Меркаванні

Валянцін Жданко: Мае суседзі — даносчыкі. І як цяпер з гэтым жыць?

На «Карце пільных грамадзянаў», апублікаванай кіберпартызанамі, я знайшоў шматкватэрны дом, у якім жыву. Асабіста ведаю пазначаных там людзей, якія тэлефанавалі на пачатку верасня мінулага года ў міліцыю, каб паведаміць, ля якога пад’езда з'явіліся бел-чырвона-белыя стужачкі і ў якім акне вывешаны бел-чырвона-белы сцяг, піша Валянцін Жданко ў сваім блогу на «Радыё Свабода».

Шмат гадоў я пры сустрэчы вітаўся з імі і нават калі-нікалі звяртаўся па дапамогу. Я таксама знаёмы з сям’ёй, на якую данеслі за сцяг у іхнім акне. Прыстойныя інтэлігентныя людзі. Заўсёды вітаемся пры сустрэчы.

А ў суседнім доме, побач з якім на працягу дваццаці год я штодня праходзіў, ідучы на прыпынак, пільная грамадзянка С. данесла на ўласных суседзяў за тое, што яны «размалёўваюць мэблю ў колеры бел-чырвона-белага сцяга».

І як цяпер паводзіць сябе з гэтымі пільнымі суседзямі — «добраахвотнымі інфарматарамі міліцыі», якіх ты лічыў прыстойнымі і сумленнымі людзьмі? Адводзіць позірк пры сустрэчы? Рабіць выгляд, што нічога не ведаеш?

А як яны будуць суіснаваць з тымі, на каго данеслі? А што, калі данос скончыўся арыштам, і цяпер той, хто прайшоў праз Акрэсціна, дакладна ведае, дзе жыве даносчык, на якой машыне ён ездзіць, чым ён займаецца?

Міф пра нейкую незвычайную талерантнасць беларусаў развеяны. Што ж гэта за талерантнасць, калі, убачыўшы ў чужым (не ў сваім) акне, унутры чужой (не сваёй) кватэры сцяг тых колераў, якія не падабаюцца ўладзе, чалавек бярэцца назвоньваць у міліцыю? Загадзя ўсведамляючы, што суседа за гэты сцяг могуць арыштаваць і катаваць у турме.

Нават калі б размова ішла пра нейкае сапраўды відавочнае правапарушэнне — начны шум у суседняй кватэры альбо паркоўку ў забароненым месцы, то нашмат больш рацыянальны і відавочны спосаб залагодзіць канфлікт — паспрабаваць пагаварыць і дамовіцца з шумным ці неакуратным суседам, а не пісаць на яго адразу заяву «ў органы». У першым выпадку застаецца шанец, што вы захаваеце нармальныя адносіны. У другім — амаль гарантавана, што на доўгія гады атрымаеце заклятага ворага, які яшчэ і адпомсціць можа самым нечаканым чынам.

Памнажэнне нянавісці і нецярпімасці

Выкрыцці, зробленыя кіберпартызанамі, будуць мець вялікія наступствы для грамадскай атмасферы ў сённяшняй Беларусі.

З аднаго боку, яны паказалі, колькі нецярпімасці, нянавісці і варожасці сёння ў грамадстве. І маштаб таго расколу, які стаў такім відавочным у жніўні 2020-га, гэтая акцыя кіберпартызанаў зусім не змяншае, а наадварот. Тое, што імёны даносчыкаў і іхнія даносы абнародаваныя, толькі памножыць варажнечу. Можна ўявіць, колькі новых міжасабовых канфліктаў зараз узнікне, колькі міжчалавечых сувязяў распадзецца, колькі людзей перастануць падаваць адзін аднаму руку…

Хоць, з другога боку, можна прадбачыць, што цяпер колькасць такіх тэлефонных даносаў пойдзе рэзка на спад. Відавочна, тыя, хто тэлефанаваў, як правіла, разлічвалі на тое, што пра іхнюю «пільнасць» суседзі не даведаюцца, што міліцыя захавае гэта ў таямніцы.

Улады, сапраўды, усяляк спрыялі сваім «добраахвотным памочнікам». Згадайце, колькі судовых палітычных працэсаў за мінулы год праходзіла за зачыненымі дзвярыма «ў мэтах бяспекі сведак». А колькі «сведак» з'яўляліся ў суды ў балаклавах, пад прыдуманымі імёнамі і нават са змененымі галасамі. І вось цяпер гэтыя маскі сарваныя, імёны, адрасы і нумары тэлефонаў абнародаваныя. Ніякага дзяржаўнага бюджэту не хопіць на тое, каб прыставіць да кожнага з іх ахоўніка, памяняць ім дакументы ці месца жыхарства, і ўжо тым больш — выправіць іхнюю рэпутацыю ў вачах суграмадзянаў. Гэта цяпер ведаюць і яны самі, і ўлада, якая аказалася не ў стане захаваць іхнюю ананімнасць, і тыя, хто патэнцыйна быў гатовы з ідэйных ці нейкіх іншых перакананняў даносіць на палітычна нядобранадзейных суседзяў.

На першы погляд, размах і маштаб дзейнасці «пільных грамадзянаў» уражвае і прыгнятае, але насамрэч гэта не выключная нейкая з'ява. Калі дзяржава заахвочвае такую актыўнасць, калі яе ўсяляк падтрымлівае афіцыйная прапаганда — у грамадстве заўсёды знаходзіцца значная колькасць персанажаў, гатовых адгукнуцца на заклік. Матывы пры гэтым розныя — і ідэйныя, і карыслівыя. У сталінскім СССР былі тысячы тых, хто даносіў на суседзяў, разлічваючы на тое, што пасля арышту ім дастанецца жылплошча, ці маёмасць, ці пасада арыштаванага «шпіёна» («антысаветчыка»).

Ці патрэбная такая праўда?

У сацыялістычнай ГДР усёмагутная спецслужба «Штазі» масава вербавала інфарматараў, шантажуючы ці абяцаючы пратэкцыю ў службовай кар’еры, атрыманні жылля і іншых дабротаў. У выніку дамаглася каласальных вынікаў. У горадзе Хемніцы (за камуністамі — Карл-Маркс-Штадт) на 200 000 насельніцтва было 3,5 тысячы супрацоўнікаў «Штазі» і 12 тысяч «інфарматараў». Немцы тады жартавалі: калі за сталом трое, то адзін з іх напэўна стукач.

Дарэчы, пасля краху ГДР, калі архівы «Штазі» былі рассакрэчаныя, немцы атрымалі магчымасць азнаёміцца з дзейнасцю «інфарматараў», якая тычылася канкрэтна іх ці іхніх сем’яў. Але скарысталіся такой магчымасцю далёка не ўсе. Як жыць далей, калі ўведаеш, што чалавек, якога ты ўсё жыццё лічыў блізкім альбо які ўвогуле належыць да тваёй сям’і, на працягу доўгіх гадоў даносіў на цябе? І ці не лепш увогуле нічога не ведаць пра гэта?

Рэдакцыі савецкіх газет у свой час былі заваленыя ананімнымі сігналамі «добраахвотных памочнікаў», якія, не называючы сапраўдных імёнаў, выкрывалі суседзяў, начальства, калегаў па працы. Колькі мне давялося на сваім журналісцкім вяку выязджаць па такіх сігналах і разбірацца ў сітуацыях. Прыедзеш за сотні кіламетраў у нейкую далёкую вёску, а аўтар ліста, аказваецца, выдуманы, як і ягоны адрас.

Колькасць такіх зваротаў рэзка скарацілася, калі дзейнасць такіх «памочнікаў» перасталі заахвочваць, калі, даведаўшыся, што імя адрасата выдуманае, рэдакцыі перасталі рэагаваць на такія сігналы.

Але яны зусім не зніклі. Аматары гэтага жанру былі, ёсць і застануцца, напэўна, заўсёды.

Здавалі дачок, жонак, цесцяў, суседзяў — пра што беларусы паведамлялі ў міліцыю ў жніўні 2020

«На мяне самога напісалі чатыры даносы». Гісторык Ігар Кузняцоў пра злітую базу зваротаў у міліцыю і паралелі з 1930-мі

«Проста моцна выпіла». Маці расказала, навошта здала дачку міліцыі ў жніўні 2020-га 

Сволач, падла і пан: інтэрв'ю з БЧБ-камбайнерам і мужчынам, які данёс на яго

Каментары

Алексіевіч нарэшце выказалася пра Ізраіль і Палесціну41

Алексіевіч нарэшце выказалася пра Ізраіль і Палесціну

Усе навіны →
Усе навіны

Апазіцыя ў Абхазіі заклікала грамадзян сабрацца днём ля парламента, каб зноў запатрабаваць адстаўкі прэзідэнта2

ДТЗ пад Івацэвічамі: адзін чалавек загінуў і чатыры, у тым ліку трое дзяцей, пацярпелі

Замок змянілі, а рэчы вынеслі ў пад'езд. Беларуска вярнулася з адпачынку ў арандаванае жыллё ў Польшчы, але яе чакаў сюрпрыз5

Гамяльчанка ператварыла кватэру ў сметнік для адкідаў. Смецце прыбрала, але жыллё ўсё адно страціла1

Той «Максім з Латвіі», які ўцёк у Беларусь, — ідэйны змагар з аліментамі20

З Італіі дэпартавалі беларуса, які адседзеў у турме за забойства

«Не хачу шчыльнымі радамі». Альгерд Бахарэвіч знайшоў новую ноту для вечнага плачу аб старонцы26

Джэйк Пол перамог Майка Тайсана ў васьмі раўндах1

Прэс-сакратаркай Трампа стала 27-гадовая дзяўчына2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Алексіевіч нарэшце выказалася пра Ізраіль і Палесціну41

Алексіевіч нарэшце выказалася пра Ізраіль і Палесціну

Галоўнае
Усе навіны →