Камандуючы Аб'яднанымі сіламі НАТО ў Еўропе генерал Філіп Брыдлаў заявіў, што Расія пачынае выкарыстоўваць сцэнар «гібрыднай вайны» у дачыненні да Малдовы, паведамляе выданне The Daily Best.

«Зялёныя чалавечкі», мы ясна бачылі гэты сцэнар у Крыме, мы бачылі сцэнар, які разыгрываецца ва Усходняй Украіне. Мы пачынаем бачыць падобны сцэнар у Малдове і Прыднястроўі», — сказаў Брыдлаў у ходзе дыскусіі ў Паўночнаатлантычным савеце.

Расія ў пачатку 2014 правяла вайсковыя вучэнні ў Прыднястроўі. Тады прэзідэнт Малдовы перасцярог Маскву супраць анексіі Прыднястроўя па крымскім сцэнары. Віцэ-прэм'ер Расіі Дзмітрый Рагозін у мінулым годзе заявіў, што больш цеснае супрацоўніцтва Малдовы з Еўропай можа назаўсёды прывесці да страты Кішынёвам кантролю ў Прыднястроўі і да падаражання энерганосьбітаў, што атрымліваюцца з Расіі.

Брыдлаў заявіў, што цяпер НАТО мае агульнае разуменне таго, як Расія выкарыстоўвае тактыку гібрыднай вайны, і цяпер важна зразумець, як дапамагчы краінам Усходняй Еўропы вытрымаць першапачатковы націск, які ажыццяўляецца па такім сцэнары. Ён нагадаў, што НАТО не можа ўвязвацца ва ўнутраныя канфлікты дзяржаў, альянс можа рэагаваць на відавочны напад знешняга агрэсара.

«Гэта гібрыдная вайна, калі яна пачнецца, то гэта не пытанне НАТО, — сказаў генерал. — Гэта ўнутраная праблема дзяржавы».

У сувязі з гэтым ён адзначыў, што дзяржавам-сябрам НАТО неабходна вырашыць, якімі павінны быць іх абавязкі ў сітуацыях, падобнай украінскай, дзе краіна, якая ўдзельнічае ў канфлікце, не ўваходзіць у альянс. «Цяпер у НАТО няма палітыкі, разумення таго, што рабіць у тых краінах, якія знаходзяцца па-за межамі альянсу і Расійскай Федэрацыі», - сказаў Брыдлаў.

Пры гэтым ён заявіў, што Расія ў канчатковым рахунку павінна быць часткай вырашэння гэтага пытання. «Я не думаю, што мы можам зрабіць у цэлым Еўропу свабоднай і мірнай без Расіі ў якасці партнёра», - лічыць генерал.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0