Паўночная Карэя спыніла ядзерныя выпрабаванні шмат гадоў таму. Але пад зямлёй нешта працягваецца
Падземныя ядзерныя выбухі могуць выклікаць землятрусы, але звычайна такія наступствы хутка знікаюць. Каля былога паўночнакарэйскага палігона навукоўцы выявілі зусім іншую карціну.

З 2006 па 2017 год Паўночная Карэя правяла шэсць падземных ядзерных выпрабаванняў на палігоне Пунгеры на поўначы краіны. Выбуховыя прылады размяшчалі ў тунэлях пад гарой Мантап.
Даўно вядома, што такія выбухі могуць выклікаць землятрусы. Напрыклад, пасля ядзерных выпрабаванняў у амерыканскім штаце Невада падчас халоднай вайны падземныя штуршкі працягваліся некалькі дзён або тыдняў і адбываліся пераважна паблізу месца выбуху.
Аднак навукоўцы зацікавіліся тым, што адбывалася каля паўночнакарэйскага палігона праз гады пасля выпрабаванняў. Група даследчыкаў з Паўднёвай Карэі і Кітая прааналізавала сейсмічныя даныя за перыяд з 2008 па 2025 год.
На вынікі даследавання, апублікаваныя ў часопісе Science, звяртае ўвагу Die Welt.
Землятрусаў станавілася ўсё больш
За час назіранняў навукоўцы зафіксавалі вакол гары Мантап 1399 землятрусаў. Большасць былі слабымі, з магнітудай ад 2 да 3, і адбываліся, імаверна, на невялікай глыбіні.
Першы такі землятрус зафіксавалі ў 2013 годзе пасля трэцяга ядзернага выпрабавання. Да 2017 года штуршкоў было няшмат, але пасля шостага і самага магутнага выбуху іх стала значна больш.
Прычым з цягам часу расла не толькі колькасць землятрусаў, але і іх сіла. Гэта асабліва незвычайна, бо да пачатку ядзерных выпрабаванняў раён Мантапа лічыўся сейсмічна вельмі спакойным. Па словах аўтараў даследавання, у кітайскіх і карэйскіх гістарычных запісах за больш чым дзве тысячы гадоў згадваецца толькі адзін землятрус прыкладна за 100 кіламетраў ад гэтага месца.
Што магло адбыцца пад зямлёй
Навукоўцы мяркуюць, што ядзерныя выбухі маглі парушыць раўнавагу ў зямной кары і актывізаваць старыя разломы.
Карэйскі паўвостраў знаходзіцца на адносна стабільнай частцы кантынентальнай зямной кары. Аднак даследчыкі выявілі ў раёне Мантапа старыя разломы, прынамсі два з якіх маглі зноў актывізавацца пасля ядзерных выбухаў.
Сваю ролю магла адыграць і форма гары. Праз яе стромкую і асіметрычную будову некаторыя разломы, паводле навукоўцаў, маглі ўжо знаходзіцца блізка да крытычнага стану, а выбухі парушылі раўнавагу.
Існуе і іншае магчымае тлумачэнне. Геафізік Чыкагскага ўніверсітэта Сунён Пак (Sunyoung Park), якая не ўдзельнічала ў даследаванні, мяркуе, што выбухі маглі раздрабніць горныя пароды і стварыць новыя расколіны, па якіх пачала рухацца вада.
Паколькі вада прасочваецца праз пароды павольна, звязаныя з гэтым штуршкі могуць узнікаць праз гады пасля выбуху. Аднак уплыў падземных вод у даследаванні не вывучалі, таму гэта пакуль толькі гіпотэза.
Што застаецца невядомым
Поўнай карціны ў навукоўцаў пакуль няма. Зафіксаваныя 1399 землятрусаў могуць быць толькі часткай усіх штуршкоў: у даследаванне ўключалі толькі тыя, якія зарэгістравалі некалькі сейсмічных станцый. Падзеі, заўважаныя толькі адной або дзвюма станцыямі, не ўлічвалі.
Акрамя таго, даследчыкі не мелі доступу ні да палігона Пунгеры, ні да сейсмічных даных з самой Паўночнай Карэі. Таму яны не могуць дакладна вызначыць, што цяпер адбываецца пад гарой Мантап і які менавіта механізм падтрымлівае землятрусы праз гады пасля апошняга ядзернага выпрабавання.
Пры гэтым прыкмет таго, што пасля 2017 года Паўночная Карэя праводзіла там новыя ядзерныя выпрабаванні, навукоўцы не выявілі.
Цяпер чытаюць
«Калі б я быў следчым КДБ, я б падкрэсліў тое самае». Фядута — пра схаваныя сэнсы «Каласоў пад сярпом тваім», увагу сілавікоў да свайго рукапісу і загадку з трэцяй часткай рамана Караткевіча
Каментары
Гэтыя штуршкі - каго трэба штуршкі.