Архіў

Закахацца ў Фігу

Я засякла час па гадзіньніку: мы з мужам прабалбаталі пра футбол паўтары гадзіны.

Які жах! Колькі змарнавана часу! І кожны дзень паўтаралася тое самае — аж да 5 ліпеня. Бо сэрцу не загадаеш...

Мы, беларусы, мірныя людзі, што мы ведаем пра Партугалію? Мова — як у бразыльскіх сэрыялах. Ведаю сталага веку жанок, якімі Эўра-2004 праглядаецца як працяг дзённых сэрыялаў. Таму адна мая сяброўка думае, што Раналду — гэта той жа пацан, што і Раналдзіньё. Проста пераехаў і гуляе. Калі я распавяду сяброўцы, хто насамрэч адкуль пераехаў, яна будзе сьціслай: пляваць ёй на Дэку, выспу Мадэйру — на ўсё. Між тым цікава, што насельніцтва ў Партугаліі амаль столькі ж, як і ў Беларусі, а сама краіна, выцягнутая ўздоўж Атлянтыкі, нейкім чынам захавалася як нацыя ў суседзтве з самай жорсткай заваёўніцай Гішпаніяй... Ды яшчэ пасьпела калянізаваць ладную частку кантынэнтаў. А колькі на мапе сьвету сёньня партугальскіх імёнаў! Краіна маракоў і першаадкрывальнікаў, абаронцаў і заваёўнікаў.

Тэлевізары ў вокны

Без футболу на сьвеце было б нашмат болей войнаў. Нездарма найлепшыя вынікі ў гэтым спорце маюць стабільныя, разьвітыя краіны, у якіх не назіраецца палітычных і эканамічных катаклізмаў. Упадкаў эканомікі, рэвалюцыйных сытуацый, іншых прыкметаў нестабільнасьці. І заўзятары менавіта з гэтых краінаў — самыя актыўныя. Яны могуць з чыстым сумленьнем прапусьціць выбары ў Эўрапарлямэнт, забыць на тэрміновую працу ды іншыя складнікі неабходнага падтрыманьня жыцьцёвай стабільнасьці. Для некаторых народаў футбол увогуле — элемэнт нацыянальнай ідэі, хоць гэта мае розны падтэкст і па-рознаму праяўляецца. Скажам, ангельскія хуліганы, арыштаваныя ў Партугаліі за беспарадкі пасьля разгрому ўлюбёнай зборнай, па-свойму абаранялі свой нацыянальны гонар — так, як беларусы некалі абаранялі свой гонар на вуліцах Менску. І хоць футбол тады быў ні пры чым, сутнасьць падобная. Закранутая годнасьць — зашкалілі і перахліснулі праз край эмоцыі. А тут яшчэ гэты «комплекс выдатніка» ў ангельскага футболу... Адзін аблом — і выдатнік пачуваецца нікчэмнасьцю.

Муж неяк нагадаў, што італьянцы з гішпанцамі часам выкідаюць у вокны пасьля пройгрышу сваіх камандаў тэлевізары, а часам — жонак, якія перашкаджаюць сваёй балбатнёй глядзець важную футбольную сустрэчу. Сапраўдны італьянец дзеля футболу гатовы на ўсё.

Асаблівае значэньне мае футбол у вызваленых краінах былога сацлягеру. Маладая дзяржава Харватыя бярэ ўдзел у кожным чэмпіянаце і ўжо ў 1998-м становіцца бронзавым прызёрам. Усе экс-Саветы глядзелі на Латвію, а сама Латвія глядзіць на сваю каманду, якая гуртуе нацыю вакол футболу лепей, чым маглі б гэта зрабіць латыскія палітыкі. Зноўку бітая, ужо па нейкай шматгадовай завядзёнцы, Расея, наадварот, адчувае сваё прыніжэньне. Ня ведаю, што адчуваюць італьянцы, якія ўжо другі раз запар падводзяць. На мінулым Эўра французы забілі ім пераможны гол літаральна на апошніх хвілінах. (Мой муж кажа, што яны — «халяўшчыкі».)

Паказаць бы ім Беларусь

Суседні столік у кавярні, дзе мы глядзелі той матч, ад радасьці так моцна падскочыў, што францускія балельшчыкі перавярнулі два сталы, абліўшы нас нашымі ж напоямі з адкаркаваных бутэлек. Гэта было ў Кіеве і мы глядзелі гульню пад дахам толькі таму, што ліў дождж і ў сябра-земляка ня мелася тэлевізара. Звычайна ж сустракаліся на Майдане Незалежнасьці, насупраць вялікага таблё, дзе разам з сотнямі такіх жа балельшчыкаў пілі піва, колу, каву, сок, дзяліліся ўражаньнямі... Нехта штодня абавязкова пытаўся, ці ёсьць такое месца і такое таблё ў цэнтры Менску, а калі не — чаму. А што, калі б мы цяпер не ўтаропіліся ў футбол, а дапамаглі галадоўшчыкам, дык хутчэй зьявіліся б футбольныя тусоўкі на Кастрычніцкай плошчы і шмат што іншае? Скажам, камэнтатары, якія за кожным словам ня тычуць табе ў вочы праблемамі сваіх любімых камандаў... Наўрад ці. Электарат трэба далучаць да сьвету, а не адрываць. Уключэньне зь якога-небудзь Эстадыю да Луш — гэта далучэньне да сьвету. Радуюся за эўрапейскіх балельшчыкаў: тут яны б гэтак не павыпендрываліся, у нас «парадак»... Вось перасунулі на дзьве гадзіны адзін паўфінал — глядзіце Хатынь, потым па ўсіх каналах — былы сталічны Дзень гораду, ператвораны невукамі ў «Дзень незалежнасьці»... Вось з чаго пачынаецца фашызм: цябе пазбаўляюць выбару.

Калі я ўпершыню апынулася ў Заходняй Эўропе, замежнікі пазнавалі маю краіну толькі па менскім «Дынама». Гэта не перашкодзіла служачым пункту абмену валют прынесьці мне маленькі глёбус і папрасіць паказаць на ім Беларусь. Пашпарт падаўся дзіўным. Грошы б не памянялі.

Мы амаль нічога ня ведаем пра Партугалію, але ўжо ня дзівіць раптоўнае жаданьне вывучыць мову гэтай маленькай нацыі — такую блізкую да гішпанскай, толькі больш шыпячую і з рысачкамі, кшталту як у нас мае «ў»... Што павінна адбыцца, каб партугальцы захацелі вывучыць нашу мову, а работнікі банкаў даведаліся пра Беларусь? Рэвалюцыя? Чэмпіянат? Напэўна ж, не вайсковыя парады...

Поўнасьцю гэты артыкул можна прачытаць у папяровай і pdf-вэрсіі "Нашай Нівы"

Тацяна Сьнітко

Каментары

Цяпер чытаюць

«Я проста прашу кавалак лёду». Трамп сказаў, што не будзе захопліваць Грэнландыю сілай36

«Я проста прашу кавалак лёду». Трамп сказаў, што не будзе захопліваць Грэнландыю сілай

Усе навіны →
Усе навіны

Беларуса, які кінуў дзіця галавой аб падлогу ў «Шарамеццева», прызналі неадэкватным2

У Навагрудку каторую ноч фіксуецца незвычайная з'ява5

Яшчэ дзве беларускія фрыстайлісткі выступяць на Алімпіядзе. Склад беларускай дэлегацыі ў Італіі выключна жаночы

Рагачоўская ці глыбоцкая, калдуны ці дранікі, Гродна ці Брэст? Арына Сабаленка адказала на прынцыповыя для беларуса пытанні16

Удава з Індыі кажа, што трапіла ў бяду ў Беларусі і яе трымаюць у нейкім кароўніку12

У парку жывёл ля Баранавічаў можна паабдымацца з капібарай за 100 рублёў3

«Бог вельмі ганарыцца працай, якую я зрабіў». Трамп вылецеў на Сусветны эканамічны форум у Давосе10

Святлана Ціханоўская завяла трэдс. Што ёй пішуць беларусы?15

Расійская ракета СПА трапіла ў жылы дом у Адыгеі10

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Я проста прашу кавалак лёду». Трамп сказаў, што не будзе захопліваць Грэнландыю сілай36

«Я проста прашу кавалак лёду». Трамп сказаў, што не будзе захопліваць Грэнландыю сілай

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць