ПЗРК «Стынгер». Фота: Аrmyinform

ПЗРК «Стынгер». Фота: Аrmyinform

«З цынічнага пункту гледжання такія дзеянні выглядаюць рацыянальнымі»

Паводле звестак СБУ, спецгрупа расійскіх дыверсантаў планавала збіць пасажырскі самалёт над тэрыторыяй Беларусі або Расіі, каб пасля абвінаваціць Украіну ў тэрарызме. Для гэтага яны павінны былі выкарыстаць ПЗРК «Stinger» — зброю, якую Украіна атрымала ад ЗША. Праз гэта Расія магла б вінаваціць не толькі саму Украіну, але і Штаты ў тым, што тыя перадалі зброю, ад якой пацярпелі мірныя людзі. 

Дзейны беларускі афіцэр, з якім пагаварыла «Наша Ніва» лічыць такі сцэнар маларэалістычным.

«Калі адкінуць усе гуманістычныя пытанні, то з цынічнага пункту гледжання такія дзеянні выглядаюць рацыянальнымі. Бо яшчэ да таго, як такая зброя пачала пастаўляцца ва Украіну, усе разумелі, што яна не мусіць патрапіць у абы-якія рукі, каб не быць выкарыстанай у тэрарыстычных мэтах. Самалёты насамрэч з’яўляюцца ўразлівымі аб'ектамі. 

Але калі паглыбіцца ў пытанне, то ўзнікае шэраг непаразуменняў. На якой тэрыторыі павінна быць выкарыстана гэтая зброя, каб трапіць у беларускі ці расійскі грамадзянскі самалёт, калі над тэрыторыяй Украіны яны не летаюць, ды і вакол Украіны таксама існуе беспалётная зона?» — задаецца пытаннем суразмоўца.

«Стрэл мусіць адбыцца выключна з тэрыторыі Расіі або Беларусі»

Вайсковец тлумачыць, што Stinger — зброя бліжняга дзеяння, з далёкасцю стральбы ад 200 да 4750 метраў і максімальнай вышыней цэлі — 3800 метраў. 

«Сыходзячы з гэтага, вельмі моцна звужаецца колькасць месцаў, з якіх можна стрэліць, каб збіць самалёт. На думку прыходзіць толькі тэрыторыя бліз аэрапорта, бо, каб трапіць у цэль, трэба знаходзіцца непадалёк ад гэтага месца, каб была магчымасць зрабіць стрэл у момант узлёту або пасадкі. У іншым выпадку самалёт будзе ляцець вышэй за магчымасці Stinger», — адзначае суразмоўца.

З гэтага вынікае, што падобны акт тэрарызму з выкарыстаннем вышэй апісанай зброі можна здзейсніць, выключна знаходзячыся на тэрыторыі Расіі або Беларусі, каля тэрыторыі аднаго з дзейных аэрапортаў. 

Фота: скрыншот з відэа СБУ

Фота: скрыншот з відэа СБУ

«Няма невыканальных задач, але выглядае ўсё гэта не вельмі праўдападобна»

«Натуральна, што няма невыканальных задач, але выглядае ўсё гэта не вельмі праўдападобна», — мяркуе вайсковец.

Суразмоўца адзначае, што цяпер абодва бакі працуюць на апераджэнне і даволі часта анансуюць нейкія акцыі і правакацыі, якія нібыта рыхтуюцца іншым бокам.

«Частка з такіх заяў — выключна дзеля стварэння прыгожай карцінкі для СМІ, каб людзі, якія не надта разбіраюцца ў тых ці іншых пытаннях, паверылі ў яе праўдападобнасць і зрабілі патрэбныя высновы», — лічыць вайсковец.

Чытайце таксама: 

Што такое ОРДЛО і ў чым розніца паміж БТГр і БТР? Гайд па тэрмінах і абрэвіятурах вайны ва Украіне

Першы абвінавачаны ў забойствах у Бучы беларус? Можа быць памылка: гэты чалавек двойчы судзімы

Клас
12
Панылы сорам
2
Ха-ха
7
Ого
1
Сумна
2
Абуральна
10