Меркаванні

«На мяне ідзе чалавек з ружжом і шчытом. Я трохі здзівіўся». Першае інтэрв’ю культавага Анатоля Шалковіча, які любіць «памідоры са смятанай»

11 лістапада сілавікі затрымалі мінчука Анатоля Шалковіча якраз у яго дзень нараджэння. Мужчыну абвінавацілі ў тым, што ён шыў і развешваў бела-чырвона-белыя сцягі. Таксама сілавікі запісалі з ім традыцыйнае відэа, якое стала хітом узроўню «Хлопотного дельца». На відэа спадар Анатоль з абаяльнай усмешкай скрозь густыя вусы шчыра прызнаваўся, што яму заўсёды падабалася спалучэнне белага і чырвонага колераў. «У мяне жонка рудая — гэта значыць, белае з чырвоным. Я люблю памідоры са смятанай — гэта таксама белае з чырвоным», — казаў ён. Пасля гэтага відэа завірусілася, у сацсетках нават пачаўся флэшмоб — людзі выкладвалі фота памідораў са смятанай. Анатоль Шалковіч правёў за кратамі два месяцы — 60 сутак і выйшаў на волю ўжо з раскошнай барадою. Ён расказаў «Нашай Ніве» пра сваё затрыманне, адсідку і тыя самыя памідоры. А таксама падзяліўся яшчэ адным смачным рэцэптам.

«Прыйшлі па мяне ў дзень нараджэння. Пазванілі ў дзверы, жонка і адкрыла. Яны зайшлі, а я ў той момант гаварыў па тэлефоне, прымаў віншаванні. Мяне віншавала знаёмая, а тут на мяне выйшаў чалавек з ружжом і шчытом і кажа: «Рукі ўверх!» Я трохі здзівіўся. 

Але ж рукі ў мяне і так былі ўверх — тэлефон трымаў каля вуха. Ну я іх яшчэ вышэй падняў, — згадвае спадар Анатоль. — Ішлі там яны адно за адным, чалавек пяць агулам. Адзін яшчэ сядзеў у двары ў машыне, блакаваў такім чынам маё аўто, каб я нікуды не з’ехаў. На аднаго чалавека неяк зашмат, мне так падалося.

Двое, якія і праводзілі ператрус, маіх суседзяў паклікалі панятымі. У мяне пыталіся, ці ёсць зброя, выбухоўка? Няма, адказваю. Пытаюцца: «А бэчэбэ-сімволіка?» Ну так, кажу, ёсць, вось каля вас пакет стаіць са сцягамі. Я ўсё аддаў, бо разумеў, што чаго хаваць, калі ўжо злавілі.

Сцягі я не шыў, насамрэч, яны вельмі проста робяцца: белы спанбонд, на ім фарбай малюецца чырвоная паласа, вось і ўсё. У падвале я іх вешаў сушыцца. 

Падчас ператрусу сілавікі паводзілі сябе карэктна. Чаму да мяне прыйшлі, мне ніхто не сказаў, таму магу толькі здагадвацца. Ведаю, што з майго раёна затрымалі яшчэ некалькі чалавек, у аднаго з іх быў мой кантакт. Магчыма праз гэта?»

«Але я ж і не думаў, што гэтыя словы стануць такімі папулярнымі»

Пасля Шалковіча павезлі ў РУУС, дзе і запісалі тое відэа. 

«Прыйшоў чалавек з камерай, паставіў і кажа: запішам, раскажыце, як развешвалі, назавіце імя-прозвішча. 

Я сказаў шчыра: ну падабаюцца мне сцягі, таму і развешваў. Тады і расказаў пра чырвоны і белы колеры, пра памідоры.

Але я ж і не думаў, што гэтыя словы стануць такімі папулярнымі.

Я сказаў, як ёсць, без усякай задняй думкі, тым больш, не жартаваў. У РУУСе абстаноўка не вельмі схіляе да жартаў, — кажа Шалковіч. — Для мяне ўсё пачалося яшчэ ў 1990-х, калі бела-чырвона-белы сцяг быў дзяржаўным.

І мы тады спрачаліся, хтосьці казаў, што сцяг не вельмі, а я аргументаваў, што спалучэнне чырвонага і белага заўсёды лепшае, чым чырвоны і зялёны. Бо так і ёсць, як ты ні кажы. Калі хочаш, каб прыцягвала ўвагу, мусяць быць правільныя такія колеры. 

Таксама сапраўды, раней калі мяне хтосьці пытаўся, што я больш за ўсё люблю, я адказваў, што сваю жонку і памідоры са смятанаю».

Затым быў суд, Шалковічу далі 15 сутак. Ён прызнаў, што развешваў сцягі. Агулам жа — 60 сутак на Акрэсціна.

«Спачатку я сядзеў у ВІП-умовах, камера на 6 месцаў, дзе было 6 чалавек. Матрацы, кніжкі, усё як трэба. Але пасля першых 15 сутак мяне перавялі ў камеру да «бэчэбэшнікаў», дзе я правёў астатнія 45 сутак. Камера стала як родная. Там было яшчэ весялей.

Не так зручна, можа, бо спалі на падлозе, і на 4 ложкі ўжо 16 чалавек. Але ж гэта было і добра: людзей больш, адпаведна і цяплей, і пагутарыць можна больш, — кажа Шалковіч. — Я ведаў, што хутка не выйду, бо пасля першых 7 сутак за кратамі да мяне прыйшоў міліцыянт і сказаў, што я сцягоў навешаў шмат, таму мне адмерылі чатыры тэрміны, а пасля выпусцяць.

Так што я рыхтаваўся, што 60 сутак і будзе. Былі думкі, што, можа, неяк раней адпусцяць, але ж могуць і дадаць. Але ж яны свае словы стрымалі, таму ніякіх прэтэнзій да іх няма».

«Вяртаўся ў камеру пасля чарговага прысуду і казаў: «Рабяты, прабачце, але я з вамі застаюся»

«Бывалі вязні, якія заходзілі і пазнавалі мяне праз тое відэа. Трохі прыемна было. Але пасля вырасла барада і пазнаваць мяне перасталі, гэта таксама радавала — залішняя папулярнасць мне не патрэбная, нават можа нашкодзіць. 

У камеры я намагаўся падтрымліваць людзей. Даўно не спяваў, але пачаў згадваць песні, пачало паціху атрымлівацца. Спявалі рознае. Напрыклад, па панядзелках мы спявалі: «Ад панядзелка да панядзелка дробны дожджык лье. Сабралася бедна басота, ды гарэлку п'е».

Развучылі ўсю песню. Таксама бардаў спяваў, я ж на гітары граю. 

З альпінісцкага вопыту дапамагло тое, што палову жыцця я спаў на цвёрдай паверхні. Таму для мяне на падлозе спаць было лёгка. Роўная падлога — такім мяне не здзівіш. 

А цяжэй за ўсё было іншым, хто не ведаў, колькі ім сядзець. Я ведаў, але ж таксама, думкі розныя былі. Увогуле, на Акрэсціна я перасякаўся і з крымінальнікамі, якія ўжо мелі вопыт адсідкі па некалькі гадоў, дык яны казалі: у турме лепш, бо там ты дакладна ведаеш, калі цябе адпусцяць. А тут могуць і дадаць — і некаторым сапраўды дадавалі».

Шалковіч у першыя хвіліны пасля вызвалення

На Новы год, згадвае Шалковіч, людзі ў камеры проста пайшлі спаць: гадзіннікаў не было. Але прачнуліся ад салютаў. Вось і ўсё свята — нават з’есці нешта смачнае не маглі, бо перадачы не аддавалі, як і лісты ці паштоўкі. Да вязняў даходзілі толькі лекі. 

«Елі тое, што ў меню, а яно там паўтараецца, — расказвае Анатоль. — Кожны панядзелак — гарохавы суп, напрыклад. Памідоры часам бывалі, праўда, без смятаны, але тут мяне сукамернікі не падколвалі.

Яны ўвогуле ставіліся да мяне з павагаю: па-першае, у мяне ўжо ўзрост, а па-другое, нейкі прыродны аптымізм маю, я стараўся трымацца.

Вяртаўся ў камеру пасля чарговага прысуду і казаў: «Хлопцы, прабачце, але я з вамі застаюся». І пасміхаўся. Плакаць не хацелася.

Хоць страх і быў, што пасля 60 сутак могуць не адпусціць. Але калі выйшаў і жонку ўбачыў, тады было вельмі радасна. Не плакаў, стрымаўся, але тады якраз трохі хацелася».

Цяпер спадар Анатоль дома. Ужо схадзіў на працу, здаецца, праблем там няма:

«Я інжынер-электрык, маю дачыненне да ўсяго, што на нашай фірме круціцца: станкі, лазеры, механаапрацоўка. Мы выпускаем медабсталяванне, мая задача — рамантаваць, калі нешта ламаецца. 

Сёння я быў на працы, там сказалі, што пакуль загаду мяне звальняць не было».

Таксама Шалковіч паспеў нават падзяліцца новым рэцэптам: марозівам з каньяком.

«Насамрэч, гэта стары рэцэпт, я пра яго расказваў сукамернікам увесь час. Казаў: «Хлопцы, першае, што зраблю, гэта куплю марозіва, налью туды трошкі каньячку і буду гэта лыжачкай паціху сёрбаць. Смачна так, вы не ўяўляеце!» 

І некаторыя такія: ну, напэўна, і мы пакаштуем, калі выйдзем, як гэта будзе! — расказвае спадар Анатоль. — А таварыш, які мяне сустракаў, пакаштаваў такое марозіва і сёння ўжо кажа: «Так спадабалася, што, здаецца, ты мяне на гэта падсадзіў. Таму рэкамендую ўсім такое марозіва — можа, і вам спадабаецца». 

Каментары

Цяпер чытаюць

Расійскія ваенкары заяўляюць, што страты дасягнулі непрымальнага ўзроўню. «Чакае нас рэмейк восені 2022 года»12

Расійскія ваенкары заяўляюць, што страты дасягнулі непрымальнага ўзроўню. «Чакае нас рэмейк восені 2022 года»

Усе навіны →
Усе навіны

У Мінску пачалі будаваць вялікі падземны фудкорт4

У Польшчы паведамілі пра затрыманне беларускага «злодзея ў законе». Вось толькі незразумела, што з ім рабіць далей

Украіна прапаноўвала ЗША тэхналогіі процідзеяння іранскім беспілотнікам. Тыя не зацікавіліся, цяпер лічаць гэта «найбольшым промахам»14

ЗША абмяжуюць паслабленне нафтавых санкцый супраць Расіі пастаўкамі ў Індыю3

Пасля некалькі гадоў скарачэння ў Беларусі зноў стала расці колькасць аграсядзіб

Прызналі «экcтрэмісцкім фармаваннем» тэлеграм-чат «Беларусы Валенсіі»2

Прыцэльны ўдар па месцы зборкі наземных дронаў у Данецку — трое расійскіх вайскоўцаў загінулі, адзін знік2

Сталкер Ганны Бонд прыматаў да яе машыны цацку з чырвона-зялёным сцяжком18

Жонка дырэктара ЕРАМ, грошы на змаганне з анкалогіяй для якой збіралі ўсім светам, увайшла ў рэмісію16

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Расійскія ваенкары заяўляюць, што страты дасягнулі непрымальнага ўзроўню. «Чакае нас рэмейк восені 2022 года»12

Расійскія ваенкары заяўляюць, што страты дасягнулі непрымальнага ўзроўню. «Чакае нас рэмейк восені 2022 года»

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць