Гісторыя121121

10 фактаў пра Хатынь, якія мусіць ведаць кожны

У лёсе Хатыні, што між Лагойскам і Плешчаніцамі, спаленай з людзьмі 22 сакавіка 1943, адбілася трагедыя некалькіх соцень беларускіх вёсак.

Нават само слова Хатынь зрабілася назоўным. 

Фота wikimedia.org.

1. Так помсцілі за алімпійскага чэмпіёна

21 сакавіка 1943 на аўтадарозе Лагойск — Плешчаніцы партызаны абстралялі нямецкую калону 118 паліцэйскага ахоўнага батальёна. Адным з забітых быў гаўптман Ганс Вёльке — чэмпіён берлінскай Алімпіяды 1936 года, якога асабіста ведаў Гітлер.

На наступны дзень, агледзеўшы месца партызанскай засады, немцы па слядах выйшлі да вёскі Хатынь.

У карнай акцыі ўдзельнічаў паліцэйскі батальён і падраздзяленне Оскара Дырлівангера.

Сапраўды, змучаныя маразамі партызаны, нягледзячы на забарону камандавання спыняцца ў населеных пунктах, начавалі ў суседняй Хатыні. Пабачыўшы, што немцы і паліцаі акружаюць вёску, яны сышлі ў лес. Фашысты стралялі па іх, але з вялікай адлегласці не трапілі. За партызанскую акцыю вырашана было пакараць жыхароў Хатыні.

2. 149 чалавек, з іх 75 — дзеці

загінулі ў Хатыні. Ад вёскі засталося папялішча — карнікі спалілі ўсе 26 хат з будынкамі. Людзей загналі ў калгаснае гумно і падпалілі. Па тых, хто спрабаваў вырвацца з агню, стралялі.

Хатынь была вёска каталіцкая. Таму і імёны ў людзей былі: Петрунэля, Рэгіна, Юзэфа…

3. Пяцёра дзяцей уратаваліся

Трое з іх — 13-гадовы Валодзя і 9-гадовая Соня Яскевічы, і 13-гадовы Саша Жалабковіч — здолелі схавацца ў вёсцы і не трапілі ў гумно, дзе згарэлі іх родныя. Пасля вайны яны раслі ў Плешчаніцкім дзіцячым доме.

Аляксандр Жалабковіч скончыў вайсковую вучэльню, служыў, выйшаў у адстаўку падпалкоўнікам. Ён памёр у 1994. Уладзімір Яскевіч працаваў на Мінскім аўтазаводзе, на пенсіі жыў у суседняй з Хатынню вёсцы Казыры. Яго не стала ў 2008. Сястра працавала на пошце, цяпер на пенсіі, жыве ў Мінску.

Яшчэ двое дзяцей выжылі ў ахопленым полымем гумне: 7-гадовы Віктар Жалабковіч і 12-гадовы Антось Бараноўскі. Малы Віця апынуўся пад целам маці і не згарэў, а Антось спрабаваў выскачыць з агню і быў паранены ў нагу. Карнікі палічылі яго мёртвым. Віктар стаў інжынерам-станкабудаўніком, не перажыў пандэміі кавіду. Антон трагічна загінуў у 1969 годзе ў Арэнбургу, куды паехаў працаваць: у інтэрнаце, дзе ён жыў, ноччу ўспыхнуў пажар.

Яшчэ дзве дзяўчыны, Юлія Клімовіч і Марыя Федаровіч, выпаўзлі з агню і дабраліся да лесу. Іх падабралі суседзі з вёскі Хварасцені. Але праз нядоўгі час фашысты спалілі з людзьмі і Хварасцені…

4. Язэп Камінскі

Адзіны дарослы хатынец, які здолеў уратавацца — Язэп Камінскі, 56-гадовы вясковы каваль. Афіцыйная версія кажа, што Камінскі апрытомнеў сярод абгарэлых целаў аднавяскоўцаў познім вечарам, калі карнікі з’ехалі. Ёсць і іншая версія, якую таксама агучваў Камінскі: напярэдадні партызаны загадалі яму зарэзаць авечку і, каб яе абсмаліць, ён пайшоў у лес па галлё. Якраз тады ў Хатынь увайшлі карнікі. Як бы там ні было, у агні Камінскі страціў сям'ю, яго 15-гадовы сын Адам сканаў ад апёкаў і ранення. Помнік Няскоранаму Чалавеку — цэнтр хатынскага мемарыялу — гэта выява Камінскага з сынам на руках.

Пасля вайны Камінскі жыў у вёсцы Казыры, другі раз жаніўся. Памёр у 86-гадовым веку.

5. Кат Хатыні 30 гадоў лічыўся ветэранам

Аперацыяй у Хатыні фактычна камандаваў Рыгор Васюра — начальнік штаба 118 паліцэйскага ахоўнага батальёна. Старшы лейтэнант Чырвонай арміі, ён трапіў у палон і перайшоў на нямецкую службу. (118 батальён фарміраваўся з ліку савецкіх ваеннапалонных, якія апынуліся ў Кіеўскім катле.)

Хатынь — не адзіная вёска, у знішчэнні якой удзельнічаў Васюра. Пад канец вайны ён перайшоў з паліцыі ў грэнадзёрскую дывізію СС, адступіў з ёй у Францыю. Пасля вяртання ў СССР Васюра здолеў схаваць інфармацыю пра ўдзел у карных акцыях: атрымаў турэмны тэрмін за палон, але ў 1955-м быў амніставаны. 30 гадоў ён жыў у Кіеўскай вобласці, лічыўся ветэранам вайны. Яго штогод віншавалі піянеры 9 Мая, ён выступаў у школах.

Можа, яму б удалося назаўсёды схаваць сапраўдную біяграфію, але ў 1985 годзе Васюра запатрабаваў ордэн Айчыннай вайны. Падчас афармлення дакументаў давялося ўзняць архівы… Усплылі і паказанні ўзводнага 118 батальёна Васіля Мялешкі, расстралянага ў 1975-м. Васюру арыштавалі і асудзілі да найвышэйшай меры пакарання.

6. «Карнікі»

Спаленне Хатыні стала асновай для каласальнай па мастацкай сіле аповесці Алеся Адамовіча «Карнікі» (1979). Пад змененымі імёнамі катаў лёгка пазнаюцца сапраўдныя ўдзельнікі — Васюра, Мялешка, камандзір батальёна Кёрнэр. На аснове твораў Адамовіча рэжысёр Элем Клімаў зняў фільм «Ідзі і глядзі».

7. Званы Хатыні

Да 1964 на месцы спаленай вёскі стаяў сціплы абеліск. Пасля там паставілі таксама досыць тыповую скульптуру «Журботная маці». Мемарыял быў адкрыты ў 1969 годзе.

Яго стварылі чатыры беларускія творцы: скульптар Сяргей Селіханаў і архітэктары Юрый Градаў, Валянцін Занковіч і Леанід Левін. Паводле іх успамінаў, ідэя змясціць на слупах, што сімвалізуюць коміны спаленых хат, званы нарадзілася проста ў Хатыні, калі сярод нямой цішыні заспяваў жаўрук. 

На доўгія гады Хатынскі мемарыял стаў сумнай візітоўкай Беларусі.

8. Хатынь і Катынь

Некаторыя даследчыкі лічаць, што выбар менавіта Хатыні ў якасці сімвалічнага месца для мемарыяла па ўсіх спаленых у Беларусі вёсках быў абумоўлены сугучнасцю назвы з Катынню — месца, дзе ў 1940 НКВД расстраляла польскіх ваеннапалонных. Упершыню пра гэта напісала газета Daily Telegraph у 1974, падчас візіту ў СССР прэзідэнта ЗША Рычарда Ніксана і наведвання ім Хатыні.

9. 433 вёскі

былі знішчаныя фашыстамі разам з жыхарамі ў Беларусі і адноўленыя пасля вайны. 186 так і не аднавіліся.

10. 36 мільёнаў чалавек

Наведалі Мемарыяльны комплекс «Хатынь» за 49 гадоў.

…Захаваліся старыя хатынскія могілкі. Зайдзіце на іх, калі будзеце ў мемарыяле. Там спачываюць людзі, якія прынялі такую пакутніцкую смерць.

Адзін з помнікаў на старых хатынскіх могілках.

Каментары121

Цяпер чытаюць

26‑гадовага супрацоўніка элітнага падраздзялення мытні асудзілі на 16 гадоў па наборы палітартыкулаў. Сярод іх і «здрада дзяржаве»4

26‑гадовага супрацоўніка элітнага падраздзялення мытні асудзілі на 16 гадоў па наборы палітартыкулаў. Сярод іх і «здрада дзяржаве»

Усе навіны →
Усе навіны

«Не марнуйце час». Кампанія праехала 22 кіламетры ў рэстаран пад Гроднам, заплаціла за ўваход у яго, але засталася галоднай6

Шалёна папулярная мінская блогерка патраціла на святкаванне дня нараджэння амаль $16 тысяч57

Закопвалі майткі, смаркаліся, вынаходзілі пісуар без пырскаў і наступалі на змей — за што раздалі Шнобелі-20262

Цела Раткі Младзіча прывезлі ў Сербію ўрадавым самалётам6

Сядзібу Грабніцкіх пад Ушачамі куплялі ўжо двойчы — і вось яна зноў на аўкцыёне за адну базавую

Начная атака на Сочы: атакаваны комплекс СПА, гарыць нафтабаза

Што горш — цукар ці яго заменнікі?5

У Швецыі на выпадак вайны рыхтуюць месца для пахавання паўмільёна чалавек6

27 мігрантаў паспяхова перайшлі беларуска-літоўскую мяжу, але засвяціліся на камеры літоўскіх паляўнічых ВІДЭА1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

26‑гадовага супрацоўніка элітнага падраздзялення мытні асудзілі на 16 гадоў па наборы палітартыкулаў. Сярод іх і «здрада дзяржаве»4

26‑гадовага супрацоўніка элітнага падраздзялення мытні асудзілі на 16 гадоў па наборы палітартыкулаў. Сярод іх і «здрада дзяржаве»

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць