Былы саліст «Песняроў» пераехаў у вёску і працуе школьным настаўнікам хіміі і біялогіі
Цяпер у гаспадарцы пяць катоў і сабака, а ў планах куры, козы і нават дзесяць кароў.

Аляксандр Заўгародні раней спяваў у «Песнярах» і «Верасах-2007». Год таму ён пераехаў з Мінска ў вёску Нявязцы Слуцкага раёна. Сам ён гарадскі: нарадзіўся ў Баранавічах, у дзяцінстве жыў у Польшчы і Германіі, дзе служыў бацька-вайсковец, а потым у Мінску. Вёскі ў яго дзяцінстве не было, але пра ўласны дом на зямлі ён марыў з малых гадоў, піша «Мінская праўда».
У 2003 годзе 16‑гадовага Аляксандра заўважыў Леанід Барткевіч, і хлопец стаў самым маладым вакалістам у гісторыі «Песняроў». У 2007‑м прайшоў кастынг у адроджаныя Васілём Раінчыкам «Верасы», але ўрэшце выбраў сольную кар'еру.
Акрамя таго, Аляксандр атрымаў тры вышэйшыя адукацыі і працаваў педагогам.

З жонкай Алесяй, настаўніцай фізкультуры і працоўнага навучання, ён пазнаёміўся ў дзіцячым лагеры, дзе быў начальнікам. Разам яны чатыры гады, у шлюбе адзін. Распісаліся паміж урокамі: на ўсё было 15 хвілін перапынку, нявеста прыйшла ў байцы і легінсах, бо пасля заняткаў у яе быў настаўніцкі крос.
Адно аднаго муж і жонка называюць на «Вы»: так прывыклі яшчэ на працы.

Дом у Нявязцах пара выбрала за 15 хвілін, калі ўбачыла бярозы на ўчастку. Пяць гадоў там ніхто не жыў, і 30 сотак зараслі пустазеллем, ператварыўшыся амаль у хмызняк. Цяпер дом рэстаўруюць сваімі рукамі ў стылі «хай так». Плануюць мансарду са спальняй і кухню-гасцёўню з панарамным акном. Цяпер у гаспадарцы пяць катоў і сабака, а ў планах куры, козы і нават дзесяць кароў.

Аляксандр выкладае хімію і біялогію ў Раманаўскай сярэдняй школе і вельмі задаволены вясковай школай. Алеся пакуль жыве на два месцы, бо ў Мінску вучыцца 16‑гадовая дачка, якая не захацела пераязджаць. У той жа школе Алеся вядзе некалькі гадзін працоўнага навучання.
Музыку Аляксандр не пакінуў: дома піша і аранжыруе песні, вядзе эфіры, марыць пра студыю на ўчастку і рыхтуе вялікі канцэрт у Слуцку вясной.
Цяпер чытаюць
«Чаму мы павінны неяк ушчэмліваць сябе?». Дырэктарка РТБД патлумачыла, чаму паставіла спектакль паводле Пушкіна ў адным з апошніх тэатраў краіны, які працаваў па-беларуску
Каментары