У Францыі ў трэцюю суботу сацыяльных пратэстаў на вуліцы выйшлі 320 тысяч чалавек, у тым ліку 70 тысяч у Парыжы, паведамляе Euronews.

Паводле звестак Міністэрства ўнутраных спраў, колькасць удзельнікаў акцый працягвае змяншацца: тыднем раней, 24 кастрычніка, улады налічылі 410 тысяч пратэстоўцаў, а 17 кастрычніка — 550 тысяч. Праўда, арганізатары абедзвюх папярэдніх акцый заяўлялі пра 800 тысяч удзельнікаў кожная.
Моладзевае аб’яднанне прафсаюзаў ацаніла сённяшнюю колькасць пратэстоўцаў па ўсёй краіне амаль у паўмільёна чалавек.
Зніжэнне колькасці ўдзельнікаў магло быць звязана, у прыватнасці, з парушэннямі ў працы грамадскага транспарту. У Ліёне трамваі і метро ездзілі ўдвая радзей, чым звычайна. У Парыжы закрылі больш за 40 станцый метро, таксама былі перабоі ў руху трамваяў.
На працягу дня Міністэрства ўнутраных спраў паведамляла, што абстаноўка ў краіне застаецца ў цэлым спакойнай і сур’ёзных інцыдэнтаў не зафіксавана. Да 14‑й гадзіны па ўсёй Францыі затрымалі 27 чалавек. Для параўнання, падчас акцыі 24 кастрычніка да гэтага ж часу затрыманняў было 217. У шэрагу буйных гарадоў калоны пратэстоўцаў пачалі разыходзіцца ўжо каля 16‑й гадзіны.
Аднак улады не выключалі абвастрэння сітуацыі ўвечары падчас святкавання Хэлоўіна, якое магло стаць нагодай для вулічных сутыкненняў.
У Ліёне, калі калона пратэстоўцаў набліжалася да плошчы Жана Масэ ў сёмым раёне горада, паліцыя прымяніла слезацечны газ.
Міністэрства ўнутраных спраў папярэдзіла, што праваахоўнікі будуць дзейнічаць максімальна жорстка ў дачыненні да тых, хто ўчыняе гвалт і разбурае маёмасць.
У Францыі пасля мірных акцый зноў успыхнулі беспарадкі. Затрымалі амаль тысячу чалавек
У Францыі сотні тысяч зноў выйшлі на вуліцы, паліцыя прымяняла слёзатачывы газ
Макрон забараніў любыя дэманстрацыі, апрача прафсаюзных
Францыя прызнала няўдачы ў сваім адказе на гвалт. Цяпер разгортвае войска і рыхтуецца да новых пратэстаў
«Шасціпалосная аўтастрада» да прэзідэнцтва. Беспарадкі ў Францыі ўзмацняюць шанцы Лё Пэн на прэзідэнцтва
«Гэта не глупства, гэта нянавісць». У Францыі пратэстоўцы падпалілі ратушу XIX стагоддзя ВІДЭА
Каментары