Кіраўнік знешняй разведкі ФСБ, які адказваў за Украіну, пераведзены ў СІЗА
Былы кіраўнік 5-й службы ФСБ Сяргей Бяседа, які, паводле неафіцыйных звестак, быў адпраўлены пад хатні арышт неўзабаве пасля расійскага ўварвання ва Украіну, пераведзены ў СІЗА «Лефортава». Пра гэта паведаміў галоўны рэдактар сайтa agentura.ru Андрэй Салдатаў, які спецыялізуецца на расійскіх спецслужбах. Ён распавёў пра падзеі ў атачэнні Пуціна.
Генерал-палкоўнік Сяргей Бяседа шмат гадоў узначальваў так званую 5-ую службу ФСБ — аддзел аператыўнай інфармацыі і міжнародных сувязяў ФСБ.
Гэтае падраздзяленне, да стварэння якога мае дачыненне Пуцін, адказвае у тым ліку за разведвальныя аперацыі на тэрыторыі былога Савецкага Саюза, спробы ўтрымання постсавецкіх краін у сферы ўплыву Расіі.
Андрэй Салдатаў адзначае, што Сяргей Бяседа і раней трапляў у непрыемныя для сябе сітуацыі, звязаныя з Украінай.
Першы раз гэта здарылася яшчэ падчас Майдана ў 2014 годзе, калі высветлілася, што генерал-палкоўнік быў у Кіеве.
— Падчас гэтых падзей ён павінен быў утрымаць Віктара Януковіча ва ўладзе, але ў яго нічога не выйшла. Гэта стала вядома пасля таго, як Януковіч адляцеў.
МЗС Украіны дасылала афіцыйныя запыту ў расійскія спецслужбы і МЗС Расіі аб допыце Сяргея Бяседы наконт таго, што ўласна ён рабіў у Кіеве. Але ён прыдумаў нейкую дзіўную гісторыю пра тое, што ён правяраў бяспеку расійскага пасольства. Можа, хадзіў правяраў там лямпачкі і калючы дрот.
Але сітуацыя цяпер нашмат больш жорсткая і нашмат горш павярнулася для яго асабіста, таму што літаральна праз паўтары тыдні пасля пачатку вайны стала вядома, што Сяргей Бяседа змешчаны пад хатні арышт, што да яго велізарная колькасць прэтэнзій, звязаных з дзейнасцю яго 5-й службы.
І гэта прэтэнзіі, ад дрэннай разведвальнай інфармацыі да няправільнага выкарыстання бюджэтных сродкаў, якія былі вылучаныя на падрыўную працу на тэрыторыі Украіны.
Цяпер стала вядома, што Сяргей Бяседа больш не знаходзіцца пад хатнім арыштам, ён знаходзіцца ў Лефортаўскай турме.
Як паведамляюць мае крыніцы, — пад чужым імем. Гэта ўпершыню такая сітуацыя, калі генерал-палкоўнік ФСБ знаходзіцца ў Лефортаве.
Быццам цяпер ім займаюцца ўжо следчыя ваеннага следчага ўпраўлення СК. Афіцыйная лінія расследавання — крадзеж бюджэтных сродкаў, выдзеленых на працу яго службы, і зразумела, што ў гэтым выпадку зноў такі гаворка ідзе пра дзейнасць на тэрыторыі Украіны, — распавёў журналіст.
Cалдатаў кажа, што, магчыма, генерал-палкоўнік недакладна інфармаваў Пуціна пра грамадскія настроі ва Украіне.
Па яго інфармацыі, справай Бяседы цяпер займаецца ваенная контрразведка — структура, якая звычайна займаецца пошукам здраднікаў. Па словах жураналіста, у яго ёсць адчуванне, што шмат хто ў Крамлі цяпер задаецца пытаннем, чаму амерыканская разведка так шмат ведала і прадказвала.
Супрацоўнікі ФСБ працяглы час з’яўляліся недатыкальнай кастай у Расіі, нават шараговых супрацоўнікаў гэтай структуры звычайна не прыцягвалі да адказнасці за правапарушэнні, а афіцэры такога высокага рангу ніколі раней не прыцягваліся да крымінальнай адказнасці.
Аналітык звяртае ўвагу, што ў 2014 дзеянні расійскай разведкі ва Украіне ацэньваюцца як правальныя — перад імі стаяла задача не дапусціць адхілення Януковіча ад улады, і яны не далі рады, а войска ж наадварот — эфектыўна вырашыла задачу па акупацыі Крыма, таму ўплыў вайскоўцаў у атачэнні Пуціна ў той час узрос.
Цяпер жа і вайскоўцы апынуліся ў складанай сітуацыі. Пару тыдняў таму быў звольнены намеснік камандуючага Росгвардыяй генерал-лейтэнант Раман Гаўрылаў. Усе гэтыя працэсы сведчаць аб тым, што Пуцін незадаволены ходам «спецаперацыі».
— Ён праўда лічыць, што яго вялікі план быў абсалютна нармальны, праблема — з элементамі. У апошні час, прынамсі да вайны, на першыя пазіцыі ўвесь час высоўваліся вайскоўцы, але і яны апынуліся цяпер у складанай сітуацыі. Ну, проста таму, што дрэнна ідзе вайна, і як жахліва ўся гэтая гісторыя разгортваецца, страты і гэтак далей.
Больш за тое, Уладзімір Пуцін нядаўна адкрыў для сябе ісціну, якую ведалі абсалютна ўсе савецкія кіраўнікі, што ваенныя заўсёды хлусяць. Вайскоўцы хлусілі нават Сталіну, што ўжо казаць пра Уладзіміра Пуціна?
Вось ён нядаўна адкрыў для сябе, што і салдаты тэрміновай службы там выкарыстоўваюцца, і іншыя рэчы адбываюцца. Больш за тое, я б сказаў, што тое, што план вядзення ваенных дзеянняў на тэрыторыі Украіны не мяняўся на працягу практычна месяца, хоць было адразу зразумела, што ён не спрацаваў, — гэта сведчыць аб тым, што Уладзімір Пуцін не вельмі добра разумеў наогул, што адбываецца ў ягоным войску, з яго сілавымі структурамі. Таму цяпер казаць пра тое, на каго ён у рэшце рэшт зробіць стаўку і як зменіцца расклад сіл паміж сілавікамі, я проста не бяруся.
Каментары