Меркаванні1313

Пасол Сурыкаў: Ну якая «адна краіна — адзін голас»…

Пра тое, як Беларусь збіраецца выйсці з крызіснай сітуацыі, ці пагражае яе крызіс Расіі, ці магчымы раўнапраўны саюз, расказаў агенцтву «Алтапрэс» пасол РФ у Беларусі Аляксандр Сурыкаў.

— Аляксандр Аляксандравіч, як бы вы ахарактарызавалі сённяшнюю эканамічную сітуацыю ў Беларусі?

— Расія такога не перажывала, магу сказаць. У Беларусі склалася ўнікальная сітуацыя. З пункту гледжання эканомікі яна развіваецца нават лепш, чым наша краіна. ВУП расце больш чым на 107%, аб’ёмы вытворчасці — на 110%, сельскай гаспадаркі — больш за 106%. І разам з тым у краіне развіваецца валютны крызіс і адбываецца падзенне даходаў насельніцтва, звязанае з ростам цэнаў. Усё гэта звязана з недахопам валютнага складніку ў даходах краіны і з адмоўным сальда плацежнага балансу. Беларусь — краіна экспартаарыентаваная. Але каб экспартаваць, ёй трэба 50% складнікаў імпартаваць.

— Нейкія рынкі закрыліся?

— Не. Яны, наадварот, пашырыліся, таму што запрацаваў Мытны саюз. Але чым больш краіна экспартуе, тым больш і імпартуе. Уплывае і такі фактар, як эмісія незабяспечаных таварамі грошай, якая стварыла вялікія грашовыя навесы. Куды яны хлынулі? У тавары працяглага карыстання і, вядома, у валюту. Усё гэта разам пацягнула валютны крызіс. Краіна была вымушаная дэвальваваць сваю валюту. У чэрвені — на 56%. Але гэтага аказалася недастаткова, каб закрыць валютныя дзіркі. Абменнікі не працавалі. Ішлі афіцыйныя таргі паводле курсу Нацбанка, а паралельна працавалі шэрыя схемы.

— Так, СМІ пісалі, што кіраўнікі буйных прадпрыемстваў чаргу па валюту ў банках займалі па тэлефоне.

— Нават у інтэрнэце прадавалі чаргу па валюту. Былі арганізаваныя дадатковыя таргі, якія зафіксавалі іншы курс, што нашмат адрозніваўся ад афіцыйнага. Але напаўнення валютай усё роўна не адбылося. У выніку ў канцы верасня Беларусь была вымушана выйсці на адзіныя таргі, і прайшла паўторная дэвальвацыя яшчэ на 52% — да ранейшых 56%. Рубель абясцэніўся амаль у тры разы. У Расіі ў 1998 годзе рубель таксама «зваліўся» ў тры разы, але тады цэны на тавары ў нас падняліся на 80% з невялікім, а ў Беларусі — будзе на 120%. Даходы расійцаў ў 1998 годзе знізіліся на 16%, потым яшчэ ў 1999 — на 14%. У Беларусі даходы насельніцтва ўпалі істотна больш, гэта значыць, зарплата засталася практычна ранейшай, але яна абясцэнілася.

— Без старонняй дапамогі Беларусь не выкараскаецца з крызісу?

— Краіна жыла не па сродках. Каб з гэтай сітуацыі выбрацца, ёй, вядома, патрэбныя будуць пазыкі. І Расія ў гэтым дапамагае Беларусі. Да канца года ёй паступіць $4 млрд па розных схемах: крэдыт антыкрызіснага фонду, крэдыт Ашчаднага банка, купля акцый «Белтрансгазу». Гэта папоўніць золатавалютныя рэсурсы, што дасць магчымасць «ціснуць» на даляр, зніжаючы курсавыя розніцы, зніжаючы цэны і павялічваючы даходы насельніцтва. Пры гэтым трэба будзе разумна падысці да фармавання бюджэту.

— Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ўзяў на сябе павышаныя сацыяльныя абавязанні?

— Спускавым кручком для ўсіх гэтых працэсаў паслужыла павышэнне сярэднебеларускіх заробкаў перад выбарамі да $ 500. Нічым не забясьпечанае. Банк надрукаваў грошы — аддаў. Цяпер важныя крокі ўладаў Беларусі. Спыненне друкарскага станка. Дзяржбанк павінен спыніць крэдытаваць розныя віды дзяржаўных праграм. Ужо створаны Банк развіцця. Усе гарантыі дзяржавы перададзеныя туды. Акрамя таго, павінен быць разумны падыход да ВУП: не трэба яго гнаць, пакуль хаця б часткова не рэалізуецца праграма імпартазамяшчэння. Неабходнае правільнае стаўленне да павышэння заробкаў і пенсій. Трэба вызваліць Нацбанк ад няпрофільных функцый сельскай гаспадаркі, універсітэтаў і г.д. Усё гэта праектам бюджэту ўлічваецца. Гэтаксама як і абслугоўванне замежнага доўгу. У 2012 годзе Беларусь мае выплаціць каля $2 млрд.

За два гады, я думаю, сітуацыю можна будзе выраўняць. Выкарыстоўваючы ў тым ліку механізмы Мытнага саюза. З 1 студзеня ў нас запрацуе і адзіная эканамічная прастора. Гэта ўжо будзе свабоднае перамяшчэнне не толькі тавараў, паслуг, але і капіталу, і працоўнай сілы. Выкарыстоўваючы, вядома, рэформы, якія б знізілі празмерны адміністрацыйны ціск, арыентавалі эканоміку не на колькасныя паказчыкі, а на паказчыкі эфектыўнасці. Будзе выкарыстоўвацца і механізм прыватызацыі — разумнай, вядома, а не ўзору Расіі 1990-х гадоў, гэта значыць праз ацэнку актываў міжнароднымі арганізацыямі, продажу, інвестыцыі. У выніку павінен адбыцца вывад эканомікі на той узровень, які дазволіць бязбольна нарошчваць сацыяльныя абавязанні. Але важна і не дапусціць абвалу ўзроўню жыцця народа.

— Навошта ж Лукашэнка так нарасціў абавязанні?

— А хто перад выбарамі не нарошчвае? Паказчык $500 быў запісаны ў рашэнні Усебеларускага народнага сходу 2006 г. як планавы для 2010 г. Ідучы на выбары, што ж — не выконваць абяцанне? Ва ўсім свеце так робяць. Але для Беларусі гэта стала спускавым кручком.

— Расійскія бізнэсоўцы не раз прыводзілі ў прыклад Беларусь, дзе вялікая доля дзяржпадтрымкі, за кошт чаго вытворцам ўдаецца зніжаць сабекошт прадукцыі і складаць канкурэнцыю расійскім калегам. Узяць, скажам, сыры, якія нават у нас у краі ўсё апанавалі. Але гучаць і іншыя галасы: маўляў, дападтрымліваліся — цяпер у Беларусі крызіс, і значыць, такая сістэма неэфектыўная…

— Я б так не казаў. Дзяржпадтрымка і цяпер дэманструе сваю эфектыўнасць. Адваротнае паказваюць сацыяльныя абавязанні, яны перавышаюць магчымасці вытворчасці — нагрузка на эканоміку вялікая. У гэтым бяда: эканоміка не можа вырабіць тую колькасць рэсурсаў, якая патрабуецца для выканання гэтых абавязанняў.

— Але сам механізм падтрымкі аграрнага сектару ў Беларусі эфектыўны?

— Я лічу, так. Ён ніжэйшы, чым еўрапейскі, але вышэйшы, чым расійскі — што на гектар раллі, што на душу насельніцтва. Наша задача — знайсці сімбіёз рашэнняў, у тым ліку ў адзінай эканамічнай прасторы, знайсці такую сістэму падтрымкі сельскай гаспадаркі, якая б магла б дапамагчы яму канкураваць з еўрапейскім. Уступіўшы ў СГА, не падтрымліваючы аграрны сектар (кліматычныя ж умовы ў нас горшыя), мы атрымаем на сваіх рынках больш танную імпартную прадукцыю.

— Як тое, што адбываецца ў Беларусі, можа адбіцца на Расіі? Згубна? Ці, наадварот, з пункту гледжання канкурэнцыі нам гэта пойдзе на карысць?

— Ніяк не адаб’ецца. Нашыя эканомікі не вельмі супастаўныя ў прынцыпе. Пытанне ў тым, што трэба мець разумныя механізмы рэгулявання ў Расіі.

Справа ж не ў тым, што беларускія сыры ўсё апанавалі, а ў тым, што закупачныя цэны на малако ў краі зігзагападобныя цягам года: летам яны нізкія, зімой — высокія. Зімовы алтайскі сыр у выніку не запатрабаваны, у яго цана вар’яцкая. Трэба шукаць разумнае рашэнне па закупачнай сярэднегадавой цане. У цэлым па Расіі сітуацыя такая самая. Таму я і кажу, што патрэбныя адзіныя механізмы падтрымкі галін для Расіі, Беларусі і Казахстана.

— Гэта значыць, што канкурэнцыя паміж дзяржавамі адмяняецца?

— Не, проста патрэбная роўная канкурэнцыя. А калі казаць сур’ёзна, то па якім параметры ў нас можа паўстаць канкурэнцыя? Агульны рынак трох краін па харчаванні ў цэлым дэфіцытны, за выключэннем збожжа. Нават па мясе птушкі: толькі ў 2012 годзе Расія павінная набраць аб’ём для задавальнення ўнутранага попыту. Я ўжо не кажу пра свініну і ялавічыну. І пра малако таксама не кажу: пры спажыванні ў Расіі больш за 40 млн тон мы вырабляем толькі 35 млн. У Казахстане менш. Па трактарах, па аўтамабілях, па камбайнах рынак таксама дэфіцытны, ды па ўсім. Рынак патрабуе намаганняў нашай прамысловасці: па-першае, каб мы выпускалі канкурэнтную прадукцыю, не купляючы кітайскую, па-другое, каб паспрабаваць вырвацца на сусветныя рынкі.

— Наколькі сёння эканоміка Беларусі залежная ад Расіі?

— 100%-я залежнасць па энергарэсурсах. 85% энергетыкі Беларусі — на расійскім газе. Уся нафтаперапрацоўка і нафтахімія — на расійскай сыравіне. Ільвіная доля машынабудавання — кааперацыйная. Плюс рынак рэалізацыі расійскі. Мы эканамічна ўзаемазвязаныя яшчэ з часоў Савецкага Саюза.

— Існуе стэрэатыпнае меркаванне пра талент Лукашэнкі ўдала лавіраваць паміж Еўропай і Расіяй, «выціскаючы» па максімуме з абодвух бакоў. Яно абгрунтаванае?

— Я думаю, кожны палітык думае пра разумную шматвектарную палітыку.

— Што ж яго часам змушае рабіць рэзкія выпады ў адрас то аднаго, то другога боку?

— Захад патрабуе ад яго: дай нам дэмакратызацыю нашага ўзроўню, захаванне правоў чалавека, лібералізацыю выбарчага заканадаўства са свабодай СМІ і г.д. Гэта значыць — здай сваю ўладу. А што потым у вас будзе — мы не ведаем. Але так ужо было ў Беларусі ў пачатку 1990-х: тады ўся прамысловасць стаяла, зарплата была каля $10. Тады была поўная дэмакратызацыя краіны.

— А як стаўленне да Расіі?

— Мы ж будуем саюзную дзяржаву. Ні стварэнне Мытнага саюза, ні адзіная эканамічная прастора не адмяняюць нашых двухбаковых адносін. Ёсць вострыя пытанні, па якіх мы не можам сысціся да гэтага часу. У тым, напрыклад, што да прыняцця рашэнняў у наднацыянальных структурах. У міждзяржаўных аб’яднаннях распаўсюджаная пазіцыя «адна краіна — адзін голас». Але ў нас занадта розныя краіны — па насельніцтве, па тэрыторыі, па аб’ёмах вытворчасці, Расія — ядзерная дзяржава. Ну як адна краіна — адзін голас? Мы не прыйшлі да згоды па наднацыянальных функцыях, якія можна было б перадаць у органы, якія цяпер фармуюцца. Ёсць супярэчнасці і па эканамічных пытаннях. Беларусь просіць роўнадаходныя цэны на газ. Расія адказвае: так, мы існуем як адзіная дзяржава, але дэ-юрэ гэтыя адносіны не аформленыя, наш саюз не з’яўляецца суб’ектам міжнароднага права. Чаму ж цэны на газ для Беларусі павінны быць роўныя ўнутрырасійскім? Гэта з боку Аляксандра Рыгоравіча выклікала пэўныя эмоцыі.

— Як простыя беларусы паставіліся да ідэі Уладзіміра Пуціна аб стварэнні Еўразійскага саюза?

— Просты народ у сваіх ацэнках дзеліцца прыкладна напалову: частка — за тое, каб аб’ядноўвацца з Расіяй, частка — за Еўразійскі саюз [так у тэксце арыгіналу. — РС]. Хоць яшчэ нядаўна дзве траціны схіляліся да Расіі. Але гэта ў большай ступені звязана з абменам рэзкімі выказваннямі.

Каментары13

Цяпер чытаюць

Сёння ноччу тэмпература паветра апускалася да мінус 31°С — рэкорд гэтай зімы

Сёння ноччу тэмпература паветра апускалася да мінус 31°С — рэкорд гэтай зімы

Усе навіны →
Усе навіны

20‑гадовая дзяўчына прыехала ў Мінск на працу і знікла. Яе не могуць знайсці ўжо больш за тыдзень11

У цэнтры Вільні зноў з'явіўся надпіс «Вільня наша» па-беларуску29

Сэкс-імперыя Эпштэйна магла быць праектам КДБ для збору кампрамату на сусветных лідараў19

Юрась Зянковіч усур'ёз дыскутаваў з правакатарам Церахам, вядомым як Людажор. Навошта?16

Паветраныя шары зноў заляцелі ў Польшчу з Беларусі7

У Гродне прадаюць дом, дзе ёсць сапраўдны бар з ноткай беларускасці5

На пажары ў Докшыцкім раёне загінулі тры чалавекі2

Трамп сцягнуў да берагоў Ірана магутную армаду, і цяпер вырашае, што з ёю рабіць9

Як адкрыццё мяжы з Польшчай паўплывала на жыццё ў рэгіёне? Пагутарылі з гродзенцамі пра паездкі на закупы, падарожжы і чаўнакоў13

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Сёння ноччу тэмпература паветра апускалася да мінус 31°С — рэкорд гэтай зімы

Сёння ноччу тэмпература паветра апускалася да мінус 31°С — рэкорд гэтай зімы

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць