Гісторыя

Як шляхціц Эйсмант прыкінуўся маскоўцам ды іншыя гісторыі з гісторыі Жабера — замка, які штурмавалі два каралі

Калі ехаць з Мінска па трасе М1 і, не даязджаючы да Бярозы, павярнуць на Драгічын, піша археолаг Сяргей Ліневіч, праз паўгадзіны патрапіш у невялічкую вёску Жабер на правым беразе ракі Ясельды. Жыхары гэтых мясцін з імпэтам патлумачаць, дзе ляжыць «шведская грэбля», насыпаная войскам Карла ХІІ, пакажуць месца замка князёў Вішнявецкіх, згадаюць прозвішча каменданта Бутмана і распавядуць пра аблогу і здачу замка, а таксама пра тое, як археолагі знайшлі скарб у «некалькі пудоў звонкага срэбра».

Але ў легендах захаваўся толькі невялічкі фрагмент гісторыі аднаго з найбольш баяздольных замкаў Вялікага Княства Літоўскага часоў Паўночнай вайны.

 

Эпізод першы. Каму вайна…

У гістарычных крыніцах першыя згадкі пра маёнтак Жабер адносяцца да сярэдзіны XVІ стагоддзя. Вядома, што на сярэдзіну XVІІ-га існавалі вёска Жабер і двор Жабер, якія належалі шляхецкім родам Дольскіх і Язерскіх. У дадатак двор арандаваў шляхціц Войцех Станіслаў Чарвінскі. І ён, мяркуючы па далейшых падзеях, не дужа сябраваў з суседзямі.

Падчас Вялікай вайны 1654—1667 гадоў, а дакладней у 1660-м, калі маскоўскае войска пад камандаваннем ваяводы Івана Хаванскага ішло з Берасця, адзін з атрадаў напаў на суседняе мястэчка Хомск. Скарыстаўшыся момантам, мясцовы шляхціц Дамінік Эйсмант вырашыў пажывіцца маёмасцю Чарвінскага. Ён сабраў дваццаць сябрукоў, яны прыкінуліся маскоўскімі салдатамі і з крыкам «Рубі! Рубі!» захапілі двор Жабер. Пры гэтым Эйсмант настолькі адказна падышоў да маскіроўкі, што слуга Чарвінскага, ратуючыся ад «маскоўцаў», са страху ледзь не патануў у рацэ.

Абарончых умацаванняў у Жаберы тады яшчэ не было. З пісьмовых крыніц вядома, што атрад Эйсманта разрабаваў два свірны, пограб і бровар.

 

Эпізод другі. Замак? Давайце два!

Дык хто ж і калі паставіў у Жаберы замак, аб які пасля ледзь не зламае зубы непераможны шведскі кароль?

Рэшткі замка ў Жаберы, фота са спадарожніка.

Будаваўся ён на загад палкоўніка Яна Караля Дольскага. За час свайго бурлівага жыцця Дольскі бараніў інтарэсы Вялікага Княства ў войнах са Швецыяй, Расійскай дзяржавай, Асманскай імперыяй. Яго шанаваў кароль Рэчы Паспалітай Ян ІІІ Сабескі, і пры канцы жыцця Дольскі займаў пасаду маршалка ВКЛ. А пачынаў ён свой шлях да ўладных вышыняў пінскім падкаморыем — гэта значыць, чалавекам, які вырашае зямельныя спрэчкі. Жабер, як мы памятаем, быў падзелены паміж Дольскімі і Язерскімі… Але падкаморы ў хуткім часе спрэчку вырашыў і завалодаў маёнткам адзін.

Дасягнуўшы ўладных вяршыняў, Дольскі распачаў умацаванне сваіх маёнткаў у Пінскім павеце. Ён заклаў два замкі: у Караліне — прадмесці Пінска і ў Жаберы. Замкі будавалі згодна з пашыранай у той час старагаландскай фартыфікацыйнай сістэмай. Галоўную ролю адыгрывалі не высокія каменныя сцены і вежы, якія лёгка можна было разбурыць гарматным агнём, а земляныя насыпы, бастыёны і равы з вадой.

Пры планаванні абароны першасная роля адводзілася артылерыі і агняпальнай зброі, а трапіць у замак можна было толькі праз пад’ёмны мост.

 

Эпізод трэці. Як гетман Вішнявецкі прыватызаваў дзяржаўную артылерыю

Пабудова абодвух умацаванняў была скончаная да 1690 года. Жыў Ян Дольскі ў Жаберскім замку. Каралін быў для яго рэзідэнцыяй святочнага дня. Пасля смерці гаспадара ў 1696-м усю яго маёмасць успадкавала жонка Ганна. А калі і яна пакінула гэты свет, замкі дасталіся Міхаілу Сервацыю Вішнявецкаму, іх пасынку і адначасова мужу адзінай дачкі Дольскіх, Кацярыны.

Міхал Сервацый Вішнявецкі, уласнік замка ў Жаберы. Фота Wikimedia Commons.

Вішнявецкі таксама выкарыстоўваў Жаберскі замак як рэзідэнцыю.

Новы гаспадар максімальна яе ўмацаваў: звёз у Жабер палову дзяржаўнай артылерыі ВКЛ. Гэта было нескладана: Вішнявецкі займаў пасаду польнага, а пасля вялікага гетмана літоўскага і распараджаўся дзяржаўнымі рэсурсамі як уласнымі.

Ва ўмовах слабой цэнтральнай улады і магнацкага самаўпраўства ў ВКЛ у ХVІІ—ХVІІІ стагоддзях карупцыя была пашыранай з’явай. А зліццё дзяржаўнай і прыватнай маёмасці на побытавым узроўні было хутчэй нормай, чым выключэннем. Аднак, як пакажа далейшая гісторыя, дзеянні Вішнявецкага былі прадыктаваныя канкрэтнай палітычнай сітуацыяй.

Эпізод чацвёрты. Як суседзі са шведамі сябравалі

У 1697 годзе ў балтыйскім рэгіёне адбылася падзея, якая карэнным чынам змяніла палітычны расклад у Еўропе. У Швецыі, адной з наймагутнейшых краін рэгіёна, памёр кароль Карл ХІ. На вольнае месца прыйшоў ягоны 15-гадовы сын Карл ХІІ.

Суседзі адразу ж пачалі прыглядацца да зручнейшых і смачнейшых кавалкаў шведскай тэрыторыі.

У хуткім часе ўсе зацікаўленыя — Данія, Саксонія, Рэч Паспалітая і Рускае царства — аб’ядналіся ў Паўночны саюз.

Карл ХІІ, кароль Швецыі. Фота Wikimedia Commons.

Інтарэсам Рэчы Паспалітай было вяртанне Інфлянтаў. Так называліся заваяваныя шведамі ў 1660-м тэрыторыі былога Лівонскага ордэна, якія раней падпарадкоўваліся Рэчы Паспалітай, цяпер гэта частка Латвіі ды Эстоніі. У 1697 годзе на трон Рэчы Паспалітай сеў саксонскі курфюрст Аўгуст ІІ Моцны, і адной з умоў яго абрання было якраз вяртанне Інфлянтаў.

У лютым 1700-га саксонская армія пачала аблогу Рыгі, аднак праз некалькі месяцаў адступіла. У сакавіку кароль Даніі Фрэдэрык ІV распачаў баявыя дзеянні ў Гальштэйн-Гаторпскім герцагстве, а ў жніўні расійскія войскі рушылі ў кірунку Нарвы. Аднак шведскі кароль адным ударам, правёўшы бліскучы марскі дэсант пад Капенгагенам у жніўні 1700-га, вывеў з вайны Данію. У лістападзе 1700-га ён нанёс катастрафічную паразу войску Пятра І пад Нарвай. Наступнай пазнаёміцца з войскамі Карла ХІІ давялося Рэчы Паспалітай.

Эпізод пяты. Карл ХІІ у палескай багне

Рэч Паспалітая — краіна немалая, вайсковыя камунікацыі расцягнутыя, шляхта шматлікая ды яшчэ і Расійская дзяржава побач. Гэтыя праблемы малады кароль вырашаў з халоднай прагматычнасцю. Каб абараніць вайсковыя камунікацыі, было вырашана не пакідаць у тылах ніякіх умацаваных пунктаў. (Тады і былі паўзрываныя многія беларускія замкі, накшталт Наваградскага.)

Каб адцягнуць увагу шляхты, Карл ХІІ дабіўся змяшчэння з пасады Аўгуста ІІ і абрання каралём Рэчы Паспалітай лаяльнага сабе Станіслава Ляшчынскага. Гэта прывяло да ўнутранага расколу ў дзяржаве і пачатку грамадзянскай вайны.

Шведскаму войску супрацьстаяла толькі шляхта, верная Аўгусту ІІ, якую падтрымлівалі войскі Расіі. А кіраваў супрацівам вялікі гетман літоўскі, вядомы нам уладальнік Жаберскага замка Міхал Сервацый Вішнявецкі. І ў 1706-м Швецыя распачала супраць яго ваенную кампанію.

У красавіку Карл ХІІ пераследаваў расійскія войскі пад камандаваннем Георга Бенедыкта Агільві. Яны зімавалі ў Гродне і, дзякуючы паводцы на Нёмане, змаглі адступіць без бою ў кірунку Кіева. Шведскія войскі рушылі на Пінск, каб перахапіць ворага, аднак ім зноў перашкодзіла паводка, гэтым разам на Прыпяці. У Пінску шведы зразумелі, што дагнаць рускую армію не атрымаецца. І Карл ХІІ распачаў выкананне другой часткі плана — знішчэнне антышведскага супраціву.

Марцірная бомба, выяўленая падчас даследаванняў. Фота Сяргея Ліневіча

З усіх замкаў палескага рэгіёна найбольш моцным і падрыхтаваным да баявых дзеянняў быў Жабер. Міхал Сервацый Вішнявецкі сканцэнтраваў тут гарнізон з 815 жаўнераў, узмацніўшы шасцю дзясяткамі гармат. Нават шведскія афіцэры былі ўражаныя: замак меў чатыры бастыёны, глыбокі роў і быў дадаткова ўмацаваны палісадамі. Падысці да яго можна было толькі з усходняга боку, а з трох астатніх яго прыкрывалі багна і рака Ясельда.

Шведы блакавалі замак 5 мая. 9-га на дапамогу ім падышоў чатырохтысячны корпус Юхана Аўгуста Меерфельта. Але камендант замка палкоўнік Ян Бутман трымаў абарону. 12 мая пад замкам з’явіўся кароль Станіслаў Ляшчынскі. Ён запатрабаваў капітуляцыі, аднак гарнізон адказаў гарматнымі залпамі.

Тады пад Жабер прыбыў сам Карл ХІІ. Ён азнаёміўся з сітуацыяй і накіраваўся ў Пінск па цяжкую артылерыю, без якой замак узяць было немагчыма.

Бутману ў апошні раз прапанавалі здацца. У выпадку далейшай абароны дзеянні гарнізона разглядаліся б як бунт супраць караля Станіслава Ляшчынскага. А гэта значыла, што ўсіх абаронцаў чакае смяротнае пакаранне. Камендант вытрымаў яшчэ суткі, і толькі калі шведы пачалі шыхтавацца для штурму, выкінуў белы сцяг.

Абаронцы замка былі ўзятыя ў палон, арсенал спалены, а сам замак зруйнаваны. З таго часу ён ніколі не аднаўляўся. Засталася толькі гісторыка-культурная каштоўнасць Рэспублікі Беларусь «Рэшткі былога замка Вішнявецкіх».

Каментары

Цяпер чытаюць

Слова «Унаватуна» значыць «рай». Дзе на Шры-Ланцы адпачывала Мельнікава13

Слова «Унаватуна» значыць «рай». Дзе на Шры-Ланцы адпачывала Мельнікава

Усе навіны →
Усе навіны

На Канскім фестывалі забаранілі «голыя» сукенкі2

Кобрынскі блогер паказаў, як вырабляюцца легендарныя «Мясныя падушачкі»9

У беларуса, што некалькі дзён таму з пагоняй затрымлівалі ў цэнтры Варшавы, знайшлі кілаграмы наркотыкаў9

«Эканамічная газета» спыніла існаванне3

Маладых мазырскіх скінхэдаў з «Духа Русі» будуць судзіць за «прапаганду тэрарызму»8

ПВК «Вагнер» могуць з Афрыкі перавесці ў Беларусь10

Памерла 45-гадовая экс-палітзняволеная Тамара Каравай. Летась яе вызвалілі па памілаванні20

Дорага і з гнільцой: што робіцца з бульбай у крамах пасля праверак2

Фальсіфікацыі ў даследаваннях хваробы Альцгеймера. Як вынікі прывялі не туды20

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Слова «Унаватуна» значыць «рай». Дзе на Шры-Ланцы адпачывала Мельнікава13

Слова «Унаватуна» значыць «рай». Дзе на Шры-Ланцы адпачывала Мельнікава

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць