Грамадства1515

Масквічка распавяла, як разам з жаніхом ледзь не загінула ў аварыі па дарозе на сваё вяселле ў сядзібе пад Лагойскам

Днём 13 чэрвеня масквічка Вольга разам з мужам, яго братам і сваім бацькам ехала адзначаць вяселле ў сядзібу. Але госці за святочным сталом так і не дачакаліся галоўных герояў вечара: усё спыніў кіроўца на BMW, які нёсся насустрач на хуткасці 130 кіламетраў.

Вольга. Фота з яе сацсетак

Жудасныя здымкі той аварыі абляцелі ўсе медыя і сацсеткі. Нехта ў каментарах тады нават згадваў пра акрываўленую нявесту ў вясельнай сукенцы побач з разбітымі машынамі.

Сама ж Вольга толькі праз чатыры месяцы знайшла ў сабе сілы расказаць у трэдсах, што адбылося.

Вяселле планавалася ў рыцарскім фэнтэзі стылі — з чараўніком, які загадваў бы загадкі гасцям, з кіданнем сякер, стралянінай з лука, каваннем падковы на шчасце…

Той самы торт, які маладзёны не змаглі пакаштаваць

Жаніх з нявестай не маглі дачакацца свята. Азмрочваў выдатны настрой толькі меркаваны моцны дождж у дзень вяселля — закаханыя перажывалі, што праз дрэннае надвор'е давядзецца адмяніць большасць запланаваных актыўнасцяў на дварэ і сядзець пад навесам.

Але ж Вольга гнала прэч трывогу — усё ж наперадзе грандыёзнае свята. 

«Раніцай 13 чэрвеня ў крэсле ў візажысткі я балбатала з ёй пра гісторыю знаёмства з мужам, пра каханне, пра працу і пра тое, як перажываць буры і заставацца на плаве… Выйшла на вуліцу ўжо ў вясельнай сукенцы. Муж заплюшчыў вочы, а потым стараўся не глядзець, пакуль я ішла да машыны — вырашылі прытрымлівацца традыцый і не бачыцца да вяселля».

Госці чакалі маладзёнаў у сядзібе пад Лагойскам. За руль Audi сеў брат жаніха, сам жаніх абраў месца побач, а нявеста са сваім бацькам размясціліся на задніх сядзеннях. На шчасце, усе яны прышпілілі рамяні бяспекі — як і мае быць паводле правіл. 

У афіцыйных зводках пасля паведамлялі пра аварыю: на 21 кіламетры дарогі М-3 «Мінск-Віцебск» 41‑гадовы кіроўца BMW выехаў на паласу сустрэчнага руху і сутыкнуўся з Audi.

Фота: УУС Мінскага аблвыканкама

Вольга — адзіная, хто памятае сам момант аварыі. Кажа, спакойна разглядвала прыроду за акном, калі нечакана пачула лаянку. Перавяла погляд на лабавую шыбіну і ўбачыла, як на іх паласе закручваецца машына. Працягвалася гэта ўсё не больш за некалькі секунд. Паспела толькі падумаць: «Зараз будзе балюча». 

Па словах жанчыны, той кіроўца ехаў на чужым BMW на лысай гуме, у залеву ён імчаўся па трасе ў напрамку Мінска з хуткасцю больш за 130 кіламетраў на гадзіну. Не даў рады кіраванню, яго занесла на сустрэчную паласу. Адбылося сутыкненне лоб у лоб. Кіроўца BMW загінуў на месцы. Тых, хто быў у Audi, выратавалі падушкі бяспекі.

Фота: УУС Мінскага аблвыканкама

«Віск, удар, а пасля яго боль. Белыя кругі перад вачыма, нічога не відаць. Нешта не так з носам. Выбітыя зубы. І вывернутая ўнутр нага. Рэзкі боль у калене. Паспрабавала выбрацца, тузала дзверы — не паддаюцца. Паклікала тату, мужа, якія скурчыліся ў неймаверных позах, — не адказваюць». 

Брат мужа дапамог Вользе выбрацца з машыны, сказаў — трэба ісці.

«Я стаяла на адной босай назе ў вясельнай сукенцы на мокрым асфальце, абапіраючыся на дзверы машыны. І ў гэтыя хвіліны пракляты дождж скончыўся. Проста перад носам па траве праехала машына. Кроў хвастала са зламанага носа на падол вясельнай сукенкі, і я ўвесь час выцірала яе разарваным рукавом. Перад вачыма мільгалі кругі».

Жанчына паспрабавала выпрастаць нагу — не атрымалася. У гэты момант яна пачула з задняга сядзення голас таты. Ад сэрца адлягло. Спытала, як муж — жывы, варушыцца, перабраўся на задняе сядзенне і лёг.

Калі прыехала хуткая, Вольга нават спрабавала жартаваць са змрочнымі фельчарамі — кажа, вельмі хацелася хаця б з кімсьці пагаварыць.

«Санітарка з нажніцамі ў руках і слязьмі на вачах разразала крэмавую вясельную сукенку. Аддзяленне гуло. Напэўна, кожны ведаў, што «прывезлі вяселле». Кожны новы медработнік пытаўся пра тое, што здарылася. За першы тыдзень я паўтарыла гэтую гісторыю велізарную колькасць разоў, а кожны дзень дадаваліся новыя падрабязнасці. Стан здароўя ўсіх, хто быў у машыне, падрабязнасці аварыі, прагнозы дактароў, медыцынскія нюансы…».

У выніку аварыі менш за ўсё пацярпелі бацька Вольгі і брат яе мужа — у іх былі пераломы насоў і рук. У жанчыны — аскепкавы пералома-вывіх левага тазасцегнавага сустава, самы цяжкі варыянт паводле класіфікацыі пераломаў, самы няўдалы. А вось яе мужу дасталася больш за астатніх — разрыў брушыны, кроў у брушной поласці, зламаны пазванок у паяснічным аддзеле. Пашанцавала, што хутка прывезлі і адразу ж зрабілі аперацыю.

Свой досвед у першай бальніцы Вольга лічыць няўдалым. Пасля аперацыі на назе сказалі набыць жорсткі артэз для таза — яго прыйшлося заказваць у Расіі і чакаць тыдзень дастаўкі. А за гадзіну да планаванай выпіскі здымак паказаў, што сітуацыя стала горшай, чым была да выпраўлення. 

Дактары сабралі кансіліум. Вольга апісвае яго так:

«Стаяць вакол кушэткі загадчык аддзялення, лечар, куча інтэрнаў. «Вось ведаеце, цуду не здарылася. Мы вам не дапамаглі, і мы рады вас не аперыраваць, бо першапачаткова ўсё пайшло крыва і коса, ужо нармальна нічога не будзе. Ваш сустаў захаваць таксама не атрымаецца, таму ў вас толькі адзін шлях — пратэзаванне. Мы можам вас па-хуткаму аформіць і зрабіць аперацыю праз пару дзён. Альбо едзьце ў Расію, і там вам зробяць аперацыю бясплатна, бо тут у нас дорага».

У выніку прыйшлося шукаць іншую бальніцу ў Беларусі, дзе пагадзіліся ўзяцца за складаны кейс. Дактары змаглі зрабіць сімультанную аперацыю — адначасовае ўмяшанне на розных органах (за адзін наркоз замянілі тазасцегнавы сустаў і ўправілі зламаны нос).

Агулам у бальніцах Вольга правяла каля паўтара месяца. А яшчэ акрамя лячэння ёй трэба было праходзіць праз допыты і судмедэкспертызу, тройчы яна глядзела відэа з відэарэгістратара.

Цяпер бацька Вольгі і брат яе мужа амаль выздаравелі. У жанчыны з мужам, імаверна, яшчэ будуць аперацыі. 

«Мне ў дадатак яшчэ лячэнне ПТСР: белыя кругі так і не прайшлі, у машыне ўздрыгваю. Працяглая рэабілітацыя — гэта не схадзіў на фізіяпрацэдуры і забыўся. У мяне цяпер адна нага карацейшая за другую, і гэта процьма новых праблем. Нага не згінаецца цалкам з-за калена. Муж не можа доўга сядзець, нельга падымаць цяжкае».

Але ж Вольга не страчвае аптымізму і жартуе, што цяпер адной нагой у кіберпанку.

Каментары15

  • Сонейка
    19.10.2026
    Які жах...
  • цімох
    19.10.2026
    рэгіянальныя ГАІ і міліцыя мусць заранёў браць "на карандаш" такіх гоншчыкаў, бо яны не першы раз парушаюць правілы. Звычайна іх ведаюць у раёне. Такія і выпьюць, і хуткасць перавысяць. Там камплект парушэнняў адразу. Трэба прафілактыка ад дурняў
  • Прекращайте
    19.10.2026
    Что эти москвичи к нам шастают? Своих красивых место что ли мало? Или дёшево? Едут и едут. Беларусь не резиновая.

Цяпер чытаюць

Беларусы з якіх рэгіёнаў загінулі на вайне за Расію КАРТА58

Беларусы з якіх рэгіёнаў загінулі на вайне за Расію КАРТА

Усе навіны →
Усе навіны

«Перш чым маё жыццё абарвецца ў пятлі». Іранкі, прысуджаныя да смерці за ўдзел у пратэстах, моляць пра дапамогу9

Крамы сталіцы абвясцілі зніжкі да 70 працэнтаў на выходныя і пятніцу

Чаму праз смерць спявачкі беларускага хору ад знакамітага мастака Рушчыца адвярнуліся людзі. Таямніца трагедыі на віленскім Звярынцы7

«Гэта ўсё роўна што нехта сказаў бы такое пра Гітлера». Зяленскі пракаментаваў словы Трампа пра Пуціна3

Раней на іх ездзілі пенсіянеры, цяпер — падлеткі. У Еўропе бум на мікрааўтамабілі3

Правіцель жалезнага веку, з якім звязваюць рымскае ўварванне ў Брытанію, аказаўся жанчынай

Пад Мінскам пабудуюць буйны прамысловы парк на 10 карпусоў1

Рэжысёр «Сабачага сэрца» Бортка — чый дзед-беларус быў расстраляны ў 1938‑м — зняў скандальны серыял пра Сталіна21

У Полацку знайшлі жанчыну, якая ратавала хлопцаў ад войска. Даводзіла да 27 гадоў — і разводзілася, каб выйсці за наступнага6

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Беларусы з якіх рэгіёнаў загінулі на вайне за Расію КАРТА58

Беларусы з якіх рэгіёнаў загінулі на вайне за Расію КАРТА

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць