«Калісьці Павел Навуменка, сын Івана Навуменкі, яркі выкладчык і паспяховы бізнэсовец, які чытаў нам літаратуру першай паловы ХХ стагоддзя, разрэкламаваў апавяданні Коласа 20-х гадоў. Мы кінуліся ў бібліятэку і… не знайшлі некаторыя з іх у прыжыццёвым зборы твораў 50-х гадоў, што быў у чыталцы. Здаецца, «знайшліся» яны толькі ў выданні 62-га года. «Крывавы вір», «Хаім Рыбс», «Курская анамалія», «Сяргей Карага», — прыгадваў адзін з выбітных беларускіх філолагаў.
Гэта добрая густая проза, дзесьці падобная да апавяданняў Бабеля, фіксацыя станаў душы «простых чалавекаў» у часе Першай сусветнай і грамадзянскай.
Сакавітая мова, не шаблонныя вобразы, выдатна пабудаваныя дыялогі… Да ўсяго — гумар ды лірызм. Аўтар жа паўзверх, ён не прымае бакоў (а дзе па тыпе й прымае — адным сказікам, як у «Дачакаўся», дададзеным, відаць, у 1952-м, дзеля таго, каб прайшло цэнзуру, тое зусім нічога не псуе).
«Колас здолеў зазірнуць у тыя чорныя глыбіні «душы народнай», куды ніхто больш тут не зазіраў. Ну, і цяпер гэта чытаецца», — пісаў філолаг.
«…Другая вестка ў доме старой пані згусціла яшчэ больш і без таго згушчаны страх.
Ледзь толькі ўвайшоў Грыша з Наташай, не паспеўшы нават абмеркаваць з бабкаю, што рабіць, як з суседняе вёскі, дзе жыў іх сваяк, адстаўны ротмістр, далі знаць, што два дні таму назад быў забіты родны дзядзька Грышы, брат яго маці.
— Божая кара навісла над нашым домам, — сказала старая пані, бледная як смерць. — О, Божа, Божа, — стагнала яна і ламала рукі.
І Грыша быў як труп. Гэтая вестка яшчэ больш падкрэслівала няпэўнасць часу, і тая небяспека, што пагражала яго ўласнаму жыццю, станавілася больш значнаю, больш рэальнаю. Свайго дзядзьку Сяргея Грыша вельмі добра помніў і любіў яго. Дзядзя Сяргей быў земскім доктарам, любіў просты люд і служыў яму чэсна. Праўда, забілі яго зусім выпадкова. Гэтая смерць зрабіла цяжкае ўражанне на Грышу. І калі спярша ён не згаджаўся сысці адгэтуль на некаторы час і схавацца, то цяпер было адно толькі жаданне, адна думка: уцякаць, уцякаць, чаго б гэта ні каштавала.
На скорую руку ён адзеўся, захапіў ручны чамаданчык, некалькі кніг на дарогу і, развітаўшыся з бабкаю, накіраваўся ў сад другім ходам. Наташа ішла следам, праводзячы яго з дому. Студэнт на момант прыпыніўся, глянуў на яе.
— Ну, Наташа, бывай!
Узяў яе за руку, паглядзеў у вочы.
— Добрае тваё сэрца, Наташа! Не ведаю чаму, але мне так шкада цябе, як нікога на свеце. Я гляджу на цябе, як на сястру. — І моцна пацалаваў яе руку.
Дзяўчына ад нечаканасці зусім збянтэжылася. Твар яе заліўся яркім румянцам. Потым яна заплакала, ці ад таго, што ён пацалаваў яе руку, ці шкада стала хлопца, ці з другой прычыны. А ён ужо сыходзіў з балкона ў сад.
У гэты час падышлі трое самамабілізаваных сялян. Двое другіх стаялі за кустамі язміну, на той дарожцы, па якой трэба было прайсці студэнту. Яны выйшлі насустрач. Гэта былі знаёмыя хлопцы, з імі ён хадзіў на сходкі. Але цяпер яны былі зусім не такія, якімі ён іх ведаў звычайна.
Сурʼёзна і дзелавіта абʼявілі яму волю народа і вярнулі назад. У панскім доме спаткалі яшчэ трох дзецюкоў і ўшасцярых выйшлі на вуліцу. Там іх чакала цэлая грамада людзей, гатовых ісці на пазіцыі.
Грышу здалося, што на яго зірнулі варожа і падазрона. На душы ў яго было цяжка, усё роўна як бы вялі яго на смерць.
— Ну, айда! — скамандаваў Ільюха.
— Смерць буржуям!
— Далоў контррэвалюцыю!
Людзі заварушыліся і пацягнуліся, падымаючы пыл, у бок возера…»






https://nashaniva.com/302435