Дрэйф у бок Майдану
Лукашэнка ляціць на Ўкраіну. Ці сьціснуць Менск з Кіевам "горла Расеі ды Заходняй Эўропы"? Разважае ў сваім блогу Аляксандар Класкоўскі.
Неўзабаве Лукашэнка паляціць у Кіеў. Пытаньні візыту абмеркавалі прадстаўнікі МЗС дзьвюх краінаў.
Якімі тэзамі будзе апэраваць беларускі кіраўнік на ўкраінскай зямлі?

Па-першае, вельмі імаверны паўтор таго, што прагучала ў лістападзе на прэсавай канфэрэнцыі з тамтэйшымі журналістамі ў Менску. Калі адкінуць дыпляматыю (якой, зрэшты, было няшмат), то мэсыдж, нагадаю, быў такі: давайце сябраваць супраць Масквы, стварыўшы энэргетычна-транзытны альянс! "Я ў вузкім коле кажу часта: гэта горла Расеі і Заходняй Эўропы".
Па-другое, мы можам зноў пачуць намацаную нядаўна мэтафару: годзе ляцець на адным крыле!
Украінская глеба падаецца спрыяльнай для заяваў у духу інтэрвію для "Вэльт". Кіеў прэтэндуе на ролю пасярэдніка ў меркаваным дыялёгу Менску з Брусэлем. Тую няўдзячную ролю, што не пашэнціла выканаць ні Варшаве, ні Вільні.
Але ўсходнеславянская роднасьць тут наўрад ці надта дапаможа. Рэч у тым, што Эўропа хоча зрухаў у галіне дэмакратызацыі. І калі беларускае кіраўніцтва адмовіцца зрабіць хоць пару чарапашыных крокаў, ні Юшчанка, ні Януковіч сытуацыю не ўлагодзяць.
Адно што ўкраінскае кіраўніцтва можа скарыстацца момантам, каб разьвязаць стары вузел. Гаворка ідзе пра дамову аб мяжы. Менск яе не ратыфікуе з 1997 году, бо хоча спагнаць запазычанасьць, што ўтварылася яшчэ напачатку 90-х. Там заблытаная гісторыя зь нейкай перадаплатай украінскім прадпрыемствам, што павісла ў паветры пасьля выхаду Ўкраіны з рублёвай зоны. Бакі не адзін год спрачаюцца аб суме, якая паўднёвым братам, натуральна, падаецца меншай :)
Можа, зараз трохі саб'юць цану ратыфікацыі?
Што ж да сяброўства супраць Масквы, то тут Кіеў надта не разгоніцца. Яны ўжо там забыліся на газавыя войны і лічаць за лепшае дамаўляцца з маскоўцамі дзе-небудзь у Давосе, куды нядаўна лётаў Януковіч. Ды і з Брусэлем — нават пасьля пэўнай лінькі памаранчавых фарбаў — псаваць стасункі Ўкраіна не зьбіраецца.
Менскі палітоляг Аляксандар Ціхаміраў падкрэсьлівае: пакуль што Ўкраіна сама значна залежыць ад Масквы і ёсьць канкурэнткай Беларусі ў пытаньні дастаўкі расейскай сыравіны ў Эўропу. Экспэрт дадае: трывалы хаўрус між Кіевам ды Менскам малаімаверны і праз "спэцыфіку ўкраінскай палітычнае сыстэмы". Прасьцей кажучы, праз цяперашні хаос на іхнім уладным Алімпе.
Так што прарываў ад рандэву ў Кіеве чакаць, бадай, не выпадае. А вось піяру будзе багата. Момант выйгрышны.
Хаця паўтараць пра горла Расеі ды Заходняй Эўропы наўрад ці варта. Бо пакрыўдзяцца і там, і там.

Фота з архіву аўтара.
P.S. Лукашэнка быў у Кіеве ў траўні 97-га. Тады і падпісалі дамову аб мяжы. Але Кучма рана радаваўся. Неўзабаве ў Менску сказалі: раніцай — грошы, вечарам — крэслы... За дзесяць гадоў справа так і ня зрушылася.
Каментары