Аляксандр Класкоўскі. Кропкі над «і»66

Сапраўдныя санкцыі — з процілеглага боку

Параўноўваць нашу краіну з Кубай (у тым сэнсе, што Амэрыка шматгадовымі санкцыямі так і не дала рады Фідэлю) — ня надта карэктна. Піша Аляксандар Класкоўскі.

Эўразьвяз усё ж пазбавіў Беларусь прэфэрэнцыяў у гандлі. Здаецца, айчынныя ўлады да апошняга ня верылі, што мяккацелая Эўропа пойдзе на такі крок.

Натуральна, гэта ня той выпадак, каб пляскаць у ладкі.

І апазыцыйныя лідэры, што б ні думалі самі сабе, будуць цьвердзіць завучаныя тэзы. Маўляў, мы — толькі за кропкавыя санкцыі ў дачыненьні да пэрсаналіяў рэжыму, а вось каб цярпеў увесь народ — гэтага рабіць ня варта.

Апазыцыянэры натуральным чынам засьцерагаюцца трапіць пад агонь прапаганды. Зрэшты, цнатлівасьць у абмеркаваньні гэтай тэмы не ўратуе іх ад чарговага прыклейваньня ярлыку “пятай калёны”.

Дарэчы, на сайце “НН” вісіць сьвежы артыкул пад красамоўнай назвай “Фатальны шлях санкцый” . Ня ўлазячы ў палеміку, хацелася б, аднак, заклікаць да тэрміналягічнае карэктнасьці.

У нашым выпадку гаворка ідзе ўсё ж не пра санкцыі, а пра пазбаўленьне прэфэрэнцыяў — то бок нейкіх ільготаў, бонусаў, “прэміяльных”. Гэта, згадзіцеся, трохі розныя рэчы.

Варта падкрэсьліць і такі момант. Брусэль увесь час атрымліваў поўхі за невыразнасьць палітыкі ў беларускім пытаньні, падвойныя стандарты і г.д. Дык вось вам дэманстрацыя прыхільнасьці дэмакратычным стандартам (гандлёвыя льготы адбіраюцца праз уціск правоў працоўных)! Вось вам канкрэтны выразны крок!

І, нарэшце, пра тую тэзу, што тужэй зацягнуць паясы давядзецца простаму народу, а вось вярхі не пацярпяць.

З аднаго боку, сапраўды, як той кажа: пакуль тоўсты ссохне, худы здохне...

Зь іншага боку, Захад пераканаўся: менавіта эканамічныя чыньнікі, а не абстрактныя заклікі да дэмакратызацыі, прымушаюць тутэйшую ўладу чухаць патыліцу.

Калі запахла смаленым, у Жэнэву на перамовы з кіраўніцтвам МАП адразу паляцела прадстаўнічая дэлегацыя. На 12 рамантычных пунктаў Эўразьвязу Менск так жвава і зацікаўлена не рэагаваў...

Параўноўваць жа нашу краіну з Кубай (у тым сэнсе, што Амэрыка шматгадовымі санкцыямі так і не дала рады Фідэлю) — ня надта карэктна.

Хаця б таму, што пры ўсёй сваёй цярплівасьці ды рахманасьці беларусы прызвычаіліся ўжо да нейкіх мінімальных стандартаў дабрабыту. Цяперашняя ляяльнасьць значнай часткі электарату грунтуецца не на веры ў афіцыйную ідэалёгію, а на задаволенасьці эканамічнай сытуацыяй апошніх гадоў. Калі гэтая стабільнасьць пахісьнецца, ад цяперашняй абыватальскай ляяльнасьці хутка не застанецца і сьледу.

Наверсе гэта выдатна разумеюць.

Так што, з аднаго боку, несумненна, варта чакаць прыступу прапагандовай істэрыі: во яно, сапраўднае аблічча Захаду!

Зь іншага боку, Брусэль сёньняшнім крокам, як ні парадаксальна, можа падвысіць шанцы на дыялёг з афіцыйным Менскам. Абяцаны пернік жа ніхто не скасоўваў.

А што да гіпатэтычных пакуль што стратаў ад пазбаўленьня прэфэрэнцыяў, то гэта драбяза ў параўнаньні з тымі катастрафічнымі наступствамі, якімі пагражае нашай эканоміцы цяперашні курс Крамля у нафтагазавых пытаньнях.

Прычым расейскае кіраўніцтва, адрозна ад Эўропы, карае Менск не за брак дэмакратыі, а за нежаданьне згадзіцца на эканамічную ды палітычную экспансію імпэрыі.

Во дзе сапраўдныя санкцыі!

Але ж у нашых начальнікаў язык не паварочвацца кваліфікаваць так дзеяньні Масквы пасьля шматгадовага трубадурства на тэму братняй інтэграцыі!

Таму ўвесь гнеў абрынецца на Брусэль ды “пятую калёну”.

Між тым, як зазначае палітоляг Сяргей Панькоўскі, выканаць патрабаваньні Міжнароднай арганізацыі працы значна прасьцей, чым як патрабаваньні Масквы. "Калі ж зь нейкіх прычынаў гэта ня робіцца, то адказнасьць кладзецца не на кагосьці, а менавіта на афіцыйныя ўлады", — рэзюмуе экспэрт.

Дарэчы, рашэньне Рады ЭЗ пачынае дзейнічаць толькі праз паўгоду. За гэты час Менск можа выправіць сытуацыю. Нашыя вярхі столькі кляліся інтарэсамі народу, што грэх зараз не давесьці гэта справай.

Каментары6

Цяпер чытаюць

Ва Украіне арыштавалі беларускага добраахвотніка Жэрара. Пры ім нібыта было каля мільёна еўра13

Ва Украіне арыштавалі беларускага добраахвотніка Жэрара. Пры ім нібыта было каля мільёна еўра

Усе навіны →
Усе навіны

Кіеўскі суд падоўжыў арышт Іны Кардаш, якую падазраюць у шпіянажы на КДБ. Яна паскардзілася на ўмовы ўтрымання4

Адну з жанчын па справе «дваровых чатаў» асудзілі на 10 гадоў6

ДАІ: Калі аўто, выязджаючы з двара, саб'е самакат, то вінаватым прызнаем самакатчыка11

Па справе Гаюна асудзілі Настассю з Віцебска, якая рабіла кар'еру ў вялікіх кампаніях у Расіі5

Гарналыжны комплекс «Лагойск» закрываецца пасля 22 гадоў працы8

У Беластоку адбыўся мітынг-канцэрт да Дня Волі2

Легендарныя «Хутка-Смачна» яшчэ існуюць і карыстаюцца папулярнасцю1

Што рабіць з кнігамі, якія трапілі ў спіс забароненых у Беларусі? Адказалі ў Мінінфармацыі13

Колькі каштуе дарослай жанчыне зрабіць прышчэпку ад ВПЧ у Беларусі і дзе яе шукаць?1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Ва Украіне арыштавалі беларускага добраахвотніка Жэрара. Пры ім нібыта было каля мільёна еўра13

Ва Украіне арыштавалі беларускага добраахвотніка Жэрара. Пры ім нібыта было каля мільёна еўра

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць