
Міжнародная праваабарончая арганізацыя Human Rights Foundation (HRF) адмяніла рашэнне аб прысуджэнні мастаку Пятру Паўленскаму прэміі імя Вацлава Гаўла. Пра гэта паведамляе тэлеканал «Дождж» са спасылкай на прадстаўнікоў арганізацыі.
Такое рашэнне, растлумачылі ў HRF, звязана з намерам Паўленскага перадаць грашовую частку прэміі «прыморскім партызанам», абвінавачаным у серыі нападаў на супрацоўнікаў праваахоўных органаў.
У лісце Паўленскаму, копія якога ёсць у распараджэнні тэлеканала, арганізацыя нагадвае, што ў траўні папярэдзілі мастака і яго паплечніцу Аксану Шалыгіну, што перадача прэміі «прыморскім партызанам», якія з'яўляюцца, на думку HRF, «групай, якая выкарыстоўвае гвалт», супярэчыць прынцыпам узнагароды.
Пасля гэтага, тлумачыць HRF, Паўленскі абверг інфармацыю аб тым, што збіраецца перадаваць грошы наўпрост «партызанам», а мае намер пералічыць іх у фонд, які дапамагае аплачваць для іх адвакатаў.
Аднак у інтэрв'ю, якое выйшла ў пачатку ліпеня, Паўленскі зноў паведаміў аб адкрытай падтрымцы дзейнасці «прыморскіх партызан». Гэта, як гаворыцца ў выніковым заключэнні HRF, «супярэчыць негвалтоўнай і творчай спадчыне Гаўла».
Аргкамітэт прэміі, гаворыцца ў лісце, прыняў рашэнне пазбавіць Паўленскага права на ўзнагароду, «уключаючы статус лаўрэата, бронзавую статуэтку і грашовую прэмію».
Каментары