Жаночы футбол у Беларусі: спартсменкі, прыгажуні — і амаль без заўзятараў ФОТАРЭПАРТАЖ

Абсалютна незаўважаным прайшоў зімовы турнір па футболе сярод жаночых камандаў: гледачоў на некаторых матчах было менш, чым гульцоў на полі. Што такое жаночы футбол у Беларусі, Свабодзе распавялі ў клюбе «Мінск», які два гады запар удзельнічаў у Лізе Чэмпіёнаў сярод жаночых камандаў.
Чэмпіянат Беларусі па футболе сярод жаночых камандаў праводзіцца з 1992 году. Самыя тытуляваныя каманды — «Бабруйчанка» й «Ўнівэрсытэт» (Віцебск). Але апошнія тры гады чэмпіёнамі становіцца каманда «Мінск» (на фота).



Чэмпіянат Беларусі складаецца з адной лігі. Яшчэ пазалетась у ёй гулялі 9 камандаў. Празь фінансавыя цяжкасьці летась іх засталося ўжо 6. Колькі камандаў зьбярэцца сёлета, да канца невядома. Пачатак чэмпіянату прызначаны на 16 красавіка.

«Кляс! Гуляе амаль як я», — часта камэнтуюць гульню дзяўчат мужчыны з трыбунаў.

Яшчэ 10 гадоў таму мала хто чуў пра жаночы футбол у Беларусі. Цяпер дзіцячыя сэкцыі па футболе вельмі папулярныя сярод дзяўчатак. Ці ня большасьць гульцоў «Мінску» — моладзь.
Камандаў мала, і таму ў беларускім чэмпіянаце даводзіцца гуляць па чатыры колы. У нашых суседзяў — палякаў і расейцаў — узровень чэмпіянатаў нашмат вышэйшы.

За «Мінск» гуляюць дзьве англамоўныя легіянэркі зь Нігерыі і чатыры франкамоўныя — з Камэруну. Яны таксама выступаюць за свае нацыянальныя зборныя.



Трэніроўкі праходзяць на штучных палях мужчынскага ФК «Мінск», да якога адносіцца й жаночая каманда. Хатнія гульні таксама праходзяць на тым жа полі, што й у мужчынскай каманды — на стадыёне «Мінск».

Памочнік трэнэра Раман Лявіцкі кажа, што Вышэйшая ліга Беларусі сярод жанчын адпавядае ўзроўню 15-гадовых хлопцаў. Часам дзяўчаты гуляюць акурат з хлопцамі гэтага ўзросту на трэніроўках.


Заўзятараў на жаночым футболе вобмаль. У асноўным прыходзяць навучэнкі футбольных школ, сябры ды сваякі. Толькі на гульні ў Лізе Чэмпіёнаў зьбіраўся амаль поўны стадыён «Мінск».

«Мінск» гуляе супраць «Зоркі-БДУ». Толькі «Зорка» і «Надзея-Дняпро» (Магілёў) складаюць адносна сур’ёзную канкурэнцыю менскай камандзе.

Каб падрыхтавацца да гульняў у Лізе Чэмпіёнаў, «Мінск» часта выступае на міжнародных турнірах, дзе дзяўчаты могуць паспрабаваць свае сілы супраць моцных клюбаў.
Летась ФК «Мінск» прайшоў групавы турнір у Лізе Чэмпіёнаў і трапіў у 1/16 фіналу. Пакуль гэта найбольшае дасягненьне каманды.


Вяршыняй кар’еры беларускія футбалісткі лічаць гульню ў моцных замежных клюбах. Калі ты гуляеш за «Мінск», у Беларусі далей няма куды ісьці.

Чамусьці жаночы футбол у Беларусі вельмі слаба рэклямуецца. Часам гульцоў на полі бывае больш, чым заўзятараў.
Тым не менш, нягледзячы на цяжкія нагрузкі, футбол становіцца ўсё больш папулярным сярод дзяўчат у Беларусі. Многія вырашаюць зрабіць футбол сваім асноўным заняткам.

Сэзон 2016 году «Мінск» пачаў зь перамогі ў зімовым турніры, які ўпершыню праводзіўся сёлета.
Каментары