Грамадства33

Сёлетняя лаўрэатка Нобелеўскай прэміі міру раней займалася і беларускім пытаннем — яна асуджала рэпрэсіі пасля Плошчы 2010‑га

Сёлетняя лаўрэатка Нобелеўскай прэміі міру Наві Пілай у свой час неаднаразова звяртала ўвагу на парушэнні правоў чалавека ў Беларусі. А ўлады нават запрашалі яе наведаць краіну.

Наві Пілай падчас пасяджэння Генеральнай Асамблеі ААН у Нью-Ёрку, 24 верасня 2012 года. Фота: Richard Drew / AP

Сёлета Нобелеўскую прэмію міру прысудзілі паўднёваафрыканскай юрыстцы Наві Пілай за яе ўнёсак ва ўмацаванне міжнароднага права і абарону правоў чалавека. У 2008‑2014 гадах яна займала пасаду Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека.

У гэты перыяд Пілай неаднаразова выказвалася пра палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі. Ужо 21 снежня 2010 года, праз два дні пасля прэзідэнцкіх выбараў і разгону пратэсту ў Мінску, Упраўленне Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека распаўсюдзіла заяву Наві Пілай, прысвечаную падзеям у Беларусі.

У ёй Пілай выказала глыбокую занепакоенасць ужываннем сілы супраць дэманстрантаў, якія не ўдзельнічалі ў гвалтоўных дзеяннях, затрыманнямі апазіцыйных кандыдатаў і іх прыхільнікаў, а таксама ператрусамі і ціскам на незалежныя грамадскія арганізацыі.

Пры гэтым яна асудзіла і заклікі да гвалту з боку асобных радыкальных груп апазіцыі, але падкрэсліла, што ўлады абавязаныя забяспечваць права сваіх палітычных апанентаў на мірныя дэманстрацыі і свабоду слова.

У лютым 2011 года Пілай зноў звярнулася да беларускай тэмы. Нагодай стаў прысуд Васілю Парфянкову — першаму асуджанаму па крымінальнай справе аб падзеях 19 снежня. Парфянкоў атрымаў чатыры гады пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму паводле абвінавачання ва ўдзеле ў масавых беспарадках.

21 лютага Вярхоўны камісар ААН выказала глыбокую занепакоенасць суровасцю пакарання. Яна адзначыла, што Парфянкоў і дзясяткі іншых апазіцыйных актывістаў апынуліся пад крымінальным пераследам за рэалізацыю права на мірныя сходы і свабоду выказвання меркаванняў.

Пілай таксама назвала працяг утрымання пад вартай палітычных апанентаў, пераслед грамадзянскай супольнасці і запалохванне незалежных СМІ сур'ёзнымі парушэннямі правоў чалавека.

На гэтым яе ўвага да Беларусі не скончылася. У чэрвені 2011 года Рада ААН па правах чалавека прыняла рэзалюцыю, у якой выказала занепакоенасць парушэннямі правоў чалавека ў краіне і даручыла Вярхоўнаму камісару падрыхтаваць адпаведны даклад.

Даклад, датаваны 10 красавіка 2012 года, ахопліваў перыяд ад прэзідэнцкіх выбараў 19 снежня 2010 года да сакавіка 2012-га. У ім разглядаліся парушэнні грамадзянскіх і палітычных правоў у Беларусі. Асобны дадатак быў прысвечаны людзям, якіх прыцягнулі да крымінальнай адказнасці ў сувязі з падзеямі на Плошчы. У асноўным тэксце даклада згадваўся і арышт кіраўніка праваабарончага цэнтра «Вясна» Алеся Бяляцкага ў жніўні 2011 года. 

У чэрвені дакумент абмеркавалі на пасяджэнні Рады ААН па правах чалавека, а 5 ліпеня Рада ААН па правах чалавека прыняла новую рэзалюцыю па Беларусі і заснавала пасаду спецыяльнага дакладчыка па сітуацыі з правамі чалавека ў краіне.

Пастаянны прадстаўнік Беларусі пры ААН у Жэневе Міхаіл Хвастоў тады заявіў, што Беларусь не прызнае мандат спецдакладчыка і не будзе з ім узаемадзейнічаць.

«Матывы гэтай ініцыятывы Еўрасаюза ніякім чынам не звязаныя з правамі чалавека. (…) Гэта мэтанакіраваная антыўрадавая дзейнасць у Беларусі пад прыкрыццём ААН», — даводзіў Хвастоў.

Беларускія ўлады запрашалі Наві Пілай наведаць краіну, аднак візіт так і не адбыўся.

У чэрвені 2012 года, падчас абмеркавання сітуацыі ў Беларусі ў Радзе ААН па правах чалавека, Пілай паведаміла, што тагачасны міністр замежных спраў Сяргей Мартынаў запрашаў яе наведаць краіну. Аднак, паводле яе слоў, беларускі бок настойваў, каб візіт не быў звязаны з яе абавязкамі па падрыхтоўцы даклада аб правах чалавека.

Сёлета Наві Пілай стала лаўрэаткай Нобелеўскай прэміі міру. Сярод тых, хто прывітаў яе ўзнагароджанне, быў і кіраўнік праваабарончага цэнтра «Вясна», нобелеўскі лаўрэат 2022 года Алесь Бяляцкі, вызвалення якога ААН патрабавала яшчэ ў 2012 годзе.

У каментары «Вясне» 9 кастрычніка ён звярнуў увагу на сімвалічнае значэнне рашэння Нобелеўскага камітэта ва ўмовах, калі міжнародныя праваабарончыя і судовыя інстытуты сутыкаюцца з усё большым ціскам.

«Гэты сігнал, мне падаецца, пасланы ў падтрымку яе асабістай заслугі і ў падтрымку працы праваабаронцаў», — сказаў Бяляцкі.

Каментары3

  • Стыдно і больно
    12.10.2026
    Хто толькі ўжо ні прапіярыўся на "беларускім пытанні"! Хай бы хто дапамог хоць раз!
  • ?
    12.10.2026
    А хвастоў з мартынавым як преуспелі за гэты час?
  • ныціку
    12.10.2026
    Стыдно і больно, у валета папрасі, у яго шмат грошай.

Цяпер чытаюць

У Салігорску котка стала на індукцыйную пліту — згарэла ўся кватэра6

У Салігорску котка стала на індукцыйную пліту — згарэла ўся кватэра

Усе навіны →
Усе навіны

Ці сапраўды моладзь менш цікавіцца сэксам? Вось што паказала даследаванне Playboy20

Былы беларускі палітвязень даў сваё тлумачэнне таму, што пайшоў ваяваць за Пуціна8

Тыгр забіў наведвальніка заапарка ў Англіі. Перад гэтым мужчына паказаў яму дзіўны жэст14

У Белавежскай пушчы паставілі звяроў у міліцэйскай форме23

Расіяне ўсё больш купляюць беларускія халадзільнікі і пліты6

Протаіерэй Андрэй Лемяшонак паскардзіўся на праверкі. І назваў паездкі манашак Свята-Елісавецінскага манастыра па Еўропе «гераічнымі»12

Трамп абвясціў энергетычнае перамір'е паміж Расіяй і Украінай36

На Камароўцы прадаюць беларускі батат

Зяленскі: Украіна правядзе выбары, калі Пуцін пагодзіцца на 60‑дзённае перамір'е14

больш чытаных навін
больш лайканых навін

У Салігорску котка стала на індукцыйную пліту — згарэла ўся кватэра6

У Салігорску котка стала на індукцыйную пліту — згарэла ўся кватэра

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць