Эканоміка22

Нарвегія стварае «Tinder для навукоўцаў і бізнэсу». Урад будзе аплачваць «першае спатканне»

Нарвегія вырашыла незвычайным спосабам зблізіць навуку і бізнэс. Новая дзяржаўная платформа павінна дапамагчы кампаніям знаходзіць даследчыкаў яшчэ да таго, як у іх з'явіцца гатовы даследчы праект. Міністр даследаванняў і вышэйшай адукацыі параўнала яе з папулярным дадаткаў для знаёмстваў і заявіла, што дзяржава возьме на сябе выдаткі на гэтае «першае спатканне».

Міністр даследаванняў і вышэйшай адукацыі Нарвегіі Сігрун Ослан і кіраўнік Канфедэрацыі прадпрыемстваў Нарвегіі (NHO) Оле Эрык Альмлід. Фота: Kunnskapsdepartementet / regjeringen.no

Нарвегія ўжо некалькі гадоў спрабуе наладзіць больш шчыльнае супрацоўніцтва паміж навукай і бізнэсам, каб даследаванні часцей станавіліся асновай для новых прадуктаў, паслуг і кампаній.

Паводле звестак дзяржаўнага партала ўрада Нарвегіі, сёння толькі дзве з 50 найбуйнейшых кампаній Паўночнай Еўропы, якія займаюцца даследаваннямі і распрацоўкамі, з'яўляюцца нарвежскімі. Нарвежскі бізнэс інвестуе ў даследаванні і распрацоўкі менш за 1% валавога ўнутранага прадукту, тады як у іншых паўночных краінах і ў сярэднім па дзяржавах Арганізацыі эканамічнага супрацоўніцтва і развіцця гэты паказчык складае каля 2% ВУП.

«Мы распрацоўваем замала новых патэнтаў, прадуктаў, паслуг і кампаній, заснаваных на нарвежскіх даследаваннях. Нарвежскі бізнэс недастаткова інвестуе ў навуку, а вынікі даследаванняў занадта рэдка знаходзяць практычнае прымяненне. Таму мы вырашылі гэта змяніць», — заявіла міністр даследаванняў і вышэйшай адукацыі Сігрун Ослан.

Першым крокам павінна стаць Koblingsboks — новая дзяржаўная праграма, запуск якой запланаваны на восень 2026 года. Яе задача — дапамагчы кампаніям і навуковым установам знайсці адна адну яшчэ да таго, як з'явіцца гатовы даследчы праект або будзе сфармуляваная канкрэтная даследчая задача.

Апісваючы новую ініцыятыву, міністр выкарыстала незвычайнае параўнанне.

«Гэта будзе новы Tinder для бізнэсу і навукоўцаў. Мы будзем звязваць кампаніі і даследчыя ўстановы, а дзяржава аплаціць гэтае спатканне», — сказала Ослан.

Паводле ўрада, сёння многія кампаніі хацелі б скарыстацца навуковай экспертызай, але не ведаюць, да каго звярнуцца, або лічаць, што для супрацоўніцтва неабходна адразу рыхтаваць паўнавартасны даследчы праект. Новая праграма павінна ліквідаваць гэты бар'ер.

У межах Koblingsboks кампаніі змогуць атрымаць дзяржаўнае фінансаванне, якое пакрые да 150 гадзін працы даследчыкаў. Пры гэтым ад бізнэсу не будуць патрабаваць ні гатовага праекта, ні дакладна сфармуляванай даследчай задачы. Дастаткова мець ідэю, праблему або пытанне, якія можна абмеркаваць з навукоўцамі.

Кампанія зможа самастойна звярнуцца ў патрэбны ўніверсітэт або даследчы інстытут альбо папрасіць Нарвежскую даследчую раду дапамагчы знайсці адпаведных спецыялістаў. Пасля падачы спрошчанай заяўкі адказ абяцаюць даць цягам двух тыдняў.

Ідэя праграмы заключаецца ў тым, каб бакі маглі без лішніх бюракратычных перашкод пазнаёміцца, абмеркаваць магчымасці супрацоўніцтва і зразумець, ці варта развіваць сумесны праект. Урад спадзяецца, што такое «першае спатканне» стане пачаткам доўгатэрміновага партнёрства паміж бізнэсам і навукай.

Koblingsboks стане толькі першым этапам праграмы. У 2027 годзе плануюць запусціць яе працяг: кампаніі змогуць атрымаць да 500 тысяч нарвежскіх крон (прыкладна 45 тысяч еўра) на ўжо паўнавартасны сумесны даследчы праект з навукова-даследчай установай. У сваю чаргу даследчыкі змогуць прэтэндаваць на гранты, якія дазволяць ім да трох месяцаў працаваць непасрэдна ў кампаніях.

Каментары2

  • Дзікпікавіч
    12.07.2026
    А ў нас будзет «Tinder для сілавікоў і ідэолкзпў». Урад таксама будзе аплачваць «першае спатканне»
  • ідэя як швейцарскі гадзіннік
    12.07.2026
    варта было спачатку ўвесці балонскі працэс і разбурыць на карані ўніверсітэцкія школы, каб потым заўважыць неабходнасць сталай камунікацыі паміж даследчыкамі

Цяпер чытаюць

Блогер Сярога з Расіі прыехаў на Зыбіцкую з каханай блогеркай Анечкай. Вынік: збіты ім беларус у коме, а Сярога на 5,5 года за кратамі35

Блогер Сярога з Расіі прыехаў на Зыбіцкую з каханай блогеркай Анечкай. Вынік: збіты ім беларус у коме, а Сярога на 5,5 года за кратамі

Усе навіны →
Усе навіны

Знайшоўся купец на тры абразы ксяндза Генрыха Акалатовіча

«Не як п'яны ішоў, а быццам ён такі круты». Аляксандра Герасіменя падрабязней распавяла пра напад10

На Беларускім радыё без папярэджання перасталі трансляваць каталіцкую імшу5

Будуць рэгуляваць цэны на ўласную прадукцыю, якую робяць гандлёвыя сеткі

У Драгічынскім раёне машына наляцела на воз. Фурман загінуў1

Юбілейны жэтон мінскага метро прадаюць за вялікую цану1

Галоўная рэдактарка гомельскай раёнкі пакаялася за тое, што абвінаваціла гурт «Дразды»16

Як з хаты зрабіць барнхаўс? Вось які варыянт ёсць каля Мінска

Наста Дашкевіч распавяла пра дзень смерці Алеся Пушкіна — «дзень, калі ў Беларусі боль памножыўся на боль»2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Блогер Сярога з Расіі прыехаў на Зыбіцкую з каханай блогеркай Анечкай. Вынік: збіты ім беларус у коме, а Сярога на 5,5 года за кратамі35

Блогер Сярога з Расіі прыехаў на Зыбіцкую з каханай блогеркай Анечкай. Вынік: збіты ім беларус у коме, а Сярога на 5,5 года за кратамі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць