Клуб нямецкай бундэслігі на год перайменаваў стадыён у гонар фаната, які памёр ад раку
Ужо ў гэтую суботу клуб прыме «Айнтрахт» на «Джонатан-Хаймес-Штадыён ам Беленфальтар».

Джонатан Хаймес — даўні фанат «Дармштата», хлопец з 14 гадоў змагаўся з ракам. Яго дэвізам былі словы «змагайцеся, пакуль не ўсё згублена», а прыклад адвагі натхняў шматлікіх заўзятараў і гульцоў.
Хаймес быў частым госцем на стадыёне і розных клубных мерапрыемствах, сябраваў з гульцамі ды збіраў грошы для дабрачыннай арганізацыі па барацьбе з ракам.





Ідэю аб перайменаванні стадыёна запусціў бацька Джонатана, яе падтрымалі клубнае кіраўніцтва і спонсары. Кампанія Merck добраахвотна на год адмовілася ад правоў на назву арэны.

«Гэта выдатны жэст: стадыён, які прымае матчы каманды, якую мой сын так любіў і падтрымліваў, будзе насіць яго імя», - сказаў Марцін Хаймес.
«Нягледзячы на хваробу, Джонатан даваў клубу шмат энергіі. Ён быў верным спадарожнікам нашага шляху да поспеху», — дадаў Рудыгер Фрытш, прэзідэнт «Дармштата» — клуба, які яшчэ пару гадоў таму гуляў у трэцім дывізіёне.
«Перайменаванне стадыёна і памяць аб Джоні дадасць нам сілаў у гэтым сезоне», - сказаў на заканчэнне капітан каманды Айтач Сулу.

Фота globallookpress.com/imago/Jan Huebner, imago/Hartenfelser, Frank Rumpenhorst/dpa
Каментары