Усяго патроху

«Пабачыў на скуры дарожку з укусаў». Як беларус змагаўся з пасцельнымі клапамі 

Хатнія клапы могуць прынесці багата дыскамфорту, і не ва ўсіх атрымліваецца адразу пазбавіцца ад іх. З гэтай праблемай сутыкнуўся кінакрытык Тарас Тарналіцкі. Распыталі яго пра сумны досвед. А таксама тлумачым, што рабіць, калі ваш дом атакуюць клапы і чым гэта можа скончыцца.

Фота: British Pest Control Association / Flickr.com

«З'явіліся пухіры быццам ад укусаў вялікіх камароў»

Тарас Тарналіцкі — беларускі журналіст і кінакрытык, жыве ў Варшаве. У кастрычніку хлопец на тыдзень паехаў у гарадок на мяжы з Чэхіяй, а праз некалькі дзён адчуў моцны сверб на скуры рук. Таксама ён пабачыў на скуры дарожку з укусаў, а хутка да іх дадалося яшчэ некалькі. Зразумеў, што мае справу з пасцельнымі клапамі, тым больш што ў Еўропе цяпер багата скаргаў на іх.

Клапы аказаліся няўлоўныя — беларус дагэтуль не ведае, дзе яны яго атакавалі: «Падавалася, што мяне пакусалі ў кватэры, але хутчэй за ўсё не, бо выклікаў дэзінсектараў і яны не знайшлі магчымых гнёздаў клапоў. Яны яшчэ і апрацавалі памяшканне, гэта каштавала 80 еўра.

Магчыма, мяне пакусалі ў цягніку, а мо і ў кватэры, але клапы кудысьці збеглі без слядоў. Было не вельмі прыемна, бо месцы ўкусаў вельмі свярбелі, з’явіліся пухіры быццам ад укусаў вялікіх камароў, толькі ўкусы ад камароў у мяне праходзяць за дзень-два. Але праз амаль тры тыдні і іх сляды зніклі».

Невядома, як гэтыя ўкусы лячыць, кажа Тарналіцкі. Ён атрымаў шмат парадаў апрацоўваць укусы спіртам ці прымаць лекі, калі будзе зусім моцная алергічная рэакцыя. Што да барацьбы з самімі клапамі, журналіст спытаўся парады ў фэйсбучнай суполкі беларусаў Варшавы, і тыя расказалі яму пра сродак-бомбу — моцны хімічны прэпарат супраць насякомых. 

Але давялося адмовіцца ад хатніх сродкаў і выклікаць дэзінсектараў, бо такім было патрабаванне ўладальніцы кватэры. Ні Тарас, ні яго сусед, з якім журналіст разам здымаў жыллё, спачування ў яе не знайшлі: 

«Яна сказала, што гэта наша праблема і мы прынеслі гэтых клапоў, але незразумела, праз каго гэта насамрэч адбылося. У нас стары дом 1950-х гадоў, у ім зроблены рамонт, але клапам гэта магло не перашкодзіць. Плюс у суседзяў ёсць жывёлы. Магчыма, што насякомыя пралезлі да нас з іншай кватэры, але слядоў іх міграцыі не было. 

Мы з гаспадыняй кватэры не маглі дамовіцца, хто будзе выклікаць дэзінсекцыю. У выніку спецыялістаў замаўляла яна, а паслугу аплочваў я, але па дамове аб здачы жылля гэта павінен рабіць яго ўладальнік, магчыма, за кошт арэнды, інакш я меў права з’ехаць».

Дэзінсекцыя ад клапоў доўжылася пяць-шэсць гадзін, расказвае Тарас, і пасля ў доме заставаўся лёгкі пах прафесійных хімічных сродкаў. Тарналіцкі застаўся жыць у той жа кватэры — баяўся, што пры датэрміновым высяленні не аддадуць задатак за яе, і ўлічыў, што спецыялісты не знайшлі гнёзды клапоў. Расказвае, што ў іншым выпадку з’ехаў бы, бо ніякія грошы не вартыя страты камфорту.

«Клоп можа пераносіць супербактэрыі, устойлівыя да мацнейшых з антыбіётыкаў»

Навуковец Сяргей Бесараб супакойвае — хутчэй за ўсё, сустрэча з клапамі абыдзецца малой кроўю. Так, арганізм адкажа на ўкусы мясцовай рэакцыяй, яна можа праявіцца як пачырваненне, сверб, ацёк, лёгкі боль, пякота.

Можа распачацца алергічная рэакцыя, часам даволі моцная, таму можа спатрэбіцца прыём лекаў-антыгістамінаў. Гэта асабліва актуальна ў выпадку з дзецьмі, бо іх арганізм з большай верагоднасцю адкажа на ўкусы клапоў сур’ёзнай алергіяй. Таксама клапы могуць пераносіць скураную інфекцыю, таму варта акуратна прамыць месцы ўкусаў вадой з мылам.

Праз тое, што даводзіцца цярпець крывасмактальных, чалавек можа перажываць стрэс. Начамі клапы могуць не даваць спаць, вынік — недасып. Клапы, кажа Бесараб, здольныя і на большыя паскудствы, аднак шансаў, што гэта з вамі здарыцца, зусім няшмат:

«Агулам у насякомых было знойдзена тры дзясяткі патагенаў, але пацверджанняў, што ўсе яны могуць іх перадаваць, пакуль няма. Клоп можа пераносіць супербактэрыі — метыцылін-рэзістэнтны залацісты стафілакок (MRSA) і ванкаміцын-рэзістэнтны энтэракок (VRE), то-бок асабліва небяспечныя мікраарганізмы, устойлівыя да мацнейшых з антыбіётыкаў, якія выкарыстоўваюцца ў клінічнай практыцы. Пакуль таксама няма падцвержаных выпадкаў перадачы гэтых захворванняў праз укусы. 

Але затое есць пацверджанні таго, што праз укусы чалавеку могуць перадавацца захворванні, выкліканыя арбавірусамі. Сюды ўваходзіць мноства даволі сур'ёзных хваробаў — ад энцэфаліту да гемарагічнай ліхаманкі. Пытанне толькі ў распаўсюджанні хваробы на той тэрыторыі, дзе жывуць клапы. Даволі верагодна, што глабальнае пацяпленне і актывацыя так званых «забытых хваробаў» зможа хутка вывесці і клапоў як пераносчыкаў у трэнды».

Даць рады клапам няпроста, і Бесараб агаломшвае — няма эфектыўных хімічных спосабаў з імі змагацца. Больш за тое, клапы яшчэ і хутка развіваюць устойлівасць да новых сродкаў барацьбы. 

І тым не менш, пэўныя сродкі трохі дапамагаюць. Бесараб згадвае хлорпірыфос, які з 2008-га забаронены ў ЕС праз таксічнасць, а таксама прэпараты фенітратыёна. Таксама можна паспрабаваць ад клапоў дробнадысперсны парашок дыятаміту ці аксіду крэмнію.

Фізічныя сродкі даюць рады клапам лепш за хімію. Гэтыя крывасмактальныя гінуць за гадзіну пры тэмпературы не больш за -14…-16°C, але важна, каб мароз быў раптоўны, бо інакш клапы гартуюцца, і тады -14 ім ужо не страшныя. Дапамагае і цяпло — пры тэмпературы +45, а лепш +48, клапы гінуць за хвіліну, а калі тэмпература не менш за +49, гэта шкодзіць і яйкам клапоў. 

Зразумела, дасягнуць такой тэмпературы ў памяшканні, тым больш у кожным яго куце, будзе складана, але гэта добры рэцэпт, калі вам трэба пазбавіцца ад клапоў ці іх яек на прадметах.

Сяргей рэкамендуе апрацоўку парай з тэмпературай не менш за 65-75 градусаў цягам як мінімум 5-10 хвілін або мыццё адзення ў пральнай машыне з мыйным сродкам і далейшую апрацоўку ў сушылцы з тэмпературай 63 градусы цягам не менш чым 20 хвілін. Можна збіраць клапоў на паверхні прадметаў з дапамогай пыласоса, але пры гэтым важна адразу ж выдаляць і выкідаць смецце з пылазборніка, бо інакш клапы могуць выпаўзці і зноў засяліць хату.

А вось у Балгарыі змагаюцца з клапамі з дапамогай раслін. Калі ў доме заводзяцца клапы, там здаўна абкладаюць ложак на ноч лісцем фасолі, і за гэты час насякомыя добра да яго прымацоўваюцца. Лісце фасолі мае аксаміцістую тэкстуру за кошт мільёнаў мікраварсінак, якія для клапа — нібыта кручкі: яны трапляюць у яго міжсустаўныя мембраны, прабіваюць іх і гэтак пазбаўляюць клапа рухомасці. Але ж якім бы правераным ні быў гэты спосаб, яго не параўнаць па эфектыўнасці з прафесійнай дэзінсекцыяй.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Жанчына чула ў вуху дзіўныя гукі: «бесперапынны шум, пстрыканне і шоргат». Вось што гэта было

Ці каштавалі мяса саранчы? А яно ўжо прадаецца ў Польшчы. Знайшлі беларуса — фаната такой ежы

«Проста пабіць гэтых вос мухабойкай». Энтамолаг расказаў, як можна пазбегнуць нашэсця восаў і шэршняў

Каментары

Былы афіцэр, выжыў у страшным баі. Хто той каліновец Верамейчык, якога В’етнам аддаў беларускаму КДБ?28

Былы афіцэр, выжыў у страшным баі. Хто той каліновец Верамейчык, якога В’етнам аддаў беларускаму КДБ?

Усе навіны →
Усе навіны

У Мінску людзі ўначы выстройваюцца ў чэргі, каб купіць рэдкія манеты

Расійскі самалёт скінуў бомбу на школу ў Белгарадскай вобласці4

МУС паказала трэніроўку разгону мітынгаў ФОТЫ13

Арыштаваны дом Цапкалаў у Мінску не прадалі на аўкцыёне — не знайшлося ахвотных1

Wyborcza паведамляе пра вобшук у Агнешкі Рамашэўскай — сама яна гэта адмаўляе6

Літоўская мытня чарговы раз ускладніла ўмовы для транзіту аўто з ЗША ў Беларусь. Якія аўто цяпер могуць захраснуць у порце Клайпеды?5

У кафэ ў Брэсце можна разлічыцца лісцем2

МТЗ правёў краш-тэст сваёй сякеры: інструмент пераехалі трактарам ВІДЭА7

Даляр узяў адзнаку 3,4 рубля

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Былы афіцэр, выжыў у страшным баі. Хто той каліновец Верамейчык, якога В’етнам аддаў беларускаму КДБ?28

Былы афіцэр, выжыў у страшным баі. Хто той каліновец Верамейчык, якога В’етнам аддаў беларускаму КДБ?

Галоўнае
Усе навіны →