Архіў

Што нам нясе валютны саюз

Вынікі візыту міністра фінансаў Расеі Аляксея Кудрына і старшыні Цэнтрабанку Расеі Сяргея Ігнацьева ў Беларусь выклікалі эўфарыю ў Маскве і адчуваньне бездапаможнасьці ды расчараваньня ў Менску. Ва ўрадавых калідорах Беларусі гавораць пра нечуваны псыхалягічны ціск з Крамля.

Газэта ж бізнэс-колаў Расеі «Ведомости» з задавальненьнем адзначае: «За адмову ад сувэрэннай крэдытна-грашовай палітыкі Расея заплаціць Менску сьціплую плату: будзе адчыненая крэдытная лінія на 20 млрд руб.» І дадае без спачуваньня: «Гэтак скончылася безнадзейная барацьба Беларусі за раўнапраўе пры аб’яднаньні з Расеяй». Здачу фінансавага сувэрэнітэту расейскі капітал успрыняў як першую ластаўку будучага разбору беларускай эканомікі. Вядома, па расейскіх правілах.

Расея прысьпешвае. Яна хоча вырваць зь Беларусі незваротныя саступкі да чарговага лёсаноснага рэфэрэндуму, які рыхтуе беларускі прэзыдэнт. Яе мэта — каб на тэрыторыi Беларусi з 1 студзеня 2005 г. замест нацыянальнай валюты быў уведзены расейскi рубель. Выпрацоўку грашова-крэдытнай палiтыкi, «як i раней», мае ажыцьцяўляць Мiжбанкаўская валютная рада, якая рэальна ня мае нiякага ўплыву на грашова-крэдытную палiтыку.

Міністар Кудрын прызнаў, што «пытаньняў яшчэ шмат». На ягоную думку, іх трэба вырашаць ужо пасьля ўвядзеньня адзінай валюты. Гэта значыць, пасьля бойкі.

Для Расеі напярэдадні далучэньня да СГА (глябальныя перамовы плянуюцца ўжо ўвосень) важна мець гарантаваны ўплыў на эканоміку Беларусі, праз тэрыторыю якой ідзе большасьць гандлёвых струмянёў. А што прынясе валютны саюз Беларусі?

Расейскі рубель трохі больш стабільны. За чатыры месяцы 2003 г. інфляцыя ў Беларусі склала 10,3%, у Расеі — 6,2%. Асаблiвых тэхнічных праблемаў пераходу на расейскі рубель таксама ня будзе: ужо па выніках 2002-га 62% разьлікаў паміж краінамі праводзілася ў расейскіх рублях.

Аднак пры ўвядзеньні супольнай валюты будзе страчаны мэханізм рэгуляваньня экспарту ў Расею праз дэвальвацыю нацыянальнай валюты. Пры падатковым уціску ў Беларусі, які на 8—10% вышэйшы за расейскі, мэханізм дэвальвацыі мае істотнае значэньне. Супольная валюта запатрабуе рэструктурызацыі рэальнага сэктару, скарачэньня занятасьці, што прывядзе да росту сацыяльнай напружанасьці.

У выніку стала адмоўнага гандлёвага сальда з Расеяй пасьля аб’яднаньня грашовых сыстэмаў вырасьце дэфіцыт грошай. Узьніклы вакуум будзе аслабляць беларускія банкі. (На 1 студзеня 2003 г. уласны капітал іх складаў усяго 643 млн даляраў. Калі прыняць усе банкі краіны за адзін, ён бы заняў у шэрагу расейскіх 7-е месца — паміж «Глобэксам» і «МДМ-банкам».)

Недахоп грошай можа справакаваць стагнацыю вытворчасьці, нявыплаты заробкаў, пэнсіяў. Зь іншага боку, вырастуць тэмпы прыватызацыі, у тым ліку банкаўскай сыстэмы, дзе квота на долю замежнага капіталу нядаўна была падвышаная з 25% да 50%. Энэрганосьбіты стануць меней даступнымі, прадпрыемствы будуць змушаныя іх эканоміць, што будзе садзейнічаць рэструктурызацыі прамысловасьці.

Па-трэцяе, узьнікне напружаньне зь фінансаваньнем дэфіцыту дзяржбюджэту, што ў першую чаргу адчуе сацыяльная сфэра. У абмен за ўтрыманьне яшчэ аднаго датаванага рэгіёну Расея будзе патрабаваць новых саступак палітычнага сувэрэнітэту.

Ахвяруючы рублём узамен за падтрымку на заплянаваным рэфэрэндуме, ураду прыйдзецца ахвяраваць і дасягнутай эканамічнай стабільнасьцю ва ўмовах неэфэктыўнай эканомікі. Калі эмісійны цэнтар перамесьціцца ў Расею, Нацбанк страціць магчымасьць уплываць на прапанаваньне грошай, банкаўскія стаўкі і інвэстыцыйную палітыку. Беларусь тады чакае пэрыяд нестабільнасьці і сацыяльных узрушэньняў.

УВ

Каментары

Цяпер чытаюць

Чаму ўлады маўчаць пра прычыны разбурэння дома ў Гомелі і якія ёсць версіі

Чаму ўлады маўчаць пра прычыны разбурэння дома ў Гомелі і якія ёсць версіі

Усе навіны →
Усе навіны

Беларусам загадалі больш нараджаць і жыць даўжэй. Але як вырашыць праблемы з дэмаграфіяй?11

Пры перагрузцы аўтамабіляў з ЗША беларускія мытнікі знайшлі ў грузе янота ФОТЫ1

ЗША прыпыняць выдачу толькі іміграцыйных віз

Беларускія сілавікі вучаць у сябе на базе нігерыйскі спецназ4

Фядута пра сваю «справу змоўшчыкаў»: Злавілі лохаў, якія паверылі ў тое, што змова магчымая12

Стась Карпаў: А што, ёсць абавязак — любіць гей-парады?68

Кітайскі конік, які з'явіўся ў выніку браку вытворчасці, стаў вірусным хітом сезона3

ЗША прыпыняе выдачу іміграцыйных віз для грамадзян 75 краін, уключна з Расіяй. Ці датычыць гэта Беларусі, пакуль невядома6

Марына Гірын, якая ўсё ж трапіла да прэзідэнта Польшчы, абурылася, што яму падарылі ляльку з анучы42

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Чаму ўлады маўчаць пра прычыны разбурэння дома ў Гомелі і якія ёсць версіі

Чаму ўлады маўчаць пра прычыны разбурэння дома ў Гомелі і якія ёсць версіі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць