Свет22

«Можна было за 200 даляраў зняць вілу з басейнам ля акіяна і жыць, як мільянер». Беларус расказаў пра плюсы і мінусы жыцця на востраве Балі

Апошнія паўтара года магілёвец Сяргей Мельнікаў жыве са сваёй дзяўчынай на востраве Балі. «Балі — далёка не райскае месца, якім сфарміраваны яго вобраз у масмедыя, але ў цэлым мне тут пакуль падабаецца», — расказвае ён пра сваё жыццё на інданезійскім востраве ў інтэрв'ю Magilev.by.

Балі — востраў вулканаў, джунгляў, рысавых палёў…

Як прызнаецца Сяргей, месца для жыцця выбіралі па прынцыпе экалагічнасці. Абавязковымі ўмовамі былі: мяккі клімат з вялікай вадой, шмат зеляніны вакол, свежыя прадукты і чыстая экалогія. На Балі сышліся ўсе гэтыя параметры, хоць не без нюансаў.

— Балі — далёка не самы круты востраў Інданезіі ў плане прыгажосцяў, — дзеліцца ўражаннямі магілёвец. — Ёсць, вядома, цікавыя месцы, але самыя інстаграмныя віды і прыгожыя пляжы з белым пясочкам, як на Мальдывах, якія любяць посціць турысты, як правіла, знятыя на астравах непадалёк. Тут жа на пляжах часцей сустракаецца чорны вулканічны пясок, а турысты «катаюцца» па вадаспадах і храмах.

Балі — востраў вулканаў, джунгляў, рысавых палёў, акружаны з поўдня Індыйскім акіянам (сюды да вялікіх хвалях з'язджаюцца серфінгісты), з поўначы — больш спакойным Балійскім морам (тут праводзяць час дайверы і снорклеры).

Сяргей Мельнікаў

Гарадоў на Балі ў нашым звыклым разуменні мала. Усе яны, па словах Сяргея, больш нагадваюць пасёлкі гарадскога тыпу. Асноўны недахоп, на думку беларуса, — адсутнасць тратуараў: пераважная частка насельніцтва перамяшчаецца на скутарах, нават у краму за рагом.

Сам востраў невялікі: з адной часткі ў іншую на байку можна дабрацца за пяць-шэсць гадзін. А з узбярэжжа да цэнтра — за дзве-тры. Дарогі вузкія, і часта можна затрымацца ў заторы з-за правядзення рэлігійных шэсцяў (цырымоній).

Коркі ў горадзе Убуд на востраве Балі

— Самалёты з вялікай зямлі прылятаюць на Балі ў аэрапорт горада Дэнпасар з насельніцтвам каля 725 тысяч чалавек. Гэта такі вялікі чалавейнік. Усе пабудовы тут нізкія: як правіла, не больш за тры паверхі. Практычна няма сучаснай цікавай гарадской архітэктуры, але ёсць прыгожыя храмы і шыкоўныя гатэльныя комплексы.

У мясцовых вёсачках традыцыйныя балійскія дамы, на мой погляд, цікавейшыя, — кажа Сяргей. — Першыя пяць месяцаў мы жылі ў духоўным цэнтры вострава — горадзе Убуд. Там жыве больш за ўсё экспатаў. Клімат крыху халаднейшы, чым на ўзбярэжжы, часцей ідуць дажджы, а сам горад патанае ў джунглях і рысавых палях. Таму ёсць свае асаблівасці: ва Убудзе поўна ўсякай жыўнасці, якая можа запаўзці ў дом — гэта мурашы, вялікія павукі, геконы, скалапендры, змеі. Тым людзям, хто іх баіцца, на Балі будзе не асабліва камфортна. Я праз нейкі час проста прывык. Аднойчы разумееш, што вакол цябе прырода, а ты — яе частка. Адбываецца прыняцце.

На Балі поўна ўсялякай жыўнасці, якая можа запаўзці ў дом

З-за падвышанай вільготнасці і вялікага прытоку турыстаў у Убуд за апошні год Сяргей і Ірына вырашылі перабрацца да ўзбярэжжа ва ўсходнюю рыбацкую вёсачку Амед. Гэта ціхае і спакойнае месца асабліва папулярнае сярод турыстаў-дайвераў.

Рыбацкая вёсачка Амед на ўсходнім узбярэжжы вострава Балі

— Сяргей, ці патрэбна беларусам віза для знаходжання на Балі?

— Віза ў Інданезію для грамадзян Беларусі не патрэбная пры ўмове знаходжання ў краіне не больш за 30 дзён — гэта значыць, для турыстаў.

Калі мы толькі разважалі, у якую краіну пераехаць, разглядалі розныя варыянты: Грузія, Турцыя, Кіпр. Але так як у маёй каханай ужо быў вопыт жыцця на Балі і яна ведала, як тут усё ўладкавана, то ўрэшце вырашылі перабрацца сюды.

Вызначальным фактарам стала магчымасць зрабіць доўгатэрміновую візу. Яна афармляецца на два месяцы з двума магчымымі падаўжэннямі. Усяго ў вас ёсць паўгода бесперапыннага знаходжання. Далей можна зноў падаваць дакументы на адкрыццё візы ў іміграцыйны офіс. Калі яе адкрыюць, дастаткова вылецець хоць бы на дзень у іншую краіну і можна зноў вяртацца на Балі. Так можна рабіць колькі заўгодна разоў, што зручна для доўгатэрміновага знаходжання за мяжой.

Балійскае мора

— Як доўга дабірацца да вострава з Беларусі?

— Прамога пералёту з Беларусі на Балі няма. Рыхтуйцеся да адной або дзвюх перасадак. Мая дзяўчына нядаўна вярталася ў Мінск з дзвюма перасадкамі суткі. Але ў кавідныя часы дабрацца было яшчэ складаней.

Цяпер усё ўпіраецца толькі ў грошы. Як толькі кавід адмянілі, цэны на квіткі адразу ж выраслі. Калі паспееш злавіць квіткі па акцыі, можна ў адзін бок злятаць за 600 даляраў, але ў сярэднім квіткі на ўсе сегменты пералёту абыходзяцца каля 1000 даляраў.

Зрэшты, з патокам турыстаў падскочылі цэны і на самім востраве: на арэнду жылля і прадукты. Але пры ўсім гэтым на Балі жыць бюджэтней, чым у той жа Еўропе.

Прыемна папрацаваць з такім відам… Жыццё на востраве Балі

— Якая праца дазваляе замежніку спакойна жыць ля акіяна?

— Любая аддаленая праца. Тут жывуць айцішнікі, трэйдары, дызайнеры, коўч, псіхолагі, настаўнікі, блогеры — усе, хто зарабляе анлайн.

У тых, хто працуе на беларускія і расійскія фірмы, часовая розніца з офісам +5 гадзін, так што фактычна праца пачынаецца пасля абеду. Працуеш да позняга вечара, але затое ў цябе ёсць першая палова дня, каб не спяшаючыся прачнуцца, зрабіць свае асабістыя справы, паплаваць у моры. Няма адчування, што працуеш кожны дзень з раніцы да вечара. У гэтым для мяне вялікі плюс жыцця тут.

Мясцовае таксі на мапедзе-гоўджэк. Жыццё на востраве Балі

— Ці можа іншаземец уладкавацца на працу на Балі?

— У Інданезіі іншаземцам у прынцыпе забаронена працаваць без працоўнай візы, каб не адбіраць працоўныя месцы ў мясцовых. Таму аддаленая праца для перасялення сюды на доўгі тэрмін — аптымальны варыянт. Калі спрабуеш на востраве працаваць неафіцыйна, да прыкладу, мадэллю або фатографам, цябе дэпартуюць. Вядома, можна аформіць працоўную візу КІТАС. Але яна больш разлічаная на інвестараў.

Большую частку працоўных віз замежнікі адкрываюць для будаўніцтва і гандлю нерухомасцю. Для гэтага арандуюць зямлю на востраве тэрмінам на 25-100 гадоў. Купіць зямлю і стаць яе ўласнікам грамадзянін іншай краіны тут у прынцыпе не можа. Таму інвестары зарабляюць на нерухомасці прыкладна такім чынам: арандуюць зямлю, наймаюць мясцовых, будуюць вілу, якую потым здаюць у арэнду. Акупляецца яна тут за пару гадоў і потым прыносіць пасіўны даход.

Горад Убуд. Востраў Балі

— Якія цэны на востраве?

— Калі едзеш на Балі, трэба разумець, хто ты тут: турыст або прыехаў сюды жыць? Гэта два розныя рэжымы пражывання і шляхі пошуку жылля. Той, хто жыве тут доўга, ведае рэальныя цэны і на чым можна ашчаджаць.

Балійцы любяць таргавацца. Калі пытаеш цану, табе часта кажуць кошт рэчы ці паслугі ў два-тры разы вышэйшы, чым ёсць на самай справе. Можна істотна знізіць цану, калі праяўляць прыязнасць. Але гэта больш працуе з простымі вясковымі жыхарамі. Гарадскія ўжо спазналі капіталізм і больш упёртыя, нават калі кошт неадэкватны. У турыстычных раёнах таргавацца складаней, чым на ўскраінах і ў вёсках.

Жыццё на Балі

— На Балі ёсць людзі, якія выдаюць тут 4-5 тысяч даляраў на месяц, але ёсць і тыя, хто жыве на 500 даляраў. І, вядома, якасць жыцця ў іх розная.

На ежу ў сярэднім сыходзіць каля 300-500 даляраў. Залежыць, дзе харчавацца. Мы часта ходзім па кавярнях і рэстаранах, але часам гатуем самі. Тут шмат прадаецца садавіны і гародніны, ёсць рыба і кураціна. Самая распаўсюджаная страва мясцовай кухні — насі гарэнг (смажаны рыс) і мі гарэнг (смажаная локшына).

Для перамяшчэння па востраве патрэбны скутар, арэнда ў сярэднім 100-150 даляраў у месяц, машына абыдзецца ў 2-3 разы даражэй.

Дом ва Убудзе, дзе жылі Сяргей і Ірына першы час. Другі паверх здымалі за 220 даляраў

— Жыллё на Балі можна зняць рознай якасці і ў розных раёнах. Адпаведна, кошт будзе вар'іравацца. Можна знайсці невялікі домік у традыцыйным стылі за пару сотняў даляраў у месяц, а можна — шыкоўную вілу з басейнам за тысячу. Жыллё сярэдняга ўзроўню на два пакоі з кухняй абыходзіцца прыкладна ў 300-400 даляраў у месяц.

Мы жывём у так званым гестхаўсе. Звычайна гэта дом або некалькі дамоў са сваёй тэрыторыяй, на якой жывуць гаспадары і здаюць пакоі турыстам. Камунальных плацяжоў няма, электрычнасць і інтэрнэт, як правіла, уключаныя ў кошт, а газ прадаецца ў балонах. Калі вы не прыхільнік ручнога мыцця, то вопратку можна памыць у пральнях — іх тут шмат.

Кошт жылля залежыць ад сезону і раёна: шмат людзей прыязджаюць на зімоўку, і цэны растуць. Расказваюць, што ў кавід на Балі за 200-300 даляраў можна было зняць вілу з басейнам каля акіяна і жыць, як мільянер. На востраве амаль не засталося турыстаў, і мясцовыя, каб выжыць, здавалі апартаменты па дэмпінгавых цэнах.

Цяпер цэны вярнуліся да ранейшых і месцамі нават падраслі, бо пасля зняцця кавідных абмежаванняў наплыў турыстаў вельмі вялікі.

Ірына. Жыццё на Балі

— Медыцынскімі паслугамі на Балі карысталіся?

— Для іншаземцаў медыцына вельмі дарагая, і лепш тут наогул не хварэць. А пайсці ў бальніцу для мясцовых абыдзецца значна танней для кашалька, але не для нерваў: для еўрапейскага чалавека мясцовая паліклініка — гэта трэш. Адзінае жаданне, калі ты туды прыходзіш, — хутчэй сысці.

Прыём лекара ў мясцовай бальнічцы, каб ён з табой пагаварыў, памераў ціск, каштуе прыкладна 30 даляраў. Але калі табе патрэбныя аналізы, МРТ або УГД, якія робяць не ўсюды, можна выкласці і больш за тысячу даляраў.

За страхоўку, якую я рабіў на год, плаціў каля ста еўра. Але гэта нішто ў параўнанні з патэнцыйнымі выдаткамі ў выпадку нейкіх праблем. Не варта ашчаджаць на здароўі.

Медыцынская страхоўка на Балі вельмі патрэбна, проста зыходзячы са здаровага сэнсу. Таму што асноўны транспарт на востраве — матацыклы і скутары, і не ўсе тут водзяць іх акуратна.

Убуд. Востраў Балі

— У цэлым, не магу сказаць, што Інданезія апраўдала мае чаканні і стала ідэальнай краінай для жыцця, — прызнаецца Сяргей. — Усё індывідуальна. У мяне ёсць знаёмыя, якія лічаць, што Балі — цудоўнае месца, дзе можна застацца жыць назаўжды. Але ёсць і тыя, хто даволі хутка расчароўваюцца і з'язджаюць.

Тут няма звыклай для нас інфраструктуры і сэрвісаў, як у Еўропе. Шмат кантрастаў, калі побач з прыгожым храмам можна ўбачыць горы смецця і сцёкі. Турысты, якія прыязджаюць для адпачынку і духоўных пошукаў на кароткі тэрмін, атрымліваюць толькі павярхоўнае ўяўленне пра тое, як тут усё ўладкавана. Працяглае жыццё на востраве здольнае прывесці да больш глыбокіх асобасных трансфармацый за кошт поўнай змены парадыгмы ўспрымання атачэння, але для гэтага трэба выйсці за рамкі камфорту і заходняга мыслення.

Вёсачка Амед на ўсходнім узбярэжжы
Балі. Амед. Такія віды сустракаюцца па ўсім Балі

Каментары2

  • ром
    17.10.2023
    Камунизм - эта беларуская мячта!!
  • Саміведаеце каму
    18.10.2023
    У Беларусі тожэ за 200 баксаў адзін жывець як на Таіці, дажэ Колю за пякінскай вуткай атпраўляець, ну мазахісты ходзюць па "Светлафорах"

Лукашэнка стаў прадзедам19

Лукашэнка стаў прадзедам

Усе навіны →
Усе навіны

Стыльная карэянка, што скарыла сэрцы гледачоў Алімпіяды, трапіла ў спіс «100 жанчын 2024 года»

Чым цяпер жыве доктар Мартаў?5

Зяленскі адмовіўся назваць лічбу ўкраінскіх вайскоўцаў, якія загінулі з пачатку вайны 3

УЕФА па выніках матча з мінскім «Дынама» аштрафаваў «Легію» за антылукашэнкаўскія плакаты фанатаў1

Новая вакцына ад ВІЧ прайшла фінальнае выпрабаванне. Эфектыўнасць — рэкордныя 99%8

У класных журналах будуць звесткі аб месцы працы бацькоў3

У Тбілісі пратэстоўцаў рассеялі на праспекце Руставелі6

«Будзе здымаць маштабныя праекты з сабой у галоўнай ролі». Што думаюць пра новага міністра культуры Чарнецкага яго калегі?11

Шольц расказаў, што было ў яго таямнічай валізцы6

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Лукашэнка стаў прадзедам19

Лукашэнка стаў прадзедам

Галоўнае
Усе навіны →