Музыка11

«Вынік 100‑гадовай працы беларусаў». У Варшаве перавыдалі спеўнік патрыятычных песень

У Варшаве перавыдалі спеўнік «Мілейшай сэрцу краіны ня знойдзеш. Зборнік беларускіх патрыятычных песень для хору». Budzma.org пагутарыла з укладальніцай перавыдання, музыкай і спявачкай Таццянай Грыневіч-Матафонавай.

Tacciana Hrynievič-Matafonava
Таццяна Грыневіч-Матафонава

Спеўнік «Мілейшай сэрцу краіны ня знойдзеш. Зборнік беларускіх патрыятычных песень для хору» ўпершыню выйшаў у Нью-Ёрку ў 2006 г. Яго ўклаў дзеяч беларускай эміграцыі Кастусь Верабей. У кніжцы змешчаныя тэксты песень, якія спявалі беларусы ў эміграцыі. Аднак у зборніку не было нот, былі толькі словы, аўтарства якіх, да таго ж, не заўсёды дакладна вядомае.

Spieŭnik
Спеўнік 2026 года выдання

Кастусь Верабей пісаў пра сябе:

«Складальнік зборніка ня меў доступу да большасьці арыгінальных запісаў словаў і мэлёдыяў, надрукаваных у гэтым зборніку песьняў, а запісваў іх з памяці. З гэтае прычыны ў зборніку маглі здарыцца памылкі ў названьнях аўтараў словаў і музыкі, а таксама незнарочныя разыходжаньні паміж аўтарскімі арыгіналамі й надрукаванымі тэкстамі, за што складальнік перапрашае аўтараў твораў і сьпевакоў, што будуць карыстацца зборнікам» (тут і далей у цытатах захаваны арыгінальны правапіс — Рэд.).

Vokladka vydannia spieŭnika Kastusia Vierabja, 2006 h.
Вокладка выдання спеўніка Кастуся Вераб’я, 2006 год

Музыка і спявачка Таццяна Грыневіч-Матафонава вырашыла зрабіць перавыданне зборніка, але ўжо з нотамі. На гэту працу спатрэбіўся цэлы год. Укладальніца тлумачыць:

«Беларусы ў эміграцыі проста збіраліся і спявалі гэтыя песні так, як іх вывучылі ў свой час, напрыклад, у хорах, але не заўжды мелодыі былі запісаныя нотамі. Пра кампазітараў некаторых твораў вядома зусім мала. Ёсць і песні невядомых аўтараў».

Tacciana Hrynievič-Matafonava
Таццяна Грыневіч-Матафонава

Некаторыя песні са зборніка папулярныя і сёння: «Магутны Божа», «Не загаснуць зоркі ў небе», «Ваяцкі марш» (іх выконваў хор «Унія» пад кіраўніцтвам Кірылы Насаева). Частка мелодый ужо друкавалася раней і адносна даступная, але некаторыя Таццяне давялося шукаць. 

Напрыклад, ноты Антона Грыневіча на верш Янкі Купалы «Гэй, наперад» знайшліся ў «Беларускім календары» за 1923 год. Укладальніца кажа пра гэты твор:

«Песня, якую ўсе любілі і спявалі амаль што як народную, праз сто год была забытая і, каб не запісаныя ноты, яе было б немагчыма аднавіць».

Spieŭnik
Спеўнік 2026 года выдання

Некаторыя ноты Таццяна сама наноў аранжыравала для хору. Мелодыі твораў «Як шырока і далёка», «Нёман», «Я люблю густыя шумы», «Партызанскі марш» яна запісала з голасу Алы Орсы-Рамана, якая ў пасляваенны час спявала ў хорах Міколы Куліковіча і Міколы Равенскага ў нямецкім Рэгенсбургу, а цяпер жыве ў ЗША. У прадмове да выдання можна пачытаць вытрымкі з успамінаў спадарыні Алы:

«Пасьля вайны ў беларускім лягеры ў горадзе Рэгенсбургу была створана акрэдытаваная гімназія для дзяцей… Галоўным адказным за ўсе музычныя патрэбы ў гімназіі быў Мікола Куліковіч, ён жа кіраваў хорам гімназіі. Равенскі меў у лягеры свой асобны хор. Тады мы ўсе хадзілі і ў адзін, і ў другі хор…

Равенскі быў невысокі, кіраваў хорам спакойна, часам нешта расказваў, калі практыкаваліся, ужываў скрыпку, каб паказаць тон, паўтону вышэй. Пераважна сьпявалі беларускія народныя песьні, і заўжды а капэля. 

Куліковіч жа ўвесь час сядзеў за піяніна, калі нехта нешта зробіць, ён папраўляў, граючы на піяніна, даваў слухаць, дзе мы памылкі зрабілі. Сьпявалі песьні нацыянальна моцныя, адраджэнцкія, усе з акампанемэнтам Куліковіча.

Кожны тыдзень быў выступ у лягеры, нас прыходзілі слухаць украінцы, немцы, іншыя нацыянальнасьці. Часам мы езьдзілі з выступамі па іншых лягерох. Такім было патрыятычнае выхаваньне ад Куліковіча і Равенскага на ўсё далейшае жыцьцё».

У працы над укладаннем зборніка Таццяне дапамагаў бард Сяржук Сокалаў-Воюш, канчатковую вычытку тэкстаў зрабіў Вінцук Вячорка, які прапанаваў невялікія праўкі, што больш адпавядаюць першакрыніцам. 

У сваёй частцы прадмовы Сяржук Сокалаў-Воюш напісаў:

«Працу, якую ў іншых краінах робяць цэлыя калектывы, Тацяна зрабіла адна. Мы, хто нешта дапамаглі, ДАПАМАГЛІ, БО ЯНА ЗРАБІЛА! як сказаў Вінцук Вячорка, «фантастычную, унікальную працу на вякі». І гэта праўда». 

Сама ж Таццяна адзначыла:

«Гэты зборнік — вынік 100‑гадовай працы беларусаў».

Нават больш, чым стогадовай: у спеўнік увайшоў, напрыклад, верш Янкі Купалы «Не загаснуць зоркі ў небе», напісаны ў 1911 годзе і пакладзены на музыку Мікалаем Янчуком, «Ваяцкі марш (Мы выйдзем шчыльнымі радамі)», напісаны ў 1919 г. Макарам Краўцовым, які стаў гімнам БНР з музыкай Уладзімера Тэраўскага.

Spieŭnik
Спеўнік 2026 года выдання

Цікавая гісторыя варыянту верша «О Беларусь, мая шыпшына», змешчанага ў спеўніку. Да яго пазначана аўтарства Уладзіміра Дубоўкі і Ларысы Геніюш. У верш Дубоўкі ўстаўлена чатырохрадкоўе Геніюш, бо Таццяна раней пачула такі варыянт песні ад сяброў, і ў такім выглядзе ўзяла яе ў свой рэпэртуар.

«Ларыса Геніюш у сваіх лістах пісала, што ў вершах Дубоўкі не хапае пратэсту, то праз дадаванне гэтага чатырохрадкоўя ў песню пратэст у ёй з’явіўся», — патлумачыла Таццяна.

Укладальніца расказвае:

«Агулам у зборніку 37 песень. Ён выйшаў у Варшаве накладам тысяча асобнікаў для таго, каб мы больш не забыліся на гэтыя песні, і каб праз яшчэ сто год яны шырока гучалі сярод беларусаў».

Vyšyŭka
 Вышыўка, фота якой змешчана на вокладцы спеўніка 2026 году выдання

На вокладцы перавыдання — фотакопія вышыўкі, якую зрабіла ўкладальніца. Кожная песня суправаджаецца qr-кодам, па якім на youtube-канале Таццяны Грыневіч-Матафонавай можна паслухаць, як твор гучыць у выкананні хора (усе партыі запісала сама спявачка, а некаторыя песні — з сынам Адасем Матафонавым).

«У зборніку — ноты для хору, — тлумачыць укладальніца. — Але і адзін чалавек дома можа слухаць запісы на канале і, гледзячы ў ноты, падпяваць мелодыю». 

Акрамя таго, на канале шмат іншых праектаў Таццяны: беларускія калыханкі, забаўлянкі, музыка і майстар-класы па традыцыйных танцах, вершы беларускіх паэтаў у іх аўтарскай агучцы, турэцкія песні.

Спеўнік «Мілейшай сэрцу краіны ня знойдзеш. Зборнік беларускіх патрыятычны песень для хору» можна набыць у беларускіх крамах Варшавы («Кнігаўка», «Вырай», kirma.sh), у тым ліку праз інтэрнэт.

Каментары1

  • Выдатная навіна!
    11.04.2026
    Крутая вышыўка з Пагоняй!
    Дзяўчаты, бярыце на заметку.

Цяпер чытаюць

Усіх студэнтак беларускіх ВНУ абавязалі тэрмінова запоўніць анкету з пазначэннем свайго росту30

Усіх студэнтак беларускіх ВНУ абавязалі тэрмінова запоўніць анкету з пазначэннем свайго росту

Усе навіны →
Усе навіны

Гомельскага блогера Мелстроя, магчыма, затрымалі на Кіпры на запыт Казахстана3

«Пакуль мы памятаем сваіх, ніхто ў нас іх не скрадзе». Гурневіч растлумачыў, чаму думка Парфёнава пра Шагала нам да «сиреневой луны»25

Стала вядома, як будзе выглядаць абноўленая Валадарка знутры ФОТЫ1

«Пытанне справядлівасці». Удава беларускага ваяра змагаецца ва Украіне за выплаты і годнае стаўленне13

Самалёт Flydubai уратавалі пілот-індыец і тры пасажыры, адзін з якіх стаматолаг. Другога пілота звязалі правадамі ад слухавак і маланкамі5

Радаслаў Сікорскі пра адносіны Польшчы з Беларуссю: У нас лёгкая адліга13

У Паўднёвай Карэі 600 тысяч чалавек прыйшлі паглядзець на акулу, якая захрасла ў канале1

У амерыканскім Тэнэсі ўпершыню за 200 гадоў збіраліся пакараць смерцю жанчыну. Але выкананне прыпынілі за гадзіну да прызначанага часу1

Марк Рутэ: У Расіі няма шанцаў нас перамагчы7

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Усіх студэнтак беларускіх ВНУ абавязалі тэрмінова запоўніць анкету з пазначэннем свайго росту30

Усіх студэнтак беларускіх ВНУ абавязалі тэрмінова запоўніць анкету з пазначэннем свайго росту

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць