Спорт11

«Шчэрбу ўвогуле не лічу беларусам». Гімнаст з «Дзю Салей» Сямён Букін даў першае інтэрв'ю пасля пераходу на беларускую мову

Былы гімнаст і артыст цырка «Дзю Салей» Сямён Букін прайшоў праз суткі ў беларускай турме і вымушаны ад’езд з краіны. Цяпер хлопец падарожнічае з канадскім цыркам па свеце. «Беларускія і расійскія пашпарты сёння зашкварныя». А ў вандроўках «перш за ўсё навучыўся жыць па графіку», расказаў Букін у сваім першым беларускамоўным інтэрв’ю «Нашай Ніве». 

Усе фоты: архіў Сямёна Букіна

Сямён Букін: Я пачаў пакрысе пераходзіць на беларускую мову недзе ў 2019 годзе, пасля паездкі па працы ў ЗША. Гулялі па Дэтройце з двума хлопцамі з Расіі, з якімі я тады сябраваў. Паправіў аднаго з іх, хто вымавіў слова няправільна — раней любіў гэта рабіць, бо ў мяне матуля-настаўніца і яна таксама мяне часта папраўляла. Пачалі гутарыць пра мову, і ён мяне папракнуў: маўляў, вы, беларусы, сваёй мовай не карыстаецеся, яна вам не патрэбная. Скончылася ўсё спрэчкай, але я адчуў, што мову сваю трэба вывучаць, і тым беларусам, хто яе не ведае, павінна быць сорамна.

«Наша Ніва»: Ты зусім вырашыў адысці ад рускай мовы?

СБ: Зусім адысці ад яе я не змагу, але хачу, каб маёй асноўнай мовай была беларуская, бо лічу яе сваёй роднай. Калі гутару па-беларуску з украінцамі, яны мяне разумеюць і размаўляюць са мной на ўкраінскай.

Неяк меў дрэнны настрой, бо начытаўся навін, і вырашыў гутарыць па-беларуску і з рускімі таксама. Але гэта цяжка, бо людзі табе нічога не зрабілі, а твая беларуская мова быццам крыўдзіць іх. Бачыў, што калі рускія бачаць, як я па-беларуску гутару з украінцам, ім непрыемна, то-бок ёсць у іх такі схаваны імперыялізм, які праяўляецца ў нелюбові да іншай мовы. На жаль, не маю і такога беларускага асяроддзя, якое разумела б маё імкненне да роднай мовы і беларускасці.

«НН»: Ты перавёў бы ўсю краіну на беларускую мову?

СБ: Калі б мог, то паспрабаваў бы зрабіць так, але негвалтоўна, гвалтоўна не будзеш мілы. Але жадаю, каб Беларусь гутарыла па-беларуску. Расійскую мову не забараняю, але адзінай афіцыйнай мовай павінна быць беларуская.

«Цырк у пандэмію збанкрутаваў, але спрабаваў падтрымліваць артыстаў грашыма»

«НН»: Што такое «Дзю Салей»?

СБ: Гэта цэлы свет, які жыве па сваіх правілах, і гэта найлепшы цырк у свеце.

«НН»: Тое, што ён найлепшы — гэта эмацыйнае ці аб’ектыўнае меркаванне?

СБ: Аб’ектыўнае, бо працаваў шмат у якіх цырках і магу іх параўноўваць. Канешне, свае памылкі і недахопы ёсць і ў «Дзю Салея», але яны не ідуць ні ў якое параўнанне з тым, што адбываецца ў іншых цырках. «Дзю Салей» бліжэйшы да мастацтва, чым да цырка, гэта іншы свет.

Для нас цырк — гэта проста нейкія артысты, якія паказваюць нумары, магчыма, з жывёламі. Але ж «Дзю Салей» — сапраўдная машына, якая стварае не толькі касцюмы для шоу, але і складаныя сцэнічныя канструкцыі, якія не здолее зрабіць больш ніводны цырк. Не кажу ўжо пра велізарныя сацыяльныя гарантыі і сістэму аховы здароўя.

«НН»: Назаві тры прынцыповыя адрозненні «Дзю Салея» ад Белдзяржцырка, дзе ты працаваў у свой час.

СБ: Першае — узровень майстэрства, другое — дасканаласць сацыяльнай палітыкі. Самае важнае адрозненне — гэта стаўленне да артыста, ну і, вядома, заробак (смяецца).

«НН»: Як праяўляецца розніца ў стаўленні да артыста?

СБ: Тут артыстаў паважаюць, у Белдзяржцырку ж гэтага няма. Вядома, у твар цябе там не пашлюць, але ў мяне былі выпадкі, калі са мной гутарылі на павышаных танах, калі не вырашалі пытанне, якое трэба было вырашыць. Такое стаўленне адбіваецца і на памеры заробкаў, і на ўмовах пражывання артыстаў — яны жудасныя. Нават калі ты не з Мінска, табе трэба прайсці 40 колаў пекла, каб атрымаць памяшканне ў цыркавым інтэрнаце.

Кажу пра Белдзяржцырк пры дзейным кіраўніку [Уладзіміру] Шабану, пры былой кіраўніцы Таццяне Бандарчук было інакш. Шабан — былы кадэбэшнік, а былых у гэтай справе не бывае, і вось яго зрабілі дырэктарам цырка.

«НН»: Як даўно ты ў «Дзю Салеі»?

СБ: Прыйшоў туды ў 2017 годзе, але сыходзіў з цырка на час пандэміі, з сакавіка 2020 года да лютага 2022-га.

«НН»: Што адбывалася з цыркам падчас пандэміі?

СБ: Цырк збанкрутаваў, але спрабаваў падтрымліваць артыстаў, два ці тры разы нам пералічылі грошы. Можа, для канадцаў і амерыканцаў гэта былі невялікія сумы, але беларусаў яны нармальна падтрымалі, размова ідзе пра некалькі тысяч даляраў.

У цырку звольнілі 95% супрацоўнікаў, там нічога не адбывалася. Але паціху пачалі варушыцца, з’явіліся чуткі, што ў цырка новыя інвестары, ды і сама дзяржава — Канада — была зацікаўленая ў тым, каб такі цырк, як «Дзю Салей», не знік.

«НН»: Як ты вяртаўся ў «Дзю Салей»?

СБ: З кожным з нас сазваніліся, распыталі, чым мы займаліся падчас пандэміі і што з намі цяпер. Плюс у кожнага з артыстаў ёсць свой прафайл, дзе фіксіруецца ўсё тое, што з ім адбываецца, яго паводзіны, наяўнасць траўмаў і гэтак далей, ад гэтых запісаў таксама залежала, ці вернуць нас у цырк.

Далей мы прыехалі ў Манрэаль і праходзілі падрыхтоўку да выступаў, а за намі ў той час працягвалі сачыць. Калі б тады нехта аказаўся негатовы, думаю, яго б адаслалі дахаты.

«НН»: Што ты маеш на ўвазе пад дрэннымі паводзінамі? Хадзіць на вечарыны падчас лакдаўну?

СБ: Не, папярэджанне можна атрымаць за знявагу, крыўду калегі. У нас таксама забаронена гутарыць пра палітыку, забароненая дыскрымінацыя па расе і па сэксуальнай арыентацыі. У нас ёсць спіс таго, што нельга рабіць, але гэта не нейкія строгія абмежаванні, а нармальныя правілы паводзін.

Калі ты нешта тут парушыш, табе могуць нічога не сказаць і проста дашлюць ліст з папярэджаннем. Калі ў цябе іх тры — ляціш дахаты. Не ведаю, ці былі тут бойкі, але за бойку, мне здаецца, ты адразу паляціш дахаты.

«НН»: Цырк — гэта шматнацыянальная каманда. Як на настроях у ёй адбіваюцца ваенныя падзеі?

СБ: Калі пачалася вайна, мы былі ў Манрэалі. Першую ноч я, як і шмат маіх сяброў, не спаў, і на наступны дзень ні з кім не вітаўся, не мог глядзець у бок рускіх. Ведаю, што тое, што адбываецца — гэта не іх віна, але не хацеў, каб мяне нехта чапаў, і трэніраваўся ў той дзень толькі разам з украінскім сябрам. Чакаў, што можа нехта з тых жа рускіх падыдзе да мяне і паспрабуе неяк абмеркаваць падзеі, але гэтага не было.

Усе ведаюць мой пункт гледжання наконт вайны, глядзяць мае сацсеткі, таму я адчуваю напружанне. Таму, магчыма, нехта мяне лічыць ворагам, але мы гэта не абмяркоўваем, проста працуем.

«НН»: Наколькі ведаю, рускім і беларусам з «Дзю Салея» нядаўна ледзьве не адмовілі ў візах у Брытанію. Як гэта было?

СБ: Мы знаходзіліся ў Дубліне, калі пра гэта даведаліся. Нас было 14 чалавек, у тым ліку і ўкраінцы, і нас накіравалі ў Мадрыд чакаць рашэння па візах.

Там, дарэчы, здарылася смешная гісторыя. Прыляцелі туды ноччу, частка з нас — я, сябар-беларус і дзве рускія дзяўчыны — паехалі на самакатах чакаць ежу. Калі вярталіся назад, мне два разы перабег дарогу чорны кот, а ў такім выпадку мне заўсёды шанцуе. І ўсё, на наступны дзень частцы з нас далі візы, а праз пару дзён — і ўсім астатнім.

Лічу, што калі б не было вайны і калі б у нас быў пашпарт нармальнай краіны, нам бы адразу далі візы. А так дзякуй, што ўвогуле пусцілі ў краіну, беларускія і расійскія пашпарты сёння зашкварныя.

«НН»: Такі цырк, як «Дзю Салей», магчымы ў Беларусі?

СБ: Цяпер — стоадсоткава немагчымы. Каб такое стварыць, трэба, каб дзяржава была да гэтага гатовая. «Дзю Салей» падтрымлівала ўся Канада, але ў Беларусі іншае стаўленне да мастацтва, хаця і ў нас любяць цырк, але, можа, прымусова. У Беларусі здабытак — гэта хакей, а ў Канадзе — цырк. Калі кажаш канадцу, што ты з «Дзю Салея», яны дужа радуюцца.

«Не маю ніякага жадання размаўляць з людзьмі, якія забілі нашу гімнастыку»

«НН»: У Беларусі мастацтва не можа аб’яднаць усю краіну?

СБ: Мова павінна быць нашым мастацтвам, якое нас аб’яднае. З яе і з гісторыі трэба пачынаць. У нас вельмі класная культура, але яна згубілася ў расійскай, таму трэба яе адраджаць. Цырк таксама павінен быць беларускім, а не такім, як цяпер, калі там столькі расійскіх артыстаў.

«НН»: Ты на сувязі з былымі калегамі?

СБ: З калегамі па цырку — так, па спартовай гімнастыцы — не. Як пачалася вайна, я звярнуўся да Беларускай асацыяцыі гімнастыкі. Мы з імі ведаем адно аднаго, бо я ж працаваў кіраўніком мужчынскай зборнай па спартовай гімнастыцы. І вось я напісаў чалавеку з кіраўніцтва асацыяцыі, з якім у мяне раней былі вельмі добрыя адносіны і які не падтрымлівае паслявыбарчы гвалт у Беларусі, прапанаваў яму казаць мне, калі нешта важнае будзе адбывацца з нашай гімнастыкай. Але я ж у Фондзе спартовай салідарнасці, таму, напэўна, ён пабаяўся мне нешта пісаць.

Ведаю, што адбылося са школай «Колцы славы», дзе я некалі трэніраваўся. Ёй кіравалі прафсаюзы, а потым яна перайшла да Мінгарвыканкама, там шмат часу не было дырэктара. Здаецца, там павінна прайсці рэканструкцыя. Даведаўся, што нядаўна школу зачынілі на тры месяцы, адправілі частку трэнераў у адпачынак за свой кошт. Астатніх накіравалі працаваць у маленькую залу, дзе нават няма мужчынскіх снарадаў для гімнастыкі.

Вось так яны развіваюць спартовую гімнастыку. Яна ў нашай краіне ўжо даўно памірала, але зараз з ёй канчаткова ўсё. Гэта крыўдна, і я не маю ніякага жадання размаўляць з людзьмі, якія забілі нашу гімнастыку.

«НН»: Табе 34 гады. Адказваў сабе на пытанне, да якога ўзросту гатовы на вандроўнае жыццё з «Дзю Салеем»?

СБ: Не адказваў. Я скончыў з цыркам у 29 гадоў, калі пайшоў працаваць у мужчынскую зборную, але сутыкнуўся там з саўковымі метадамі працы. І тут нечакана атрымаў прапанову ад «Дзю Салея», паехаў туды паспрабаваць сябе і не ведаў, што ў мяне нармальна пойдзе.

Сыду з цырка, калі знайду для сябе нешта іншае, «Дзю Салей» для мяне — гэта не канчатковая мэта. Пачаў вывучаць ІТ-сферу, але тут мяне паклікалі вяртацца ў «Дзю Салей», і прыйшлося адкласці. Хачу сябе ў будучыні паспрабаваць у ІТ, але для гэтага, напэўна, трэба больш уседлівы лад жыцця, чым у мяне.

«НН»: Чаму ты навучыўся за час падарожжаў і жыцця ў іншых краінах?

СБ: Перш за ўсё навучыўся жыць па графіку і рэгуляваць сваё жыццё. Ты ведаеш, што з табой здарыцца ў наступную гадзіну і дзе ты будзеш праз год. Увогуле, бачыў шмат краін і тое, як там ставяцца людзі адно да аднаго, заўважаў, што можна прынесці ў Беларусь. Падарожжы дапамагаюць і табе самому развівацца, пры жаданні можна вывучаць іншыя мовы.

Цяпер я яшчэ і працую трэнерам у «Дзю Салеі», і гэта для мяне новы досвед. Кірую камандай з 11 гімнастаў, раблю шмат папяровай працы — напрыклад, на кожны выступ і трэніроўку пішу план таго, хто што будзе рабіць. Трэба з кожным размаўляць, часам тут і спрэчкі бываюць. У маім нумары людзі з розных краін і кантынентаў, і кожны з іх адрозніваецца ад іншага. У мяне складаны характар, але трэба неяк з кожным дамаўляцца.

«НН»: Ты шмат супрацоўнічаў з Фондам спартовай салідарнасці, удзельнічаў у замежных акцыях салідарнасці з Беларуссю. Зараз працягваеш змагацца?

СБ: Працягваю змагацца за Беларусь, я веру ў перамогу. Па-першае, адкрыта выказваюся ў сацсетках і шмат што падтрымліваю інфармацыйна, а другая частка маёй барацьбы — наш Фонд спартовай салідарнасці. Цяпер мы працуем над падпісаннем Антываеннай дэкларацыі спартсмена. Паколькі я сам гімнаст, я пішу гімнастам і прапаную ім падпісаць дэкларацыю.

Гэты дакумент — прыклад таго, як спартсмены маглі б дэманстраваць сваё стаўленне да вайны. У будучыні было б добра, калі б падпісантаў дэкларацыі праз гэта маглі вызваляць ад забароны на міжнародныя турніры, пад якой цяпер большасць расійскіх і беларускіх спартсменаў.

Як беларусы і рускія могуць спаборнічаць ці неяк яшчэ сябе прадстаўляць на міжнародным узроўні, калі тыя ж украінцы гэтага пазбаўленыя? Усю спартовую і не толькі інфраструктуру ў іх разбамбілі, разбураюць усё, звязанае з культурай — гэта знішчэнне народа! І якія могуць быць спаборніцтвы з удзелам беларусаў і рускіх, калі яны спрыяюць гэтаму?

Што да гімнастаў, у асноўным дэкларацыю падпісваюць украінцы, ёсць яшчэ пара беларусаў, якія цяпер за мяжой. Пісаў гімнастам з іншых краін, у тым ліку брытанскаму алімпійскаму чэмпіёну, украінскаму алімпійскаму чэмпіёну Алегу Вярняеву, але яны мне чамусьці не адказалі. Думаў пра тое, каб выйсці на Івана Іванкова. Пра [Віталя] Шчэрбу казаць не буду, бо ўвогуле не лічу яго беларусам, хутчэй, амерыканцам. Ён не жыве ні ў Беларусі, ні Беларуссю.

Шчэрба дэманструе абыякавую пазіцыю, маўляў, «мая хата з краю», а так нельга ставіцца да свайго народа. Вось яго матуля — малайчына, яна адразу дакладна сказала: «Лукашэнка — гэта мой бог» (смяецца).

«НН»: Зараз, у вымушанай эміграцыі, што для цябе — дом?

СБ: Мае сябры, з якімі часам сустракаюся, і родныя, якія жывуць у Польшчы. Слухаю беларускую музыку і часам ледзьве не плачу, калі чую, наколькі прыгожая наша мова, якія ў нас таленавітыя спевакі.

«НН»: Топ-3 беларускія выканаўцы ад цябе — гэта…

СБ: Сяргей Міхалок з BRUTTO, Вольскі з NRM ці без NRM, плюс мне вельмі падабаецца творчасць спявачкі Palina. Яшчэ слухаю рэп ад Belaroots, ён ачмурэнны, NIZKIZ, «Дай Дарогу!» Юрыя Стыльскага, Ap$ent — шмат чаго. Нехта сказаў, што ў нас ёсць таленавітыя музыкі і дзяржаўныя, але хто іх слухае?

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

«З-за беларускіх сілавікоў і пачалася вайна». Алімпіец-дзюдаіст раней служыў у Пагранкамітэце, а стаў бежанцам у Германіі

«Бацька пытаўся, ці не прыгнятаюць мяне нацысты». Лёгкаатлет Андрэй Краўчанка — пра цэны і звычаі ў Германіі, крыўдны бан і баязліўцаў у КДБ

Каментары1

  • Noname
    30.07.2022
    Вельмі цікава было чытаць! Годны мужык! Дзякуй!
 
Націсканне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

Цяпер чытаюць

Паліцыя Дубая: 20-гадовая мадэль з Украіны ўпала з вышыні на будоўлі19

Паліцыя Дубая: 20-гадовая мадэль з Украіны ўпала з вышыні на будоўлі

Усе навіны →
Усе навіны

У Мінску хуткасць арэндных самакатаў збіраюцца знізіць да 20 км/г, а ў цэнтры — да 7 км/г5

Пры Мірскім замку ўзнаўляюць італьянскі сад XVIII стагоддзя. Комплекс чакае маштабная разбудова5

Невядомыя апаганілі статую Уэйна Грэцкі ў Эдмантане3

Трамп скасоўвае прававы статус 530 тысяч кубінцаў, гаіцянаў, нікарагуанцаў і венесуэльцаў2

Дзе ляжыць выкуплены Статут ВКЛ? Павел Мацукевіч — пра тое, што беларусы мусяць сабе вярнуць6

Пагражаюць за Дзень Волі? Вось што трэба рабіць45

Трамп заявіў пра стварэнне амерыканскага знішчальніка новага пакалення8

Стаў вядомы жорсткі прысуд, вынесены жыхару Гомеля за «здраду дзяржаве»1

Кетоны: што за рэчывы, якія спыняюць старэнне мозгу і дапамагаюць схуднець?1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Паліцыя Дубая: 20-гадовая мадэль з Украіны ўпала з вышыні на будоўлі19

Паліцыя Дубая: 20-гадовая мадэль з Украіны ўпала з вышыні на будоўлі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць