Ён ужо правёў у турме шэсць гадоў і мусіў быў выйсці ў студзені, але будзе сядзець да 2036 года.

Джошуа Вонг, адзін з найбольш вядомых удзельнікаў прадэмакратычнага руху Ганконга, атрымаў 10‑гадовы тэрмін па абвінавачванні ў «змове з замежнымі сіламі». Вонг ужо правёў за кратамі апошнія шэсць гадоў. Яго меліся вызваліць у студзені, аднак цяпер яму трэба будзе правесці ў зняволенні яшчэ дзесяць гадоў. 30‑гадовы актывіст, як чакаецца, выйдзе на свабоду не раней за канец 2036 года, піша Бі-бі-сі.
Вонг быў адным з лідараў «Рэвалюцыі парасонаў» 2014 года, а таксама маштабных прадэмакратычных пратэстаў 2019 года. Спачатку нагодай для пратэстаў стаў законапраект, які дазваляе экстрадыцыю з Ганконга ў мацерыковы Кітай.
Аднак неўзабаве пратэстоўцы сталі патрабаваць і шырокіх дэмакратычных рэформ.
Абвінавачванне ў «змове з замежнымі сіламі» высунута ў адпаведнасці з прынятым Пекінам Законам аб нацыянальнай бяспецы Ганконга 2020 года. Ён прадугледжвае пакаранне аж да пажыццёвага зняволення за шэраг злачынстваў, уключаючы змову з замежнымі сіламі.
Вонг — адзін з соцень актывістаў і простых жыхароў Ганконга, арыштаваных на падставе гэтага закона.
Крытыкі сцвярджаюць, што закон, які надзяляе ўлады шырокімі паўнамоцтвамі, фактычна падавіў іншадумства. Улады, у сваю чаргу, заяўляюць, што ён неабходны для падтрымання стабільнасці, і адмаўляюць, што яго ўвядзенне падарвала традыцыйную аўтаномію Ганконга.
Паводле версіі абвінавачвання, у 2020 годзе Вонг разам з іншымі актывістамі, у тым ліку Натанам Лоу, які знаходзіцца ў выгнанні, дамагаўся ўвядзення замежнымі дзяржавамі санкцый супраць Кітая і іншых абмежавальных мер у дачыненні да Пекіна.
Меркаваныя дзеянні адбываліся з ліпеня па лістапад 2020 года — неўзабаве пасля ўступлення ў сілу Закона аб нацыянальнай бяспецы.
Вонг у верасні прызнаў віну.
У артыкуле для часопіса Time, напісаным з турмы ў чэрвені 2019 года, Вонг напісаў: «Адсутнасць свабоды, з якой я сутыкаюся сёння, — цана, якую, як я ведаў, мне давядзецца заплаціць за горад, які я люблю».
Праваабарончая арганізацыя Amnesty International раней заявіла, што абвінавачванні супраць Вонга «падкрэсліваюць страх уладаў перад вядомымі апазіцыянерамі і дэманструюць, на што яны гатовыя пайсці, каб як мага даўжэй утрымліваць іх за кратамі».
Пакідаючы залу суда ў чацвер, Вонг падзякаваў сваім прыхільнікам і памахаў ім рукой. У адказ яны скандавалі: «Мы будзем чакаць твайго вызвалення».
Пратэсны рух 2014 года не змог дамагчыся саступак ні ад камуністычнага кіраўніцтва Кітая, ні ад уладаў Ганконга, якія падтрымліваюць Пекін.
Актывісцкая дзейнасць дорага абышлася Вонгу і іншым удзельнікам акцый пратэсту: улады распачалі крымінальныя справы супраць яго і іншых лідараў «Рэвалюцыі парасонаў».
Каментары