Культура4141

Наколькі больш помнікаў архітэктуры ахоўваецца ў Польшчы і Літве ў параўнанні з Беларуссю. Жахлівыя лічбы

Тры краіны за апошнія гады моцна разышліся ў сваім развіцці і палітычным кірунку. Сапраўдная цывілізацыйная прорва паміж Беларуссю, з аднаго боку, і Польшчай ды Літвой з другога, пралягае ў стаўленні да сваёй нацыянальнай спадчыны. Лічбы красамоўныя.

Царква Нараджэння Найсвяцейшай Багародзіцы ў Бялым Буры атрымала ахоўны статус нягледзячы на тое, што не адпавядала прынятым крытэрыям узросту. Фота: parafia.cerkiew.net.pl

На адрозненні ў маштабах таго, што ўзята пад ахову ў трох дзяржавах, звярнуў увагу тэлеграм-канал «Спадчына». 

Каласальны польскі спіс

Паводле справаздачы Галоўнага статыстычнага ўпраўлення Польшчы за 2024 год, у суседняй краіне пад аховай знаходзіцца амаль 80 тысяч аб'ектаў нерухомай спадчыны.

Польскі рэестр фізічна падзелены на тры кнігі: Кніга А (нерухомыя помнікі) уключае 79 935 аб'ектаў, Кніга B (рухомыя) — 278 897, Кніга C (археалагічныя) — 7 830.

У той жа час згодна з афіцыйнай беларускай статыстыкай, у Дзяржаўны спіс гістарычна-культурных каштоўнасцяў Беларусі ўключана 5 685 аб'ектаў. З іх 5 366 лічацца нерухомымі. Калі адняць з гэтай лічбы 2 226 помнікаў археалогіі, застаецца ўсяго 3 140 рэальных будынкаў, горадабудаўнічых комплексаў, брацкіх магіл і гістарычных мясцін.

Такім чынам, розніца ў колькасці афіцыйна прызнаных помнікаў архітэктуры і гісторыі паміж Польшчай і Беларуссю складае 25 разоў.

Шчыльнасць гістарычнай забудовы пад аховай таксама дэманструе каласальную дыспрапорцыю. У Польшчы на 100 квадратных кіламетраў тэрыторыі прыпадае ў сярэднім 25,5 нерухомых помнікаў, у Беларусі — толькі 1,5. Калі перавесці гэта ў рэальныя маштабы, то

ва ўмоўным квадраце 10х10 км у Беларусі можна сустрэць у найлепшым выпадку адзін-два будынкі з ахоўнай шыльдай. У той жа час у Польшчы на аналагічнай плошчы знаходзіцца больш за два дзясяткі помнікаў — аб'ём, супастаўны з гістарычнай забудовай цэлага мястэчка.

Дыспрапорцыя відавочная нават на ўзроўні рэгіёнаў: 13 з 16 польскіх ваяводстваў, нягледзячы на непараўнальна меншую плошчу, апярэджваюць усю Беларусь па колькасці нерухомых помнікаў.

Больш за тое, у пяці ваяводствах (Ніжнесілезскім, Мазавецкім, Велікапольскім, Вармінска-Мазурскім і Малапольскім) колькасць архітэктуры пад дзяржаўнай аховай перавышае нават агульную колькасць усіх аб'ектаў у беларускім Дзяржаўным спісе.

Розніца складае разы: толькі ў Ніжнесілезскім ваяводстве ахоўваецца 9 047 аб'ектаў, у Мазавецкім — 8 325, а ў Велікапольскім — 8 010.

У катэгорыі рухомай спадчыны (творы мастацтва, тэхніка, элементы дэкору) польская дзяржава ахоўвае амаль 279 тысяч аб'ектаў, тады як беларуская — толькі 138 (розніца ў 2000 разоў).

Адзіная катэгорыя, дзе Беларусь лічбава наперадзе — нематэрыяльная спадчына: 181 пазіцыя супраць 107 у Польшчы. У апошняе дзесяцігоддзе ў краіне сапраўды даволі часта бралі пад ахову розныя традыцыі і абрады. Прычына досыць празаічная — прэстыжны статус не патрабуе ніякіх фінансавых выдаткаў дзяржавы, а падтрыманне захаванасці забяспечваюць мясцовыя супольнасці самастойна. 

Такі каласальны разрыў немагчыма вытлумачыць розніцай у памерах дзяржаў: Польшча большая за Беларусь па плошчы ўсяго ў 1,5 раза, па насельніцтве — у 4,1 раза, па ўзроўні ВУП на душу насельніцтва — у 2,8 раза. Але чамусьці ажно ў 25 разоў пераўзыходзіць па колькасці афіцыйных помнікаў. 

Палякі ніколі свайго не кідаюць. А мы?

Афіцыйным пунктам адліку дзяржаўнай аховы помнікаў у суседзяў лічыцца Дэкрэт Рэгенцкай рады ад 31 кастрычніка 1918 года «Пра апеку над помнікамі мастацтва і культуры», прыняты да фармальнага абвяшчэння Другой Рэчы Паспалітай.

Гэтая праца не спынялася нават у найцяжэйшыя для Польшчы часы. Сімвалам бесперапыннасці гэтай справы стаў будучы шматгадовы дырэктар Нацыянальнага музея ў Варшаве Станіслаў Лорэнц.

Ён, дарэчы, у 1929—1935 гадах узначальваў аддзелы аховы помнікаў у Віленскім і Навагрудскім ваяводствах. 

Станіслаў Лорэнц. Фота: naostro.info

Падчас Другой сусветнай вайны Лорэнц як кіраўнік таемнай дакументацыі пры ўрадзе ў выгнанні не толькі арганізоўваў выратаванне скарбаў з палаючага Каралеўскага замка, але і вёў падрабязны ўлік разбурэнняў для будучай рэстытуцыі. Дзякуючы намаганням такіх людзей, як Лорэнц, Караль Эстрэйхер і Ян Захватовіч, удалося захаваць не толькі фізічныя фрагменты помнікаў, але і дакументацыю, неабходную для іх пасляваеннага аднаўлення.

Пасля вайны, згодна з прынцыпамі, сфармуляванымі архітэктарам Янам Захватовічам (чыя сям’я, відаць, паходзіла з Лідчыны) у 1946 годзе, помнікамі прызнаваліся выключна аб'екты, пабудаваныя да 1850 года. Пазней, з 1960‑х да пачатку 1970‑х гадоў, дзейнічала сістэма класаў (ад 0 да IV).

У 1990‑я гады галіна сутыкнулася з крызісам: збанкрутавала гіганцкая сістэма Дзяржаўных майстэрняў кансервацыі помнікаў (PKZ). Дзяржава цалкам спыніла фінансаванне, пры гэтым рэестр помнікаў не скасоўваўся. Сотні аб'ектаў аказаліся ў мясцовых уладаў без сродкаў на ўтрыманне, фіксаваліся наўмысныя падпалы гістарычных будынкаў прыватнымі ўласнікамі дзеля зняцця ахоўнага статусу.

Нягледзячы на ўсе цяжкасці пасляваеннага часу, палякі адважыліся на беспрэцэдэнтны крок — ужо ў 1945 годзе пачалася навуковая рэстаўрацыя цалкам разбуранага Старога горада Варшавы. У 1980 годзе Старуўка была ўключана ў спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА як «выключны прыклад усёабдымнага аднаўлення горада, які быў наўмысна і цалкам знішчаны». Фота: culture.pl

Прававы крызіс быў спынены ў 2003 годзе з прыняццем новага закона «Пра ахову помнікаў і апеку над імі». Ён скасаваў жорсткія часавыя цэнзы: цяпер крытэрыямі для ўзяцця пад ахову з'яўляюцца гістарычная, мастацкая і навуковая каштоўнасці. У 2004 годзе Польшча далучылася да Еўрасаюза, атрымаўшы доступ да еўрапейскіх мэтавых фондаў на аднаўленне спадчыны. Працэс выключэння з рэестра стаў выключнай прэрагатывай Генеральнага кансерватара помнікаў і строга кантралюецца: у 2024 годзе былі прынятыя 54 рашэнні аб пазбаўленні статусу, пры гэтым у 77 выпадках улады афіцыйна адмовілі ўласнікам.

Найвышэйшы статус «Помнік гісторыі» (Pomnik Historii), які прысвойваецца ўказам прэзідэнта, у 2024 годзе атрымалі пяць аб'ектаў з тых, што ўжо былі пад аховай.

У 2023 годзе ў лік такіх аб’ектаў трапілі, напрыклад, звязаныя з беларускай гісторыяй Супрасльскі Дабравешчанскі манастыр і Яблачынскі манастыр Святога Ануфрыя, а таксама ўрбаністычны комплекс Нова Гута ў Кракаве — узор сацыялістычнага горадабудаўніцтва 1950-х.

Цэнтральная плошча імя Рональда Рэйгана ў раёне Нова Гута (Кракаў). Гэта ўнікальны сацыялістычны горад-спадарожнік, заснаваны ў 1949 годзе як самастойны ідэальны пралетарскі цэнтр вакол металургічнага камбіната. У 2023 годзе прэзідэнт Польшчы падпісаў указ, якім надаў комплексу найвышэйшы нацыянальны статус аховы — Помнік гісторыі. Фота: тэлеграм-канал «Спадчына»

Унікальным выпадкам стала прысваенне статусу помніка грэка-каталіцкай царкве Нараджэння Найсвяцейшай Багародзіцы ў Бялым Буры, пабудаванай у 1992—1997 гадах па праекце Ежы Навасельскага і Багдана Катарбы. У дакуменце падкрэсліваецца, што гэта свядомы прэцэдэнт, калі выключная мастацкая каштоўнасць аб'екта пераважыла фармальнае патрабаванне да «даўніны». У Беларусі немагчыма ўявіць, каб пад ахову ўзялі не толькі сучасную архітэктуру, але нават савецкі мадэрнізм, які ўжо адпавядае цэнзу — 40 гадоў з моманту пабудовы. 

Паўмільённы спіс

Лічба ў 80 тысяч помнікаў пад дзяржаўнай аховай у Польшчы (Rejestr zabytków) — гэта толькі найвышэйшы, элітны ўзровень, за які адказваюць ваяводскія кансерватары. Але ў краіне дзейнічае яшчэ і муніцыпальны ўзровень — Гмінны ўлік помнікаў (Gminna ewidencja zabytków — GEZ).

Адна з многіх вясковых хат, уключаных у вёсцы Абрубнікі Беластоцкага павета ў спіс у спісе GEZ. У Беларусі цэлыя вуліцы драўлянай забудовы з выдатным разьбяным дэкорам, як у Гомелі, ідуць пад знос, а надаць ахоўны статус драўлянаму дому практычна немагчыма. Фота: dobrzyniewo.pl

І вось яго маштабы сапраўды фантастычныя. Паводле даных Нацыянальнага інстытута спадчыны за 2021 год, у гмінных уліках па ўсёй краіне сабрана звыш 600 тысяч картак. Сярод іх больш за 160 тысяч нерухомых помнікаў радавой гістарычнай забудовы і больш за 444 тысячы археалагічных участкаў.

Калі параўноўваць з Беларуссю (дзе ўсяго каля 5 тысяч аб'ектаў), то польскі муніцыпальны спіс большы ў сто разоў.

Гэты ўлік вядзецца мясцовымі ўладамі і на будынкі, якія знаходзяцца ў ім, накладаюцца жорсткія абмежаванні: неабходна ўзгадняць з кансерватарам любую замену акон, змяненне колеру фасада ці знос. Пры гэтым такі статус не дае ні падатковых палёгак, ні права на дзяржаўныя датацыі для рэстаўрацыі. Уласнік атрымлівае толькі абавязкі.

Праваслаўныя магілы з помнікамі другой паловы XIX стагоддзя на вясковых могілках у вёсцы Фасты Беластоцкага павета у спісе GEZ. У Беларусі ахова гістарычных пахаванняў, за выключэннем некалькіх найбольш важных некропаляў у вялікіх гарадах, адсутнічае як від. Фота: dobrzyniewo.pl

Польская сістэма Гміннага ўліку помнікаў далёкая ад ідэалу: пакутуе ад бюракратычнага хаосу і недафінансавання, з’яўляецца прычынай шматлікіх судовых разглядаў па скаргах уласнікаў, а значная частка гмін, як выявілася ў час праверкі, наогул ігнаравалі яго вядзенне. 

Праўда, польскія праблемы здаюцца дзіцячым лепетам на фоне беларускіх рэалій. Так, ваяводскія ўпраўленні аховы ў Польшчы хранічна недаўкамплектаваныя з-за нізкіх заробкаў, што прыводзіць да зацягвання выдачы рашэнняў і даведак на гады.

Але ў беларускіх аблвыканкамах такіх упраўленняў зусім няма — за помнікі там адказваюць тыя ж людзі, без адукацыі і кваліфікацыі, што і за правядзенне мясцовых конкурсаў самадзейнасці.

Вясковы драўляны крыж у вёсцы Длуска Воля Мазавецкага ваяводства ў спісе GEZ. 

Больш за тое, валоданне гісторыка-культурнай каштоўнасцю любой катэгорыі ў Беларусі не толькі не дае дзяржаўных датацый, але з ўласніка спаганяюць 5% ад усяго прыбытку, атрыманага ў выніку дзейнасці на гістарычным аб’екце, у непразрысты Фонд прэзідэнта па падтрымцы культуры і мастацтва, з якога пасля і фінансуюцца ўсе дзяржаўныя рэстаўрацыі.

І нават такая дойная карова выглядае для беларускіх уладаў як непатрэбны цяжар, а што казаць тады пра ўласнікаў?

Удар у спіну ад Літвы

Можна было б спісаць гэты каласальны разрыў на тое, што Польшча — вялікая эканамічна развітая дзяржава, якая мае зусім іншыя бюджэты на культуру. Але і Літва, краіна, з якой мы дзялілі адну дзяржаву стагоддзямі, сёння дэманструе зусім іншае стаўленне да гісторычнай спадчыны.

Тэрыторыя Літвы амаль у тры разы меншая за беларускую, а насельніцтва складае ўсяго каля 2,8 мільёна чалавек. Пры гэтым у літоўскім Рэестры культурных каштоўнасцей (KVR) зафіксавана больш за 26,6 тысячы нерухомых аб'ектаў.

Нерухомая культурная спадчына ў Літве, якая мае з намі паўтысячагоддзя агульнай гісторыі, мала чым адрозніваецца ад аналагічнай у Беларусі. Розніца толькі ў тым, што ў Літве ахоўваюць яе. Фота: pilotas.lt

Гэта ў пяць разоў больш, чым у аналагічным беларускім спісе нават разам з археалогіяй.

Калі б Літва была памерам з Беларусь, у ёй сёння было б прыблізна на 79 тысяч нерухомых помнікаў больш, чым цяпер ёсць у Беларусі.

На 100 квадратных кіламетраў тэрыторыі Літоўскай Рэспублікі прыпадае каля 40,7 нерухомага помніка (разам з археалагічнымі). У Беларусі гэты паказчык не дацягвае нават да трох (2,6). 

Калі глядзець на гэтую статыстыку, то можа скласціся ўражанне, што Беларусь выпаленая пустка, дзе ніколі і нічога не было, а таму помнікаў у ёй як вады ў Сахары. Але гэта не так, проста ў Літве ні дзяржаве, ні навуковай супольнасці, ні грамадству не пляваць на сваю спадчыну, а таму яны яе зберагаюць.

У Беларусі статус помніка ўспрымаецца выключна як непад’ёмны цяжар, несправядліва ўскладзены на маладую рэспубліку і яе крэпкіх гаспадарнікаў.

Штогод літоўскі рэестр папаўняецца сотнямі і нават тысячамі помнікаў. Такія маштабы магчымыя толькі пры метадычнай працы навуковых інстытуцый і мясцовых муніцыпалітэтаў. 

Толькі за 2025 год Дэпартамент культурнай спадчыны (KPD) дадаў у рэестр 1455 новых аб'ектаў (735 нерухомых і 720 рухомых).

У папярэднія гады лічбы таксама былі высокімі: напрыклад, у 2024‑м было прынята 1459 рашэнняў па ўліку.

Такое масавае ўключэнне мае і адваротны бок. У Літве даволі часта пазбаўляюць аховы рэестравыя помнікі ў сувязі з фізічным знішчэннем або стратай каштоўных адметнасцяў. За ўвесь час існавання сучаснага літоўскага рэестра поўнасцю пазбаўленыя аховы толькі 1089 нерухомых аб'ектаў. Напрыклад, у 2021 годзе аховы пазбавілі 53 аб'екты. Але гэта кропля ў моры.

Літва, якая лічыць савецкі перыяд акупацыяй, бярэ пад дзяржаўную ахову помнікі савецкага мадэрнізму. Беларусь, якая афіцыйна выводзіць сябе з савецкага мінулага, адмаўляецца ахоўваць савецкую спадчыну. Фота: Norbert Tukaj / openhousevilnius.lt

Літва без праблем бярэ пад ахову выбітныя ўзоры савецкага мадэрнізму, які зусім не прадстаўлены ў беларускім Дзяржаўным спісе. Напрыклад, у рэестры ўжо даўно знаходзяцца Нацыянальны тэатр оперы і балета ў Вільні (пабудаваны ў 1974 г.) і нават санаторый «Бор» («Пушынас») у Друскеніках (адкрыты ў 1982 г.).

А таксама такія незвычайныя аб’екты, як, скажам, памежныя слупы міжваеннай Літвы, месцы баёў «лясных братоў» і нават былыя будынкі турмаў НКВД-МГБ у невялікіх гарадах як месцы пакут і катаванняў — такі быў ўзяты пад ахову ў Ігналіне.

Што не так з аховай помнікаў у Беларусі

Пасля развалу Савецкага Саюза, які звычайна асацыюецца з поўнай абыякавасцю да нацыянальнай спадчыны і яе наўмысным знішчэннем, Беларусь, як ні парадаксальна, згубіла большую частку помнікаў, якія былі ўзятыя ў 1980‑я гады пад дзяржаўную ахову.

Старонка «Збора помнікаў гісторыі і культуры Беларусі» па Віцебскай вобласці

Калі ў афіцыйным даведніку «Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі» (1984—1988), які служыў дзяржаўным рэестрам, фіксавалася звыш 14 тысяч аб'ектаў, то ў сучасным Дзяржаўным спісе іх засталося толькі 5685. Нягледзячы на тое, што савецкі пералік уключаў значную колькасць ідэалагічных аб'ектаў, якія не мелі рэальнай каштоўнасці,

пры фармаванні новага спіса ў 2000‑я гады склалася парадаксальная сітуацыя: большасць брацкіх магіл перанеслі ў новы рэестр, у той час як значную частку помнікаў архітэктуры — не.

Познесавецкая дзяржава, прынамсі на паперы, ахоўвала больш касцёлаў, цэркваў, панскіх палацаў і шляхецкіх сядзіб, чым незалежная Беларусь, якая перастала бачыць у многіх з іх гісторыка-культурную каштоўнасць.

Прычынай такой дыспрапорцыі стала працэдура фарміравання Дзяржаўнага спіса: пералікі аб'ектаў для ўключэння павінны былі падаваць мясцовыя ўлады, якія часта свядома не ўносілі ў іх будынкі, адказнасць за аднаўленне якіх маглі павесіць на іх.

Як вынік, сёння ў Беларусі існуюць цэлыя раёны, дзе ў Дзяржаўным спісе не зарэгістравана ніводнага помніка архітэктуры. За тысячагоддзе, відаць, так думаюць чыноўнікі, тут не змаглі ўзвесці нічога вартага, што трэба было б захаваць для нашчадкаў.

Будынак былой паштовай станцыі ў Мілавідах быў унесены ў савецкі «Збор помнікаў гісторыі і культуры Беларусі». Фота: milovidy.baranovichi.edu.by
У незалежнай Беларусі станцыя перастала лічыцца помнікам і была знесена ў 2023 годзе. Фота: сацыяльныя сеткі

Пашырэнне Дзяржаўнага спісу адбываецца пераважна за кошт нематэрыяльных каштоўнасцей, а таксама помнікаў археалогіі, якія Нацыянальная акадэмія навук практычна аўтаматычна ўносіць пры іх выяўленні. 

Паводле даных Міністэрства культуры ў 2023 годзе Дзяржаўны спіс папоўніўся рэкорднымі 25 новымі аб'ектамі. Для параўнання: за аналагічны перыяд у Польшчы спіс папоўніўся на 578 аб'ектаў, а ў невялікай Літве — на 1 455 (на 735 нерухомых).

Для выпраўлення сітуацыі Міністэрства культуры паставіла перад кожнай вобласцю задачу «выяўляць і вылучаць для надання статусу не менш за два новыя матэрыяльныя аб'екты ў год». Гэты план прадугледжвае павелічэнне спіса прыкладна на 14 аб'ектаў штогод па ўсёй краіне, але пакуль ніякіх навочных вынікаў не бачна. 

Сама працэдура надання ахоўнага статусу ў Беларусі фактычна ператварылася ў інструмент легалізацыі зносу. Калі ў суседніх краінах выяўленнем помнікаў займаюцца дзяржаўныя інстытуцыі, то ў нас увесь цяжар падрыхтоўкі навуковых абгрунтаванняў ускладзены на саміх грамадзян пры амаль абсалютным бяздзеянні (і нават супрацьдзеянні) мясцовых уладаў і профільных інстытутаў.

Нават якасна падрыхтаваныя прапановы на наданне ахоўнага статусу часцей за ўсё адхіляюцца абласнымі саветамі, якія кіруюцца гаспадарча-эканамічнымі інтарэсамі выканкамаў больш, чым чым-небудзь іншым.

Больш за тое, адмова ў наданні статусу звычайна становіцца афіцыйнай адмашкай для знішчэння: неўзабаве пасля адмоўнага рашэння будынак ідзе пад бульдозер.

Сядзібу роду Арліцкіх у вёсцы Двор-Гомель пад Полацкам знеслі адразу пасля таго, як не ўдалося надаць ахоўны статус. Фота: fotobel.by

У 2021 годзе ў вёсцы Двор-Гомель Полацкага раёна сядзіба Арліцкіх XIX стагоддзя была знішчана адразу пасля атрымання адмоўнага заключэння ад Цэнтра даследаванняў беларускай культуры НАН і наступнай адмовы ў ахоўным статусе.

Галоўны фасад будынка былой абласной дзіцячай бальніцы па Петруся Броўкі, 5. Фота: tut.by

Паказальны выпадак таксама адбыўся ў Мінску, дзе нядаўна знеслі корпус былой абласной дзіцячай бальніцы па вуліцы Петруся Броўкі, 5. Будынак 1930‑х гадоў, спраектаваны пры ўдзеле французскага архітэктара Андрэ Люрса, быў у 2019 годзе з ініцыятывы рэспубліканскіх уладаў пазбаўлены ахоўнага статусу на падставе заказных заключэнняў, падрыхтаваных выслужлівымі акадэмікамі.

У Гродне працягваецца фізічны знос унікальных узораў драўлянага канструктывізму 1930‑х гадоў, які не быў узяты пад ахову: разбураны дамы па вуліцы Асіпенкі, вуліцы Чкалава і на скрыжаванні вуліц Міцкевіча і Мітрапаліта Філарэта. На іх месцы праектуюцца камерцыйныя аб'екты. Аналагічная сітуацыя зафіксаваная ў Бабруйску, дзе знесены дарэвалюцыйны драўляны дом па вуліцы Карла Лібкнехта, 57, які, верагодна, належаў сям'і мясцовага рабіна. 

Шыльда, якая абвяшчала, што заезны двор у Вялікай Бераставіцы з’яўляецца помнікам грамадзянскай архітэктуры другой паловы XIX стагоддзя і ахоўваецца законам. Фота: Vandrvm

Падчас падрыхтоўкі Заслаўя да абласнога фестывалю «Дажынкі» быў знесены драўляны будынак 1927 года па вуліцы Савецкай, 45, які знаходзіўся пад дзяржаўнай аховай да 2014 года, а таксама дарэвалюцыйныя будынкі карчмы і аптэкі. У Вілейцы райвынкам пастанавіў знесці казарму Корпуса аховы памежжа 1924 года пабудовы, накіраваўшы будаўнічае смецце на падсыпку дарог. У Магілёве дзеля будаўніцтва шматпавярховага жылога дома знішчаны будынак першай гарадской электрастанцыі 1910 года, якому ўлады наўмысна адмовілі ў наданні ахоўнага статусу напярэдадні зносу. У Вялікай Бераставіцы зруйнаваны драўляны заезны двор, які быў помнікам архітэктуры за савецкім часам.

Царква ў Вялікай Мядзвядцы да і пасля перабудовы. 

У 2022 годзе, у год 220‑годдзя з дня нараджэння Ігната Дамейкі, было адмоўлена ў статусе гісторыка-культурнай каштоўнасці царкве ў Вялікай Мядзвядцы, якую наведваў знакаміты навуковец. Яе не знішчылі, але мясцовы святар перабудаваў яе да непазнавальнасці. У тым жа годзе мінскія чыноўнікі сабатавалі разгляд прапановы на наданне статусу помніка архітэктуры і горадабудаўніцтва ансамблю праспекта Пераможцаў, каб ён не замінаў праводзіць будаўнічыя работы. 

6 мая 2026 года Міністэрства культуры афіцыйна выключыла з Дзяржаўнага спіса Свята-Міхайлаўскую царкву ў Сцяпанках. Храм XVIII стагоддзя згарэў у 2025 годзе, пасля чаго выявілася, што ў краіне няма ніякіх архіўных звестак і абмераў помніка архітэктуры, каб аднавіць яго.

Касцёл Святога Духа ў Язвінах, які чыноўнікі збіраліся пазбавіць ахоўнага статусу. Фота: Яндэкс Карты
Сядзіба Пузынаў у Грымячы, які чыноўнікі збіраліся пазбавіць ахоўнага статусу. Фота: Виртуальный Брест

Летась улады на Брэстчыне шукалі спецыялістаў, якія падрыхтуюць заключэнні аб «немагчымасці навукова абгрунтаванага аднаўлення» руін касцёла Святога Духа ў Язвінах, таксама сядзібы Пузынаў у Грымячы.

Касцёл у Дубраве ў раённым пераліку аб'ектаў, якія падлягаюць зносу. 

Непрызнаныя афіцыйнымі помнікамі гістарычныя будынкі на Беларусі пастаянна трапляюць у спісы на знос, і для мясцовых чыноўнікаў няма розніцы, ці гаспадарчая гэта пабудова сядзібы, ці руіны культавага будынка. Напрыклад пару гадоў таму ў такі спіс трапіў Дубраўскі касцёл у Маладзечанскім раёне. А сёлета мясцовыя ўлады Дзяржынскага раёна прадавалі руіны Петра-Паўлаўскай царквы ў вёсцы Старынкі з адзінай умовай — знесці будынак.

Каласальны разрыў у статыстыцы спадчыны, якая знаходзіцца пад аховай, паміж Беларуссю з аднаго боку і Польшчай ды Літвой з іншага, немагчыма вытлумачыць выключна эканамічнымі фактарамі, розным гістарычным развіццём або разбурэннямі ХХ стагоддзя. У разы — можна было б паверыць, але калі лік ідзе на дзясяткі, то прычына, відавочна, у іншым. 

Бясконцы пералік гістарычных аб'ектаў, страчаных за апошнія гады, паказвае, што рэсурс матэрыяльнай спадчыны ў Беларусі далёка не вычарпаны — Дзяржаўны спіс ёсць куды пашыраць.

Але ніякай рэальнай сістэматычнай працы ў кірунку захавання і памнажэння гэтай спадчыны не вядзецца.

Наадварот, падобна, што ў Беларусі вядзецца свядомая палітыка ігнаравання культурнай спадчыны, стварэння непераадольных юрыдычных бар'ераў для ўзяцця яе пад ахову і адміністрацыйнага садзейнічання пазбаўлення такой аховы і фізічнага знішчэння гістарычнай забудовы. 

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары41

  • CV
    02.08.2026
    Уяўляю ў якім бы канвульсіўным прыпадку забіліся беларускія чынушы, калі б даведаліся, што можна мець пад аховай больш за паўмільёна помнікаў і ахоўваць іх не горш, чым смешныя 5000 з гакам помнікаў з Дзяржспісу.
  • нікому не страшна, толькі беларусам страшна
    02.08.2026
    Ё, усё проста: калі ў вас справай займаюцца прафесіяналы, то яны выдатна разумеюць, якая мадэрнісцкая спадчыная нейтральная, а якая прыносіць больш дысанансу ў гістарычную забудову, чым мае каштоўнасці. У любым разе Белпрапраект у сваім арыгінальным абліччы быў куды больш прымальным, чым у сённяшнім "аграрэнесансным" — не засталося прычын не знесці яго для аднаўлення Школьнага двара.
  • Вінак
    02.08.2026
    колькі зруйнавана проста якасных мураваных і каменных пабудоваў па весках і мястэчках проста жах. я маю на увазе гродзеншчыну і віцебшчыну, там дзе бываю і бачу на свае вочы. Стаяў каменны млын - няма, стаяла каменнае гумно - няма і так далей. Будынкі якія стваралі гістарычнае асяроддзе знішчаюцца

Цяпер чытаюць

Беларуска ўладкавалася ў кандытарскую краму. Але высветлілася, што за наведванне туалета ёй трэба плаціць31

Беларуска ўладкавалася ў кандытарскую краму. Але высветлілася, што за наведванне туалета ёй трэба плаціць

Усе навіны →
Усе навіны

Падаляк: Зяленскі гатовы да сустрэчы з Пуціным5

Памёр былы міністр эканомікі Уладзімір Шымаў10

Домрачава расказала, чаму не плануе працаваць трэнерам у Беларусі1

Памерла Мая Кляшторная4

Беларусы пасля паездкі ў Партугалію атрымалі рахунак на 100 тысяч еўра2

У Румыніі кантралявана падарвалі Дунай, каб скіраваць паток вады на АЭС4

Колькі беларусаў атрымалі польскае грамадзянства за апошні час. Лічбы ўражваюць45

Новы мастацкі кіраўнік Купалаўскага тэатра працуе таксама ў Абхазіі2

Зяленскі: Украіна будзе старацца прымусіць РФ скончыць вайну да зімы1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Беларуска ўладкавалася ў кандытарскую краму. Але высветлілася, што за наведванне туалета ёй трэба плаціць31

Беларуска ўладкавалася ў кандытарскую краму. Але высветлілася, што за наведванне туалета ёй трэба плаціць

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць