У Беларусь прыедзе Віктар Януковіч. На ўсякі выпадак рыхтуюцца да візіту і ў вёсцы Янукі Докшыцкага раёна, адкуль паходзіць Януковічаў дзед.

На ўказальніку -- ці то кіламетраж, ці то колькасць жыхароў?

На ўказальніку -- ці то кіламетраж, ці то колькасць жыхароў?

Янукі. Экскаватарам тут закопваюць падмуркі разбураных хат.

Янукі. Экскаватарам тут закопваюць падмуркі разбураных хат.

Гэтая хата нежылая, але свежапафарбаваная і з фіранкамі.

Гэтая хата нежылая, але свежапафарбаваная і з фіранкамі.

Марыя Януковіч, адна з апошніх жыхарак вёскі.

Марыя Януковіч, адна з апошніх жыхарак вёскі.

На Янукоўскіх могілках спачываюць продкі ўкраінскага прэзідэнта.

На Янукоўскіх могілках спачываюць продкі ўкраінскага прэзідэнта.

Ад маёй вёскі Завараты, што ў Глыбоцкім раёне, да Янукоў каля дзесяці кіламетраў. Паехалі мы на роварах, бо іншай тэхнікай тут праехаць складана.

Дарога ідзе па тэрыторыі трох раёнаў, а між раёнамі дарог у нас амаль няма.
Праехалі мы дзесяць кіламетраў, на шляху сустрэлі толькі двух чалавек (адзін з якіх ляжаў п’яны пры дарозе), і адзін аўтамабіль — вёз рабочых з Янукоў.

Наша мясцовасць ляжыць на мяжы Глыбоцкага, Пастаўскага і Докшыцкага раёнаў, раней гэта была адна адміністрацыйная адзінка. Зараз паўсюль пануе запусценне, у большасці вёсак жыве чалавек па дзесяць.

Праходзіць тут самы грэбень Свянцянскай грады, па якой пралягае водападзел паміж Нёманам і Дзвіной. Мясціны тут прыгожыя, але землі не вельмі ўрадлівыя. Таму тут і былі ў асноўным невялікія вёскі, але недалёка адна ад адной. Да райцэнтраў далекавата, гэта адна з галоўных прычын, чаму людзі адсюль з’яжджаюць.

У вёсцы Струкі, якая да 1960-х была цэнтрам сельсавета, зараз жылая толькі адна хата. Наступная за ёй вёска — Янукі.

Ужо на пад’ездзе да яе чуваць гуд тэхнікі, у паветры стаіць ад яе чад.
Непадалёк ад скрыжавання з докшыцкай дарогай экскаватар і бульдозер прыбіраюць рэшткі фермы. Асноўная частка работ па добраўпарадкаванні была зроблена яшчэ ў мінулы прыезд Януковіча, у 2003 годзе, але яшчэ стаяла воданапорная вежа з буслянкай і сянажныя траншэі. Зараз бураць і гэта. Па словах мясцовай жыхаркі Марыі Януковіч, буслянку гэту ніхто не хацеў прыбіраць, бо ў народзе вераць: хто пакрыўдзіць бусла, накліча на сябе бяду. Але загад ёсць загад, некалі бурылі храмы, дзе ж ужо тут думаць пра бусла…

Пад’язджае начальнік забіраць механізатараў, цікавіцца, хто такія, чаго фатаграфуем. Мы ў сваю чаргу пытаемся, ці чакаюць яны высокага госця з Украіны.

«Прамога ўказання няма, але на ўсякі выпадак рыхтуемся»,
 — адказвае.

Ад скрыжавання да Янукоў два кіламетры, тут відаць ажыўленне, дарога раўняная грэйдэрам, бялеюць свежыя пні зрэзаных дрэў, дымяцца кучы галля. Але ля магілак з навядзеннем парадку, відаць, перастараліся. Нам сустрэўся стары з вядром, які гасіў упаленае дупло ў сасне. Дарэчы, калі я вяртаўся дадому, яно зноў угарэлася. Вакол магілак чарнее спаленая трава, месцамі стаіць абгарэлы ядловец.

— А хто гэта так тут усё папаліў? — пытаюся ў мясцовага жыхара.

— А былі тут з сельсавета…

Што цікава,

за падпал сухой травы можна атрымаць штраф да 40 базавых, але начальства, відаць, гэта не тычыцца.
Ды і наогул, на тэрыторыі Пастаўскага і Докшыцкага раёнаў гэтай забароны не вельмі прытрымліваюцца. Да райцэнтраў далёка…

У Януках я не быў паўгода, таму змены адразу кідаюцца ў вочы. Паўразваленыя хаты зламалі, экскаватар закопвае падмуркі. Павыразаныя здзічэлыя слівы, падрэзаныя яблыні ў закінутых садах.

У першай ад дарогі хаце ніхто не жыве, аб чым сведчаць адарваныя драты электраперадач. Але вокны і калодзеж свежапафарбаваныя, на вокнах новыя фіранкі.

Мясцовая жыхарка Марыя Януковіч сустракае нас насцярожана: «Надакучылі тут ужо ездзіць і фатаграфаваць». «То чужыя надакучылі, — кажу. — А мы ж мясцовыя, таксама хочам пабыць у цэнтры падзей». «А што тут такога, проста наводзяць парадак», — кажа яна. На цётцы Марыі куртка з надпісам Ukraine і з украінскім трызубам. «Але ж куртка ў вас украінская», — звяртаю я ўвагу. «Ну, так, украінская." Спадарыня Марыя дзякуе Януковічу, што хоць нейкі тут навялі парадак, праўда, у адраджэнне Янукоў, у якіх жыве зараз два чалавекі, не верыць.

Варта адзначыць, што сам Віктар нарадзіўся не ў Януках, тут нарадзіўся толькі яго дзед, які выехаў на заробкі ў Данбас яшчэ ў 1914 годзе. На Янукоўскіх могілках пахаваны прадзед Януковіча, праўда, месца пахавання яго невядомае. Але ж прозвішча ва ўкраінскага прэзідэнта ўсё адно наша, беларускае, і тутэйшыя жыхары гэтым вельмі ганарацца. «Хоць нехта з нашых выбіўся ў людзі», — кажуць яны.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?