Грамадства88

Жыхарка Брэста прыехала з Польшчы ў Беларусь на пахаванне — яе затрымалі за данат

Берасцейка Наталля (імя зменена) у 2020 годзе актыўна падтрымлівала грамадзянскую супольнасць і зрабіла данат у фонд салідарнасці Bysol. Пазней дзяўчына з’ехала з мужам у Польшчу на вучобу і забыла пра гэты перавод. Сёлета летам дзяўчына вярталася на радзіму на пахаванне блізкага сваяка і была затрыманая на мяжы.

Наталля распавяла «Вясне», як ёй назвалі суму штрафу ў 250 разоў большую за данат, як яна гандлявалася з сілавікамі, як у брэсцкім ІЧУ клапы пакусалі яе і сукамерніц да алергічнай рэакцыі, а пракладкі і туалетную паперу трэба было выпрошваць у наглядчыкаў. Як яе маці перажыла затрыманне дачкі, а таксама пра тое, ці плануе дзяўчына яшчэ раз паехаць у Беларусь.

Суразмоўца пераехала разам з мужам у 2021 годзе на вучобу ў Польшчу па спецыяльнасці міжнародныя адносіны. Сёлета ў канцы ліпеня ёй прыйшлося вяртацца на радзіму на пахаванне сваяка. Дзяўчына ехала рэйсавым аўтобусам. На беларускай мяжы яе затрымалі. 

«Мне падалося, што мой пашпарт правяралі даволі доўга. Звычайна ўсё значна хутчэй. Дзесьці праз гадзіну пасля праверкі я ўжо зайшла ў аўтобус і пачула, як памежнікі назвалі маё прозвішча і сказалі выходзіць».

Чакаем вас у міліцыі адразу пасля пахавання

Дзяўчыну прывялі ў пакой дазнавання, забралі пашпарт, але прычыну затрымання не патлумачылі. Тэлефон не забіралі, таму Наталля паспела напісаць блізкім.

«У кабінеце памежнікаў мне патэлефанаваў супрацоўнік брэсцкага ГУБАЗіКа і запрасіў да сябе на размову. Нагоду для размовы не назваў, але запэўніў, што яна не зойме больш, чым 20 хвілінаў. Я сказала, што прыехала на пахаванне. Тады сілавік адказаў, што спадзяецца на маю прыстойнасць і чакае мяне ў аддзяленні адразу пасля пахавання», — распавядае дзяўчына.

Наталля амаль цалкам была ўпэўненая, што яе выклікаюць у міліцыю за данаты. Раней па падобнай схеме ўжо выклікалі яе знаёмых. Дзяўчына не знайшла сябе ў базе МУС тых, каму забаронены выезд з Беларусі і збіралася з’язджаць на наступны дзень пасля прыезду ў краіну. На гэты раз суразмоўца вырашыла не карыстацца аўтобусам, а падсела ў машыну, каб перасекчы мяжу.

«Нягледзячы на тое, што мяне не было ў афіцыйнай базе МУС, мяне ўсё роўна затрымалі на мяжы. Праз 15 хвілінаў па мяне прыехалі два маладых хлопца гадоў па 20-25 у цывільным адзенні са словамі: «Ну што, хлусіце нам?». Паводзілі сябе вельмі абуральна: зайшлі ўразвалку як каралі і чвякалі гумай».

«Я думала, гэта засталося далёка ў 2020 годзе»

На пытанне дзяўчыны на якой падставе яе затрымліваюць, маладыя губазікаўцы адказалі з пагрозай: «Даўно з намі так не гутарылі. Будзе вельмі цікава».

«Было канешне троху стромна, але я імкнулася не падаваць віду і захоўваць спакой. Спачатку я ўвогуле размаўляла з імі даволі дзёрзка. Але яны паклалі перада мною Крымінальны кодэкс і пачалі запужваць, што завядуць на мяне справу. Сказалі, што я зараз паеду ў ізалятар, таму я вырашыла «збаўляць абароты» .

Як распавядае суразмоўца, супрацоўнікі ГУБАЗіК паклалі на ўваходзе бел-чырвона-белы сцяг і дэманстратыўна па ім тапталіся.

«Я шчыра думала, гэта (практыка таптання нацыянальнага сцяга — заўв. рэд.) засталося далёка ў 2020 годзе і падобныя «экземпляры» былі адзінкавыя. Шчыра, я была ў шоку» — здзіўляецца Наталля.

У сілавікоў была раздрукоўка банкаўскай аперацыі, у якой было імя і прозвішча Наталлі, даныя банкаўскай карты, назва фонда Bysol, дата і сума аперацыі. Як яны сказалі, даныя ім перадала плацёжная сістэма PayPal, праз якую дзяўчына рабіла пералік.

Цягам дзвюх гадзінаў Наталлю распытвалі, што яна рабіла ў Польшчы, пра вучобу і прыватнае жыццё, а таксама, калі прыязджаў муж і чаму даўно не быў у Беларусі. Сілавікі забралі ў дзяўчыны смартфон і праглядалі ўсе фотаздымкі і падпіскі ў сацсетках.

«Я спытала, ці магчыма неяк па-іншаму вырашыць гэтае пытанне. Тады сілавікі прапанавалі мне падкрэслена «ў межах закону» зрабіць добраахвотнае ахвяраванне ў Рэспубліканскі фонд медычнага рэагавання».

Сума «добраахвотнага ахвяравання» ў 250 разоў большая за данат

Сілавікі пачалі абмяркоўваць суму, якую мусіць сплаціць Наталля. Дзяўчына заданаціла ў BYSOL некалькі дзясяткаў даляраў. Спачатку ёй назвалі суму «ахвяравання» ў 250 разоў большую за суму даната. Сілавікі адштурхоўваліся ад памеру сярэдняга заробка Наталлі ў Польшчы.

«Я ім казала, што зарабляю ў Польшчы 1000 даляраў. Яны зноў пачалі мяне пужаць крыміналкай. Падлічвалі, колькі я страчу заробку, калі мяне зараз пасадзяць на тры гады. І што яны, маўляў, такія добрыя, бо прызначаюць суму «ахвяравання» зусім невялікую, у параўнанні з страчаным заробкам за кратамі. Яны проста гуляліся са мною, суму штрафу выдумлялі з галавы» — распавядае дзяўчына. 

Сілавікі сказалі суразмоўцы, што праз тое, што яна спрабавала ад іх збегчы, да яе больш строгае стаўленне. Звычайна, яны прызначаюць сумы штрафаў у 10-20 кратным памеры, кажа Наталля.

«У колькі вы ацэньваеце сваю свабоду»

Дзяўчына не мела такой буйной сумы і папрасіла, каб тыя зменшылі памер штрафу.

«Я разумела, што мне такая сума не па кішэні, адразу пачала казаць ім, што такіх грошай не маю. А яны мне толькі адказвалі: «У колькі вы ацэньваеце сваю свабоду? Вось, сядзіце думайце». Я ім прапаноўвала заплаціць 1000 даляраў. Яны, канешне ж, не пагадзіліся. У выніку сказалі, што заўтра мае родныя ці знаёмыя мусяць прынесці на адрас ГУБАЗіК тую вялізную суму.

Тады адбыўся смешны момант. Калі я тэліла мужу, каб той разам з маімі бацькамі рыхтаваў грошы, сілавікі пабаяліся прамовіць час візіту, а толькі напісалі на паперцы — 11:00 і падсунулі мне. Напэўна, баяліся, што муж пачуе іх голас».

«Клапы былі паўсюль». Брэсцкі ІЧУ

На час, пакуль муж Наталлі будзе шукаць грошы, дзяўчыну змясцілі ў ізалятар. У дзяўчыны на тэлефоне ва «Укантакце» знайшлі падпіску на старонку «Afisha.TUT.BY». На яе склалі адміністрацыйны пратакол за захоўванне «экстрэмісцкіх матэрыялаў» паводле арт. 19.11.

«У першую ноч на шэсць месцаў камеры нас сядзела сем чалавек. У астатнія дзве нас было ўжо шэсць. Усе сядзелі па тым жа артыкуле — за «экстрэмісцкія» матэрыялы. Дваіх жанчын затрымалі ў Беларусі, астатніх, як і мяне, на беларускай мяжы».

Наталля распавядае, што ўмовы ў ізалятары былі жахлівымі. Яе пераводзілі толькі ў кайданках у позе «ластаўка».

«Камера была ў падвале. У ёй не было чым дыхаць, не было вентыляцыі. У акне, зашытым пластыкавым лістом, былі толькі тры маленькія дзірачкі для паветра. На сценах была чорная цвіль. Матрацы нам не выдавалі. Дзяўчаты, якія сядзелі долей, распавядалі, што ў іншых камерах быў свежы рамонт. А жанчынам, якіх затрымалі за нясплату аліментаў, матрацы на ноч выдавалі, у адрозненне ад тых, каго затрымалі паводле арт. 19.11. Яшчэ ў другой камеры былі жалезныя ложкі, таму палітычныя вымушаныя былі спаць на падлозе».

Суразмоўца кажа, што па ўсёй камеры было вельмі шмат клапоў, якія да алергіі кусалі жанчын. Праз гэта немагчыма было спаць.

«Клапы былі паўсюль: на столі, на сценах, літаральна паўсюль. Я нават вывучыла ўсе стадыі жыцця клапоў: як выглядае лічынка, як дарослы. Я стала спецыялісткай па клапах.

Нягледзячы на тое, што ў нашай камеры былі драўляныя ложкі, спаць было немагчыма. Як толькі ты кладзешся спаць, цябе адразу пачынаюць моцна грызці клапы. У адной сукамерніцы ад укусаў пачалася алергія. У яе на целе з’явіліся агромністыя пухіры. Мы прасілі наглядчыкаў выклікаць хуткую дапамогу, але яе так ніхто не выклікаў. Калі ў дваіх іншых дзяўчат таксама пачалася алергічная рэакцыя, тады толькі нам прынеслі нейкую мазь і таблеткі. Мяне таксама моцна пакусалі. Сляды дагэтуль засталіся.

Адну з дзяўчат прывялі ў камеру ў лёгкай сукенцы. Яе таксама вельмі моцна пакусалі клапы. Яна доўга прасіла наглядчыкаў, каб ёй выдалі ейныя запасныя рэчы, каб хоць неяк схавацца ад гэтых клапоў. Толькі на трэція суткі, калі яна была ўся пакусаная, ёй перадалі штаны і кофту».

Прыбіральня ў камеры была ў выглядзе дзіркі ў падлозе без дзвярэй ці фіранак, хоць памяшканне было абсталяванае камерай відэаназірання. Не было магчымасці нармалёва памыцца. Як кажа Наталля, ад усіх дзяўчат моцна смярдзела.

«За туалетную паперу прыходзілася ваяваць. Мы яе маглі выпрошваць у супрацоўнікаў цэлы дзень. Таксама мы выпрошвалі пракладкі, але нам іх ніхто так і не выдаў».

Спаць даводзілася пры штучным асвятленні, якое ніколі не выключалі. А першай і чацвёртай гадзіне ночы зняволеных будзілі на пераклічку.

«На трэція суткі праз пастаянны недасып я ўжо вельмі дрэнна сябе адчувала. Спрабавала паспаць такім чынам: на стол клала сваю кофту, на яе рукі, а на рукі галаву. Каб хоць неяк аберагчыся ад клапоў. Але ўжо праз 10 хвілінаў наглядчыкі пачалі да нас грукаць, каб я «прыбрала анучу з-пад галавы».

Штраф у сторазовым памеры

Пасля 72 гадзін затрымання сілавікі выпусцілі Наталлю з ізалятара і сказалі ехаць па банкаўскую выпіску. Усе некалькі дзён арышту бацькам Наталлі не казалі пра яе затрыманне. Толькі за дзве гадзіны да вызвалення ў нядзелю вечарам участковы апавясціў яе бацькоў.

Наталля распавядае, як спрабавала зменшыць суму «добраахвотнага ахвяравання». Гэта яшчэ раз паказвае, наколькі адвольна і бяспраўна сілавікі прызначаюць штрафы тым, хто данаціў.

«Бацькі папрасілі мяне з імі пагандлявацца. У нас небагатая сям’я, таму такія вялікія грошы я так хутка не сабрала бы.

У выніку мы дамовіліся на суму ў два разы меншую ад першапачатковай. Атрымаўся штраф прыкладна ў сторазовым памеры. Мне сказалі напісаць чыстасардэчнае прызнанне, далі даныя фонду для сплаты «добраахвотнага ахвяравання». А недзе праз тыдзень пасля аплаты бацькам прыйшло апавяшчэнне аб адмове ў завядзенні крымінальнай справы», — распавяла суразмоўца.

«Маці думала, што мне дадуць тры гады»

Затрыманне Наталлі адбылося адразу пасля пахавання блізкага сваяка і прынесла сям’і яшчэ больш стрэсу і перажыванняў.

«Маці ўвогуле думала, што мне дадуць тры гады. Калі мяне не выпусцілі ў першы дзень, маці вельмі ўсхвалявалася. Самае цяжкае для родных было тое, што яны не маглі атрымаць інфармацыю пра маё месцазнаходжанне».

Наталля кажа, што больш не плануе вяртацца ў Беларусь нягледзячы на тое, што сплаціла штраф.

«Калі я аднойчы ў іх засвяцілася, наступны раз да мяне можа быць пільная ўвага. Я ім не веру».

Каментары8

  • Бухгалтер
    21.08.2024
    Жэка, общаться больше не будем. Окончательные расчеты будем проводить
  • Гопнікі ў балаклавах
    21.08.2024
    Вось так выглядае лукашыцкае "недазаконаў". Гопнікі бяруць цябе ў закладнікі і патрабуюць выкуп у адвольнай форме. І што за фонд такі "Рэспубліканскі фонд медычнага рэагавання"?
  • Paypal
    21.08.2024
    PayPal сливает данные о платежах. Мрази.

Айцішнік з EPAM, які жыве ў ЗША, наведаў Беларусь. Цяпер яму пагражае да сямі гадоў калоніі3

Айцішнік з EPAM, які жыве ў ЗША, наведаў Беларусь. Цяпер яму пагражае да сямі гадоў калоніі

Усе навіны →
Усе навіны

Прызначылі новага мастацкага кіраўніка тэатра імя Якуба Коласа. На гэта спатрэбілася больш за два гады4

«Вызваленне»: у што Расія ператварыла ўкраінскія гарады7

Еўрасаюз гатовы цалкам адмовіцца ад расійскага газу3

За каментары і ўдзел у пратэстах затрымалі брата палітвязня. Ён нядаўна вярнуўся з Польшчы7

У Варшаве беларус загінуў, скокнуўшы з шостага паверха бальніцы3

У Мінску ў верасні зацвілі каштаны. Гэта нармальна?3

У Дзвіне завяліся медузы, а ў мінскім вадаёме — амерыканскія паласатыя ракі

У Германіі знік 22-гадовы беларус

Было 430 тысяч — стала 90 тысяч. Як па дарозе з Еўрасаюза ў Беларусь машыны губляюць сотні тысяч кіламетраў прабегу7

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Айцішнік з EPAM, які жыве ў ЗША, наведаў Беларусь. Цяпер яму пагражае да сямі гадоў калоніі3

Айцішнік з EPAM, які жыве ў ЗША, наведаў Беларусь. Цяпер яму пагражае да сямі гадоў калоніі

Галоўнае
Усе навіны →