Грамадства1010

Як складаліся лёсы былых кіраўнікоў Адміністрацыі Лукашэнкі

Адміністрацыя Лукашэнкі кантралюе кадравую палітыку, пільнуе ідэалогію і сочыць, каб даручэнні палітыка выканалі. Яе нярэдка параўноўваюць з савецкім апаратам Камуністычнай партыі, устаноўкі якога меліся выконваць іншыя дзяржаўныя структуры. А што сталася з былымі кіраўнікамі Адміністрацыі?

Леанід Сініцын

Першы кіраўнік адміністрацыі Лукашэнкі. Узначальваў яе з 1994 па 1995 гады.

Гадаванец савецкай партнаменклатуры, прафесійны будаўнік і дэпутат Вярхоўнага Савета 12 склікання быў у 1994 годзе кіраўніком перадвыбарнага штаба Лукашэнкі ды аўтарам яго перадвыбарчай праграмы.

Леанід Сініцын. Фота: bymedia.net

Пры Сініцыне Адміністрацыя пачала забіраць функцыі, якія належылі ўраду. Пад кантроль Адміністрацыі тады найперш трапілі інфармацыйныя каналы і рэсурсы.

Сініцын сцвярджаў, што цяперашнія дзяржаўныя сімвалы Беларусі, якімі на рэферэндуме 1995 года былі замененыя гістарычныя Пагоня і бел-чырвона-белы сцяг, уласнаруч намаляваў ён.

Чыноўнік адмовіўся выконваць запыт пракуратуры аб перадачы афіцыйнага відэазапісу, якім фіксавалася збіццё дэпутатаў у будынку Вярхоўнага Савета. Яны пратэставалі супраць правядзення рэферэндуму.

Не выключана, што ідэю «моўнага» рэферэндуму ўклаў у вушы Лукашэнку менавіта Сініцын.

Ініцыятары разлічвалі, што наданне рускай мове дзяржаўнага статусу зробіць кіраўніка Беларусі папулярным у Расіі і ён зможа разлічваць на тамтэйшае прэзідэнцтва.

Сініцын быў фігурантам даклада дэпутата Сяргея Антончыка пра карупцыю ў атачэнні Лукашэнкі.

Па сыходзе з адміністрацыі Сініцын з 1995 па 1996 год быў намеснікам прэм’ер-міністра. Пайшоў у адстаўку пасля таго, як Лукашэнка раскрытыкаваў працу ўрада.

«На мой погляд, прынцыпы і метады, якімі вы кіруецеся ў апошні час, кіруючы дзяржавай, памылковыя», — напісаў ён у заяве, якая стала даступнай прэсе.

У далейшым Сініцын быў намеснікам генеральнага дырэктара Федэральнай фінансава-прамысловай групы Кіраўніцтва спраў расійскага прэзідэнта. Працаваў дарадцам у расійскіх банках.

Старшыняваў у аргкамітэце расійска-беларускага Фонду сацыяльна-эканамічнага супрацоўніцтва.

Сініцын прасоўваў ідэі інкарпарацыі Беларусі ў склад Расіі і лічыў, што ў беларусаў няма іншай перспектывы.

У 2001-м удзельнічаў у прэзідэнцкай выбарчай кампаніі, але не быў зарэгістраваны кандыдатам, бо не сабраў патрэбнай колькасці галасоў.

У 2021 годзе заяўляў, што галасаваў за Святлану Ціханоўскую. На яго погляд, Лукашэнка ў 2020 годзе меўся пакінуць прэзідэнцтва.

Цяпер Сініцыну 69 гадоў. 

Міхаіл Мясніковіч

Узначальваў адміністрацыю Лукашэнкі з 1995 па 2001 гады.

Гадаванец савецкай наменклатуры ў 1994 годзе ўзначальваў перадвыбарчы штаб кандыдата ў прэзідэнты і тагачаснага прэм’ера Вячаслава Кебіча.

Пасля выбараў прыняў прапанову Лукашэнкі працаваць з ім.

Мясніковіч — архітэктар адміністрацыі Лукашэнкі, якая існуе дагэтуль.

Пры ім стала выбудоўвацца «прэзідэнцкая вертыкаль». Тады ж пачалі складаць кадравы рэестр службоўцаў, якіх прызначалі на канкрэтныя пасады і кантралявалі іх дзеянні. З таго часу ўрад стаў залежны ад Адміністрацыі.

Міхаіл Мясніковіч. Фота Fatih Aktas/Anadolu Agency/Getty Images

Адміністрацыя часоў Мясніковіча атрымала рычагі, якія зрабілі яе самым уплывовым дзяржаўным органам.

Яна стала кантраляваць пазабюджэтныя фонды Лукашэнкі, прымаць рашэнні аб прадстаўленні падатковых і мытных ільготаў, пераразмяркоўваць субсідыі і крэдыты, выдачы ліцэнзій. Праз яе лабіраваліся інтарэсы прадпрыемстваў і зацікаўленых бізнэс-груп.

Тады ж да працы ў апараце Адміністрацыі сталі далучацца сілавікі.

У нетрах Адміністрацыі зарадзілася ідэя правядзення рэферэндуму 1996 года, у выніку якога Вярхоўны Савет 13 склікання быў разагнаны і з'явілася Палата прадстаўнікоў.

Дасведчаны апаратчык Мясніковіч пасля сыходу з Адміністрацыі быў памочнікам Лукашэнкі па асаблівых даручэннях, прэзідэнтам (старшынёй прэзідыуму) Нацыянальнай Акадэміі навук. Займаў пасаду прэм’ер-міністра, старшыняваў у Савеце Рэспублікі.

Цяпер Мясніковічу 73 гады. У канцы мінулага года ён пакінуў пасаду старшыні калегіі Еўразійскай эканамічнай камісіі.

Урал Латыпаў

Кіраваў адміністрацыяй Лукашэнкі з 2001 па 2004 гады.

Латыпаў — выхадзец з КДБ. Мае званне палкоўніка ў запасе. Да прызначэння кіраўніком Адміністрацыі пабываў памочнікам Лукашэнкі, міністрам замежных спраў, дзяржаўным сакратаром у Радзе бяспекі.

Урал Латыпаў. Фота: udf.name

Латыпаў узначаліў адміністрацыю за 8 дзён да сканчэння прэзідэнцкай выбарчай кампаніі 2001 года.

На новай пасадзе Латыпаў меўся палепшыць імідж рэжыму, на якім ляжала кляймо выкрадання апанентаў яго лідара.

Былы чэкіст яшчэ ў 1999 годзе па даручэнні Лукашэнкі распрацаваў спецыяльную праграму па нармалізацыі адносінаў з Захадам.

Са сваёй задачай Латыпаў на пасадзе кіраўніка Адміністрацыі справіўся часткова.

У 2003 годзе пачаў працу офіс АБСЕ ў Беларусі. Ён меўся дапамагаць афіцыйнаму Мінску будаваць дэмакратычныя інстытуты і развіваць кантакты з грамадзянскай супольнасцю, а таксама дапамагаць ураду ў эканамічнай і экалагічнай дзейнасці ды рабіць справаздачы аб выкананні гэтых задач.

З іншага боку, грамадзянская супольнасць знаходзілася пад ціскам улады. Рэпрэсій цяперашняга маштабу не было, але актывісты пераследаваліся за сваю грамадзянскую пазіцыю.

Латыпаў быў звольнены ў 2004, меней чым праз месяц па сканчэнні трэцяга ў гісторыі незалежнай Беларусі рэферэндуму.

Па яго выніках Лукашэнка атрымаў магчымасць удзельнічаць у прэзідэнцкіх выбарах не абмежаваную колькасць разоў. Латыпаў кантраляваў правядзенне рэферэндуму.

Існуюць меркаванні, што яго адстаўка была звязаная з зачысткай Лукашэнкам свайго атачэння ад кадраў, якія мелі шчыльныя сувязі з Расіяй. А Латыпаў нават меў расійскае грамадзянства.

У 2004 годзе Латыпаў пайшоў з дзяржаўнай службы. Працаваў у беларускай даччынай кампаніі «Лукойла», узначальваў назіральную раду «ЛЛК-Нафтан». Затым у Расіі стаў кіраўніком кампаніі «Дырэкт Менеджмент», якая займалася нерухомасцю ў Маскве. Пазней увайшоў у назіральную раду беларускага «Альфа-Банка».

Цяпер Латыпаву 72 гады.

Віктар Шэйман

Кіраваў адміністрацыяй Лукашэнкі з 2004 па 2006 гады.

Былы вайсковец, служыў у дэсанце, прайшоў афганскую вайну. Дэпутат Вярхоўнага Савета 12 склікання.

Шэйман — адданы паплечнік Лукашэнкі. Тры дзясяткі гадоў ён знаходзіцца ў вышэйшых эшалонах улады. У ходзе першых прэзідэнцкіх выбараў у 1994 годзе адказваў за асабістую бяспеку Лукашэнкі.

Віктар Шэйман у Экватарыяльнай Гвінеі. Фота: скрын відэа прэс-службы віцэ-прэзідэнта Экватарыяльнай Гвінеі

З імем Шэймана звязваецца стварэнне сям’ёй Лукашэнкі бізнэс-імперыі. Ён курыруе праекты ў Афрыцы, а раней у Венесуэле. Выконвае асабліва далікатныя даручэнні Лукашэнкі. Фактычна кіруе беларускай прыватнай ахоўнай кампаніяй.

Шэймана вінавацяць у выкраданні і забойстве праціўнікаў Лукашэнкі.

Ён знаходзіцца пад санкцыямі Еўрасаюза і ЗША.

Кіраўніком Адміністрацыі яго прызначылі за год да абвяшчэння чарговых прэзідэнцкіх выбараў (снежань 2005 год).

Калі яны пачаліся, Шэйман стаў кіраўніком ініцыятыўнай групы кандыдата ў прэзідэнты Лукашэнкі.

У студзені 2006 года яго звольнілі з Адміністрацыі ў сувязі з пераводам на іншую працу. Ёй стала пасада дзяржаўнага сакратара Рады бяспекі.

Шэйман быў сустаршынёй беларуска-венесуэльскай сумеснай камісіі высокага ўзроўню, памочнікам Лукашэнкі па асаблівых даручэннях, а таксама да 2021 года заставаўся Кіраўніком спраў Лукашэнкі.

Цяпер 65-гадовы чыноўнік — спецпасланнік Лукашэнкі па пытаннях супрацоўніцтва з афрыканскімі краінамі.

Генадзь Нявыглас

Кіраўніком Адміністрацыі Лукашэнкі быў з 2006 па 2008.

Выпускнік Вышэйшай школы КДБ СССР. Служыў у пагранічных войсках.

Да прызначэння кіраўніком Адміністрацыі Нявыглас узначальваў Раду бяспекі.

За арганізацыю сфальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў 2006 года і рэпрэсіі супраць мірных дэманстрантаў трапіў пад санкцыі Еўрасаюза.

Генадзь Нявыглас. Фота: by.tribuna.com

Кіраванне Адміністрацыяй у Нявыгласа пачалося з разгону Плошчы-2006 ды зняволення экс-кандыдата ў прэзідэнты Аляксандра Казуліна. Палітык быў асуджаны на 5,5 года калоніі агульнага рэжыму за «злоснае хуліганства, арганізацыю і актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія парушылі грамадскі парадак».

У 2008 годзе па краіне пракацілася хваля пратэстаў прадпрымальнікаў супраць указу Лукашэнкі, які забараняў ім мець наёмных работнікаў.

Пратэстоўцы намагаліся перадаць Нявыгласу свае патрабаванні, але ім гэтага не ўдалося.

У 2008 годзе Нявыглас быў адпраўлены ў адстаўку пасля тэракту на 3 Ліпеня. Тады пацярпела больш за 50 чалавек. У віну Нявыгласу і Шэйману ставілася тое, што яны не забяспечылі належнай аховы святкавання.

Нявыглас пасля адстаўкі працягваў кіраваць Беларускай федэрацыяй футбола, у якой старшыняваў з 2003-га.

У 2011 годзе пайшоў з пасады.

Цяпер Генадзю Нявыгласу 69 гадоў.

Ён ганаровы старшыня Беларускай федэрацыі футбола, а таксама Ганаровы грамадзянін Пінскага раёна. Апошняе званне яму было прысвоена за ўклад у развіццё малой радзімы.

Уладзімір Макей

Адміністрацыяй Лукашэнкі кіраваў з 2008 па 2012 гады.

Палкоўнік запаса. Служыў у ГРУ СССР. Вучыўся ў Дыпламатычнай акадэміі МЗС Аўстрыі. У незалежнай Беларусі стаў дыпламатам.

Да прызначэння кіраўніком Адміністрацыі Уладзімір Макей 8 гадоў быў памочнікам Лукашэнкі.

Уладзімір Макей

Макея лічылі прадстаўніком «празаходняй» групы ў яго акружэнні.

За чатыры гады знаходжання на пасадзе кіраўніка Адміністрацыі адбылася першая хваля «лібералізацыі», прэзідэнцкія выбары 2010 года, якія скончыліся разгонам масавага пратэсту супраць іх вынікаў ды арыштам большасці кандыдатаў на прэзідэнцтва.

У той час лукашэнкаўцы правялі зачыстку незалежніцкага поля актыўнасці. Былі вернутыя чорныя спісы беларускіх музыкаў, якім забараняліся выступленні.

У 2011 годзе краіна перажыла тэракт у мінскім метро і дэвальвацыю нацыянальнай валюты.

Адстаўка Макея і прызначэнне яго міністрам замежных спраў замест шматгадовага кіраўніка ведамства Сяргея Мартынава стала нечаканасцю.

Палітычныя аглядальнікі тады гадалі: Макея павысілі ці панізілі. Пазней яго назавуць архітэктарам беларускай шматвектарнасці.

Міністэрства замежных спраў Уладзімір Макей узначальваў 10 гадоў. У 2022-м ён раптоўна памёр, што выклікала розныя версіі. Па інфармацыі «Нашай Нівы», гэта было самагубствам.

Андрэй Кабякоў

Узначальваў Адміністрацыю Лукашэнкі з 2012 па 2014.

Кабякоў па адукацыі інжынер-механік, эканаміст, палітолаг і выкладчык сацыяльна-палітычных дысцыплін. Ён выпускнік Маскоўскага авіяцыйнага інстытута, а таксама Інстытута паліталогіі і сацыяльнага кіравання КПБ, Беларускага дзяржаўнага інстытута народнай гаспадаркі.

Андрэй Кабякоў. Фота: «Мінск-навіны»

Да прызначэння кіраўніком Адміністрацыі быў паслом Беларусі ў Расіі.

Лукашэнка даручыў Кабякову асноўную ўвагу надаваць падбору кадраў на самыя высокія пасады, а таксама ідэалогіі ды інфармацыйнай палітыцы.

У 2014 годзе Кабякова адправілі кіраваць урадам. Узначальваў ён яго да 2018 года.

Затым стаў незалежным дырэктарам і старшынёй аўдытарскага камітэта рады дырэктараў «Белгазпрамбанк».

У 2020 годзе ўзначаліў расійскі вуглездабыўны холдынг «Сібвуглемет».

Цяпер Кабякову 63 гады.

Аляксандр Косінец

Кіраваў Адміністрацыяй з 2014 па 2016 гады.

Да прыходу на дзяржаўную службу зрабіў выдатную кар’еру ў медыцыне. Быў вядомым у краіне хірургам. Ужо ў 37 гадоў стаў прафесарам. Пабываў рэктарам Віцебскага медыцынскага ўніверсітэта.

Быў намеснікам прэм’ер-міністра і старшыняваў у Віцебскім аблвыканкаме.

Аляксандр Касінец. Фота: tut.by

Замена кіраўніка Адміністрацыі незадоўга да прэзідэнцкіх выбараў стала для Лукашэнкі звыклай практыкай. Так выйшла і з Косінцам.

Яго прызначылі на пасаду 27 снежня 2014 года. Выбарчая кампанія стартавала 30 чэрвеня 2015 года. Яна не вылучалася пратэснай актыўнасцю.

Косінец запэўніваў, што ў Беларусі «майданаў не будзе».

Лукашэнка характарызаваў Косінца як вельмі гарачага чалавека. Палітычныя назіральнікі адзначалі яго асаблівую аўтарытарнасць, якая не спрыяла працы з людзьмі.

Косінца Лукашэнка не раз рэзка крытыкаваў за няздольнасць Адміністрацыі вырашыць кадравыя пытанні, а таксама за тое, што яна не зʼяўляецца цэнтрам, які прапаноўвае дзейных рашэнняў. Паводле Лукашэнкі, ад яе няма ідэй «зямных, прыземленых, непрычасаных».

У 2016 годзе, неўзабаве па сканчэнні выбараў у Палату прадстаўнікоў, Косінец быў звольнены. Праз паўгода быў прызначаны памочнікам Лукашэнкі. Гэтую пасаду займае дагэтуль.

Цяпер Аляксандру Косінцу — 64 гады.

Наталля Качанава

Узначальвала Адміністрацыю з 2016 па 2019 гады.

Качанава была спартоўкай, выпускніцай Наваполацкага політэхнічнага інстытута. Працавала дыспетчарам у «Полацкводаканале», інжынерам у мясцовай жыллёва-камунальнай гаспадарцы. Была намесніцай старшыні Полацкага гарвыканкама. Сем гадоў старшынявала ў Наваполацкім гарвыканкаме.

Наталля Качанава

Чыноўніцкая кар’ера прывяла Качанаву ва ўрад. Яе прызначылі намесніцай прэм’ер-міністра, адказнай за сацыяльную сферу.

З урадавай пасады Качанаву і прызначылі кіраваць Адміністрацыяй. Дагэтуль яна не сыходзіць з набліжанага да Лукашэнкі атачэння.

Лукашэнка ўбачыў у Качанавай такога кіраўніка Адміністрацыі, які ўзносіць яго словы як галоўнакамандуючага. Яна не сумняецца ў выкананні дзяржаўнага курса, але нібыта надае яму чалавечае аблічча.

Як, напрыклад, было з лукашэнкавым дэкрэтам «Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства», які выклікаў масавыя пратэсты. Качанава змякчала рыторыку калегаў і старалася давесці людзям, што ён неабходны. Ужо ў той час праявілася ліслівасць чыноўніцы.

Качанавай дазваляецца быць публічнай, бо ў ёй Лукашэнка не бачыць пагрозы сваёй уладзе. Яе ўключылі ў склад Рады бяспекі.

Чыноўніцу часам выпраўлялі супакойваць людскую незадаволенасць. Напрыкад, як тое было з цыганамі, калі ў 2019-м прадстаўнікоў дыяспары масава затрымлівалі пасля загадкавай смерці міліцыянта ў Магілёве. Пазней высветлілася, што ён сам сябе забіў. Улада спачатку адмаўляла затрыманні, а пазней апраўдвала дзеянні сілавікоў. Качанава выбачалася.

Асноўнымі промахамі Качанавай наменклатурнікі лічаць кадравыя памылкі ў рэгіёнах, а таксама культывацыю рэжымнага дагматызму, які замінае эфектыўнаму кіраванню і творчым праявам менеджараў.

У 2019 годзе Качанава ўзначаліла Савет Рэспублікі.

Чыноўніца ў санкцыйных спісах Еўрасаюза і ЗША, а таксама шэрагу іншых краінаў.

Наталлі Качанавай 63 гады.

Ігар Сергеенка

Генерал-маёр КДБ узначаліў Адміністрацыю Лукашэнкі ў 2019 годзе. Цяпер балатуецца дэпутатам у Палату Прадстаўнікоў і ў выпадку, калі трапіць туды, будзе звольнены з пасады.

Сергеенку прызначылі кіраваць Адміністрацыяй па завядзёнцы напярэдадні прэзідэнцкай выбарчай кампаніі.

Яго задача палягала ў тым, каб выбары прайшлі спакойна, і з ёю ён не справіўся. Тым не менш застаўся на пасадзе.

Ігар Сергеенка

Напачатку выбарчай кампаніі Сергеенку было даручана заняцца кадрамі для новага ўрада.

Яго ўзначаліў Раман Галоўчанка, які быў звязаны з сілавікамі. Тады ж абазначыўся трэнд на ўмацаванне пазіцый сілавога блоку. Сілавікі дагэтуль у фаворы Лукашэнкі, а ў краіне пануе тэрор.

Ігара Сергеенку ва ўладных колах характарызуюць як «чалавек без пазіцыі, які тонка гуляе».

Ён запомніўся тым, што змагаўся з «экстрэмізмам» яшчэ да 2020-га, заступаўся за Курапаты, але нядоўга, даў адмашку нішчыць знакі пра Каліноўскага і Касцюшку ды прыбіраць лацінку. Быў супраць уступлення Беларусі ў вайну з Украінай.

Ігару Сергеенку 61 год.

***

Сярод прэтэндэнтаў на пасаду кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі: першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Максім Рыжанкоў, памочнік па Брэсцкай вобласці Валерый Вакульчык, старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Каранік, першы віцэ-прэмʼер Мікалай Снапкоў.

Час рабіць стаўкі.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Глядзіце таксама:

Як склаліся лёсы былых кіраўнікоў КДБ

Як склаўся лёс сiлавiкоў, што душылі народ у 2020 годзе 

Хто ў акружэнні Лукашэнкі выступаў за ўступленне ў вайну, а хто быў супраць

Гіганцкі апарат: ад КДБ да Службы аховы прэзідэнта 

Як склаўся лёс кіраўнікоў службы бяспекі Лукашэнкі

Ад Абельскай да Ярмошынай: 113 уладальнікаў катэджаў у Драздах, поўны спіс

Каментары10

  • Ясненька
    31.01.2024
    Сярод кіраўнікоў адміністрацыі Лукашэнкі адны расейцы і кдбшнікі.
    Вы забыліся напісаць, дзе нарадзіліся Кабяковы (Масква), Латыпавы (РФ, Башкірыя)...
  • Біяграфія
    31.01.2024
    Урал Латыпов по национальности татарин, родился в деревне Катаево (ныне Новокатаево) Бакалинского района Башкирской АССР.
    1973 год — с отличием окончил юридический факультет Казанского государственного университета.
    1974 год — окончил Высшие курсы КГБ СССР в Минске.
    В 1974—1989 годах служил в органах КГБ СССР.

    В 1994 году — помощник Президента Республики Беларусь.
    С 15 июля 1995 года — руководитель секретариата Президента Республики Беларусь — первый помощник Президента Республики Беларусь.
    С 4 декабря 1998 года по 27 ноября 2000 года — Министр иностранных дел Республики Беларусь — заместитель Премьер-министра Республики Беларусь.
    С 27 ноября 2000 года — государственный секретарь Совета Безопасности Республики Беларусь — помощник Президента Республики Беларусь по национальной безопасности.
    С 12 сентября 2001 года по 29 ноября 2004 года — глава Администрации Президента Республики Беларусь.
  • даведка
    31.01.2024
    Лукашенко полностью монополизировал все ведомственные печатные органы (издания) парламента, правительства и министерств через издательский дом «Беларусь сегодня», подчинённый администрации Лукашенко. И при этом полностью контролирует все кадры в органах местной исполнительной власти через свой кадровый реестр: председатели райисполкомов назначаются только по согласованию с ним лично; любые назначения руководителей районных и областных исполнительных комитетов и начальников их структурных подразделений по согласованию с помощниками Лукашенко — инспекторами в регионах, которые являются сотрудниками его администрации; начальники региональных управлений МВД и КГБ также назначаются им лично, как члены облисполкомов и Мингорисполкома.

У 2020-м сын Ганны Канапацкай званіў у міліцыю з даносам на мінчукоў, якія развешвалі стужкі

У 2020-м сын Ганны Канапацкай званіў у міліцыю з даносам на мінчукоў, якія развешвалі стужкі

Усе навіны →
Усе навіны

Трамп пажартаваў, што гатовы балатавацца на трэці прэзідэнцкі тэрмін, калі амерыканцы скажуць «Нада!»18

Чаму закрылі праект «Ноч з Чалым»10

Сякеры ад МТЗ, якія загадаў палепшыць Лукашэнка, паступілі ў продаж. Вось колькі яны каштуюць10

Лукашэнка адпомсціў Дуду за адмову фатаграфавацца6

Затрыманы беларус, падазраваны ў спробе падпалу ў Гданьску па замове замежнай выведкі

Бацька Марыі Калеснікавай расказаў, як была арганізавана сустрэча з дачкой5

У Беларусі заблакавалі Livejournal1

Прыпыніла працу найбуйнейшая на Берасцейшчыне школа замежных моў, яе офіс апячаталі1

Дзім Дзімыч уступіў у «Белую Русь»2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

У 2020-м сын Ганны Канапацкай званіў у міліцыю з даносам на мінчукоў, якія развешвалі стужкі

У 2020-м сын Ганны Канапацкай званіў у міліцыю з даносам на мінчукоў, якія развешвалі стужкі

Галоўнае
Усе навіны →