Меркаванні

Сацыялагічнае даследаванне паказала, чаму пратэст не здзімаецца, а суткі ўжо не палохаюць

Фота Надзеі Бужан. 

Пратэсныя настроі ў беларускім грамадстве ўзніклі не раптам, да іх падвёў ланцужок падзей, якія ўплываюць на настроі і ўзровень даверу. Але каталізатарам стаў узровень гвалту з боку сілавых структур у першыя дні пасля выбараў прэзідэнта. Сацыёлаг Андрэй Вардамацкі прэзентаваў вынікі апошняга даследавання, якое паказвае прычыны і асаблівасці беларускага пратэсту. Піша TUT.BY.

Маніторынгавае даследаванне праводзілася з верасня 2020 года Беларускай аналітычнай майстэрняй Андрэя Вардамацкага з дапамогай фокус-груп. Упор у такіх даследаваннях робіцца не на колькасць і рэпрэзентатыўнасць, а на глыбіню прапрацоўкі інтэрв'ю. «Задача ў тым, каб атрымаць сам спіс матываў, адносін або ацэнак, якія існуюць у масавай свядомасці», паказвае сацыёлаг.

Што прывяло да росту пратэсных настрояў?

Да росту пратэсных настрояў у беларускім грамадстве вялі некалькі фактараў, якія паступова падвышаюць градус незадаволенасці.

Пачынаючы са снежня мінулага года паскорыўся рост колькасці тых, хто ацэньваў эканамічную сітуацыю як дрэнную. У канцы сакавіка — пачатку красавіка ён дасягнуў 61% супраць 38% на стыку 2019 і 2020 гадоў. Пазней вырасла ступень незадаволенасці рэакцыяй урада на сітуацыю ў час эпідэміі каранавіруса. Як вядома, тады ж пачаўся маштабны рух дапамогі медыкам, які даў яго ўдзельнікам досвед самаарганізацыі.

— Эканамічнае самаадчуванне, можна сказаць, — порах, а кавід — бікфордаў шнур. Яны спарадзілі гэты выбух, — каментуе сацыёлаг, кіраўнік Беларускай аналітычнай майстэрні, прафесар Андрэй Вардамацкі.

Следам за падзеямі, цесна звязанымі з першай хваляй эпідэміі каранавіруса, адбылася рэзкая змена медыяпаводзін беларусаў, што адбілася на ўзроўні даверу да прэсы.

Давер да дзяржСМІ стаў апускацца, у прыватнасці ён змяніўся з 17% у сакавіку да 4,2% у ліпені, а да недзяржаўных выданняў, наадварот, стаў расці, павялічыўшыся з амаль 13% у сакавіку да 27% у ліпені.

Такую ж з'яву сацыёлагі назіралі ў перыяд «маршаў недармаедаў» у 2017 годзе, адзначае эксперт.

Бачыць сацыялогія ў тым, што адбываецца, і дзве больш глабальныя прычыны. Гэта змяненне адукацыйнай структуры насельніцтва. За перыяд у 20 гадоў амаль у 2 разы павялічылася колькасць людзей з вышэйшай адукацыяй. Пры такім узроўні адукацыі насельніцтва аўтарытарныя рэжымы немагчымыя, паказвае Вардамацкі, спасылаючыся на глабальныя даследаванні.

Аказваюць уплыў і змены ў структуры эканомікі: скарачэнне значнасці транспартна-сыравіннага складніка і ўзмацненне ролі інтэлектуальных вытворчасцяў, развіццё тэхналогій. Гэта не можа не адбівацца на грамадскім свядомасці і каштоўнаснай іерархіі.

А што было самой прычынай выхаду людзей на вуліцу?

Спіс падзей і з'яў, якія выклікалі незадаволенасць у часткі грамадства, назапашваўся. Гэта, як гаварылася вышэй, незадаволенасць дзеяннямі ўрада падчас эпідэміі каранавіруса вясной, з'явы і падзеі, якія адбываліся падчас прэзідэнцкіх выбараў, непасрэдна самі выбары і іх вынік.

Але абсалютнай дамінантай стала жорсткасць паводзін сілавікоў. Па дадзеных сацыёлага, каля 60% маглі б змірыцца з фальсіфікацыяй выбараў, калі б не брутальнасць дзеянняў сілавых структур.

Фота Надзеі Бужан. 

Пратэсты працягваюцца амаль чатыры месяцы. Чаму пратэстоўцы не здаліся?

Сацыёлаг вылучае пяць параметраў, якія характарызуюць паводзіны і матывацыю пратэстоўцаў. Адзін з іх — гэта зрух болевага парогу. У канцы вясны Сяргей Ціханоўскі казаў пра тое, што атрымаць 15 сутак не страшна, што гэта можна перажыць, успамінае Андрэй Вардамацкі. Як відаць з пазнейшых падзей, усё больш людзей гатовыя адстойваць свае інтарэсы і правы, нават ведаючы, якую за гэта прыйдзецца плаціць цану: магчымыя збіцці, штрафы і арышты, страта працы.

У той жа час адбываліся звязаныя з першым параметрам трансфармацыя страху ў гнеў і арыентацыя на доўгайграючы пратэст. У часткі грамадства, настроенай на дасягненне перамен, ёсць ўсведамленне, што гэта не адбудзецца за адзін раз, таму яны не здаюцца пасля разгонаў.

— У сацыяльнай псіхалогіі пратэстоўцаў змянілася ўспрыманне няўдачы сённяшняга дня, якая заключаецца ў тым, што няўдача сённяшняга дня спараджае не апатыю, а матывацыю выходзіць яшчэ і яшчэ.

У той жа час удзел у акцыях пратэсту ўспрымаецца як псіхалагічны пазітыў і энергетычная падзарадка. Акцыі служаць эмацыйным падсілкоўваннем для ўдзельнікаў, што нязвыкла для пратэстаў.

— У свеце асноўная мэта выхаду — гэта нешта негатыўнае, сказаць «не» эканамічнай палітыцы ўрада, экалагічнай, адукацыйнай.

У беларускім выпадку функцыя выхаду змянілася. Дамінанта заключаецца не ў негатыўнай частцы выхаду, а пазітыўнай. Для людзей выхад з'яўляецца псіхалагічна неабходным, як падзарадка і набыццё пазітыўнай энергіі ад навакольных людзей і ад самой падзеі. У гэтым асаблівасць беларускага пратэсту.

Фота Надзеі Бужан. 

Пятая характарыстыка — гэта адсутнасць лідара. Традыцыйна ў падобных рухах была сацыяльна-псіхалагічная патрэба фізічнай прысутнасці яго лідара. У Беларусі патэнцыйныя або рэальныя лідары «знікалі ў завулках беларускай юрыдычнай сістэмы», што змяніла стаўленне да самой гэтай ролі.

Патрэба ў фізічнай прысутнасці лідара на месцы падзей знікла. Гэта спарадзіла самаарганізацыю і феномен плаваючага лідарства. Гэта ж дазваляе прызнаваць лідарамі тых, хто знаходзіцца далёка.

Ці можна казаць аб падзеле грамадства?

Сацыёлаг пазначае выразны падзел дзвюх сацыяльных груп: тыя, хто падтрымлівае ўладу, і прыхільнікі перамен. Ён вылучае поўную ўзаеманепераходнасць іх каштоўнасных сістэм, з-за чаго бакам складана чуць адзін аднаго і знаходзіць аргументы, здольныя пераканаць.

— Прыхільнікі існуючага афіцыйнага істэблішменту маюць шкалу параўнання з 90-мі гадамі і на гэтай аснове ажыццяўляюць увесь круг параўнанняў. А прыхільнікі перамен і іх шкала — гэта параўнанне з краінамі па перыметры на сённяшні дзень, — каментуе сацыёлаг.

Фота Надзеі Бужан. 

Найважнейшым адрозненнем даследаванне паказала псіхалагічную неабходнасць удзельнічаць у працэсе прыняцця рашэнняў у прыхільнікаў перамен. У прыхільнікаў дзейнай улады такая патрэба адсутнічае.

Да чаго ўсё гэта вядзе?

У выніку падзей апошніх месяцаў адбываецца трансфармацыя тыпу нацыянальнай ідэнтычнасці, адзначае Андрэй Вардамацкі. Калі ў пачатку года гэта быў тэрытарыяльна-дзяржаватворчы тып (калі агульнымі з людзьмі адной нацыянальнасці значная частка называе тэрыторыю, зямлю і дзяржаву), то цяпер ён дапаўняецца палітычна-грамадзянскай кампанентай.

Характарыстыкі беларускага пратэснага руху, як вынікае з вынікаў даследавання, то-бок адсутнасць патрэбы ў лідары, досвед і ўзмацненне самаарганізацыі, жаданне браць удзел у прыняцці важных для грамадскасці рашэнняў, можна разглядаць як працэс падрыхтоўкі грамадства да пераходу ў стан, калі грамадства будзе гатова да пабудовы, напрыклад, парламенцкай рэспублікі.

Гэта кажа аб аддаленні ад патэрналізму і аднаго цэнтра прыняцця рашэнняў.

Каментары

Мінчук у купленай кватэры знайшоў два трупы7

Мінчук у купленай кватэры знайшоў два трупы

Усе навіны →
Усе навіны

Аргазм-медытацыю яна зрабіла сваёй справай жыцця. Цяпер яе будуць судзіць13

Людзі з сіндромам дэфіцыту ўвагі ў сярэднім жывуць менш — даследаванне

Якімі будуць наступныя пяць гадоў? Прагноз Латушкі31

«Танны ўброс». «Народная Грамада» адмаўляе, што перадавала ў літоўскі Сейм ліст аб непрызнанні Ціханоўскай11

Улады абвінавацілі Google у «інфармацыйных правакацыях» супраць выбараў7

«Толькі на адным фота бюлетэнь». Прапагандысты шукаюць апраўданні жанчыне, якая прагаласавала адразу на двух участках4

Следчы камітэт пахваліўся, што «ідэнтыфікаваў 365 удзельнікаў акцый за мяжой»24

Пазняк задаволены «байкотам псеўдавыбараў» і бязлітасна праехаўся па канкурэнтах52

Латушка згадаў, як 20 гадоў таму Лукашэнка пабаяўся ехаць на памятнае мерапрыемства ў Аўшвіц2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Мінчук у купленай кватэры знайшоў два трупы7

Мінчук у купленай кватэры знайшоў два трупы

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць