«Ну раз ён хлопец, давай яго да хлопцаў». Гісторыя трансгендара Жэні Вялько, які трапіў у жодзінскую турму
Яўгена затрымалі ў суботу 26 верасня. За кратамі ён прабыў некалькі дзён, пасьля чаго атрымаў штраф і выйшаў на волю ў Жодзіне, піша «Радыё Свабода».
26 верасьня ў Менску праходзіў традыцыйны суботні жаночы марш. Яго ўдзельніцы і ўдзельнікі сабіраліся ля Камароўскага рынку, адкуль потым дайшлі да плошчы Якуба Коласа. Сілавікі затрымлівалі людзей на працягу ўсяго маршу. Адным з затрыманых у той дзень стаў Яўген Вялько.
«Мяне затрымалі каля 15:00 ля Камароўскага рынку, — расказаў Яўген. — Калі людзі пачалі зьбірацца, пад’ехалі бусікі і аўтазакі, міліцэйскія машыны і машыны без апазнавальных знакаў. Спачатку яны проста езьдзілі, а калі людзі пачалі зьбірацца ў вялікую купку, сілавікі выйшлі ў першы раз. Тады ў мяне атрымалася ад іх уцячы. Але калі людзі сабраліся другі раз, мы падышлі да калёны, якая толькі-толькі пачала рухацца ад Камароўскага рынку. Маю ўвагу ў той момант адцягнулі журналісты (яны прадставіліся як «польскі тэлеканал»), і я ня ўбачыў, як са сьпіны да мяне падыходзяць людзі… Я ня ведаю, гэта быў АМАП ці не, гэта былі людзі без апазнавальных знакаў, у зялёнай вопратцы, у масках. І калі іх ужо стала чацьвёра, яны пад рукі адвялі мяне ў машыну, «газэль» без нумароў».
«Калі яны пачулі, што мяне завуць Яўген Дзьмітрыевіч, пачалі сьмяяцца»
Па словах Яўгена, людзі ў форме спыталі, дзе ягоны тэлефон, забралі бела-чырвона-белы сьцяг, пасьля загадалі паказаць зьмесьціва заплечніка.
«Яны запатрабавалі ад мяне паказаць пашпарт, — згадвае Яўген. — Я быў у стрэсе і ня вельмі добра памятаў, я і цяпер ня ведаю, ці павінен быў наогул адказваць на іхныя пытаньні. У іх у руках была камэра, яны здымалі мяне. Узялі ў рукі мой пашпарт і зьнялі, па-першае, на сваю камеру. А па-другое, спыталі, як мяне завуць, мой адрас і ўзрост. Я на гэтыя пытаньні адказаў. Калі яны пачулі, што мяне зваць Яўген Дзьмітрыевіч, пачалі сьмяяцца. Сталі перагаворвацца паміж сабой: «Ды ты паглядзі, ха-ха, гэта мужык». Потым убачылі вясёлкавы сьцяг і сказалі: «А, ну ўсё зразумела»».
Пасьля Яўгена адвезьлі ў Ленінскі РУУС Менску, дзе склалі на яго пратакол за ўдзел у несанкцыяванай акцыі пратэсту.
«Удзельнічаў у несанкцыянаваным мерапрыемстве, рухаўся разам з маршам, выкрыкваў лёзунгі. Выказваў сваю пазіцыю адносна сумленных выбараў, — прыводзіць Яўген зьмест пратаколу. — У прынцыпе, запісалі ўсё правільна. Далі на подпіс дакумэнты, дзе была расьпіска, што мне ўжо выдалі мабільны тэлефон. Я адмовіўся падпісваць, бо тэлефона мне ня выдалі. Пасля гэтага пратакол шпурнулі мне ў твар і сказалі, што «такія мужыкі, як я, гэтай краіне не патрэбны». Што я наогул за мужык такі, вартае жалю відовішча. Спрабавалі мяне пераканаць падпісаць гэтыя дакумэнты. Я ў выніку іх не падпісаў. Мне яшчэ раз паўтарылі, што я ня вельмі разумны, і адправілі на агляд. Хацелі сфатаграфаваць, сфатаграфаваць асаблівыя прыкметы. Я адмовіўся. На гэтым яны не настойвалі, але адправілі на дактыляскапію. Ад яе я таксама адмовіўся, і далей было хвілін 40 вельмі непрыемных зносін зь іншымі супрацоўнікамі і супрацоўніцамі».
З РУУС Яўгена напачатку адвезьлі на завулак Акрэсьціна ў ІЧУ. Там хлопца чакала чарговая порцыя «жартаў» з боку супрацоўнікаў ізалятара. Пасьля яго накіравалі на мэдычны агляд, які праводзіла мэдсястра.
«Мэдсястра задавала пытаньні з нагоды хранічных захворваньняў, — гаворыць Яўген. — Я адказаў, што ў мяне хранічны цыстыт і праблема з сасудамі. Мне сказалі распрануцца да майткоў. У мяне з сабой была ўцяжка з эластычных бінтоў, і я сказаў медсястры, што «як бы вось, я трансгендэр». Сілавікі гэта ніяк не пракамэнтавалі ў той момант. Магчыма, пры мэдсястры не хацелі гэтага рабіць. Яна пачала задаваць пытаньні: кім я быў да гэтага, якое маё папярэдняе прозьвішча, ці зьбіраюся я рабіць апэрацыі. Я выдатна разумеў, што гэта некарэктныя пытаньні. Але ў той момант мне здалося, што яна задавала іх безь якой-небудзь злосьці, а хутчэй ад няведаньня. Таму я адказваў. Мэдсястра потым папрасіла прабачэньня, сказала, што ўпершыню з гэтым сутыкаецца».
«У цябе ручкі такія маленькія, як ты можаш быць хлопцам»
На Акрэсьціна Яўгена зьмясьцілі ў камэру, ён нават пасьпеў атрымаць перадачу ад маці. Аднак неўзабаве яго разам зь іншымі затрыманымі вывелі з камэр і загадалі ісьці ў аўтазакі, якія павезьлі ўсіх у жодзінскую турму. У аўтазаку Яўгена зьмясьцілі ў «мужчынскі стакан».
«Мяне запхнулі да хлопцаў пазьдзеквацца. Казалі: «Ну раз ён хлопец, давай яго да хлопцаў, — згадвае Яўген. — Паколькі вонкава людзі ў гэтым боксе не адразу зразумелі, што я хлопец, мне сказалі, што я «магу прысесьці на каленкі». Мы павінны былі мяняцца, каб нармальна ехаць. Гэта значыць, двое сядзяць, а адзін стаіць. Я таксама стаяў сваю чаргу. Мабыць, гэта выклікала ў маіх спадарожнікаў павагу. Магчыма, гэта пераканала іх нейкім чынам, што я хлопец. Але да гэтага былі размовы накшталт: «У цябе ручкі такія маленькія, як ты можаш быць хлопцам?»
У Жодзіне Яўгена разам зь іншымі затрыманымі зноў паставілі да сьценкі. Ён расказвае, што нейкі час стаяў асобна і супрацоўнікі ізалятара зноў абмяркоўвалі яго гендэр.
«Калі нас расьсялялі па камэрах, гэта быў адзін з самых непрыемных момантаў, — успамінае Яўген.
— Там былі людзі, якія ўвесь час раўлі матам, пагражалі нам па-рознаму. Калі мы варушыліся, на нас крычалі, тыкалі ў сьпіну дубінкай. Казалі, што нас навучаць, як сябе паводзіць. У мяне пыталіся: «Ты Яўген альбо Яўгенія?»… Яны доўга глядзелі на мяне і сьмяяліся. Задавалі пытаньні «А што ў цябе ў майтках?» і гэтак далей. Некалькі разоў мне паведамілі, што «цяпер агледзяць па поўнай праграме». Казалі, што будуць аглядаць мяне «асаблівым чынам», а потым некалькі разоў паўтарылі, што «такія сукі, як я, не павінны жыць», таму мяне трэба «вывесьці на двор і расстраляць». Гэта былі тыя самыя супрацоўнікі, якія нас прымалі і расьпіхвалі па камэрах».
Яўген кажа, што гэта быў складаны час для яго. Хлопец нават пачаў думаць пра суіцыд. Ён не ўяўляў, як пражыве наступныя 15 сутак у такіх умовах. Суд у яго справе адбыўся на наступны дзень. На працэсе не было сьведак, Яўгену таксама не дазволілі мець адваката. Ён спытаў у судзьдзі, ці заключылі родныя дамову з адвакатам, бо загадзя папярэдзіў маці, што яна можа гэта зрабіць. Судзьдзя адказала, што такіх сьведчаньняў няма, і дала Яўгену на подпіс паперу пра адмову ад абаронцы.
«Судзьдзя пагартала справу і сказала: «Пяць базавых», — гаворыць Яўген пра свой працэс.
— Яшчэ яна сказала, што няма падстаў сумнявацца ў паказаньнях сьведак. Нікога са сьведак ня выклікалі — гэта былі проста паказаньні на паперцы. Не было відэазапісаў, нічога. Мне сказалі пра 5 базавых і вывелі назад у камэру. Сказалі, што вызваляць сёньня. Нас доўга зьбіралі. Потым мне аддалі рэчы — бел-чырвона-белага сьцяга там ужо не было, а вясёлкавы сьцяг сілавік запатрабаваў пакінуць. Жанчыны, затрыманыя ў суботу разам са мной, сказалі, што яны ня маюць права забіраць сьцяг. Але тады іх папярэдзілі, што калі яны працягнуць абурацца, іх тут і пакінуць. Я аддаў сьцяг у выніку».
Каля турмы Яўгена сустрэлі валянтэры і маці, якая чакала яго ў Жодзіне ад самай раніцы. Цяпер хлопец зьбіраецца аб’яднацца зь іншымі затрыманымі і абскарджваць дзеяньні сілавікоў.
Каментары