Грамадства

«Шкада іх: маладыя дурныя». Журналіст Алег Груздзіловіч параўнаў магілёўскую турму і «Валадарку»

У зняволенні журналіст Алег Груздзіловіч ужо 3,5 месяца, ён быў затрыманы 23 снежня. У канцы сакавіка яго з мінскага СІЗА на вуліцы Валадарскага перавялі ў магілёўскую турму №4.

Трэцяга сакавіка палітвязня Алега Груздзіловіча асудзілі на 1,5 года калоніі. Яго абвінавацілі ў трох эпізодах удзелу ў масавых беспарадках падчас пратэстаў супраць фальсіфікацыі выбараў 2020 года і гвалту. Таксама яму выставілі пазоў на 56 тысяч рублёў.

У апошніх лістах сваёй жонцы Мар’яне палітвязень параўнаў умовы дзвюх турэмных установаў і апісаў сваё штодзённае жыццё ў чаканні пераводу ў калонію. Мар'яна прывезла ў Магілёўскую турму дзве перадачы.

Пра ўмовы ў камеры

«Я ўжо ў новай камеры пераначаваў першую ноч. Коратка пра ўмовы: камера значна большая. Нас тут удвая больш, але і месца нашмат больш. Ёсць тэлевізар, хлопцы яго ўвесь час глядзяць, не засумуеш. Вокны з жалюзі, як трэба. Паветра дастаткова, хоць хлопцы і кураць. Хлопцы ўсе нармальныя. Знаю іх па імёнах ужо, ёсць цікавыя, з розных гарадоў. Як і я, ці чакаюць апеляцыі, ці ўжо пасля яе чакаюць адпраўкі ў калонію.

Хадзілі сёння на прагулку раніцай. Пляцоўка большая (у іншых лістах Алег Груздзіловіч пісаў, што памер дворыка прыкладна 7×5 метраў), чым самая вялікая на Валадарцы. Нармальна! Хлопцы па чарзе дзяжураць. Калісьці і мая будзе чарга, але пакуль я навічок, усё вывучаю, прыглядваюся. Па вечарах збіраюць пошту, як і на «Валадарцы», акрамя пятніцы і суботы…

Буду па-ранейшаму шмат чытаць, але тут крыху горш з гэтым. Святла менш і тлум стаіць, таму яшчэ трэба прызвычаіцца. Вось цяпер па НТВ ідзе «Багіра» (ты ведаеш пра гэты серыял), хлопцы глядзяць, разявіўшы раты, каментуюць, як Светлакоў у «Нашай Рашы», часам смешна. Учора па СТБ ішло «Слабае звяно» — я ўжо і забыў, што ёсць такая перадача. Гэта такое калектыўнае разгадванне крыжаванкі з каментарыямі хлопцаў. Зноў было смешна! Але мяне дык як вяртае ў былое жыццё… Сёння ўвечары атрымаў першы ўрок туркменскай мовы — сустрэў былога студэнта, тварам падобны на тваіх навучэнцаў. Ужо ведаю першыя тры словы, вельмі важныя: men seni söýýäri — «я цябе кахаю»».

«Крыху эйфарыя першых двух дзён спадае. Учора атрымалася кароткая прагулка. Хлопцы самі не захацелі гуляць даўжэй за 30 хвілін, маўляў, дворык невялікі. Сонца, можна гуляць, а яны: «Хадзем дамоў». Для мяне гэта дзіва. А сёння ўвогуле не пайшлі. Маўляў, ідзе дождж. Хаця насамрэч крыху дажджыла. Адношу гэта на тое, што ёсць тэлевізар, дык можна абы-чым заняць мазгі. Ды яшчэ і кураць бясконца».

Пра ежу

«Табе, можа, цікава, а чым жа мы паелі? Суп тыпу расольнік, але нічога, наварысты, на другое ячная каша з мясам і кісель. Адметна, што яшчэ гадзіну таму хлопцы на ўсіх рабілі бутэрброды (хлеб+каўбаска+сыр) з тых агульных прадуктаў, якія атрымалі з перадачы. То бок малайцы, дружненьнка жывём».

Аб прыбіральні

«З «туалетнай» тэмай нават лепш чым на «Валадарцы», дзе быў унітаз, шырма. Тут таксама кабінка, але каменная, таксама шырма-шторка.

Але самае галоўнае, памер камеры такі (плюс яшчэ пастаянна ўключаны тэлевізар), што нічога не чуецца і не адчуваецца».

Малюнак Алега Груздзіловіча

Пра турэмную штодзённасць

«Раніцай я працягваю абцірацца халоднай вадой, рабіць зарадку, ну можа не зарадку, а такую размінку, бо на адным месцы доўга не прастаіш. Тут такі броўнаўскі рух: адзін сюды ідзе, другі ставіць кіпяціць ваду, трэці ўжо забірае кіпень, нехта курыць, хтосьці ходзіць туды-сюды, некаму ты замінаеш глядзець «яшчык». Адыходзіць, а ззаду нехта прабіраецца да палічак з прадуктамі…

Дарэчы, калі ты ўключыш а 6:00 БТ-2, ці потым у 7:00 паўтараюць, ты можаш уявіць настрой, які перажываюць хлопцы. Кліпы з «дзяўчонкамі» — любімае відовішча вязняў, а тут жа ў асноўным да 40 гадоў».

У камеры кураць усе, апрача Груздзіловіча

«Ва ўсёй камеры я адзін, хто не курыць, на жаль. Але мне здаецца, што паветра тут усё ж чысцейшае, чым на «Валадарцы», дзе тых, хто не курыць, была палова. Бо там дым разыходзіўся збольшага па ўсёй камеры, выцяжка ішла ў калідор і толькі адтуль дым ішоў у фортку. А тут вентыляцыя самастойная, ды яшчэ і фортка…

Некаторыя хлопцы кураць пачак на дзень, некаторыя палову. Ёсць адзін хлопец, які да турмы ўвогуле не курыў. Навошта ж пачаў? Адказвае: «А што тут яшчэ рабіць?»… Здзіўляюся, наперадзе гады няволі, а яны здароўя не цэняць. Толькі адзін рэгулярна займаецца практыкаваннямі. Іншыя паядуць — адразу кураць, падымуцца — адразу кураць, выйдуць у дворык на прагулку — адразу кураць! Шкада іх, маладыя — дурныя».

Каментары

Цяпер чытаюць

Як склаўся лёс Яны Пачыцкай — дзяўчыны, якую затрымлівалі разам з Канавалавым і Кавалёвым па справе аб тэракце ў метро9

Як склаўся лёс Яны Пачыцкай — дзяўчыны, якую затрымлівалі разам з Канавалавым і Кавалёвым па справе аб тэракце ў метро

Усе навіны →
Усе навіны

Тэхнарэйв у Белавежскай пушчы пасля пратэстаў перанеслі4

«Русафобы кончаныя, вам не сорамна?» Беларускі брэнд хацеў прадаць расіянам у эміграцыі антываенныя футболкі — і вось што атрымалася56

Прызналі «экстрэмісцкім» стары фільм «Жыве Беларусь!»1

Гэтая фіялетавая гародніна скарае свет, але стала дэфіцытнай3

«Яна была спартыўнай дзяўчынай». Што вядома пра загінулую пасажырку дэльтаплана, які ўпаў пад Мінскам5

Каб залагодзіць Трампа, ПАР прызначыла паслом у ЗША палітыка, які ўваходзіў ва ўрад яшчэ ў часы апартэіду

Лукашэнка падпісаў закон, якім уводзіцца адказнасць за «прапаганду» бяздзетнасці і гомасэксуалізму11

У Малдове вынеслі прысуд былому высокаму спецслужбісту за перадачу сакрэтных звестак беларускаму КДБ

У Навагрудку разбураюць кляштар навагрудскіх мучаніц, якія ахвяравалі сваімі жыццямі за мясцовых жыхароў7

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Як склаўся лёс Яны Пачыцкай — дзяўчыны, якую затрымлівалі разам з Канавалавым і Кавалёвым па справе аб тэракце ў метро9

Як склаўся лёс Яны Пачыцкай — дзяўчыны, якую затрымлівалі разам з Канавалавым і Кавалёвым па справе аб тэракце ў метро

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць