Беларусь і Расія дамовіліся па 107 са 110 пунктаў плана збліжэння на наступныя тры гады. Але самы важны падвіс
Беларусь і Расія амаль узгаднілі чарговы трохгадовы план збліжэння Саюзнай дзяржавы — са 110 пунктаў дамовіліся па 107. Пра гэта сведчыць закрыты дакумент Мінэканомікі Беларусі, які атрымала выданне «Люстэрка» пры дапамозе арганізацыі Belpol. Галоўным каменем спатыкнення застаўся адзіны рынак энерганосьбітаў.

Пра што не атрымалася дамовіцца
Асноўны канфлікт — вакол энергетычных рынкаў. Беларускі бок настойвае на фармулёўцы «стварэнне аб'яднанага рынку газу, электраэнергіі, нафты і нафтапрадуктаў».
Прапануюць прапісаць такія:
- раўнапраўныя ўмовы дзейнасці беларускіх і расійскіх суб'ектаў гаспадарання;
- адзіныя правілы доступу да энергетычнай інфраструктуры;
- узгодненыя прынцыпы фарміравання тарыфаў на паслугі натуральных манаполій у сферы энергетыкі.
Расійскі бок прапанаваў замест усяго гэтага фармулёўку ўсяго з пяці слоў: «развіццё супрацоўніцтва ў нафтагазавай сферы» — размыта і без канкрэтных абавязацельстваў. Мінэнерга Беларусі і канцэрн «Белнафтахім» гэтую ідэю не падтрымалі.
«Усе падпісаныя абавязацельствы застаюцца дэкларацыяй»
Прадстаўнікі Мінэканомікі пішуць у закрытым дакуменце, што такая кароткасць сведчыць «пра недастатковую зацікаўленасць расійскага боку ў выпрацоўцы кампраміснай фармулёўкі».
Далей аўтары прыводзяць пазіцыю канцэрна «Белнафтахім». У таго ўжо былі і «працяглы вопыт узгаднення з расійскім бокам» розных дакументаў, і «факты невыканання дамоўленасцяў па пастаўках нафты».
«Можам канстатаваць, што ўсе падпісаныя абавязацельствы па стварэнні рынку нафты і нафтапрадуктаў застаюцца дэкларацыяй, — пішуць прадстаўнікі «Белнафтахіма». — Нашы намаганні прымусіць расійскі бок выканаць прынятыя на сябе міжнародныя абавязацельствы, а менавіта збалансаваць рынак і ўніфікаваць правілы доступу да сістэм транспартавання нафты, трактуюцца як негатоўнасць да пошуку кампрамісных рашэнняў і правакуюць пастаянныя рознагалоссi па прычыне высокай адчувальнасці названай сферы для Расійскай Федэрацыі».
Прадстаўнікі «Белнафтахіма» лічаць, што галоўны тормаз для фарміравання адзінага рынку — тое, што расійскі бок проста не зацікаўлены ствараць умовы для «сінергетычнага эфекту для абодвух бакоў» — ні цяпер, ні ў будучыні.
Згодна з дакументам, на перамовах па «Асноўных напрамках» расійскае Міністэрства энергетыкі нават не забяспечыла «ўзровень кіраўнічага складу» — то-бок адправіла прадстаўнікоў, якія займаюць не самыя высокія пасады.
Аўтары прыйшлі да высновы, што нафтагазавае пытанне «патрабуе рашэнняў на больш высокім узроўні», і прапанавалі дамагацца перамоў на ўзроўні кіраўнікоў ведамстваў. Для гэтага хацелі звярнуцца да Аляксея Аверчука, намесніка старшыні ўрада Расіі.
Як яшчэ збіраюцца збліжацца
Акрамя энергетычнай спрэчкі, у 110 пунктах «Асноўных напрамкаў» — вялікі спіс задач рознай ступені канкрэтыкі.
У атамнай энергетыцы краіны дамовіліся пра будаўніцтва трэцяга энергаблока Беларускай АЭС — гэты пункт ужо цалкам узгоднены з «Расатамам», як і пытанні абыходжання з адпрацаваным ядзерным палівам.
У абароннай сферы збіраюцца заключыць у 2027 годзе пагадненне «пра тылавое і медыцынскае забеспячэнне вайсковых кантынгентаў» дзвюх краін. Гэта можа тычыцца, напрыклад, забеспячэння і медыцынскай падтрымкі войскаў, калі яны будуць знаходзіцца на тэрыторыі адна адной — але дэталі ў дакуменце не раскрытыя.
У прамысловасці многа гаворыцца пра імпартазамяшчэнне — сумесна збіраюцца вырабляць кампаненты, якія раней закуплялі на Захадзе: сістэмы ABS і EBS для тармазоў, карданныя валы, станкі з лічбавым праграмным кіраваннем. Яшчэ ў планах — «стварэнне рабатызаванай тэхнікі для аўтаномных тэхналагічных комплексаў» і «стварэнне вытворчасці самалётаў» (у ліку адказных — Дзяржваенпрам Беларусі).
У сферы фінансаў хочуць запусціць трансгранічныя плацяжы па QR-кодзе для грамадзян Беларусі і Расіі. Многія пункты дакумента даволі агульныя: розныя ведамствы прапануюць «развіццё супрацоўніцтва», «абмен вопытам», «гарманізацыю падыходаў» і «узаемадзеянне ў пытаннях удасканалення».
Два астатнія спрэчныя пункты, падобна, не такія вострыя. Адзін тычыцца спалучэння лічбавых інфармацыйных сістэм для спрашчэння гандлю, другі — ліквідацыі падвойнага падаткаабкладання для самазанятых грамадзян дзвюх краін. Па абодвух беларускі бок чакае адказу з Расіі.
Каментары
Но, российский окоп выбран окончательно и бесповоротно, и, - самое смешное, что российский окоп построен в Китайской Провинции на Северо-Западе России в Центре Европы...
Але Лукашэнка чапляецца за ўсё гэта ў надзеі і надалей кампенсаваць гэткім чынам неканкурэнтаздольнасць наўмысна нерэфармаванай беларускай дзяржэканомікі як галоўнага інструманта захавання фінансавай залежнасці персанала дзяржпрадпрыемстваў асабіста ад Лукашэнкі. Аб гэтым ён казаў яшчэ ў 1998:
- Если мы все приватизируем - кто же за меня будет голосовать?!
Геніальны Бацька Лукашэнка зноўку прадаў чарговыя 107 пунктаў беларускага суверэнітэту, не атрымаўшы за гэта а ні халеры з таго, чаго так хацеў (танныя вуглевадароды й расейскія рынкі).