Грамадства1212

«Мяне заказалі, канкрэтна і сур'ёзна». Сяргей Сацук прасіў апублікаваць гэты тэкст, калі яго затрымаюць

Некалькі месяцаў таму, адчуўшы небяспеку, галоўны рэдактар «Ежедневника» Сяргей Сацук пакінуў «Еўрарадыё» тэкст на выпадак свайго затрымання. У ім ён расказвае пра прычыны, па якіх можа быць затрыманы, і пра пагрозы, якія нібыта атрымаў у свой адрас ад «ганца» — прадстаўніка бізнесмена са сферы аховы здароўя.

25 сакавіка 2020 года выпадак надышоў: Сяргея затрымалі супрацоўнікі Дэпартамента фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржкантролю Беларусі. Паводле неафіцыйнай інфармацыі, Сяргея падазраюць у хабары.

«Еўрарадыё» публікуе пакінуты ім тэкст.

Як у Беларусі заказваюць журналістаў

Мяне заказалі, канкрэтна і сур'ёзна. Пішу пра гэта чыста ў мэтах самаабароны і таму пачну амаль з пачатку.

Пасля публікацыі артыкула «Карупцыя Міністэрства аховы здароўя: як у Беларусі зарабляюць на крыві», у якім расказвалася пра закупку медвырабаў па цане ў 9—13 разоў вышэйшай за рэальную, да мяне прыйшоў «ганец». Спачатку ён абвінаваціў мяне ў публікацыі заказнога артыкула. Потым, супярэчачы сам сабе, пачаў ціснуць на мяне словамі: «Навошта ты ўсё гэта публікуеш?», «Навошта перашкаджаеш людзям працаваць?», «Ты ж з гэтага нічога не маеш, а мог бы жыць добра, а не боўтацца ў абавязках, не тануць у крэдытах», «Колькі ты змагаешся з карупцыяй, гадоў 20? І што, перамог?». Ну і гэтак далей.

Я запярэчыў, што мне дастаткова таго, што ў Беларусі перастануць купляць медыцынскія вырабы па цане, у 10 разоў вышэйшай за рэальную. «Ганец» сказаў, што не перастануць: маўляў, сістэма такая. Таму, калі сыдзе адна, другая, трэцяя кампанія, на іх месца прыйдуць іншыя, якія будуць працаваць дакладна гэтаксама. «Ну, можа быць, будуць прадаваць не ў 10 разоў, а ў 5 разоў даражэй».

«Ужо добра, бюджэт зэканоміць мільёны», — адказаў я.

«А ты з гэтага нешта атрымаеш?» — спытаў «ганец».

«Нічога».

«Можа быць, ты думаеш, што медыцына наша лепшай ад гэтага стане?»

«Не ведаю, — шчыра прызнаўся я. — Спадзяюся, што стане».

«Не стане. Ён проста за гэтыя грошы пабудуе сабе яшчэ адзін палац», — заявіў «ганец», відавочна намякаючы на кіраўніка дзяржавы.

Так працягвалася з паўгадзіны. Зразумеўшы, што мяне не пераканаць, візіцёр перайшоў уласна да таго, для чаго прыйшоў. Ён перадаў мне, што людзі яму канкрэтна сказалі, што цярпенне ў іх скончылася, што ў Беларусі чалавечае жыццё і чалавечая свабода нічога не каштуюць, што ім лягчэй заказаць чалавека, чым купляць білеты на астравы. Тут трэба растлумачыць, што падчас апошняга расследавання я спрабаваў выклікаць на шчырую размову чалавека і ўзяць у яго генеральнае інтэрв'ю, каб захаваць аб'ектыўнасць. Для гэтага я трохі правакацыйна напісаў ёй у Linkedin, што магу перанесці дату публікацыі і даць ёй тыдзень на тое, каб купіць білеты на які-небудзь востраў і жыць там нябедна да канца жыцця. І вось, менавіта пасля гэтага артыкула да мяне прыходзіць «ганец» і перадае словы людзей, якія страцілі цярпенне, што ім прасцей заказаць чалавека, чым купляць білеты. Тым больш, як мне, зноў жа, растлумачылі, у Беларусі я застаўся адзін такі парушальнік спакою.

Усё гранічна ясна. Без якога-небудзь двайнога тлумачэння. Асабліва калі папярэджанне падмацоўваюць словамі: «Падумай пра сваю сям'ю, што з імі будзе…» Я ведаю, што сям'і без мяне труба. Жонка — інвалід з парокам сэрца, з выдаленай шчытападобнай залозай ды яшчэ з анеўрызмай. Дактары яшчэ ў 2011-м не давалі гарантый, што яна дажыве да канца года. Я выдатна разумею, што калі што здарыцца са мной, то яна не перажыве. Тут без варыянтаў. Таму я адклаў у скрыню практычна падрыхтаваны другі матэрыял, у якім расказвалася пра тое, хто з'яўляецца рэальным уладальнікам пасярэдніцкіх англійскай і аўстрыйскай кампаній, якія прадаюць нам медвырабы па цэнах, у 10 разоў вышэйшых за рэальную і ў 4,5 раза вышэйшых, чым купляе Расія, у якой мы пастаянна грошы кленчым. Сям'я важнейшая, вырашыў я і сказаў сабе: «СТОП».

Нейкі час было ціха, але потым махавік беларускай сістэмы закруціўся. Думаю, нагодай стаў мой выступ на «Белсаце» ўсё па той жа тэме — карупцыі ў Мінздароўя.

Я 20 гадоў працую з праваахоўнікамі і добра ведаю, што, калі твае кантакты раптам усе разам знікаюць (не адказваюць на званкі і на лісты), гэта азначае, што цябе ўзялі ў аператыўную распрацоўку.

«Ну ўзялі і ўзялі, мне хаваць няма чаго, хай пасуць», — падумаў я.

Але вось у «СБ» [«Беларусь сегодня». — «Еўрарадыё»] выйшаў артыкул пра «Ежедневник» і мяне, у якім адкрытым тэкстам гаворыцца, што я за грошы дапамагаю прыбіраць канкурэнтаў. Ніякіх доказаў, як і ніякіх абвяржэнняў матэрыялу нашых расследаванняў, няма. Проста галаслоўнае абвінавачанне ў тым, што я жырую на канкурэнтнай барацьбе бізнесменаў. І далей: «Калі падазрэнні пацвердзяцца…» Пацвердзіць у Беларусі не праблема, вядома ж.

Я выдатна ведаю, што гэта падрыхтоўка інфармацыйнага поля да майго затрымання. Я ведаю, чыя гэта работа. Імя гэтага генерала, які «крышуе» сістэмную карупцыю Мінздароўя, вядомае ўсім, хто круціцца ў гэтым бізнесе. Менавіта ён больш за дзесяць гадоў, спачатку ў Генпракуратуры, а потым у Следчым камітэце, душыў усякія спробы ўлезці ў гэты бізнес з боку праваахоўных органаў. Цяпер вось яму зрабілі заказ на журналістаў.

«Белсат» — з той жа серыі. Камусьці вельмі хочацца, каб суд над былым намеснікам міністра аховы здароўя Ігарам Ласіцкім стаў вярхушкай разборак з карупцыяй у сістэме аховы здароўя. Хоць ёсць людзі больш і ўплывовыя, і недатыкальныя. Але іх чапаць нельга і таму трэба спыніць любыя спробы журналістаў капаць далей.

Каментары12

Цяпер чытаюць

Аргенціна зноў пераламала гульню — 2:1 з Англіяй. У Месі — два галявыя пасы8

Аргенціна зноў пераламала гульню — 2:1 з Англіяй. У Месі — два галявыя пасы

Усе навіны →
Усе навіны

Мінчанка зняла канфлікт паміж падлеткамі, пасля чаго іх выклікалі ў міліцыю8

Таццяну з Рэчыцы асудзілі за «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці»6

У «ДНР» збаёдалі мошчы Аляксандра Неўскага. Іх везлі на малебен аб пераадоленні паліўнага крызісу34

Японія развітваецца з гальштукамі3

Беларусы без пашпартоў ва Украіне ў жніўні рызыкуюць стаць нелегаламі — яны не змогуць абнавіць ДНЖ16

Больш за 100 тысяч нарвежцаў зладзілі фірмовае веславанне проста ў цэнтры Осла

ЗША зноў некалькі гадзін білі па Іране1

Спад нараджальнасці можа стымуляваць эканамічны рост3

Іспанія стала першым фіналістам чэмпіянату свету. Францыя зрынутая28

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Аргенціна зноў пераламала гульню — 2:1 з Англіяй. У Месі — два галявыя пасы8

Аргенціна зноў пераламала гульню — 2:1 з Англіяй. У Месі — два галявыя пасы

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць