«Я малілася і плакала, каб карова не здохла»

У вёсцы Малая Сырмеж каля Нарачы цяпер каля 70 двароў. Дом бабулі Сцепаніды выглядае маладым, але стаіць тут амаль 100 гадоў. Яго фасады ўжо абнавілі і абклалі цэглай, таму так і не скажаш, што тут у свой час была школа і вырасла два пакаленні.

Стараверы прыехалі ў вёску яшчэ ў XVIII стагоддзі. У вёсцы налічвалася тры такія сям'і, у тым ліку і Артаевы — сям'я Сцепаніды. Побач быў дом каталікоў і дзве сям'і — праваслаўныя. Суседзі паважалі традыцыі адно аднаго, ніхто нікога не крыўдзіў, усім дзяліліся.

«Нам давалі карыстацца млыном, мы дазвалялі прыходзіць у лазню. Ва ўсіх былі вялікія сем'і, таму ў дапамозе адно аднаго мелі патрэбу».

Бабуля Сцепаніда пра дзяцінства гаворыць шмат, але шчаслівых момантаў успомніць так і не можа. У сям'і было 8 дзяцей, адно памерла яшчэ малое.

«Маму клікалі Феадосія. Яна была худзенькая і слабая. Старалася даўжэй карміць грудзямі, каб не зацяжарыць зноў. Гаспадарка, праца на зямлі і дзеці адбіралі шмат сіл. Калі мне было 14 гадоў, мама памерла ад сухотаў. Яны з'елі яе за шэсць месяцаў».

Бацькі гераіні

Бацькі гераіні

Пра бацьку Сцепаніда кажа з крыўдай і болем. Ён быў вельмі строгі і «бязбожна біў за любую правіннасць».

Пасля смерці маці ўсёй гаспадаркай займалася 14-гадовая Сцепаніда. Тады яе, маленькую, да слёз маглі давесці грубыя словы бацькі пра недасоленую ежу. Цяпер жа далікатную знешне бабулю, здаецца, ужо не зламаць нічым. Яна з усмешкай кажа, што можа і на вяселле адна ежы нагатаваць, і дах перакрыць. Вось такія навыкі набыла, каб выжыць.

«Памятаю, мясіла цеста для хлеба ды перабрала з вадой: трэба было два літры, а ўліла вядро. Цеста ў печ не лезла. Ужо прадчувала, што бацька аблае, скажа, што я дрэнная гаспадыня. Вырашыла аддаць палову свінням і карове. І карова захварэла. Я ж ведаю, што толькі ад цеста магла. Я малілася і плакала, каб карова не здохла, бо пачнуць потым правяраць, ад чаго згінула, будзе мне бяда.

Але пашанцавала, у той раз яна не здохла, — усміхаецца бабуля. — Другі раз не пашанцавала. Яна падавілася бульбай. Я спрабавала выцягнуць рукой, але не атрымалася. Таксама тады вельмі плакала, суседка перад татам мяне абараняла, хоць маёй віны тут і не было. Але гаспадыня — я, таму і вінаватая я».

Сцепаніда прыбірае каля хаты

Сцепаніда прыбірае каля хаты

Дзед і бацька Сцепаніды былі простымі сялянамі.

«Адзін мясцовы пан правініўся чымсьці перад дзяржавай і яго чакала турма. Ён хацеў, каб дзед мой віну ўзяў на сябе, але той быў разумны і сказаў, што проста так на здзелку не пойдзе. Папрасіў перапісаць на яго добры ўчастак лесу, што быў за 8 км ад вёскі. Той пагадзіўся».

Пабялелае палатно 1901 года з планам падораных тэрыторый да гэтага часу захоўваецца ў сям'і. Сам дзядуля адбываў пакаранне не так доўга, яго вызвалілі па амністыі. Пасля багаты ўчастак лесу перайшоў па спадчыне бацьку.

Па словах бабулі Сцепаніды, той ім вельмі даражыў і не прадаваў ніводнага дрэва, хоць жылі яны даволі бедна. Апраўдваўся, што сынам яшчэ хаты будаваць трэба.

«Бацьку прызначылі старшынёй калгаса, дык хоць распісвацца навучылі»

Сваім скарбам сям'я валодала нядоўга. Пасля прыходу бальшавікоў зямлю адабралі. Добра, што хоць хату ўдалося захаваць, успамінае бабуля.

«Мы жылі ў старой хаце, там было вельмі мала месца. Новую хату бацька здаваў пад школу, каб атрымліваць хоць нейкія грошы. Самы вялікі пакой — адзіны можна сказаць, мы аддалі настаўніцы, а самі ўсе спалі ў калідоры. Мама з татам на ложку, а мы побач на падлозе, — расказвае бабуля. — У той час у вёсцы пусцілі чутку пра тое, што Артаевы — заможныя сяляне, хоць мы такімі ніколі не былі і, каб не пазбавіцца хаты, папрасілі настаўніцу сказаць, што маленькая хата належыць ёй. Яна карысталася ўсімі выгодамі: нашымі дровамі, хатай. Нас, дзяцей, ёй шкада не было».

У 40-м годзе бацьку Сцепаніды прызначылі старшынёй калгаса.

«Бальшавікі падумалі, раз у яго добрая гаспадарка, то ён і на гэтай пасадзе справіцца. Бацька быў непісьменны, дык яго там хоць бы распісвацца навучылі — ставіў крыжыкі на паперках».

Калі старэйшыя браты з'ехалі, сястра вырасла, Сцепаніда спадзявалася, што зможа, нарэшце, куды паехаць і ўладкаваць сваё жыццё. Але бацька з'ехаў у Комі, дзе знайшоў сабе новую жонку.

«Малодшым братам і сёстрам я замяніла маці. Калі бацька з'ехаў, то забраў з сабой толькі адну сястру. Двое ж падлеткаў засталіся на мне. Я марыла стаць кухарам, з'ехаць жыць у Латвію ці хаця б у Віцебск, але суседка ўвесь час казала, што дзеці без мяне прападуць, а мачыха іх будзе крыўдзіць. Гэта мяне і спыняла».

Бабуля была замужам два разы. Першы шлюб быў няўдалым і неўзабаве распаўся. У другім нарадзіліся дзве дачкі.

Стараверамі ў сям'і былі як бацька, так і маці. Але ўсім рэлігійным традыцыям навучала мама.

«Яна сама родам з вёскі за дзевяць кіламетраў ад Літвы, вельмі верніца была. Глядзела, каб дзеці ведалі і рабілі правільна. Мы, стараверы, кланяемся ў зямлю, стоячы на каленях. Я малюся кожны дзень, — падзялілася бабуля і расказала на памяць 18 старонак Сяміпаклоннага пачатку. — Свечкі таксама ўмею рабіць. У мяне ёсць і воск, і спецыяльны апарат. Дарэчы, трэба будзе зрабіць сабе штук 200 і для царквы 150».

У куце гасцёўні ў бабулі абсталяваны Святы кут з абразамі, лястоўкай з малітвай ля кожнай прыступкі і старадаўнім псалтыром.

Яна кожны год ездзіць у стараверскую царкву ў Браслаўскім раёне. Ні адлегласць, ні ўзрост ёй не перашкода.

«Адныя кажуць, што Бог ёсць, іншыя не вераць. Я лічу, што нешта ёсць. Мой брат не верыў, ён не мог дараваць, што нас, семярых дзяцей, ён пакінуў без маці. Мы ж ні ў чым не вінаватыя».

Некаторыя сваякі пахаваныя на старых стараверскіх могілках у лесе, за кіламетр ад дома. Усю дарогу Сцепаніда Сініфонаўна распавядала гісторыі і ні разу не спынілася на перадых.

На месцы яна паказвае магілы бацькоў, мужа, сястры, брата, суседзяў і сяброў. Ля агароджы ўспамінае пацешныя гісторыі: хто каго раўнаваў, хто каго любіў — местачковыя байкі пра людзей, з якімі пражыла ўсё жыццё.

Бабуля прызнаецца, што хоць і адчувае сябе яшчэ маладой, але вось здароўе ўжо не тое.

«Хочаце пакажу вам, што ў мяне ёсць пахавальнае? Калі чалавек памірае, яго кладуць у саван, ён у мяне льняны, сама выткала. Потым накрываюць пакрывалам — яго я ўжо купіла».

Жанчына смерці не баіцца і жартуе, што пакуль ягады і грыбы збіраць можа, жыць будзе.

Са старажылаў у вёсцы засталася яшчэ адна жыхарка, але бабуля Сцепаніда больш размаўляе з маладымі. Да мамы часта прыязджаюць дочкі Таня і Света, якія таксама стараверкі. Любіць і дзякуе Сцепаніда свайму зяцю: «Ён заўсёды дапаможа па гаспадарцы».

«Я, у адрозненне ад некаторых жыхароў вёскі, была і ў Піцеры, і ў Калінінградзе. Апошні раз лётала туды 10 гадоў таму на пахаванне малодшага брата. Шкада, ён змаўчаў, што хварэе, можа, я б яго паспела выратаваць. Улетку прыязджаў у госці пляменнік, прывёз шмат падарункаў. Ездзілі вось плаваць на байдарках, дык арганізатары баяліся, што мне дрэнна стане. Але не, — смяецца Сцепаніда. — Шэсць кіламетраў праплылі, мне так спадабалася, я нават прагаладацца паспела».

Клас
128
Панылы сорам
7
Ха-ха
3
Ого
7
Сумна
7
Абуральна
9