Паверыць у самага ўбогага
Гутарка з Жанам Ванье, заснавальнікам руху “Каўчэг”, што аб’ядноўвае інвалідаў з маленства, іх бацькоў і людзей, якія дапамагаюць іх даглядаць
— 11 кастрычніка міне 40 год ад пачатку Другога Ватыканскага сабору. Праз два гады саракагодзьдзе адзначыць і Ваш “Каўчэг”. Гэта добрая нагода, каб падвесьці вынікі… Як Вы мяркуеце, яны ўсьцешныя? Кажуць, што Касьцёл зрабіўся занадта адкрыты, што ён пераняў нехрысьціянскія погляды, напрыклад у сфэры палавых зносінаў. Што Вы пра гэта думаеце?
— Другі Ватыканскі сабор — надзвычайная падзея. У мінулым была боязь цела, рыгарызм, жорсткія нормы. А Сабор сказаў, што трэба прасякнуцца любоўю Ісуса, верай у Ісуса, пачаць жыць малітвай і адначасова быць адкрытым да іншых. Так, праваслаўе сёньня мае праблемы, бо не перажыло такога абнаўленьня. У ім ёсьць нешта нечувана глыбокае — у яго літургіі, малітоўным жыцьці. Але яму цяжка ўвайсьці ў сёньняшні сьвет, і яно схіляецца да самаізаляцыі. А галоўная ідэя Сабору ў тым, каб прасякнуцца Богам, несьці ягоныя наказы ў сьвет, усім людзям.
Прыкладам, прыехаў сюды нядаўна на працу адзін малады чалавек, француз. Прыйшоў да мяне і кажа: “Я атэіст”. Я на гэта: “А ты сапраўды хочаш дапамагчы пакрыўджаным лёсам?” Ён адказаў “Так, хачу”, — і сказаў праўду, бо, як аказалася, ён вельмі добра даглядае інвалідаў. Тады я яму сказаў: “Лепшы той, хто спагадае няшчасным і ня верыць у Бога, чым той, хто верыць у Бога і не спагадае такім людзям”.
Сабор сказаў: “Пабач знакі Бога ва ўсіх рэлігіях і людзях”. Калі ты верыш, але не адкрываешся для сьвету, ты ставіш вакол Касьцёлу сьцяну і ня бачыш прыгажосьці ўсіх Божых стварэньняў. Гэткая вера душыць. Калі ж ты занадта адкрыты, але ня верыш у Ісуса і Эвангельле, у ідэі Касьцёлу, ты губляеш спакой. Мы вывучаем “Катэхізыс каталіцкага касьцёлу” і адначасова ладзім экумэнічныя спатканьні прыхільнікаў усіх рэлігіяў у Асызы.
Сфэра палавога жыцьця сёньня таксама бачыцца значна глыбейшай, чым раней, калі сэксуальнасьці цураліся. Трэба зважаць на сувязь паміж сэксам, каханьнем і шлюбам. Калі не стае аднаго з гэтых кампанэнтаў, зьяўляюцца цяжкасьці. Калі ёсьць толькі сэкс, атрымліваем парнаграфію. Калі ёсьць і каханьне, але няма поўнай еднасьці, мы крыўдзім іншага чалавека. Дарэчы, першыя прамовы Яна Паўла II, зь якімі ён выступае ў серады, былі на гэтую тэму, але потым ён яе не разьвіваў. Відаць, прамовы спалохалі некага ў Рымскай курыі.
— Але і Папу вінавацяць у кансэрватызьме, бо ён рашуча супраціўляецца абортам.
— Папа хоча данесьці каталіцкую думку і адкрываецца перад іншымі, каб зразумець іх і размаўляць зь імі. Вельмі проста яго вінаваціць. Гэта надзвычайны чалавек, які ўжо ў сваёй першай энцыкліцы абвясьціў: “Дарога Касьцёлу — чалавек”. Але ў каталіцкім Касьцёле нямала кансэрватараў. Папа ня можа дзейнічаць самастойна. Ён паказвае дарогу і ідзе па ёй. Той, хто прыйдзе пасьля яго, пойдзе гэтай дарогай — пошуку каранёў і адкрытасьці.
Сабор дапамог зірнуць на сэкс ня толькі як на дзейнасьць, што мае на мэце рэпрадукцыю. Важнасьць сэксуальнасьці для каханьня, шлюбу, адданасьці раней ня бралася пад увагу. Сабор зьмяніў сытуацыю.
Небясьпечна бачыць у Касьцёле толькі вешчуна маральнасьці і догмаў: Касьцёл — містычнае месца. Тут адбываецца сувязь з Ісусам, зьліцьцё зь ім, якое будзіць сэрца і зьмяняе нас. Дагматы і маральнасьць патрэбныя, але да Сабору Касьцёл часам быў занадта дагматычны і маралізатарскі. Сёньня існуе надзвычайная патрэба ў малітве. І прага да спазнаньня Бібліі. Уявіце, сьвятая Тэрэза зь Лізьё (1873—97) ня мела права чытаць Біблію, толькі Новы Запавет… Нарэшце — жыцьцё ў супольнасьці. Некалі гэтага дасягалі ў манастырах, паслушніцтве, але яго абмяжоўвалі строгія нормы. Цяпер мы бачым імкненьне да супольнасьці, напрыклад, у руху харызматыкаў, у ініцыятыве “Equipes Notre Dame”, у нэакатэхумэнаце.
Так, Другі Ватыканскі сабор быў патрэбны. А што ёсьць перахлёсты… Дык яны заўжды былі.
— А ў суполках “Каўчэгу”, у якіх ёсьць мусульмане і індуісты, вы моліцеся разам?
— Безумоўна.
— Аднак на экумэнічнай сустрэчы ў Асызы не было супольных малітваў.
— Не было. Але калі ў касьцёлах Асызы дазвалялася маліцца мусульманам, індуістам, значыць, мы верылі ў іхную малітву, у яе вартасьць, у іх прагу скарыцца Богу, слухаць яго. Нядаўна я прачытаў вельмі цікавую кнігу пра Францішка з Асызы й іслам. У часе, калі Касьцёл трызьніў крыжовымі паходамі, Францішак пешкі пайшоў да султана і быў узрушаны да глыбіні душы, бо ўбачыў чалавека, які шукаў Бога. Ня ведаю, маліліся яны разам ці не.
У гэтым — сутнасьць нашай працы. Мы бяром інваліда з вуліцы — “маленькага чалавека”, убогага. Мы прымаем такіх людзей не таму, што яны хрысьціяне, а таму, што ім патрэбная дапамога. Мы працуем разам, молімся разам. Нельга сабе ўявіць, каб два мусульманіны і два хрысьціяніны ў нашым доме разыходзіліся па сваіх кутках, каб памаліцца асобна. Мы не імкнёмся да супольнай малітвы зь нейкіх тэарэтычных меркаваньняў. Гэтага патрабуе нашая рэчаіснасьць: прымаючы ў нашу суполку двух альбо трох мусульманаў-інвалідаў, натуральна, што мы запрашаем іх на супольную малітву. Вядома, на ўзроўні тэорыі гэта справа надзвычай складаная. Але ж ніхто не адмаўляе, што мусульмане маюць сувязь з Богам, гэта было сяк-так прызнана дзякуючы сустрэчы ў Асызы і дзесяці прыказаньням пра павагу да чужой веры, якія Папа абвясьціў там. Зрэшты, цяжка гаварыць пра дыялёг у нас, бо многія людзі зь фізычнымі недахопамі наагул не размаўляюць…
Апроч міжрэлігійных, мы маем таксама міжканфэсійныя суполкі. Мы стварылі суполку ў Бэлфасьце проста на дэмаркацыйнай лініі, што разьдзяляе пратэстанцкі сэктар ад каталіцкага. Вельмі важна, што там мы разам спазнаём Ісуса і молімся яму. Мы стараемся, каб каталіцкія і пратэстанцкія сьвятары больш дазнаваліся адны пра другіх.
— Вы нядаўна вярнуліся зь Бялграду. Сэрбія — праваслаўная краіна. Сёньня існуе столькі непаразуменьняў паміж каталікамі і праваслаўнымі, асабліва ў Расеі…
—У Бялградзе сытуацыя даволі спэцыфічная. Тамтэйшыя жыхары не зразумелі сэнсу бамбёжак, бо ня ведалі, што рабілася ў Косаве. Яны замкнёныя перад чужымі пунктамі гледжаньня. Румынія больш адкрытая: Папа змог туды паехаць. Праваслаўныя трохі баяцца каталіцкай магутнасьці, магутнасьці фінансавай, — і гэта зразумела. Існуюць цяжкасьці і ў адносінах паміж асобнымі праваслаўнымі цэрквамі. Праблема ў тым, што ў праваслаўі вельмі моцныя нацыяналістычныя настроі. Дый Расея ў апошняе дзесяцігодзьдзе зьведала страшнае прыніжэньне. Яна была вялікай краінай, якой усе баяліся, як Амэрыкі. Цяпер расейцам неабходна нанава адшукаць сваю тоеснасьць, і іхнай праваслаўнай царкве таксама. Але гэта ня значыць, што ўсе расейцы нацыяналісты: у нас ёсьць цудоўныя суполкі руху “Вера і сьвятло” ў Маскве. Толькі ейныя ўзаемаадносіны з тамтэйшай ярархіяй складанейшыя: нас там баяцца. Маем мы суполкі і ў Грэцыі, хоць гэта даволі замкнёная краіна, на Блізкім Усходзе — у Сырыі, Лібане. Таксама ў Румыніі. У Сэрбіі пакуль няма. Трэба, аднак, наладжваць кантакты. Мы пасябравалі з праваслаўным румынскім япіскапам Язэпам, эўрапейскае дыяцэзіі.
— У праваслаўных шмат комплексаў…
— Так, яны пакутуюць на гэта. Напрыклад, ім здаецца, што каталіцкі касьцёл у Маскве мае грошы і хоча ўсіх перацягнуць да сябе. Згадваю карыкатуру ў маскоўскай газэце: новыя хрысьціянскія суполкі і пры іх — маленькі маскоўскі патрыярх… Разумею неспакой праваслаўных. Я езьдзіў у Рым размаўляць пра нашы суполкі “Веры і сьвятла” ў Расеі. Сказаў: “Мы хочам, каб яны былі праваслаўныя, не каталіцкія”. І арцыбіскуп Таран (міністар замежных справаў Ватыкану — рэд.) пацьвердзіў: “Так павінна быць”. Трэба, каб людзі не баяліся, што здрадзяць сваёй царкве. Мы гэтаму спрыяем, але ня ўсе так робяць.
— Праца “Каўчэгу”, а таксама “Веры і сьвятла” — вельмі добрая школа экумэнізму.
— Усё экумэнічнае і міжрэлігійнае сьветабачаньне “Каўчэгу” мае ў сваёй аснове чалавека, якому патрэбна дапамога. Мы не займаемся экумэнізмам дзеля экумэнізму — наш экумэнізм служыць канкрэтным людзям. Раскажу вельмі прыгожую гісторыю пра мусульманіна Абдулу. У нашай суполцы ў Бангалоры, што ў Індыі, быў аднойчы сход. Раптам нам паведамілі, што ля дзьвярэй ляжыць нейкі бездапаможны інвалід. Ён быў брудны з ног да галавы, ня мог хадзіць. Як нам было яго прыняць? Для яго не было ложка. І яму былі адмовілі. Аднак Шам, брамін, адгукнуўся: “Ён мог бы спаць у мяне ў пакоі”. Хоць ён быў яўна мусульманін: у яго на галаве былі мізэрныя рызманы, што засталіся ад чалмы. Ну і прынялі яго. Толькі празь некалькі дзён яго ўдалося адмыць — так доўга ён жыў на вуліцы. Паступова навучылі яго хадзіць, працаваць. Аднойчы мусульманін — супрацоўнік нашае суполкі павёў яго ў мячэць, і там раптам нехта крыкнуў: “Эльяш!” Гэта быў сваяк, які пазнаў свайго родзіча, што згубіўся некалькі месяцаў таму. Толькі тады мы даведаліся, што яго завуць Эльяш; самі мы яго звалі Абдула, што азначае “Дар Бога”. Ён вярнуўся ў сваю сям’ю, а празь нейкі час уся ягоная сям’я прыйшла да нас. Бацька, таксама мусульманін, быў вельмі ўзрушаны. Ён сказаў: “Я б хацеў, каб мой сын застаўся ў вас, бо вы столькі для яго зрабілі і ён прагне жыць у вас. Няхай толькі ён адведвае нас хоць раз на месяц”.
Калі я апошні раз быў у ватыканскай Радзе па сьвецкіх справах, яе сакратар, біскуп Рылька, сказаў: “Вы зрабілі рэвалюцыю капэрнікаўскіх маштабаў. Дагэтуль у Касьцёле казалі, што трэба быць добрым да бедных. А вы гаворыце, што бедныя для вас добрыя”. “Каўчэг” ды рух “Вера і сьвятло” — гэта новыя формы супольнага жыцьця ў касьцёле. Нам кажуць: “Вы сьмелыя, раз хочаце жыць з такімі людзьмі”. А на самай справе мы шчасьлівыя, што можам зь імі быць. Сьвяты Павал казаў, што Бог выбраў слабае і дурное, каб прысароміць дужае і мудрае. Патрэбны час, каб гэта зразумець. Калі я пачынаў ствараць “Каўчэг”, я таксама думаў, што раблю дабро. І толькі потым зразумеў, што наадварот — атрымліваю дабро. Гэта галоўная ідэя “Каўчэгу”.
Гутарылі Яана Рэньяр і Жан Турнаў, “Gazeta Wyborcza”
Жан Ванье (нар. у 1928 г.) — сын генэрал-губэрнатара Канады. Служыў у ваенна-марскім флёце. У 1950 г. увайшоў у студэнцкую хрысьціянскую суполку ў Парыжы. Вывучаў філязофію, выкладаў яе ў Таронта. У 1963 г. наведаў свайго духоўнага настаўніка з часу парыскіх заняткаў, дамініканца айца Тама Філіпэ, які тады якраз зрабіўся быў ксяндзом у інтэрнаце для разумова адсталых людзей у вёсцы Трасьлі на поўначы Францыі. Праз год Ванье купіў там дамок і пасяліўся ў ім з двума нябогамі. З часам суполка расла, узьнікалі іншыя гэткія самыя ў Францыі, Канадзе, Індыі… Сёньня “Каўчэг” (“Arche”) — міжнародная фэдэрацыя. У суполках, кожная зь якіх налічвае некалькі сотняў чалавек, жывуць і працуюць людзі зь фізычнымі заганамі. Ім дапамагаюць асыстэнты. Сёньня існуе 119 такіх суполак у 30 краінах на ўсіх кантынэнтах.
У 1971 г. узьнік рух “Вера і сьвятло” (“Foi et Lumiйre”), які аб’ядноўвае людзей зь фізычнымі недахопамі, што жывуць зь сем’ямі, а таксама іхных бацькоў і асыстэнтаў.
Каментары