi наступным разам мяне мiлiцыя не пачне бiць, я ня буду ўжываць фiзычную сiлу. Але калi я бачу, як ляжыць хлопец, i яго зьбiваюць тры мянты, мне таксама хочацца ўзяць у рукi камень, балазе, iх там было багата. Я працую электрыкам, i ў панядзелак пасьля акцыi я зайшоў, каб нешта паладзiць, у кватэру, дзе жылi мiлiцыянты. Разгаварылiся пра Марш: яны на iм былi таксама, ясна, што зь iншага боку. Але адзiн зь iх, праўда, трохi пад градусам, падышоў да мяне, пацiснуў руку i сказаў: “Малайчына, я на вашым месцы зрабiў бы тое самае”.
Конрад Карлавiч, Горадня:
Тое, што мы ўзялiся за каменьне, было выклiкана жорсткiмi дзеяньнямi з боку мiлiцыi, якая пачала валачы мiтынгоўцаў за кардон. Каб не яны, мы нiчога б ня кiдалi, я думаю. Я памятаю, што першы хлопец, якi схапiў камень, доўга вагаўся, кiдаць яго цi не. А пасьля ўжо ваганьня не было. Цi кiну я камень наступным разам? Пабачым, усё залежыць ад сытуацыi.
Апытваў Анатоль Прасаловіч
Каментары