Аднойчы мой знаёмы завітаў у жыллёвы аддзел, каб атрымаць даведку з месца жыхарства. Здаецца, простая справа: прыйшоў, сказаў, атрымаў. Аднак гэтая простая справа ператварылася ледзь не ў палітычную дэманстрацыю, бо ён папрасіў даведку на беларускай мове.

alternativefinland.com

alternativefinland.com

Такая просьба не гэтулькі здзівіла, колькі ўразіла і нават абурыла пашпартыстку. «Мушчына, што вы хаціця? Бярыця, што вам дают. У нас все языкі равныя». І ў якасці апошняга непрабіўнога аргументу дадала: «Эта пракціка ва всём міры».

Мой знаёмы скептычна паставіўся да сусветнай практыкі, а заадно і да юрыдычнай дасведчанасці абуранай службовай асобы, і дабіўся сустрэчы з начальнікам, хаця ў таго — па словах той жа пашпартысткі — быў «непраёмный дзень».

Начальнік, мужчына ўжо сталага веку, лагодна павыхоўваў «зарваўшагася акстраміста-націаналіста» і, нібыта робячы вялікую паслугу, уласнаручна засведчыў (на беларускай мове!), што дадзены экстрэміст пражывае там і там.

На развітанне ён гэтак жа лагодна сказаў: «Вот вы, маладой чалавек, всё вазмушчаецесь, а вець мая работніца права, такая пракціка прынята ва всём міры. Беларусь ведзь не ядзінсьцьвенная страна, гдзе імеецца па два языка».

Што й казаць, начальнік-ліберал меў рацыю: Беларусь не адзіная краіна з дзвюма дзяржаўнымі мовамі. А вось што тычыцца сусветнай практыкі, то давайце паглядзім і параўнаем.

Адной з такіх краін з’яўляецца Фінляндыя. Насельніцтва яе складае пяць з паловай мільёнаў чалавек. З іх недзе дзевяноста чатыры працэнты, або звыш пяці мільёнаў чалавек, этнічныя фіны, і роднай мовай яны лічаць фінскую мову. Крыху больш за шэсць працэнтаў, або недзе каля трохсот сарака тысяч чалавек, складаюць этнічныя шведы, роднай мовай якіх з’яўляецца шведская. Аднак, нягледзячы на такі вялікі дысбаланс па колькасці, у краіне прынятыя дзве раўнапраўныя дзяржаўныя мовы: фінская і шведская. Так што, пакуль што тэзы ліберальнага начальніка наконт сусветнай практыкі пацвярджаюцца.

Такім чынам, 77% беларусаў і 6,5% шведаў маюць роўныя правы перад Законам. Аднак беларуская практыка і сусветная практыка кардынальна адрозніваюцца, таму што фінскія шведы і фінскія чыноўнікі раўнапраўныя перад Законам.

А беларускія грамадзяне аказваюцца тварам да твару з чыноўнікам, які лічыць сябе ўвасабленнем Закону і роўнасць моў перад Законам талкуе на свой одум. І тут пачынаецца тое, што ніяк не стасуе беларускую практыку з практыкай іншых краін.

Па фінскім Законе аб мовах усе бланкі ў дзяржаўных установах, установах сацыяльнага абслугоўвання, аховы здароўя і гэтак далей, складаюцца абавязкова на фінскай і шведскай мовах. Шыльды на ўстановах таксама пішуцца на дзвюх мовах. На дзвюх мовах робяцца надпісы ў метро, чыгуначных станцыях, трамвайных і аўтобусных прыпынках. 

Мову надпісаў і запаўнення гэтых бланкаў вызначае не чыноўнік. Кліент сам, не пытаючыся дазволу ні ў каго, запаўняе патрэбны бланк на сваёй мове — фінскай або шведскай. Болей таго, чыноўнік абавязаны запытацца ў кліента, на якой мове той хоча атрымаць дакумент. Такая ж практыка прынятая і ў банках, хаця яны з’яўляюцца і недзяржаўнымі прадпрыемствамі.

Такім чынам, права меншасці карыстацца сваёй роднай мовай абаронена Законам.

Гэтым жа Законам вызначаны і парадак надпісаў. Там, дзе жыве большасць фінскамоўнага насельніцтва, надпісы на шыльдах і дарожных указальніках робяцца спачатку на фінскай мове, а пад імі ідзе надпіс па-шведску. Там жа, дзе жыве болей шведаў, робіцца наадварот. У месцах кампактнага пражывання аднамоўнага насельніцтва надпісы робяцца на адной мове.

Адносна надпісаў на дарогах часта кажуць, што шматмоўныя надпісы на ўказальніках, маўляў, адцягваюць увагу кіроўцаў, і небаракі з-за гэтага часта трапляюць у аварыі. На маю ж думку, на колькасць аварый уплывае якасць дарог і дысцыплінаванасць аўтамабілістаў. Колькасць моў і надпісаў аказваецца ні пры чым. У дыскусіях пра мову гэтая акалічнасць не бярэцца пад увагу.

Нельга не звярнуць увагу і на ўнікальнасць выкарыстання двухмоўя ў беларускай прэсе. Тут таксама яскрава праяўляецца своеасаблівае разуменне роўнасць моў: у газеце можа быць беларускі загаловак, але пераважная большасць матэрыялаў падаецца па-руску. Здаецца, журналісты павінны быць болей дасведчаныя адносна сусветнай практыкі, чым чыноўнікі. Такой практыкі няма нідзе ў свеце. Газеты выдаюцца на адной мове, няхай сабе на фінскай або шведскай. Некалькі гадзін у дзень тэлебачанне працуе па-шведску. Калі ж выступы ў фінскай моўнай праграме робяцца па-шведску, то знізу падаюцца субтытры перакладу. Апраўданні няведаннем адной з дзяржаўных моў гучаць проста недарэчна. Кожны фінскі журналіст аднолькава добра валодае абедзвюма дзяржаўнымі мовамі.

І тут час распачаць радасны крык: «Вось бачыце, гэта і ёсць двухмоўе! Хто как хаціт так і гаварыт!» Правільна, шаноўныя таварышы, правільна!

Кто как хаціт так і гаварыт, але толькі дома або на вуліцы. Дзяржаўныя ж чыноўнікі ў абавязковым парадку здаюць экзамен на валоданне дзвюма дзяржаўнымі мовамі. Прычым выключэнне не робіцца ні для дэпутатаў парламента, ні для прэзідэнта.

А каб чалавек меў магчымасць падацца на дзяржаўную службу, у школах і ліцэях фінскіх дзяцей не вызваляюць ад вывучэння шведскай мовы па надуманых нагодах накшталт перагружанасці школьных праграм або заняткаў хакеем, ці музыкай.

Нават невялічкі народ фінскіх саамаў, колькасцю 6 тысяч чалавек, мае сваю афіцыйную мову ў трох камунах (раёнах па нашых мерках). Існуе літаратура, газеты, школы.

А галоўнае — гэта тое, што Закон абараняе права грамадзяніна карыстацца сваёй мовай і не падлягае талкаванню на свой лад і разуменне чыноўнікамі, незалежна ад іх рангу і пасады. Нават прэзідэнт, звяртаючыся да народа Фінляндыі, прамаўляе па-фінску і па-шведску, не спасылаючыся на веліч той ці іншай мовы.

А потым ужо хто как хаціт, так і гаварыт…

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?