Інтэрнэт і СМІ

Алена Касцючэнка: У гэтай вайне вялікая частка нашай адказнасці, нашай цярпімасці да гвалту. Расія прасякнута гвалтам

Алена Касцючэнка — адна з нямногіх расійскіх журналістак, якая працавала на вайне ва Украіне. Яна была там больш за месяц, пісала для «Новай газеты», якая цяпер прыпыніла дзейнасць. У рэжыме ваеннай цэнзуры яе рэпартажы выходзілі з цэнзурнымі дзіркамі, ад чаго рабіліся яшчэ больш вусцішнымі. Пра сваю працу на вайне, пра будучае вяртанне ў Расію і пра перспектыву апынуцца ў турме па новым законе РФ за дыскрэдытацыю ўзброеных сіл, Алена Касцючэнка расказала ютуб-каналу «Вся такая Монгайт». Прыводзім вытрымкі.

Алена Касцючэнка. Фота: elena.kostyuchenko.7 / Facebook

Пра важнасць размоваў

— Ты апісвала сітуацыю ў Херсоне, і ў тваім рэпартажы спачатку гэта выглядала як жахлівая, але агулам спакойная сітуацыя. І было нейкае адчуванне адноснай нармальнасці. А потым і мітынгі ў Херсоне разганялі святлошумавымі гранатамі, і былі Буча ды Ірпень. Ты разумееш, як пераходзіць гэты рэжым спакою ў поўнае пекла, як здараецца гэты зрыў.

— Я проста разумею, што калі яны [расійскія салдаты] знаходзіліся ў Херсоне — гэта не тое ж самае, калі яны знаходзіліся ў Бучы ды Ірпені. Херсон яны ўзялі, там было вельмі шмат загінулых, але ўсё роўна расійскія войскі занялі яго даволі лёгка, і гэта абласны цэнтр.

Буча ды Ірпень — гэта прадмесці Кіева. Тыя вайскоўцы ішлі на Кіеў, і ў іх не атрымалася ўзяць Кіеў. Таму, вядома, яны былі раззлаваныя і адчувалі зусім іншыя эмоцыі.

Але як можна расстрэльваць людзей са звязанымі рукамі за спінай і гвалтаваць жанчын, я не магу сабе гэта ўявіць. Мне б вельмі хацелася пагаварыць з расійскімі вайскоўцамі, якія ўдзельнічаюць у вайне ва Украіне, але ў мяне не было такой магчымасці.

— А ты ў прынцыпе можаш сабе ўявіць такую размову з расійскімі вайскоўцамі, якія былі ў Бучы?

— Так, вядома.

Я за сваю працу шмат з кім размаўляла. Я і з забойцамі размаўляла, і з гвалтаўнікамі. Гэта складана, але гэта не немагчыма.

Большасць людзей лічаць, што яны добрыя, яны адчуваюць сябе добрымі, адчуваюць, што маюць рацыю. І я б хацела зразумець, у чым іх «харошасць» і рацыя, што яны думаюць і адчуваюць пра гэтую вайну.

Мне здаецца, гэта была б вельмі важная размова і было б важна, каб гэтыя людзі не перасталі быць злом без аблічча. Мы бачым іх дзеянні, мы бачым, што яны робяць, як яны робяць, але мы не ведаем, хто яны. І мне здаецца, гэта быў бы важны адказ для ўсяго расійскага грамадства.

Таму што я ўжо цяпер бачу ў інтэрнэце ад розных прадстаўнікоў інтэлігенцыі развагі, што гэта нейкая іншая парода людзей.

Але я не думаю, што гэта іншая парода людзей. Гэта нашы сваякі, гэта нашы суседзі, якія робяць вось такое. І я хачу ўбачыць іх у твар і даведацца, што яны рабілі, як яны рабілі і чаму.

Пра сістэму гвалту

— Я думаю, у гэтай вайне вялікая частка нашай адказнасці, нашай цярпімасці да гвалту. Расія прасякнутая гвалтам. Мы ведаем пра гэта. Мы ведаем, што ў нас дэкрыміналізаваны хатні гвалт, што тысячы жанчын гінуць ад рук сваіх блізкіх.

Мы ведаем пра тое, што адбываецца ў расійскіх дзіцячых дамах, у расійскіх турмах, якія па сутнасці ўяўляюць сабой канцлагеры. У нас законы, якія заахвочваюць гвалт. У нас ёсць закон аб гейпрапагандзе, па якім 7% расіян прызнаныя сацыяльна няроўнымі. У нас катаванні ў аддзелах паліцыі, у войску, калоніях.

Мы пра гэта ўсё пісалі. Але па сутнасці мы, журналісты, займаліся дакументацыяй, гэта наш прафесійны абавязак. Але наш грамадзянскі доўг не абмяжоўваецца прафесійнымі абавязкамі.

І атрымліваецца, што мы нібы ў сваім імкненні сярод гэтага пекла абгарадзіць сябе кавалачкам агароджы, развесці там кветкі і арганізаваць сабе нармальнае жыццё — вось гэтым самым імкненнем мы патуралі таму, што гэтае пекла працягвалася, мела развіццё, атрымала такія жахлівыя формы і цяпер выплюхнулася на суседнюю краіну.

Пра вяртанне з вайны

— У мяне вельмі шмат падтрымкі ад блізкіх, ад калег, ад маіх чытачоў. У мяне ёсць тэрапеўтка, і яна вельмі моцна падтрымлівае мяне. У мяне цяпер праблемы са сном і з засынаннем. Сёння была першая ноч, калі мне не сніліся кашмары пра вайну.

Але гэта ў прынцыпе нічым не адрозніваецца ад маіх папярэдніх паездак у гарачыя кропкі. Нейкі час гэта з цябе выветрываецца.

Што адрозніваецца, дык гэта, вядома, тое, што калі раней ты вярталася ў мірнае жыццё і ўзнікала такое адчуванне — не ведаю, як яго апісаць — ну што вось ты была на вайне, ты бачыла рэчы па-за межамі, ты вярнулася адтуль — дзеці гуляюць, клубніцы прадаюць, і ў цябе гэтыя дзве карцінкі не стасуюцца. Незразумела, як адначасова можа адбывацца тое і іншае, і што з гэтага праўда, што з гэтага жыццё.

А цяпер гэтая вайна зачапіла і ўзрушыла ўсіх. І няма гэтага адчування вяртання да мірнага жыцця. Гэта значыць, не падаюць бомбы, няма артылерыйнага агню, але ўсё роўна ўсе размовы — пра вайну, пра тое, як дапамагчы людзям там, што рабіць, шмат бежанцаў. Гэтая вайна, яна сапраўды глабальная такая. Яна закранула ўсіх, усіх зачапіла.

Пра турму

— Калі мяне пасадзяць у турму, гэта не стане канцом майго жыцця.

Цяпер змянілася крымінальнае заканадаўства, і па ім мая журналісцкая праца ва Украіне, якую я старалася рабіць добра, яна з'яўляецца злачынствам. Там пазначаны тэрмін — да 15 гадоў.

Я проста не лічу гэты закон законным. І не бачу, чаму я павінна яму падпарадкоўвацца. Гэта цэнзарскі закон, ён супярэчыць закону аб СМІ, ён супярэчыць Канстытуцыі Расіі, і гэты закон не можа быць правапрыменены.

Я ведаю, што цяпер у Расіі ёсць крымінальныя справы, што былі распачатыя па гэтым артыкуле.Таму зразумела, што калі я вярнуся, мяне таксама могуць пасадзіць. Але з-за рызыкі сесці ў турму я не збіраюся эміграваць.

Нічога асабліва не змянілася. Я шмат пісала пра правасуддзе ў Расіі, і я ведаю, што сесці ў турму ў Расіі вельмі лёгка, і зусім не абавязкова для гэтага быць журналістам, актывістам ды іншае.

Проста ў мянтоў можа быць канец квартала, ім патрэбныя будуць палкі па наркаартыкулах, і раптам у цябе ў кішэні знойдзецца пакецік з забароненым рэчывам.

І вось ты ўжо едзеш на сем год.

У нас працэнт апраўдальных прысудаў — 0,13. Менш працэнта шанец даказаць у судзе, што ты невінаваты.

Таму ў мяне ніколі не было ілюзіі, што я жыву ў бяспецы. І таму, магчыма, я гэтую сітуацыю даволі спакойна ўспрымаю, і ў мяне не ўзнікае істэрыкі калі думаю, што магу апынуцца ў турме. У мяне ёсць сябры, якія сядзелі ў турме.

Я ведаю, што турма — гэта не канец жыцця.

Чытайце таксама рэпартаж Алены Касцючэнка:

«Глупства або здрада, магчыма, і тое і другое». Як здалі Херсон

Каментары

 
Націсканне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

Цяпер чытаюць

Пасля знікнення спікеркі Мельнікавай няма доступу да рахункаў Каардынацыйнай рады26

Пасля знікнення спікеркі Мельнікавай няма доступу да рахункаў Каардынацыйнай рады

Усе навіны →
Усе навіны

«Я ехала ад вайны і бамбёжак»: Яўгенія Чарняўская пра пераезд на Кіпр20

Высадка ў Грэнландыі: Джэй Дзі Вэнс разам з жонкай прыляцеў на востраў без запрашэння6

«Невінаваты». Вярхоўны суд скасаваў прысуд Алвесу за згвалтаванне3

Эксперт пра знікненне амерыканскіх вайскоўцаў у Літве: Ёсць тры версіі13

За суткі ў Мінску ў ваннах патанулі два чалавекі1

Дзясяткі людзей апынуліся пад заваламі пасля землятрусу ў Паўднёва-Усходняй Азіі

Як выглядае топ-25 беларускіх гарадоў па колькасці насельніцтва. Новыя лічбы2

Віцебскія чыноўнікі пераблыталі колеры на сцягу Расіі ФОТАФАКТ4

Бензін даражэе трэці тыдзень запар

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Пасля знікнення спікеркі Мельнікавай няма доступу да рахункаў Каардынацыйнай рады26

Пасля знікнення спікеркі Мельнікавай няма доступу да рахункаў Каардынацыйнай рады

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць