Грамадства3030

У Беларусі могуць дазволіць паляванне рысяў

У Беларусі могуць дазволіць паляванне на чырванакніжнага драпежніка — рысь. Пад пагрозай таксама некалькі відаў птушак з Чырвонай кнігі: драч, качка-шылахвостка. Просяць прылічыць да паляўнічых відаў таксама гогаля, вялікую белую чаплю, качку-свіцьву, — яны былі ў Чырвонай кнізе зусім нядаўна. Эколагі абураныя магчымымі зменамі ў новыя правілы палявання, піша Tut.by.

Рысь у Налібоцкай пушчы. Колькасць гэтай жывёлы ў Беларусі аднаўляецца павольна, рысь — у Чырвонай кнізе. Фота: Вадзім Сідаровіч

У Беларусі збіраюцца мяняць правілы вядзення паляўнічай гаспадаркі і палявання. Зялёны партал апублікаваў паперу (абгрунтаванне змяненняў у новыя правілы), у якой шэсць відаў дзікіх жывёл прапануюць перавесці ў разрад паляўнічых. Гэта рысь, чапля белая вялікая, гогаль, драч, качка-шылахвостка і качка-свіцьва.

Гэты крок павінен «павялічыць попыт на паляванне сярод насельніцтва рэспублікі і замежжа».

У дакуменце адзначаецца, што новыя правілы распрацоўвалі прадстаўнікі Мінлясгаса, Мінпрыроды, Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў, ПТУП «Военохот», паляўнічы клуб «Сафары» і БДТУ.

Прыродаахоўныя арганізацыі — «Ахова птушак Бацькаўшчыны» і «Багна» — ужо пісалі ў розныя дзяржорганы, што пераводзіць чырванакніжных жывёл у разрад паляўнічых нельга. Эколагам вядома, што НАН Беларусі па-ранейшаму адносіць іх да відаў, якія знаходзяцца пад пагрозай знікнення.

— Рысь, драч, качка-шылахвостка— у Чырвонай кнізе. Такія віды, як гогаль, чапля белая вялікая, качка-свіцьва, нядаўна былі ў Чырвонай кнізе, а цяпер яны ў так званым прафілактычным спісе, ім трэба даць час аднавіцца. З Чырвонай кнігі — адразу аддаваць паляўнічым? Гэта нонсэнс, — лічыць дырэктар «Аховы птушак Бацькаўшчыны» Аляксандр Вінчэўскі. — Напрыклад, шылахвостка і свіцьва праз Беларусь мігруюць у Расію, у нас гняздуецца толькі маленькая частка гэтых відаў. Калі адкрыць на іх вясновае паляванне — мы можам цалкам вынішчыць у нас гэты від птушак. Больш вам скажу: такія віды, як драч і дубальт (сярод паляўнічых ішлі размовы і пра гэтую птушку), наогул уключаныя ў спіс асабліва ахоўных відаў Еўропы Бернскай канвенцыяй (Канвенцыя аб ахове дзікай фауны і флоры і прыродных асяроддзяў пасялення ў Еўропе), да якой Беларусь далучылася.

Драч не толькі знаходзіцца ў Чырвонай кнізе Беларусі, але яшчэ і ўнесены ў спіс ахоўных відаў Еўропы. Фота: Вікіпедыя

Доктар біялагічных навук і прафесар Вадзім Сідаровіч, які даследуе дзікую прыроду Налібоцкай пушчы, лічыць, што колькасць рысі па гэты дзень пагрозліва малая.

— На маю думку, папуляцыя рысі ў Беларусі — каля 200-270 увесну, да размнажэння і ад 300 пад 400 — пад восень. А рэпрадуктыўнае ядро ад агульнай колькасці — меней чым удвая. Узімку рысь вельмі шмат слядуе, таму некаторыя лічаць, што яе ўжо шмат. Рысь сёння яшчэ не ў тым стане, каб яе можна было далучыць да паляўнічых гатункаў.

Тое, што рысь — у Чырвонай кнізе, безумоўна, станоўча паўплывала на папуляцыю гэтай жывёлы, лічыць Сідаровіч.

— Напрыклад, напрыканцы 1990-х — пачатку 2000-х у Налібоцкай пушчы ўвогуле не было рысі. Потым пачалі з’яўляцца. Цяпер ва ўсёй пушчы іх каля 40. Наогул, рысь і мядзведзь — гэта частка нацыянальнага багацця, іх нельга так проста спажываць. Калі трэба, каб яны прыносілі грошы — можна развіваць экатурызм, але для паляўнічых гэтыя жывёлы павінны быць недатыкальнымі.

Між тым, паляванне на рысь камусьці і праўда можа здавацца прывабным.

— Любога драпежнага звера цяжэй высочваць. Забойства лася ці аленя больш простая, а значыць, менш цікавая для паляўнічых справа.

Аляксандр Вінчэўскі з «АПБ» адзначае, што паляўнічыя просяць змяніць тэрміны правядзення вясновага палявання — з 28 дзён да трох месяцаў вясны.

— Вясновае паляванне забаронена ва ўсёй Еўропе, а ў нас дзейныя правілы дазваляюць паляваць 28 дзён вясны на некалькі відаў птушак. Да нас масава едуць замежнікі па вясне, — кажа дырэктар «АПБ». — Гэтай вясной італьянцаў аштрафавалі за незаконнае паляванне на качак на 70 тысяч еўра. Ведаем, што былі і іншыя штрафы, прычым замежнікі парушаюць правілы нават на тэрыторыі Нацпарка «Прыпяцкі». Калі ў нас усю вясну птушак можна будзе страляць — уся Еўропа тут адзначыцца. А за кожную забітую качку ці іншую птушку арганізатар палявання атрымлівае з замежнікаў грошы, гэта вялікі даход. Чым больш дазволеных да палявання відаў, тым больш выгадна.

Раней на сайце Мінлясгаса выклалі аб'яву, што можна ўносіць прапановы ў новыя правілы палявання.

— Мы накіроўвалі свае прапановы, але нам ніхто не адказаў, — распавядае Аляксандр Вінчэўскі. — У іх мы зыходзілі з міжнароднага заканадаўства, з расійскага. Нават у Расіі яно больш зберагае прыроду, чым у нас, хоць там і тэрыторыя больш, і паляўнічых больш. Мы думалі: правілы мяняюцца, таму што мы рухаемся наперад. А выйшла наадварот: даводзіцца змагацца з такімі рэтраградскімі поглядамі.

Са свайго боку, Канстанцін Чыкалёў, намеснік старшыні грамадскай арганізацыі «Багна», заўважае, што ў Беларусі ідзе практыка разглядаць і прымаць нарматыўныя прававыя акты, якія датычацца біялагічнай разнастайнасці без грамадскіх абмеркаванняў.

— А гэта, паводле Орхускай канвенцыі, ратыфікаванай Беларуссю, парушае законныя правы і інтарэсы грамадзян і экалагічнай грамадскасці. Выпадак з распрацоўкай новага указа прэзідэнта па правілах палявання — яркі прыклад таго, як некаторыя дзяржорганы ігнаруюць ўдзел экспертаў з боку экалагічных арганізацый, — кажа ён.

Начальнік аддзела паляўнічай гаспадаркі Мінлясгаса Сяргей Шастакоў пракаментаваў, што «праект указа яшчэ абмяркоўваецца».

— Мы працуем з дзяржаўнымі органамі, ідуць міжведамасныя нарады. Абмяркоўваем у тым ліку і гэтыя віды жывёл, але пакуль пытанне адкрытае. Ёсць прапановы па ўключэнні іх у паляўнічыя віды, але такога, каб у нас ужо былі ўзгадненні з усіх бакоў, — няма. Але мы павінны перш за ўсё зыходзіць з цікавасці нашай дзяржавы, эканомікі, а не з якіх-небудзь эмоцый.

Атрымаць аператыўны каментар па правілах палявання ў Мінпрыроды пакуль не ўдалося.

Каментары30

Цяпер чытаюць

Мэр Мінска хацеў сабе пасаду ва ўрадзе, але Лукашэнка не пусціў2

Мэр Мінска хацеў сабе пасаду ва ўрадзе, але Лукашэнка не пусціў

Усе навіны →
Усе навіны

Памёр Анатоль Сахаруша1

Тры месяцы таму адбыўся моўны скандал у швейцарскім цягніку. Ці быў хто пакараны?14

«Месячны плацеж пацягне на 340 рублёў». Што будзе ў Беларусі з мабільным інтэрнэтам?23

15 метраў у дзень. Расійская армія ва Украіне ўстанавіла антырэкорд па тэмпах прасоўвання за 100 гадоў сучаснай гісторыі войнаў25

У Бабруйскім раёне замерзлую казулю сагрэлі старым паліто ФОТАФАКТ4

У Віцебску на продаж выставілі частку чыгуначнага вакзала

Гендырэктар СТБ расказаў, як на канале з'явіўся Пратасевіч, і заступіўся за Азаронка: Рыгор стаў мякчэйшы10

Дзевяцігадовая дачка Домрачавай і Б'ёрндалена заняла трэцяе месца на мінскіх спаборніцтвах «Снежнага снайпера»5

Памочнік Пуціна: Калі Зяленскі гатовы да сустрэчы з Пуціным, ён можа прыехаць у Маскву16

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Мэр Мінска хацеў сабе пасаду ва ўрадзе, але Лукашэнка не пусціў2

Мэр Мінска хацеў сабе пасаду ва ўрадзе, але Лукашэнка не пусціў

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць