Вашынгтон узяў выразны курс на зьмену Лукашэнкавага рэжыму. Зь Вільні — Раман Якаўлеўскі.
«Беларуская тэма» ўсё больш выходзіць на пярэдні плян у міжнародных справах. Падчас сваіх нядаўніх візытаў у Маскву і Вільню пра Беларусь гаварыла дзяржсакратар ЗША Кандаліза Райс. Нечакана гучна закранулі беларускую тэму і на саміце краін ГУУАМ у Кішынёве. Найбольш жорстка выказаўся Міхаіл Саакашвілі. Паводле яго слоў, народ Беларусі мае права на свабоднае, дэмакратычнае разьвіцьцё і Грузія гатова аказаць яму ўсю магчымую дапамогу. Словам, грузінскі лідэр стрымаў абяцаньне, дадзенае раней, — назваць на саміце ГУУАМ краіну, у якой адбудзецца наступная «аранжавая рэвалюцыя». Удзельнікі саміту прынялі сумесную заяву пра «стварэньне дэмакратыі ад Балтыкі да Чорнага мора». Некалі пра Балтыйска-Чарнаморскую Садружнасьць гаварыў і БНФ.
Нашмат менш пэўна для будучыні Лукашэнкавага рэжыму выглядала маскоўскае пасяджэньне вышэйшае дзяржаўнае рады саюзнай дзяржавы. Сярод прынятых на ім рашэньняў ня значылася канкрэтных тэрмінаў ўвядзеньня адзінай валюты і Канстытуцыйнага акту. Для многіх назіральнікаў гэта азначае, што праект саюзнай дзяржавы служыць толькі шырмай для нейкіх закулісных ці то таргоў, ці то перагавораў паміж двума прэзыдэнтамі.
Цьвёрда трымаўся таварыш Лаўроў
Цяжка было не заўважыць, што пасьля зробленых у Маскве зусім не пахвальных заяў Кандалізы Райс на адрас беларускага рэжыму, на наступны дзень, калі Пуцін ужо прымаў Лукашэнку, гаспадар Крамля так нічога публічна і не сказаў у абарону старшыні вышэйшай дзяржрады саюзнай дзяржавы. За яго гэта зрабіў у Вільні міністар замежных спраў РФ Сяргей Лаўроў. Як вядома, у літоўскай сталіцы адбылася нефармальная сустрэча кіраўнікоў МЗС краін — членаў NATO. Адначасова і тамсама праходзілі пасяджэньні радаў NATO—Расея і NATO—Украіна.
На сваёй прэс-канфэрэнцыі ў Вільні «таварыш Лаўроў» (азначэньне Лукашэнкі) атрымаў такое пытаньне: «Ці выпадкова супалі з гэтым натаўскім мерапрыемствам у Вільні маштабныя беларуска-расейскія вучэньні на захадзе Беларусі?» У адказ міністар Лаўроў не прызнаў узаемасувязі паміж гэтымі дзьвюма падзеямі і адносна Беларусі асабліва падкрэсьліў, што Расея супраць навязваньня каму б там ні было дэмакратыі звонку. Пры гэтым дадаў, што ня будзе камэнтаваць выказваньняў іншых у адрас беларускага саюзьніка. Зразумела, што ў першую чаргу пад «іншымі» мелася на ўвазе дзяржсакратар ЗША.
Воля народу
Прагучала «беларуская тэма» і на прэс-канфэрэнцыі міністра замежных спраў Украіны Барыса Тарасюка. Ён выказаў абурэньне з нагоды зробленага Аляксандрам Лукашэнкам параўнаньня Аранжавай рэвалюцыі ва Ўкраіне з бандытызмам. Як сказаў Барыс Тарасюк, украінскія падзеі мінулага году ва ўсім сьвеце ацэньваліся як негвалтоўны пратэст украінцаў. «Яны вырашылі, што ня будуць мірыцца зь невыкананьнем іх палітычнай волі, будуць абараняць сваю свабоду выбіраць лідэра, які ім падабаецца. Так што ніхто ня можа называць гэтую праяву волі людзей бандытызмам», — падкрэсьліў міністар.
Але гэтым «беларуская тэма» вычарпана не была. Сэнсацыяй, што ў нейкай ступені засланіла, як падалося, астатнія пытаньні прайшоўшага ў Вільні натаўскага мерапрыемства, стала сустрэча Кандалізы Райс зь нечакана ўзьніклай дэлегацыяй беларускай апазыцыі. Дакладней было б назваць яе не дэлегацыяй, а групай прадстаўнікоў дэмакратычных сілаў.
Гэтым разам знакавых палітычных постацяў апазыцыі сярод іх не было. Мадэратарам групы выступаў акадэмік Міхайлаў, рэктар закрытага беларускімі ўладамі Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту, які жыве цяпер у Вільні. А вядучы выніковай прэс-канфэрэнцыі, намесьнік старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Аляксандар Дабравольскі быў прадстаўлены на сустрэчы з Кандалізай Райс як кіраўнік аналітычнай групы кааліцыі «Пяцёрка+». Відаць, той самай, якая высунула ідэю і распрацавала мэханізм вылучэньня апазыцыйнага адзінага кандыдата ў прэзыдэнты-2006. Што з гэтага выйдзе — меркаваць беларускім выбаршчыкам. Сярод суразмоўнікаў дзяржсакратара ЗША былі і прадстаўнікі беларускіх СМІ, жаночага, моладзевага і праваабарончага рухаў.
Мяркуючы па іх словах, уражаньнях ад сустрэчы, якая адбылася, Кандалізе Райс была прадстаўлена даволі аб’ектыўная сытуацыя ў Беларусі. Зрэшты, прадстаўнікі дэмакратычных сіл Беларусі прызналіся, што былі прыемна зьдзіўлены той паінфармаванасьцю пра Беларусь пані Райс, якую яна прадэманстравала ў ходзе зносінаў зь імі. Відавочна, што ў гэтым немалая заслуга належыць і пасольству ЗША ў Менску.
Трэба меркаваць, што ў недалёкай будучыні ў пані Райс будзе ўсё ў парадку са склонамі ня толькі расейскай, але і беларускай мовы. Усё ж цяперашні дзяржсакратар ЗША некалі працавала прарэктарам Стэнфардзкага ўнівэрсытэту. І заўсёды адзначалася яе стараннасьць у вывучэньні таго ці іншага прадмету. Ня лішне будзе нагадаць і пра маштабы гэтай навучальнай установы. Хоць бы па адной лічбе. Гадавы бюджэт унівэрсытэту ў бытнасьць там на пасадзе пані Райс складаў 1,5 млрд даляраў.
Пухліна дыктатуры
Варта адзначыць і факт, пра які мала гаварылася. Пры зносінах Кандалізы Райс з прадстаўнікамі беларускіх дэмсіл прысутнічаў і Хаўер Саляна — вярхоўны прадстаўнік Эўрасаюзу па пытаньнях замежнай палітыкі і бясьпекі. Пасьля нядаўняга прыняцьця ў Камісіі па правах чалавека ААН сумеснай рэзалюцыі ЗША і ЭЗ па Беларусі сустрэча ў Вільні зь беларускімі апазыцыянэрамі стала яшчэ адным сьведчаньнем салідарнага падыходу сусьветнай супольнасьці да «праблемы Лукашэнкі». Менавіта як такую праблему ў кулюарах віленскіх сустрэч называлі сытуацыю, зьвязаную зь Беларусьсю. Пры гэтым вельмі часта ўпаміналіся вядомыя пастуляты Кандалізы Райс, агучаныя ёю яшчэ ў бытнасьць памочнікам прэзыдэнта па нацыянальнай бясьпецы. Новая сусьветная палітыка ЗША, адзначала пані Райс, ужо ня будзе ўключаць гатоўнасьці падтрымліваць дыктатарскія рэжымы, якія забясьпечваюць стабільнасьць у той ці іншай краіне і рэгіёне. Доўгачасовую стабільнасьць здольна забясьпечваць толькі дэмакратычная супольнасьць. А тыранія, тлумачыць ужо дзяржсакратар Райс, — гэта «ракавая пухліна», якая ня можа быць дабраякаснай. І, натуральна, ад яе трэба пазбаўляцца.
Як вядома, прэзыдэнт Дж.Буш да тыраній залічыў і рэжым Лукашэнкі. Пра ўсё большую ўвагу да яго Вашынгтону можа сьведчыць ня толькі сам факт сустрэчы ў Вільні з удзелам дзяржсакратара ЗША. На выніковай прэс-канфэрэнцыі беларускіх суразмоўнікаў пані Райс чулі і здымалі прадстаўнікі ўсіх вядучых амэрыканскіх СМІ. Такога раней не назіралася. Відаць, пачалася масіраваная інфармацыйная кампанія ў ЗША па вытлумачэньні грамадзянам пазыцыі Вашынгтону ў дачыненьні да рэжыму Лукашэнкі. Што і казаць, ад такой хады разьвіцьця падзей зьяўляецца спакуса для статуснай беларускай апазыцыі. Толькі вось, думаюць многія, ці здольна яна перайсьці на якасна іншы ўзровень і ў выпадку зьмены ўлады ўпісацца і ўтрымаць яе? Адказ на гэтае пытаньне далёка не відавочны.
Чатыры ўмовы пані Райс
У Вільні пані Райс прадставіла чатыры пункты дэмакратызацыі ў Беларусі. На першым месцы — падтрымка незалежных СМІ. Далей ідзе грамадзкі рух, створаны вакол не палітычнай, а грамадзкай праблемы — напрыклад, зьнікненьня людзей. На трэцяй пазыцыі — аб’яднаньне сілаў апазыцыі і грамадзянскай супольнасьці. І толькі пасьля гэтага — пошук кандыдата ад апазыцыі, апанэнта Аляксандра Лукашэнкі.
Адной з галоўных праблем на сустрэчы з прадстаўнікамі дэмсіл было названа і тое, што беларускі рэжым і ня думае ствараць умовы для роўнай барацьбы.
Разважаньні генэрала Мальцава
Паводле некаторых даных, сярод Лукашэнкавых апанэнтаў не выключаецца і магчымы варыянт намэнклятурнага перавароту з наступным правядзеньнем свабодных, дэмакратычных выбараў. Цікава, што пры разважаньнях на гэтую тэму нярэдка згадваюць адну заяву міністра абароны генэрала Леаніда Мальцава. На адной з сваіх прэс-канфэрэнцый генэрал выказаўся на тэму галоўнага ўроку такога хуткага падзеньня рэжыму Садама Хусэйна. Ён заключаецца ў тым, што амэрыканцам удалося купіць генэралаў дыктатара. І тыя проста здалі, пакінулі свайго гаспадара.
Нядаўна ў Беларусі прайшлі ваенныя вучэньні, якія, на думку шэрагу аналітыкаў, блізкія да рэпэтыцыі прыдушэньня ўзброенага канфлікту ў заходніх абласьцях краіны. Супастаўляючы факты — сцэнар праведзеных вучэньняў, бесьперапынныя заявы пра тое, што ніякіх каляровых рэвалюцый у Беларусі ня будзе, — многія назіральнікі гавораць, што сам Лукашэнка ў гэтым зусім ня ўпэўнены.
Раман Якаўлеўскі, Вільня—Менск
Каментары