Грамадства

«Казаць, што мы ўсе памром, — дакладна няправільна». Эксперт пра магчымыя наступствы ядзернай вайны 

Пасля таго як украінская армія адкінула расіян ад Кіева і Харкава, у Маскве загаварылі пра атамны ўдар. «Наша Ніва» спыталася ў хіміка, якія могуць быць наступствы такога ўдару і як мiнімізаваць шкоду для здароўя, калі словы расійскіх прапагандыстаў пяройдуць у дзеянне.

Дзе ні хавайся — у эпіцэнтры шанцаў выжыць няма

Гаворачы пра ядзерную зброю, хімік, эксперт па радыяцыйнай, хімічнай і біялагічнай бяспецы Cяргей Бесараб падзяляе яе на тактычную (ад соцень тон да некалькіх кілатон) і стратэгічную (магутнейшую за некалькі кілатон).

Cяргей Бесараб — хімік, эксперт па радыяцыйнай, хімічнай і біялагічнай бяспецы

Пад першай разумеюцца артылерыйскія снарады малой магутнасці, кшталту амерыканскай Davy Crockett M388. Такімі снарадамі можна стрэліць са звычайнай гарматы. Яны ляцяць як звычайны снарад з далёкасцю да 50—70 кіламетраў. Эпіцэнтр выбуху — каля 1—3 кіламетраў.

«У тых, хто будзе знаходзіцца ў эпіцэнтры, шанцаў выжыць няма, дзе б яны ні хаваліся. Праз велізарную тэмпературу, дзясяткі і сотні тысяч градусаў, усё вакол пераплаўляецца ў шкло. Цягам дня загіне яшчэ 20—30% чалавек, якія знаходзіліся блізка ад эпіцэнтра», — тлумачыць маштаб эксперт.

Чым далей ад эпіцэнтра, тым больш шанцаў выжыць у людзей. Ужыванне снарадаў малой магутнасці не прынясе амаль ніякай імгненнай шкоды тым, хто знаходзіцца за некалькі дзясяткаў кіламетраў ад выбуху. Адзінае, што там пагражае, — радыеактыўнае забруджванне. 

Зоны дзеяння ад ядзернай зброі можна падзяліць такім чынам:

— эпіцэнтр (усе фактары адразу, плюс велізарныя тэмпературы і ціск);

— выбуховая хваля;

— светлавое выпраменьванне — інфрачырвонае, ультрафіялетавае;

— пранікаючая радыяцыя вялізарнай інтэнсіўнасці;

— радыяцыйнае забруджванне, як пасля выбуху на АЭС — радыеактыўныя пыл і ападкі.

«Для тых, хто не знаходзіцца ў эпіцэнтры і блізу яго, наступствы будуць такімі самымі, як ад аварыі на атамнай станцыі. Галоўнае адрозненне тут толькі ў тым, што колькасць шкодных выкідаў будзе значна меншай у параўнанні з выкідамі пры выбуху на ЧАЭС. 

Ад удараў стратэгічнай зброяй (ракетамі) разбурэнняў будзе значна больш. Такія ракеты з ядзернымі боегалоўкамі можна пускаць як са звычайных ЗРУ, так і з падлодак. Іх магутнасць у сярэднім складае 100—150 кілатон. Маштабы разбурэнняў і наступствы моцна залежаць ад гэтых паказчыкаў», — адзначае эксперт. 

Адзін стрэл — і Мінска няма

Сяргей Бесараб зрабіў мапы з разлікамі таго, да якіх наступстваў могуць прывесці ўдары ракетамі магутнасцю 300 кілатон па буйных гарадах Беларусі і Расіі.

«Такі ўдар па цэнтры Мінска — гэта смерць для ўсяго горада. У цэнтральнай частцы людзі загінуць адразу, усе астатнія ў межах МКАД — цягам аднаго-двух дзён. 

Гаворачы пра наступствы для тых, хто знаходзіцца за 100 і болей кіламетраў ад пункту ядзернага ўдару, то ўзровень радыеактыўнага забруджвання, як і ў выпадку з аварыяй на АЭС, будзе залежаць ад кірунку ветру і месца выпадзення ападкаў. Прадказаць, які менавіта рэгіён, што знаходзіцца побач з месцам выбуху, пацерпіць больш, немагчыма». 

Рэспіратар, ёд і дажджавік

На выпадак ужыцця ядзернай зброі Cяргей Бесараб раіць усім прытрымлівацца простых правіл засцярогі.

«Аэразолі ад выбуху (найбольш лятучы — ёд-131) у асноўным трапляюць у арганізм чалавека праз органы дыхання, таму ўсім трэба мець камплекты аэразольных рэспіратараў класу FFP3.

Адразу пасля з’яўлення інфармацыі пра ядзерны выбух у нашай краіне ці адной з суседніх трэба зрабіць ёдную прафілактыку: прыняць іадзід калію ці іншы прэпарат са стабільным ёдам. Гэта не дазволіць радыеактыўнаму ёду патрапіць у шчытападобную залозу чалавека і апрамяніць яе радыяцыяй. Прычым зрабіць гэта трэба як мага хутчэй, не чакаючы, пакуль вецер разнясе шкодныя аэразолі. 

Таксама ў такой сітуацыі трэба намагацца ўжываць у ежу толькі тыя прадукты, якія былі герметычна запакаваныя і вырабленыя да моманту ядзернай атакі. Тое самае тычыцца і напояў», — раіць эксперт. 

Апроч гэтага, трэба трымаць усе вокны і дзверы максімальна шчыльна зачыненымі і максімальна скараціць час знаходжання на адкрытым паветры. У выпадках калі вам трэба выходзіць з будынка, эксперт раіць апранаць касцюмы хімабароны, а пры іх адсутнасці — поліэтыленавыя накідкі (дажджавікі), якія можна лёгка памыць ці проста ўтылізаваць. 

Ядзерную вайну павінен спыніць здаровы сэнс

Разважаць пра магчымасць ужывання ядзернай зброі ў гэтай вайне бессэнсоўна, але, на думку хіміка, ёсць два фактары, якія сведчаць пра тое, што сцэнар поўнамаштабнай ядзернай вайны малаімаверны.

«Па-першае, мусіць перамагчы здаровы сэнс, бо ўжыванне ядзернай зброі — гэта поўнае вар’яцтва. І нават калі Расія нанясе такі ўдар, то наўрад ці нехта наважыцца ўжыць ядзерную зброю ў адказ, таму гаварыць пра тое, што будзе ядзерная вайна ў сусветных маштабах і мы ўсе памром — дакладна нельга.

Бо ў выпадку масіўных абстрэлаў ядзернай зброяй свет прыйдзе да таго, што надыдзе гэтак званая ядзерная зіма. Прамяні сонца не змогуць прабівацца скрозь пыл і дым, які ўтворыцца ў выніку пажараў. Ядзерная зіма выкліча страшэнны неўраджай. Мільёны людзей памруць менавіта ад голаду», — разважае эксперт.

Другі фактар, які можа моцна паўплываць на ход падзей, — гэта баяздольнасць расійскай арміі. 

«Каб ядзерная зброя заставалася ў працоўным стане, яе трэба рэгулярна абслугоўваць. Бо адбываецца дэградацыя плутонію, з часам ён пераўтвараецца ў амерыцый, пасля чаго пачатак ядравай рэакцыі дзялення немагчымы з-за немагчымасці дасягнення крытычнай масы зараду. Гэта «амерыцыевае атручванне плутонію». Праз гэтыя працэсы боегалоўкі на вялікіх снарадах трэба мяняць кожныя 10—15 гадоў, а на малых боепрыпасах — раз на 5 гадоў.

Наколькі мне вядома ад расійскіх калег, прынамсі ў мірныя часы гэтага не рабілі. Таму ўзнікае вялікае пытанне, ці сапраўды расійская ядзерная зброя знаходзіцца ў боегатовым стане», — кажа навуковец.

Сыходзячы з гэтага, мы можам сутыкнуцца з сітуацыяй, калі Расія сапраўды запусціць такую ракету, але яна не выбухне. Гэта таксама нанясе пэўную шкоду, бо так ці інакш атрымліваецца «брудная бомба», накшталт «Рудога лесу» каля ЧАЭС, які забруджаны плутоніем з рэактара. Але маштаб забруджвання будзе значна меншы, чым у выпадку, калі б бомба спрацавала і адбыўся ядзерны выбух.

Супрацьпаветраная абарона не дапаможа

«У той жа час дакладна вядома, што амерыканцы трымаюць сваю зброю ў баяздольным стане. У іх менш сакрэтнасці ў гэтых пытаннях. Яны робяць справаздачы з нагоды замены боегаловак і іх утылізацыі. Але здаровы сэнс не дазволіць ім іх выкарыстоўваць», — лічыць навуковец.

Пры гэтым, ніякая сістэма СПА не абароніць ад такога кшталту ўдараў. Па словах эксперта, прынамсі стратэгічная ядзерная зброя мае так званы рэжым «не зачапі». У выпадку калі ракета СПА трапіць у такую ракету, ядзерны выбух усё адно адбудзецца.

«Пры падрыве ядзернай бомбы ў паветры на вышыні 1—2 км маштабы разбурэнняў і распаўсюд шкодных рэчываў будзе мацнейшым за выбух на зямлі, таму збіваць такія ракеты ў большасці выпадкаў шкодна. Калі толькі не збіць яе недзе над пустыняй ці ў адкрытым моры». 

Каментары

 
Націсканне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

Цяпер чытаюць

Шпакоўскі даў зразумець, што знакавых палітвязняў могуць вызваліць пры ўмове выезду за мяжу18

Шпакоўскі даў зразумець, што знакавых палітвязняў могуць вызваліць пры ўмове выезду за мяжу

Усе навіны →
Усе навіны

Памёр Павел Рудзеня — невідушчы радыёвядучы з Мінска

Чалавек з фізічнай інваліднасцю ўпершыню стаў касманаўтам2

Як уласнымі рукамі стварыць VPN-сервер, які цяжка будзе заблакаваць — падрабязны гайд22

Ці прайгралі людзі, якія пайшлі за Бабарыкам? Адказвае Краўцоў36

Разведка ЗША не бачыць у Пуціна зацікаўленасці ў рэальным мірным пагадненні па Украіне8

Беларус праваліўся пад лёд на возеры і зняў гэта на ВІДЭА

Стала вядома, што за амерыканец нядаўна быў вызвалены з беларускай турмы8

Макрон склікае другую за тры дні тэрміновую сустрэчу заходніх лідараў19

Белы дом: Ілан Маск не працуе ў Дэпартаменце па пытаннях эфектыўнасці дзяржапарату8

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Шпакоўскі даў зразумець, што знакавых палітвязняў могуць вызваліць пры ўмове выезду за мяжу18

Шпакоўскі даў зразумець, што знакавых палітвязняў могуць вызваліць пры ўмове выезду за мяжу

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць