Здарэнні

Мужчына, які напаў на Рамана Бандарэнку, падобны да чэмпіёна па кікбоксінгу, інструктара часці 3214

Увечары 11 лістапада ў «двор Пераменаў» на вуліцы Чарвякова ў Мінску прыехалі людзі ў масках. Яны зрэзалі БЧБ-стужкі і зафарбавалі мурал на трансфарматарнай будцы. Пазней МУС назаве іх «неабыякавымі грамадзянамі».

Мясцовыя жыхары абурыліся дзеяннямі няпрошаных гасцей. Сярод іх быў і 31-гадовы Раман Бандарэнка, які перад выхадам на вуліцу паспеў адправіць паведамленне «Я выходжу!». У двары ён сказаў нешта ў адрас невядомых людзей у масках — тыя скруцілі яго і пацягнулі ў машыну. У бальніцу з Цэнтральнага РУУС хлопца прывезлі той жа ноччу з цяжкай траўмай галавы, у чацвер ён памёр.

TUT.BY вывучыў відэазапісы і фотасведчанні і выйшаў на асобу аднаго вядомага спартсмена. 

Сярод кампаніі «неабыякавых грамадзян», якія прыехалі зрэзаць стужачкі, тады заўважылі некалькі чалавек, вельмі падобных на членаў каманды «зразальнікаў стужачак», якая 18 кастрычніка была ў сталічным ЖК «Мегаполіс». Тады, дарэчы, сярод «гасцей «Мегаполіса» відавочцы прыкмецілі мужчыну, вельмі падобнага да цяперашняга кіраўніка федэрацыі хакея Беларусі Дзмітрыя Баскава. І жыхары «двара Пераменаў» распавялі, што сярод «гасцей» 11 лістапада яны таксама бачылі мужчыну, вельмі падобнага да таго, што на гэтым здымку з «Мегаполіса» знаходзіцца злева.

Фота прадстаўлена чытачамі TUT.BY

Побач з ім і тады, і 11 лістапада быў «неабыякавы грамадзянін» у шэрым касцюме і падшыванай камізэльцы. І спартсмен, да якога ён вельмі падобны, шчыльна кантактуе з Баскавым у спартыўным і не толькі жыцці.

Менавіта гэты мужчына ў шэрым касцюме, мяркуючы па відэа з «двара Пераменаў», браў актыўны ўдзел у нападзе на Рамана Бандарэнку.

Вось, напрыклад, на відэа чуваць: «На зямлю, бл***!» — і аўтар відэа паварочваецца на крык. Ля турніка ляжыць хлопец увесь у чорным (капюшон такога ж колеру), над ім стаіць мужчына ў шэрым касцюме і падшыванай камізэльцы.

Гэты чалавек у шэрым касцюме і камізэльцы вельмі падобны да чэмпіёна свету па тайскім боксе і кікбоксінгу Дзмітрыя Шакуты. Людзі, знаёмыя з ім па свеце адзінаборстваў, кажуць, што голас на відэа, вочы над маскай і тая частка твару, якую яна не хавае, вельмі падобныя да голасу і твару Шакуты.

Чаму так можна меркаваць?

1. Адзенне

У Дзмітрыя Шакуты ёсць такія ж спартыўныя штаны і байка з такой жа эмблемай на рукаве.

На левым рукаве госця «Мегаполіса» можна заўважыць узор. Такая ж кофта з малюнкам на плячы была і ў чалавека з «плошчы Перамен» 11 лістапада. Вось два малюнкі (злева — ЖК «мегаполіс» 18 кастрычніка, справа — «плошча Перамен» 11 лістапада).

На Шакуце — фірмовы касцюм яго байцоўскага клуба Shock Team. Як гавораць блізкія да свету адзінаборстваў людзі, гэта лімітаваная калекцыя, даступная ў адзінкавых экзэмплярах.

Дзмітрый Шакута (справа) побач з экс-міністрам унутраных спраў Ігарам Шуневічам. Фота зроблена падчас мотапрабегу, узята на Tribuna.com. На баксёры тая ж байка. 

2. Абутак

Падчас бойкі з Раманам Бандарэнкам на мужчыне ў шэрай спартыўнай вопратцы былі чорныя скураныя красоўкі з белай падэшвай. Такія ж носіць (у спалучэнні, дарэчы, з такімі ж штанамі) Дзмітрый Шакута.

Што вядома пра Дзмітрыя Шакуту?

Кіруе ўласным байцоўскім клубам Shock Team.

Працуе інструктарам па спецпадрыхтоўцы спецназа ў вайсковай часці 3214. Там жа служыў і загінулы Раман Бандарэнка. Але, па словах таварышаў па службе Рамана, яны ніколі не перасякаліся з Шакутам ні па службе, ні на трэніроўках у часці.

Шчыльна кантактуе з Дзмітрыем Баскавым, гуляе пад яго кіраўніцтвам у хакей у камандзе «Бастыён» (там жа гуляюць, напрыклад, Віктар Лукашэнка, начальнік ДАІ Беларусі Дзмітрый Карзюк і інш.), удзельнічае ў праўладных аўтапрабегах.

Уваходзіць у байкерскі клуб Iron Birds Chapter — гэта міжнародная арганізацыя аматараў матацыклаў Harley-Davidson з краін СНД, куды ўваходзяць, напрыклад, старэйшы сын Аляксандра Лукашэнкі Віктар, экс-міністр унутраных спраў Ігар Шуневіч, начальнік УДАІ МУС Дзмітрый Карзюк, сын былога расейскага генпракурора Арцём Чайка і інш.

Перад выбарамі выклікаў на бой вядомага рэстаратара Вадзіма Пракоп'ева, які перад тым запрасіў на рынг Аляксандра Лукашэнку.

— Вадзім Пракоф'еў (ён меў на ўвазе Пракоп'ева. — заўв. TUT.BY), ты выклікаў на рынг прэзідэнта. Спачатку сустрэнься ў баі са мной, — сказаў тады Шакута ў Instagram.

Што кажа сам Шакута?

TUT.BY не ўдалося атрымаць каментар Дзмітрыя Шакуты: спартовец не адказвае на званкі.

Спартовае выданне Tribuna.com дазванілася да яго, але размова выйшла вельмі кароткай.

Журналісты спыталі, ці знаходзіўся Шакута ўвечары 11 лістапада ў раёне «плошчы Перамен» разам з Дзмітрыем Баскавым.

— Чаго? Каментары нейкія нешта даваць? Артыкул пісаць [будзеце]?

Прамовіўшы гэта, баец павесіў трубку.

Дзмітрый Шакута нарадзіўся ў Менску ў 1980 годзе. Баец выступаў на аматарскім і прафесійным узроўнях у двух стылях — тайскі бокс і кікбоксінг. Ён станавіўся чэмпіёнам свету ў розных версіях і вагавых катэгорыях. Прафесійную кар'еру Шакута завяршыў у 2013 годзе, маючы ў кікбоксінгу суадносіны выйграных і прайграных баёў 78:13.

Каментары

Аргенцінскі падлетак напісаў план забойстваў па-беларуску і прынёс у школу зброю

Аргенцінскі падлетак напісаў план забойстваў па-беларуску і прынёс у школу зброю

Усе навіны →
Усе навіны

Украінец Аляксандр Усік зноў перамог Тайсана Ф'юры і абараніў тытул чэмпіёна свету па боксе ў суперцяжкай вазе4

«Мы не маем кур'ераў у Беларусі». Ініцыятыва Dissidentby пракаментавала фільм на АНТ

Пракурор назваў магчымы матыў атакі ў Магдэбургу4

Жыццёвыя драмы Аляксандра Саладухі: ад прафнепрыдатнага артыста да праўладнага мільянера33

Кітай сцвярджае, што стварыў першыя ў свеце дроны з лазернай зброяй3

Сталі вядомыя тэхнічныя характарыстыкі звышсакрэтных дронаў, якія ЗША пастаўляюць Украіне5

Вучоныя выявілі сувязь мікрапластыку з шэрагам цяжкіх захворванняў1

У Іране будуць мяняць рыялы на туманы. Амаль за паўстагоддзя людзі так і не прывыклі да новай назвы5

У Расіі працягваецца марафон падпалаў і выбухаў у публічных месцах2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Аргенцінскі падлетак напісаў план забойстваў па-беларуску і прынёс у школу зброю

Аргенцінскі падлетак напісаў план забойстваў па-беларуску і прынёс у школу зброю

Галоўнае
Усе навіны →